Скалабан Віталь. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Скалабан Віталь

 

Бацкалевіч, У. Шчырая Шчара маяЗапартыка, Г. Талент раскрываць таямніцы Карлюкевіч, А. Шукльнік беларускага жыццяПучынскі, У. Архівіст з краязнаўчым ухілам

Шчырая шчара мая

 Гэты нарыс быў напісаны яшчэ мінулай зімой. Прачытаўшы яго, Віталь Уладзіміравіч, са сваёй характэрнай лагоднай усмешкай заўважыў: “Ведаеш, пакуль няма нагоды друкаваць матэрыял. Вось выйдзе другая кніга “Купала і Колас, вы нас гадавалі” — тады іншая справа. Су-стрэнемся, пагамонім. І давай назавём яго “Шчырая Шчара мая”. У Міколы Купрэева ёсць цудоўныя радкі:

Жураўлі  журлівыя мае —

праплывае новае растанне.

Зноў над Шчарай шчыры

крык растане, —

ў гэтым свеце вечна не стае…

Нагода з’явілася — змрочная і горкая. Кніга ўбачыла свет ужо без аднаго са сваіх таленавітых аўтараў. І гэтыя заметкі як успамін пра яго.

Пісаць пра Віталя Скалабана мне адначасова было лёгка і складана. Лёгка таму, што ведаў яго даўно. Упершыню ўбачыў у Ляхавіцкай раённай школе піянерскага актыву (была такая). Памятаю, як цікава ён распавядаў нам, вяскоўцам, пра добрыя справы сваіх аднакласнікаў, а пасля разам з імі ліха скакаў “Лявоніху” і  польку. Складанасць жа ў яго шматграннай натуры — няпроста расказаць пра выдатнага гісторыка, архівіста, літаратуразнаўца, края-знаўца, бібліёграфа, выдаўца, дацэнта ў адной асобе.

Па-добраму зайздросціў яго шырокай эрудыцыі. Нават выпадкова сутыкнуўшыся ў горадзе, перш чым павітацца, ён “агарошваў” патокам інфармацыі. Факты, імёны, даты сыпаліся з яго вуснаў, як з рогу дастатку. Не паспеўшы расказаць пра адну падзею ці асобу, спяшаўся падзяліцца апошнімі архіўнымі адкрыццямі. І ў вачах яго столькі бляску, радасці, надзеі!

Неяк сустрэліся каля сталічнага Дома прэсы.

— Ты ведаў Герасіма Праневіча? — запытаўся.

— Нават чарку разам бралі, — адказваю і называю прозвішчы іншых удзельнікаў знакамітага Падлескага народнага хору, які славіўся не толькі на Берасцейшчыне, але і ва ўсёй рэспубліцы.

— Я адшукаў цікавыя дакументы аб іх паездцы перад вайной у Маскву, на Дэкаду беларускага мастацтва.

— Дык пра гэта пісалі газеты.

— Э-э, далёка не ўсё. А ў мяне ёсць і рэпертуар, і сведчанні аб рэакцыі Сталіна на канцэрт у Вялікім тэатры СССР, і нават пералік страў, якімі кармілі артыстаў… Сістэматызую матэрыялы і паспрабую іх надрукаваць. Дарэчы, ці даўно ты быў у Ляхавічах? Хор спявае?

— Спявае на святах, праўда, не так часта,  як раней, калі ім кіраваў Міхась Жук, які шчыра любіў і шанаваў народную песню.

— Гэта ўнікальны, самабытны калектыў, дзецішча самога Цітовіча, яго трэба берагчы, — заўважыў суразмоўца, і развітваючыся, добразычліва, як заўсёды, дадаў: “Ну, бывай здаровенькі”.

Віталь нарадзіўся на Слонімшчыне, але Ляхавіцкі раён лічыў родным. Сюды ў 1951 годзе, у райсельгасупраўленне, перавялі маці — Вольгу Іванаўну. Бацька — Уладзімір Рыгоравіч — доўгі час працаваў дырэктарам беларускай няпоўнай сярэдняй школы. Неяк яго выклікалі ў райкам партыі: чаму не ўкамплектаваны беларускамоўныя класы? Скалабан прывёў шэраг аб’ектыўных прычын. А дзе твой сын вучыцца, у рускай школе? Неадкладна забірай да сябе!

— Дык там ён — звычайны вучань, як і ўсе, а нашы настаўнікі будуць рабіць яму розныя скідкі, больш удзяляць увагі, што можа сапсаваць хлопца, — даказваў дырэктар, але і гэты важкі аргумент не пераканаў партфункцыянера. Праўда, калі так званай тады «другой» школе надалі статус рускамоўнай, Віталь вярнуўся ў “першую”, якую выдатна закончыў.

Пытанне, куды паступаць пасля вучобы, не стаяла перад Віталем Скалабанам — толькі на гістфак і толькі ў Ленінград. Чаму менавіта туды? Бацька — настаўнік-франтавік, апантаны краязнавец, стварыў у сваёй школе на той час даволі прыстойны музей гісторыі Ляхавіцкага раёна. Ён збіраў дакументы пра Майсея Кухарчыка — камандзіра партызанскага атрада, які летам 1919 года дзейнічаў у тутэйшых мясцінах. Уладзімір Рыгоравіч з-за цяжкай хваробы не паспеў закончыць справу. Гэтым і заняўся сын. Менавіта ў горадзе на Няве, у Цэнтральным архіве ваенна-марскога флоту, у якім захоўвалася нямала звестак пра тыя падзеі. Забягаючы наперад, зазначу, што сабраныя дакументы склалі пазней аснову для раздзела кнігі “Памяць. Гісторыка-дакументальная хро-ніка Ляхавіцкага раёна”, якую Віталь Скалабан рыхтаваў ужо як рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі  (БелСЭ).

Час вучобы ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, як адно імгненне. Змястоўныя лекцыі, цікавыя, масцітыя выкладчыкі, гарачыя дыскусіі, вечары, праведзеныя ў багатых архівах, бібліятэках, музеях, — усё гэта давала імпульс для творчага пошуку, натхнення. У студэнцкія гады ён пачаў спрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Яго першы невялікі артыкул “Ленін распытвае пра Беларусь” — пра бежанцаў Першай сусветнай вайны, якія былі на прыёме ў старшыні Саўнаркама — у чэрвені 1968 года апублікаваў “ЛіМ”.

Сюды, у Пецярбург-Петраград, вялі шляхі-дарогі Адама Міцкевіча, Янку Купалу, Усевалада Ігнатоўскага, Вацлава Іваноўскага, братоў Каліноўскіх, іншых слынных беларусаў. Іх складаныя лёсы зацікавілі маладога гісторыка. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя — тэма не толькі яго дыпломнай, але і многіх іншых навуковых прац. “Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918-сакавік             1919 г.” — так называлася кандыдацкая дысертацыя, абароненая пазней у Інстытуце гісторыі АН БССР.

Пасля ўніверсітэта Віталя прызвалі служыць у войска, што дыслацыравалася ў былой ГДР. Два гады здаліся вечнасцю. І якое было шчасце зноў пачуць родную мову, гаварыць на ёй, заняцца любімай справай. Ён працаваў на розных адказных пасадах у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, Навукова-даследчым інстытуце дакумента-знаўства і архіўнай справы, Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф.  Ска-рыны. З 2002 года загадваў аддзелам публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы яго намаганням у айчынны гістарычны кантэкст вер-нуты імёны С.  Скандракова, Ф. Кудрыпскага, У. Фальскага, М. Мялешкі, А. Гзоўскага, многіх іншых знакамітых беларусаў, не кажучы ўжо пра асобы У. Ігнатоўскага, М. Доўнар-Запольскага,            М. Улашчыка. Мала хто ведае, што ўсесаюзную вядомасць Віталю Уладзіміравічу прынесла адкрыццё імя першага ленінскага біёграфа — загадчыка выдавецкага пададдзела Петраградскага аддзялення Белнацкама Івана Баранкевіча.

Аб важкім укладзе Скалабана ў айчынную гістарычную навуку напісана нямала, у тым ліку і ў энцыклапедычных даведніках. Заўважу, ён свой чалавек, як сярод навукоўцаў, так і сярод літаратараў, кінематаграфіс-таў, тэатральных дзеячаў. Для пацвярджэння прывяду кароткі спіс яго “пасад”: рэдактар і ўкладальнік асобных тамоў поўнага збору твораў Янкі Купалы, суаўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх фільмаў пра Цішку Гартнага, Янку Купалу, Усевалада Ігнатоўскага, драмаў “У жніўні 36-га”, “Людвіка і Фабіян” — пра каханне Фабіяна Шантыра і Зоські Верас. У суаўтарстве з пісьменніцай Людмілай Рублеўскай створана кніга “Время і бремя архивов и имён”, якая летась убачыла свет і выклікала шырокі грамадскі рэзананс, павышаную цікавасць у чытацкім асяроддзі. І гэта не першая іх сумесная фундаментальная работа. Здаралася, што дзякуючы публікацыям адклікаліся нашчадкі іх герояў, сустракаліся сваякі, якія нават не ведалі пра існаванне адзін другога.

Ён супрацоўнічаў з многімі выданнямі, але асабліва плённа з “Советской Белорус-сией”. У сваіх змястоўных і цікавых нарысах распавядаў пра невядомыя факты з жыцця і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Астапенкі, Янкі Нёманскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Яфіма Карскага, Івана Замоціна, Максіма Танка… Па яго ініцыятыве ўзнікла сумесная акцыя Нацархіва і рэдакцыі газеты “Народны архіў”, які працягвае папаўняцца.

Ёсць упэўненасць, што спецыялісты больш падрабязна і прафесійна раскажуць пра В. Скалабана як архівіста, гісторыка, літаратара.

Вышэй я ўзгадваў пра хроніку “Памяць”. Дык вось, кніга пра Ляхавіцкі раён, падрыхтаваная Скалабанам, па ацэнках вядомых гісторыкаў, стала ўзорам, эталонам згаданых выданняў. Добра памятаю, як яна стваралася. Віталь падняў на ногі ледзь не ўсіх землякоў, што жылі ў Мінску: успомніце, падкажыце, напішыце. Мы павінны пакінуць нашчадкам не менш, чым атрымалі самі. Зразумейце, калі відавочцы маўчаць, нараджаюцца легенды. Сённяшні дзень — у яго закончанай характарыстыцы — зразумелы толькі тады, калі ён становіцца звяном складанага гістарычнага працэсу.

Часам здавалася, што мяне ён зусім “заездзіў”: скараці тэкст, выкінь лірыку, зрабі спасылкі на першакрыніцы, пераправер даты і прозвішчы…

Такі вердыкт ён выносіў кожнаму матэрыялу. І не толькі майму. Цяжка ўявіць, якую тады ношку Віталь узваліў на свае плечы. Але не скінуў, данёс праз перашкоды і вы-прабаванні. На прэзентацыі Віталь хваляваўся, бадай, больш чым перад абаронай дысертацыі. І не дзіўна. Ён здаваў экзамен землякам. Экзамен на сталасць, прафесіяналізм, грамадзянскасць.

На сцэне РДК у адной руцэ трымаў важкі том “Хронікі”, у другой — невялічкую кніжачку, памерам з агульны сшытак.

— Гэтую гісторыю нашага раёна напісаў мой бацька, — сказаў ён, а гэтую — мы з вамі.

Зала ўзарвалася апладысментамі.

Прызнаюся, часта перад Віталем я адчуваў сябе дужа няёмка. Пра Ляхавіччыну, яе гістарычныя мясціны ён ведаў значна больш за мяне, хоць апошнія дваццаць гадоў бываў тут толькі наездамі. А я ж нямала працаваў у “раёнцы”, ды і пасля, будучы  карэспандэнтам абласной “Зари” часта калясіў знаёмымі пуцявінамі. У вёску Флер’янова заязджаў разоў сто. І не ведаў цікавую гісторыю пра цёплыя адносіны былога гаспадара фальварка Тадэвуша Бохвіца з сусветна вядомай пісьменніцай-раманісткай Элізай Ажэшкай. Тут расце магутны дуб, які яна пасадзіла. Каля яго ўстаноўлена памятная дошка. І гэты факт таксама можна за-пісаць у актыў Віталя Скалабана. Руплівым і ўважлівым ён заставаўся ў дачыненні да гістарычнай памяці дарагіх сэрцу мясцін да апошніх дзён жыцця.

Успаміны, успаміны… Маці Віталя, Вольга Іванаўна, — жанчына ціхая, спакойная, заўсёды сур’ёзная. Яна працавала ў райсельгасхарчы радавым эканамістам-статыстыкам. У маім даўнім разуменні, людзі гэтай прафесіі — “сухія” і нецікавыя, зацыкленыя на лічбах, рахунках, каштарысах. Неяк па рэдакцыйных справах зазірнуў да яе ў кабінет. Якраз заканчваўся абедзенны перапынак. На стале, засланым прыгожай сурвэткай, стаяў кубак з недапітай гарбатай. Вольга Іванаўна гартала часопіс, пасля павярнулася да мяне і раптам спытала: “Валодзя, як вы адносіцеся да драматургіі?” Я ледзь не анямеў і моўчкі паціснуў плячыма. “Цудоўная рэч надрукавана. Вазьміце, пачытайце”, — і працягнула мне “Нёман”. Так я пазнаёміўся з п’есай Мікалая Матукоўскага “Амністыя” і пасля стараўся не “прапусціць” кожны новы твор пісьменніка.

Да пераезду ў Ляхавічы Вольга Іванаўна працавала ў знакамітых Жыровічах, што на Гродзеншчыне. Аднойчы зімовым надвячоркам яна вымушана была вяртацца  дахаты праз Шчару. І правалілася ў палонку.  А ўжо хадзіла цяжарнай.

— Выходзіць, што быў я ахрышчаны Шчарай яшчэ да свайго нараджэння, — часта жартаваў Віталь Уладзіміравіч.

Там, у старажытным Слоніме, шырокая, імклівая рака бярэ разбег, каб неўзабаве сустрэцца і абняцца з Нёманам. Каля Ляхавічаў яна ціхаплынная, толькі набірае сваю сілу і прыгажосць, аздабляючы сокамі казачныя лясы і лугі. Зямлю, у якую быў улюбёны Віталь Уладзіміравіч Скалабан. Тут яму было заўсёды добра, светла, утульна.

P.S. Яго публікацыя “Любіла вёску, бацькоўскі дом” выйшла ў “ЛіМе” сёлета, 29 красавіка. Прысвечана руплівай беларускай даследчыцы-архівісту Аляксандры Гесь — былой дырэктарцы Мядзведзіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.

Помніцца, напярэдадні Віталь зайшоў у наш кабінет, зняў паліто, сеў за мой стол і доўга расказваў пра гэтую цудоўную жанчыну і навукоўца. Як заўсёды жартаваў, смяяўся, дзяліўся планамі. Праўда, вочы былі сумныя-сумныя.

Нават у страшным сне не магло  прысніцца, што гэта была наша апошняя  сустрэча.

Уладзімір БАЦКАЛЕВІЧ

Бацкалевіч, У. Шчырая Шчара мая / Уладзімір Бацкалевіч // Ляхавіцкі веснік. – 2011. – № 74. – 28 верасня. – С. 3.

Талент раскрываць таямніцы

5 жніўня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння выдатнага гісторыка-архівіста Віталя Скалабана. Менавіта як гісторыка-архівіста яго і ведаюць усе. Але варта памятаць, што Віталь Уладзіміравіч быў яшчэ і актыўным грамадскім дзеячам, выдатным энцыклапедыстам, краязнаўцам, літаратуразнаўцам. У гісторыі беларускай літаратуры ён адыграў сваю важную ролю. Галоўныя яго памкненні былі скіраваны на пошук забытых імёнаў і іх твораў, на пошук і публікацыю дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю такіх выдатных асоб, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Фабіян Шантыр, Карусь Каганец, Напалеон Чарноцкі і інш. Вынікі нястомнай працы Віталя Скалабана шчодра адлюстраваліся ў яго асабістым архіўным фондзе, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Віталь Скалабан нарадзіўся 5 жніўня 1947 года ў вёсцы Шылавічы на Слонімшчыне ў сям’і настаўніка гісторыі і вядомага краязнаўца Уладзіміра Рыгоравіча Скалабана. Пасля лёс сям’і будзе цесна звязаны з Ляхаўшчынай, дзе прайшлі школьныя гады Віталя Уладзіміравіча і прыйшло першае натхненне і моцнае жаданне вяртаць людзям памяць пра слаўнае мінулае родных мясцін. Так быў прадвызначаны выбар жыццёвага шляху і навучальнай установы, дзе ён атрымаў выключныя веды і выдатную практыку па многіх гістарычных дысцыплінах, — Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выбар месца вучобы быў невыпадковым: прыгожы горад з незвычайным лёсам стаў калыскаю многіх вялікіх беларускіх спраў, з ім звязаны імёны выдатных асоб Беларусі. Да таго ж менавіта ў Ленінградзе знаходзіліся архівы і бібліятэкі, дзе варта было працаваць: там чакалі свайго даследчыка вялікія скарбы беларускай гісторыі. Менавіта ў час свайго студэнцтва ён пачаў актыўную працу па пошуку архіўных крыніц, звязаных з людзьмі і падзеямі, пра якіх мы можам сказаць, што яны стваралі сённяшнюю Беларусь.

Першай газетай, куды даслаў свой допіс студэнт Віталь Скалабан з Ленінграда, быў штотыднёвік «Літаратура і Мастацтва». Ён беражліва захаваў у сваім архіве выразку з газеты ад 29.06.1968 са сваёй невялікай публікацыяй «Ленін распытвае пра Беларусь». Гэта кароткае апісанне агульнай фатаграфіі дэлегатаў Усерасійскага з’езда бежанцаў з Беларусі і самога з’езда. Аўтар не акцэнтаваў увагу на факце, які лёг у назву артыкула, а хутка і лагічна перайшоў да апісання грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Чырвоны шлях», які выдаваўся Петраградскім аддзяленнем Белнацкама і дзе быў змешчаны названы фотаздымак. Віталь Скалабан згадвае імёны Я. Карскага, Я. Купалы, А. Гурло, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага і інш. У невялікай публікацыі аўтар, можна сцвярджаць, прагназуе сваю навуковую будучыню: пра многіх, як і на тэму бежанства, у будучым напіша артыкулы, падрыхтуе і выдасць зборнікі. Пра яго натхнёную працу ў архівах Ленінграда ў гады вучобы сведчыць яшчэ адзін факт. У лютым 1968 г. кіраўнік архіва літаратуры і мастацтва ў Мінску К. Жорава атрымала такую заяву:

Дырэктару Цэнтральнага

дзяржаўнага архіва літаратуры

і мастацтва БССР

студэнта гістарычнага факультэта

Ленінградскага ўніверсітэта

Скалабана Віталя Уладзіміравіча

заява.

Цэнтральным дзяржаўным архіве ваенна-марскога флоту мной выяўлены дакументы аб службе паэта Алеся Гурло на Балтыйскім флоце: 1). Прыёмны фармулярны спіс А. К. Гурло (Ф. 989, 1914 г., спр. 112, арк. 526, 527, 528 дадаю фотакопіі гэтых дакументаў). 2). Алфавітны спіс вучняў машыннай школы № 5361 А. К. Гурло. Ф. 674, воп. 1, спр. 115, арк. 23 — 24. 3). Экзаменныя спісы А. К. Гурло Ф. 674, воп. 1, спр. 125, арк. 36 — 37, 75 — 76. 4). Спіс асабістага складу эсмінца «Забіяка» на 26 чэрвеня 1918 г. А. К. Гурло лічыцца маторным старшыной.

Дата 1 лютага 1968 г. і асабісты подпіс.

Копіі названых у заяве дакументаў праз пэўны час былі дасланы ў Мінск у Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва. Пройдуць гады і Віталь Уладзіміравіч стане для архівамузея літаратуры і мастацтва выдатным экспертам, натхняльнікам і, найперш, яго актыўным рухавіком у справе камплектавання. Гэта быў сапраўдны творчы саюз калектыву БДАМЛМ і гісторыка Віталя Скалабана. З яго ўдзелам і пры яго падтрымцы ў 2001 г. прайшлі першыя «Узвышаўскія чытанні», а пасля, праз усе гады, ён быў самым актыўным іх удзельнікам: прапаноўваў тэмы, чытаў даклады, кіраваў канферэнцыйнымі секцыямі.

Універсітэт Віталь Скалабан скончыў у 1970 годзе і неўзабаве быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. Служыў у ГДР. А з 1972 г., дваццаць тры гады, яго лёс быў прафесійна і творча звязаны з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя»: з 1972-га працаваў рэдактарам, у 1992 — 1995 загадваў рэдакцыяй гісторыі Беларусі. Гэты перыяд біяграфіі стаў для яго часам актыўнага пошуку забытых імёнаў і гістарычных падзей, што нязменна патрабавала вывучэння архіўных фондаў і збірання дакументаў. У той жа час у 1987 г. Віталь Скалабан абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918 — сакавік 1919 г.». Самым яскравым прыкладам выдатнай працы Віталя Скалабана — энцыклапедыста з’яўляецца збор дакументаў для кнігі «Памяць — Ляхавічы і Ляхавіцкі раён». Ён сведчыць не толькі пра яго высокія патрабаванні да такога роду выданняў, а і пра трапяткую любоў да сваёй малой радзімы. Ён з вялікай ашчаднасцю збярог усю перапіску, запісы гутарак з героямі артыкулаў, выразкі з газет, успаміны і сведчанні жыхароў, копіі дакументаў розных архіваў па гісторыі Ляхаўшчыны, калекцыю здымкаў, сабраную для ілюстрацыі кнігі, і інш. Цэлы краязнаўчы музей. Калі-небудзь гэта ўсё стане выдатнай крыніцай пры стварэнні такога музея ў Ляхавічах, пра які, дарэчы, заўсёды марыў Віталь Уладзіміравіч.

