Равінскі Антон Фёдаравіч

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю

 

РАВІНСКІ Антон Фёдаравіч

Антон Фёдаравіч Равінскі нарадзіўся 13 сакавіка 1952 г. у вёсцы Краглі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1972 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

Пасля заканчэння ВНУ Антон Равінскі прыехаў працаваць у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (з 1995 г. – універсітэт). Прайшоў усе прыступкі кар’еры выкладчыка: аспірант, асістэнт (1972–1986), дацэнт (1986), прафесар (1999), загадчык кафедры фізікі, затым агульнай фізікі фізічнага факультэта (1991–2003), прафесар кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі.

Абараніў кандыдацкую (Масква, 1983), доктарскую (Масква, 1996) дысертацыі. Антон Фёдаравіч з’яўляўся вучнем вядомага фізіка, дзеяча навукі і тэхнікі Расійскай Федэрацыі, акадэміка М. М. Сіраты. Даследаваў пытанні, звязанныя з пошукам механізмаў звышправоднасці крышталёў, а таксама з распрацоўкай механізму суіснавання ўпарадкаванных электрычнай і магнітнай фаз для сегнемагнетыкаў. Стварыў навуковую педагагічную школу па фізіцы цвёрдага цела ў БрДУ. Аўтар больш за 100 навуковых прац, 2 манаграфій, артыкулаў, навучальных дапаможнікаў для студэнтаў i настаўнiкаў. Падрыхтаваў 1 кандыдата навук.

Навуковая і педагагічная дзейнасць прафесара А. Ф. Равінскага адзначана многімі граматамі, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Многія выпускнікі ўніверсітэта, якія прайшлі навуковую школу А. Ф. Равінскага, працягвалі навуковую дзейнасць, паступалі ў аспірантуры навукова-даследчых інстытутаў НАН Беларусі. Антон Фёдаравіч адрозніваўся добразычлівым стаўленнем да калег і студэнтаў, сціпласцю і працавітасцю. Карыстаўся заслужанай павагай з боку выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Жыццё Антона Фёдаравіча Равінскага заўчасна абарвалася 17 студзеня 2018 г., ён трагічна загінуў за рулём свайго аўтамабіля.

Равінскі Антон Фёдаравіч // Прафесарска-выкладчыцкі склад Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна : біябібліяграфічны слоўнік

Равінскі Антон Фёдаравіч. Нарадзіўся 13 сакавіка 1952 г. у в. Краглі Ляхавіцага раёна Брэсцкай вобласці. Беларус, з сялян. У 1972 г. закончыў фізіка-матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Аспірант, асістэнт (1972-1986 гг.), дацэнт (1986-1999 гг.), прафесар (1999 г.), загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БрДУ (1991-2003 гг.). У 1983 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Квантава-механічны разлік энергетычнай структуры, магнітных і тэрмадынамічных уласцівасцей алмаза і кубічнага нітрыду бору па даных рассейвання рэнтгенаўскіх промняў». Абарона доктарскай дысертацыі «Электронная структура, тэрмадынамічныя ўласцівасці і фазавыя пераўтварэнні Мотта паўправадніковых крышталёў» адбылася ў 1996 г. Навуковае званне дацэнта атрымаў у 1986 г., прафесара — у 1999 г. Падрыхтаваў 1 кандыдата навук. Атрыманыя гранты:  International Soros Science Education Program. Grant “Soros associate professor”. Minsk. 1995; Grant “Optical Properties of the electrochromic materials”. Poland. Аўтар 40 навуковых прац. Даследуе пытанні, звязаныя з пошукам механізмаў звышправоднасці крышталёў , а таксама з распрацоўкай механізму суіснавання ўпарадкаваных электрычнай і магнітнай фаз для сегнетамагнетыкаў. Месца працы — кафедра тэарэтычнай фізікі і астраноміі фізічнага факультэта БрДУ, прафесар.

Равінскі Антон Фёдаравіч // Прафесарска-выкладчыцкі склад Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна : біябібліяграфічны слоўнік. – Брэст: Выд-ва БрДУ, 2005. – С. 171.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed