Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю
Прафесар з Мінічаў
Лёс бязлітасна раскідвае па жыцці тых, хто калісьці сядзеў за адной партай і даваў сябру абяцанне заўсёды быць разам. Школьны таварыш праз дзесяцігоддзі можа аказацца вашым суседам, а можа жыць і працаваць за сотні і нават тысячы кіламетраў ад роднай вёскі ці горада. I вельмі прыемна і шчымліва на душы становіцца, калі пачуеш пра поспехі і дасягненні чалавека, чые карані былі і засталіся тут, побач, на нашай зямлі.
Дзяцінства Мікалая Плескацэвіча прыпала на няпросты час пасляваеннага аднаўлення. Пасля заканчэння з сярэбраным медалём Мядзведзіцкай сярэдняй школы хлопец з Мінічаў паспяхова паступіў у педінстытут імя Горкага. Праз пяць гадоў малады спецыяліст вярнуўся на Ляхавіччыну з дыпломам настаўніка і стаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў Куршынавіцкай васьмігодцы, дзе ў хуткім часе заняў пасаду намесніка дырэктара. Потым была аспірантура, выкладчыцкая і навуковая работа ў тым жа інстытуце, дзе вучыўся сам.
а працягу шасці гадоў Мікалай Міронавіч быў першым прарэктарам па вучэбнай рабоце Белдзяржпедуніверсітэта імя Танка, а з 1999 года працуе ў апараце Міністэрства адукацыі краіны, апошні час – галоўным інспектарам, кансультантам аддзела вышэйшай адукацыі ўпраўлення вышэйшай і сярэдняй адукацыі міністэрства.
Зусім нядаўна наш земляк – кандыдат педагагічных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыікраіны Мікалай Плескацэвіч – адзначыў чарговы юбілей.
Гаварыць пра гэтага чалавека можна многа… Аднак, куды больш цікава і карысна гутарыць непасрэдна з ім. Мікалай Міронавіч – эрудыраваны субяседнік, неардынарная асоба, таленавіты педагог. “ЛВ” удзячны, што наш зямляк – ужо даўно сталічны жыхар – знайшоў час проста пагаварыць з намі і нашымі чытачамі пра жыццё і пра час.
– Мікалай Міронавіч, ці падтрымліваеце вы сувязь са сваёй малой радзімай – Ляхавіччынай?
– Канешне. Прычым сувязь пастаянная. Калі па волі лёсу жывеш не там, дзе нарадзіўся, то адчуваеш прыцягненне малой радзімы асабліва. Яна – сапраўды тая крынічка, якая сілкуе. Бывае, вельмі многа працуеш, моцна стамляешся. А прыязджаеш сюды, дзень-два пабудзеш, пройдзешся па сцежках дзяцінства і юнацтва, сустрэнешся з мясцовымі людзьмі – і вяртаешся дадому акрылены, зноў хочацца працаваць! Праходзіць час, і гэты круг трэба паўтарыць…
Ад сустрэчы са сваёй малой радзімай я заўсёды адчуваю радасць.
Пра Ляхавіччыну ў мяне засталіся цёплыя ўспаміны пра той час, калі я тут жыў, вучыўся, працаваў. Калісьці, яшчэ школьнікам, нават меў шчасце друкавацца ў любімай раёнцы. Некаторыя ўспаміны са свайго дзяцінства я прыгадаў у артыкуле “Дзякуй табе, зямля!”, надрукаваным у кнізе “Памяць. Ляхавіцкі раён”.
I зараз я стараюся быць у курсе жыцця Ляхавіччыны. Калі прыязджаю сюды, знаёмства з апошнімі падзеямі пачынаю менавіта з вашай газеты.
– 42 гады вы працавалі з падрастаючым пакаленнем. Правільней нават сказаць – з многімі пакаленнямі маладых. Ці сапраўды так моцна адчуваецца розніца паміж моладдзю розных часоў?
– Прадстаўнікі старэйшага пакалення вельмі часта бурчаць, маўляў, мы былі іншымі, лепшымі, чым сённяшнія маладыя. На самай справе заўсёды існуе пераемнасць пакаленняў, і многія рысы ўласцівы моладзі незалежна ад таго часу, у які яна жыве. Сярод такіх рыс я прыгадаў бы імкненне да ведаў. Цяга да вучобы характэрна для моладзі наогул.
Адрозненні паміж пакаленнямі існуюць, але яны не настолькі істотныя. Цяперашнія юнакі і дзяўчаты, захоўваючы многія станоўчыя рысы сваіх бацькоў, хутчэй хочуць атрымаць вынік, часта – прыкладаючы мінімум намаганняў, мець больш камфорту ў жыцці. Добра гэта ці дрэнна? Проста сёння іншы час, іншыя меркі, іншыя магчымасці.
– А якая, з вашага пункту погляду, сённяшняя моладзь?