У 1995 г. Віталь Скалабан прымае цалкам вытлумачальнае рашэнне перайсці на працу ў архіўную галіну Беларусі, на пасаду намесніка дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазанаўства і архіўнай справы. За пяць гадоў работы ў гэтай навуковай установе ён змог многае зрабіць у практычнай археаграфіі, у публікацыйнай справе невядомых архіўных крыніц, іх уключэнні ў навуковы ўжытак. У гэты перыяд ён працягвае актыўна займацца дакументальна-творчай спадчынай М. Гарэцкага, А. Уса, М. Мялешкі, Ф. Шантыра і іншых, працуе над зводным каталогам «Бібліятэкі Міхася Мялешкі» (Мн., 1998).

У 2000 г. сваю навуковую дзейнасць Віталь Скалабан працягваў ужо ў Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны і сваю работу ў ім цесна злучыў з тэмай краязнаўства. Праграмы, прапановы па праекце «Беларускае краязнаўства як гісторыка-культурны феномен», збор артыкулаў на тэму краязнаўства (многія з праўкай Віталя Уладзіміравіча і інш.) сведчаць пра яго мары і жаданні ўзняць краязнаўства ў Беларусі да агульнанацыянальнай ідэі. Самую каштоўную частку працы Віталя Скалабана на гэтай дзялянцы складаюць матэрыялы, сабраныя да даведніка «Беларускія краязнаўцы»: анкеты, бібліяграфічныя даведкі, перапіска і інш. На вялікі жаль, гэты праект не быў рэалізаваны.

Праз пяць гадоў Віталь Скалабан вярнуўся ў архіўную галіну, на гэты раз у аддзел публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, які з 2004 г. узначаліў. Гэта быў час росквіту публікацыйнай работы ў найбуйнейшым архіве краіны. Выходзілі адзін за адным зборнікі дакументаў па самых актуальных гістарычных тэмах, якім папярэднічала своеасаблівае ўсеархіўнае выяўленне крыніц. І распаўсюджвалася яно не толькі на архівы Беларусі, а і сягала ў малаасвоеныя намі на той час архівы Масквы, Пецярбурга, Кіева і інш. Ён валодаў талентам захапіць працай вялікую колькасць людзей, і гэта давала свае плённыя вынікі.

Варта згадаць яго ўклад у мастацкую творчасць і дакументальнае кіно. У гэтым шэрагу знаходзіцца найперш гістарычная драма «Людвіка і Фабіян», напісаная сумесна з Л. Рублеўскай, якая была пастаўлена аматарскім тэатрам. Ён быў суаўтарам літаратурных сцэнарыяў фільмаў «Тайны Грушаўскага палаца» (разам з У. Емяльянчыкам), «Імша па Купалу» (з Т. Процькай), «Справа Ігнатоўскага» і іншых.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Віталь Скалабан радаваў усіх нас нечаканымі публікацыямі-адкрыццямі невядомых дакументальных крыніц, даючы магчымасць дакрануцца да таямніц гісторыі шырокаму колу чытачоў. Але адной з вялікіх яго заслуг перад навукай з’яўляюцца распрацаваныя ім у бегу ўсяго жыцця бібліяграфіі: каталог публікацый газеты «Вольная Беларусь» за 1917 год, імянная навукова-дапаможная картатэка з біяграфічнымі, бібліяграфічнымі запісамі і спісамі архіўных крыніц, тэматычная навукова-дапаможная картатэка па такіх тэмах, як «Маскоўскае зямляцтва», «Гістарыяграфія», «Сцяг, гімн», «Белнацкам» і інш., картатэка поўных архіўных крыніц да зборніка «Купала і Колас, вы нас гадавалі». Усё гэта яшчэ чакае свайго даследчыка.

Запартыка, Г. Талент раскрываць таямніцы / Ганна Запартыка // Звязда. – 2017. – № 32. – 11 жніўня. – С. 5.

