Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Савейкі>>>
У Савейках здымаецца кіно
У гэтыя дні ў Савейкаўскім парку вельмі прыгожа. Распускаюцца клёны, зазелянелі бярозы, вось вось расквеціцца стары яблыневы сад, а ветраніца раскідала свае кветачкі белымі воблакамі.
Паветра паспела настояцца на непаўторных пахах вясновай свежасці — дыхаеш не надыхаешся. Зачароўвае і водная гладзь азер у зялёнай агранцы свежых траў і кустоў, якія падышлі амаль да самай вады. А прыслухаешся — пачуеш непаўторны музычны твор у выкананні птушынага аркестра…
У такі час і ў такой вясновай казцы думаць пра вайну цяжка. Але іменна тут, у Савейкаўскім парку, праз сем дзясяткаў гадоў мы нечакана сустрэліся з былым. Тутэйшыя мясціны і будынак колішняга панскага маёнтка якраз адпавядаюць дэкарацыям сцэнарыя новай ваеннай кінастужкі, якую здымае “Беларусьфільм”. Здымачная група і “акупіравала” гэтую тэрыторыю.
Яшчэ здалёк віднеюцца надпісы на шматлікіх фургонах і спецмашынах — “Беларусьфільм”. Падышлі бліжэй і крышачку дакрануліся да таямніцы стварэння кіно. Рэжысёр фільма Аляксандр Даруга абмяркоўваў са сцэнарыстамі і памочнікамі чарговы дубль эпізода. А перад вачамі стваралася панарама ваенных дзеянняў: грузавік, накрыты брызентам з выявай чырвонага крыжа, толькі падвёз параненых байцоў да шпіталя (ён размясціўся ў маёнтку), легкавы аўтамабіль, матацыклы — рэквізіты ваенных гадоў. Чырвонаармейцы, зусім як на вайне, у форме тых гадоў, з вінтоўкамі.
Сярод хлопцаў і ўжо пажылых людзей можна пазнаць сваіх, ляхавіцкіх, савейкаўскіх жыхароў, знаёмымі аказаліся і твары санітарак! Аказваецца, на здымкі ў масоўках кінастудыя запрасіла мясцовых жыхароў, а прыйшлі прасіцца “зняцца ў кіно” (многія з-за дапытлівасці) нават з Клецкага і Ганцавіцкага раёнаў.
— Увага! Цішыня! Камера! — аб’яўляе дырэктар фільма, усё навокал замірае, чуваць толькі ўзрушаны голас акцёра, і літаральна праз паўхвіліны эпізод перапыняе рэ-жысёр. Папраўкі, указанні, чарговы дубль… Нялёгкая гэта работа: каб, нарэшце, пасля многіх спробаў, рэжысёр аб’явіў запаветнае слова “знята!”, да сёмага поту працуе ўся здымачная група.
Як кажуць, вайна вайной, а абед па раскладзе. Дакладна ў вызначаны час з ляхавіцкага рэстарана падвезлі падмацаванне — фірменны абед. Толькі тут здолеў выкраіць свабодную хвіліну Аляксандр Даруга і расказаў нам пра будучы кінафільм:
— Першапачатковая назва кінастужкі “Смерш. Лісіная нара” — сховішча вельмі хітрага і каварнага звера. А наогул, фільм здымаецца ў жанры ваеннага баевіка (4 серыі), прысвячаецца савецкім контрразведчыкам, членам арганізацыі “Смерш”, якая дзейнічала на франтах Вялікай Айчыннай вайны, вяла барацьбу са шпіёнамі, дыверсантамі, тэрарыстамі. Назва “Смерш” расшыфроўваецца як “Смерць шпіёнам”. На дзейнасці контрразведчыкаў і завязана сюжэтная лінія. Ішоў 1944 год, якраз напярэдадні правядзення лёсавызначальнай аперацыі “Баграціён” нямецкія дыверсанты захапілі партфель з вельмі важнымі дакументамі, аднак, пера-правіць яго праз лінію фронту няма ніякай магчымасці. Фашысцкі палкоўнік Нойбер робіць хітры ход: хавае партфель у лісінай нары, а сам здаецца ў палон чырвонаармейцам, са спадзяваннем, што такім чынам ён тут дачакаецца прыходу новай дыверсійнай групы і перадасць ім важныя звесткі… Гэта кульмінацыйны пункт сюжэта, а як далей будуць разгортвацца дзеянні, гледачы даведаюцца пасля выхаду кінастужкі на экран. Каб яшчэ больш заінтрыгаваць будучых гледачоў дадам, што ў кінафільме разгортваюцца іншыя сюжэтныя лініі. У прыватнасці, галоўны герой афіцэр “Смерша” контрразведчык Церахаў закахаўся ў вольнанаёмную пераводчыцу Кацю. І трэба будзе паглядзець фільм, каб даведацца, як складуцца іх лёсы… Ролі выконваюць Павел Трубінер, Анатолій Рудэнка, Яўгеній Нікіцін, Карл Ахляйтнер, Жан-Марк Біркхольц, Ігар Сігаў, Манфрэд Фаў, Вераніка Пляшкевіч, Іван Мацкевіч, Валянціна Гарцуева, Алег Ткачоў. Сцэнарый напісалі Уладзімір Чабатаеў і Ігар Швяцоў, мастак-пастаноўшчык Андрэй Тоўсцік, аператар-пастаноўшчык Анатолій Сахно, прадзюсеры Арцём Доллежаль, Улад Рашын. Усяго здымачная група налічвае больш як 80 чалавек.
Аляксандр Даруга паабяцаў, што кінастужка будзе зманціравана ўжо ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня, а там, неўзабаве, з’явіцца на экранах.
— Я думаю, што фільм, над стварэннем якога разам з кінастудыяй “Беларусьфільм” працуе і кінакампанія “Star media”, зацікавіць многіх гледачоў, паколькі яна гістарычна апраўданая, заснаваная на рэальных фактах, — дадае рэжысёр.
Пасля абеду і кароткага адпачынку зноў запрацавала рацыя, разносіліся каманды рэжысёра: рыхтаваўся да здымак чарговы эпізод. На гэты раз разгортваліся ваенныя дзеянні, у якіх былі задзейнічаны і тэхніка, і людзі…
…Як добра, што гэта ўсяго толькі здымаецца ваенны кінафільм. А на самай справе ў Савейкаўскім парку бушуе вясна, а над векавымі піхтамі і клёнамі спакойны блакіт мірнага неба!
Аліна ЛАПІЧ
Лапіч, А. У Савейках здымаецца кіно / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2012. – 5 мая. С. 3.