– Калі весці размову пра студэнцкую аўдыторыю, то сёння ў яе стала значна больш магчымасцяў для самастойнага засваення матэрыялу: за кошт тэхнічных сродкаў, укаранення камп’ютэрных тэхналогій. Для сённяшніх студэнтаў характэрны інтарэс да авалодвання замежнымі мовамі. Я, напрыклад, калі сутыкаюся з неабходнасцю прадэманстраваць свае веды ў гэтай галіне, маю пэўныя цяжкасці. I вельмі зайздрошчу маладым, якія вольна валодаюць замежнай мовай, часта – нават не адной. 3 дапамогай камп’ютэра і ведання замежнай мовы перад моладдзю адкрываюцца шырокія магчымасці нават планетарнага маштабу, калі праз інтэрнет можна даведацца літаральна пра ўсе падзеі ў любым кутку света.
Ну, а тое, што маладыя хацелі б прыгожа і модна апранацца, добра адпачываць, жыць з камфортам – гэта нармальна. Сённяшняя моладзь жыве сённяшнімі кпопатамі, іншымі хваляваннямі і трывогамі, іншымі адносінамі да атрымання адукацыі і да прафесійнай дзейнасці. Пройдуць гады, і сённяшнія юнакі і дзяўчаты сустрэнуцца з новым пакаленнем, якое ўвабрала новыя ідэі, адносіны, каштоўнасці… I таксама будуць успамінаць сваё, прыводзіць у прыклад, казаць “У нас было лепш”. Такая ўжо натура ў чалавека.
– Што ў першую чаргу неабходна, каб дасягнуць поспехаў на прафесійнай ніве?
– Людзі прыходзяць у свет з пэўнымі задаткамі. Настаўнік павінен накіраваць энергію ў патрэбнае рэчышча, дапамагчы самавыявіцца асобе. Канешне, важна, каб пашанцавала з педагогам (студэнты вельмі добра вызначаюць, хто для іх сапраўды сябар і дарадца, а хто прыйшоў чытаць лекцыю толькі дзеля зарплаты). Але сам па сабе поспех не прыходзіць… Без імкнення да вучобы і прыкладання максімуму ўласных намаганняў развіць задаткі і здольнасці немагчыма.
А наогул, у кожнага чалавека свая мерка поспехаў…
– Што самае складанае і самае прыемнае ў рабоце педагога?
– Самае складанае і разам з тым надзвычай неабходнае, без чаго практычна нельга дабіцца поспеху ў педагагічнай рабоце, – разглядзець, зразумець і ацаніць асобу ў кожным сваім вучні…
А самае прыемнае… Калі бачыш рост свайго студэнта ў вучобе, потым яго поспехі ў прафесійнай дзейнасці, яго сям’ю, калі ўжо дзеці тваіх былых студэнтаў становяцца тваімі вучнямі – гэта допінг для педагога. Даводзілася чуць меркаванне, што прафесія педагога не надта цікавая: маўляў, штодзень адзін і той жа прадмет, толькі дзеці мяняюцца… Гэта не так. Упэўненасць у тым, што настаўнік дапамог станаўленню чалавека, асобы, прафесіянала – ні з чым не параўнальная радасць…
– Апошнім часам сістэма адукацыі краіны перажыла нямала рэформ. Як вы іх ацэньваеце?
– Трэба шчыра прызнаць: вельмі часта рэформы ўзнікалі дзеля рэформ. Між тым першай і самай неабходнай умовай любога рэфармавання павінна быць змяненне зместу адукацыі. Мы можам павялічыць тэрміны навучання ў школе хоць да 15 гадоў, але ці трэба гэта, ці паспрыяе паляпшэнню якасці ведаў?..
Ужо звыш 10 гадоў мы вядзем размову пра шматузроўневую падрыхтоўку спецыялістаў. А хто такі бакалаўр, магістр, адказу так і не атрымалі…Чаму? Мусіць, таму, што імкнемся пераймаць замежны вопыт, адрываючыся ад нацыянальнай глебы. Па сутнасці пытанне павінна ўзнікаць адно: што з’яўляецца змястоўным бокам таго ж бакалаўра ці магістра. Форму для вырашэння пытання падабраць лягчэй…
Гэта няправільна, калі спачатку выпускаюць падручнік, а потым прызнаюць, што ён быў няўдалым… Такія рэчы павінны быць стабільнымі. Падручнік Ушынскага перавыдаваўся ў Расіі 150 разоў!
Любое рэфармаванне неабходна папярэдне выверыць, прадумаць і праверыць пры дапамозе практыкаў. Гэта працэс працяглы, але адзіна правільны.
– Калі не сакрэт, якія далейшыя творчыя планы вы для сябе вызначылі?
– На жаль, узрост – а мне ўжо споўнілася 65 гадоў – не дазваляе працягваць працу ў апараце Міністэрства адукацыі. Але я спадзяюся, што мой вопыт, мая методыка, мае веды яшчэ будуць запатрабаваныя. Планую і хачу і далей працаваць з моладдзю.
Працуючы з моладдзю, сам імкнешся трымацца на ўзроўні – не толькі ў плане падрыхтоўкі, але і знешне. Гэта вельмі патрэбна ў жыцці.
Гутарыла Святлана Бельмач.
Плескацэвіч, М. М. Прафесар з Мінічаў / гутарыла Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. – 2006. – 25 сак.