Шукальнік беларускага жыцця

Успамінаючы архівіста Віталя Уладзіміравіча Скалабана ў дні яго 70-годдзя, канешне ж, першае, пра што пачынаеш думаць: як рана пайшоў з жыцця гэты апантаны збіральнік памятак беларускага жыцця. Не стала яго ў 2011 годзе. Улетку…

З нашым выдавецтвам «Літаратура і мастацтва» яго ядналі многія ідэі. Так, Скалабан перш-наперш успамінаецца праз прызму менавіта ідэй, праз прызму яго ўяўленняў пра магчымыя здзяйсненні. І нават часам, калі нешта не ўдавалася ажыццявіць па аб’ектыўных прычынах, сама ідэя набывала фармат дзеі. Хоць, канешне ж, і зробленага за ім, зробленага з яго падказак можна налічыць нямала… Уражваюць абсягі яго асабістых зацікаўленняў, абсягі яго жаданняў і памкненняў.

Сустракаючыся з Віталем Уладзіміравічам у розных рэдакцыях (а знаёмства наша адносіцца да першай сустрэчы ў рэдакцыі гісторыі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» на самым пачатку 1990-х гадоў), заўсёды дзівіўся яго добраму, светламу настрою. Нават апошнія сустрэчы ў «ЛіМе», калі ён чарговы раз выйшаў з бальніцы (як і тэлефонныя размовы пасля адпаведных працэдур, прыняцця лекаў, калі яму, пэўна, і гаварыць было цяжка), былі даволі лёгкімі, прыязнымі. І калі ўжо ён сыходзіў з выдавецтва альбо калі тэлефон замаўкаў, думалася пра самае страшнае, пра тое, што і яго забірае смерць. Адлік часу ішоў… А гаварылі мы ўсё адно пра справу, пра новыя публікацыі…

Мне пашчасціла быць выдаўцом, хутчэй нават — мне пашчасціла быць сведкам зносін Віталя Уладзіміравіча з выдавецтвам. У «ЛіМе» ішоў «трохтомнік» «Купала і Колас, вы нас гадавалі…». Размова — пра зборнік дакументаў з розных архіваў, прысвечаных народным песнярам Беларусі — Якубу Коласу і Янку Купалу. Канешне ж, над кнігай працавала каманда з Нацыянальнага архіва Беларусі. Быў у гэтай каманды і дарадца, падказчык самы што ні ёсць аўтарытэтны — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі літаратуразнаўца Міхась Іосіфавіч Мушынскі. Можна назваць многія імёны тых, хто спрыяў нараджэнню зборніка. І ўсё ж Віталь Уладзіміравіч — галоўны арганізатар і галоўны, лічы, «аўтар» (архівісты, канешне, укладаюць, упарадкоўваюць, яны дакументы не перапісваюць, не перарабляюць згодна з сваім, калі хочаце, мастацкім мысленнем) не толькі навуковага, але і творчага праекта адкрыцця купалаўскіх і коласаўскіх дакументаў.

Віталь Скалабан змог паяднаць дзеля вырашэння адной супольнай задачы многіх людзей — архівістаў, музейшчыкаў, бібліёграфаў. Не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Нарадзілася кніга, якой будуць карыстацца ва ўсе часіны, пакуль будуць помніць народных песняроў Беларусі Купалу і Коласа, пакуль будзе жыць і квітнець беларускае слова. Гэты «трохтомнік» меў у прынцыпе процьму шанцаў не выйсці ў свет альбо выйсці нашмат пазней. Ці выйсці дастаткова абмежаваным тыражом. Што ўвогуле зрабіла б актуальную па розных прычынах кнігу малавядомым выданнем. Па-першае, адпужваў аб’ём (спярша была ідэя выдаць увесь архіўна-даументальны збор адной кнігай, пад адной вокладкай). Па-другое, нават калі ўжо пабачыла свет першая кніга, працягу работы заміналі сумненні пра распаўсюджванне спецыфічнага, далёка не масавага выдання. Хто стане чытачом кнігі дакументаў? Тыраж у 1000 экзэмпляраў для томіка архіўных матэрыялаў — справа рызыкоўная.

Але і з распаўсюджваннем атрымалася, усё склалася. Хоць і не было гэта такой простай справай. І болей як тысячу старонак — дзве велізарныя скалабанаўскія папкі — расклалі на дзве кнігі, а пасля і другую кнігу падзялілі яшчэ на дзве часткі. У выніку атрымалася трохкніжжа. Адным словам, выданне «Купала і Колас, вы нас гадавалі…» здзейснілася.

Апошняя прэзентацыя (ужо пасля поўнага завяршэння праекта) праходзіла ў Нацыянальным архіве Беларусі. Без Віталя Скалабана, які на той час ужо пакінуў гэты свет… Зразумела, ці не ўсе выступоўцы згадвалі Віталя Уладзіміравіча. І тады думалася пра вартасць высокай адзнакі гэтай працы, не позна, мяркую, гэта зрабіць і зараз…

Згадаўшы фактычна адзін толькі «эпізод» шматаблічнага жыцця Віталя Уладзіміравіча, ведаю, што такіх спраў за ім лічыцца далёка не адна. Неяк на аўтобусным прыпынку ён сказаў пра расхрыстанасць, пра тое, што раскідаў сябе па розных клопатах. Гэта прагучала ў звязку з навуковымі здабыткамі ці адзнакамі — маўляў, магла б даўно быць напісанай доктарская…

І доктарская дысертацыя, і манаграфіі па тых перыядах беларускай гісторыі, якія цікавілі яго найперш, — усё гэта магло б, зразумела, адбыцца і, відаць, было б не лішнім. Не толькі асабіста для Віталя Уладзіміравіча, але і ўвогуле для беларускай гістарычнай навукі. Але ён адбыўся ў іншым. Праз розныя практычныя здзяйсненні — публікацыю дакументаў, выступленні ў перыядычным друку, праз дакументальныя фільмы і тэлевізійныя перадачы, а яшчэ праз шматгадовае супрацоўніцтва з газетай «СБ. Беларусь сегодня», праз многія і многія выступленні на канферэнцыях, чытаннях, праз тысячы падказак і аргументаваных кансультацый для іншых — ён зрабіў неверагодна шмат. Зрабіў дзеля вяртання сапраўднай беларускай гісторыі. Такім ужо склаўся яго лёс. Шчаслівы лёс сумленнага навукоўца.

Карлюкевіч, А. Шукльнік беларускага жыцця / Алесь Карлюкевіч // Звязда. – 2017. – № 148. – 4 жніўня. – С. 13.

Архівіст з краязнаўчым ухілам

5 жніўня споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння беларускага гісторыка, архівіста і літаратуразнаўца Віталя Скалабана. Кандыдат гістарычных навук (1987).

Віталь Уладзіміравіч нарадзіўся ў в. Шылавічы Слонімскага раёна. Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт (1970 г.). 3 1972 г. працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі. У 1995 – 2000 гг. намеснік дырэктара, дарадца Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы. З 2000 г. намеснік дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 2002 г. навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Даследчык вывучаў гісторыю беларускага нацыянальнага руху, культуры XIX – пачатку XX ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі, жыццё і дзейнасць шэрагу асобаў, у тым ліку Мітрафана Доўнар-Запольскага, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Усевалада Ігнатоўскага, Расціслава Платонава, Мікалая Улашчыка.

Рэдактар-складальнік гістарычна-дакументальнай хронікі «Памяць Ляхавіцкі раён», выдадзенай у 1989 г. Адзін са складальнікаў бібліяграфічных дапаможнікаў, аўтар шматлікіх артыкулаў, сааўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх тэлефільмаў. У сааўтарстве з пісьменніцай Людмілай Рублеўскай спрабаваў сілы ў мастацкай літаратуры.

Памёр Віталь Скалабан 20 жніўня 2011 г., пахаваны ў Мінску.

Адзін з першых Віталь Уладзіміравіч падтрымаў ідэю стварэння «Краязнаўчай газеты», быў яе актыўным аўтарам і дарадцам, падпісчыкам, папулярызаваў выданне ў асяроддзі навукоўцаў і краязнаўцаў розных рэгіёнаў краіны. Неажыццёўленаю засталася задума скласці і выдаць даведнік сучасных беларускіх краязнаўцаў. Напрацоўкі рупліўцы захоўваюцца ў архіве Беларускага фонду культуры і рэдакцыі «Края­знаўчай газеты». Часткова матэрыялы цягам некалькіх гадоў друкаваліся на старонках нашай газеты пад адмысловаю рубрыкай «Сучасныя беларускія краязнаўцы».

 

Пучынскі, У. Архівіст з краязнаўчым ухілам : [Да 70-годдзя з дня нараджэння беларускага гісторыка Віталя Скалабана] / Уладзімір Пучынскі // Краязнаўчая газета. – 2017. – № 30. – С. 2.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed