Гардзей Віктар. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Гардзей Віктар

 

Гардзей В. Біяграфічныя весткіМохар, К. З родных каранёўТрафімчык, А. Самародак зямлі кругавіцкай

Гардзей Віктар (Вікенцій) Канстанцінавіч

Нарадзіўся ў 1946 годзе  на Ганцаўшчыне. Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы працаваў у мясцовым калгасе «Сцяг Леніна», а потым у Ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», з 1966 года — у Ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе». Пасля пераезду ў Мінск у 1983 годзе працаваў у часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», супрацоўнічаў з выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

У друку ўпершыню выступіў у 1963 годзе з апавяданнем “Памылка”. Творчы ўзлёт Віктара Гардзея як пісьменніка адносіцца да ганцавіцкага перыяду яго жыцця, калі ён працаваў у раённай газеце.  Менавіта тады Віктар Гардзей выдаў свае першыя кнігі паэзіі “Касавіца” (1975),” Верасное палясоўе”, “Засевак Радзіме” (1983). Галоўнае месца ў творчасці аўтара займаюць маральна – этычныя і сацыяльныя праблемы сучаснай вёскі, людзі  і прырода роднага краю. Пяру Віктара Гардзея належаць паэтычныя зборнікі «Незабудкі азёр», «Узрушэнне», «Дзікая пчала», «Зялёныя дажджы», «Межань», «Трыадзінства», a таксама кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Карані вечнага дрэва», «Уратуй ад нячыстага», «Ці то грэбля, ці то гаць», трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора», раман “Бедна басота” і іншыя. Многія творы Віктара Гардзея напісаны на рэгіянальным матэрыяле Брэстчыны. Віктар Гардзей таксама аўтар шматлікіх кніжак для дзяцей. Вядомы як перакладчык. На беларускую мову ён пераклаў раманы Г. Флабэра “Саламбо” і Р. Стывенсана “Чорная страла”, аповесць – казку Э Гофмана “Шчаўкунчык і мышыны кароль”, кнігу казак народаў Еўропы “Хрустальны калодзеж” і інш. «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983).

За плённую творчую дзейнасць Віктар Гардзей удастоены літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

3 родных каранёў

Ураджэнцу Малых Круговіч, што ў Ганцавіцкім раёне, слыннаму сучаснаму беларускаму пісьменніку Віктару Гардзею сёння спаўняецца 70 год.

Рана ці позна ўсё сыходзіць у нябыт. Усё, толькі не створанае таленавітым чалавекам, напісанае яго рукой, выпакутаванае яго душой, народжанае яго сэрцам і думамі. Спадчыне творцы наканавана доўгае жыццё, а разам з ёй і яго слаўнаму літаратурнаму прозвішчу.

Веру, што падобны лёс чакае і творчасць знакамітага сучаснага беларускага паэта і празаіка Віктара Гардзея, які нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў вёсцы Малыя Круговічы на Ганцаўшчыне – глыбінцы Палесся. Таму цалкам падзяляю думку вядомага крытыка і літаратуразнаўцы, шчырага Алеся Марціновіча, які адзначаў: “…Гэта не проста ўзроставы рубеж, а як бы тая кладка, на якую, ступіўшы ўпэўнена, што і зрабіў В. Гардзей, можна рухацца гэтаксама ўпэўнена і далей, каб напаткаць свой векавы юбілей.

Прадбачу пярэчанне скептыкаў. Бач ты, куды “загнуў”! Каму гэта ўдаецца столькі пражыць? Яно і сапраўды так. У паэтаў жа, асабліва ў творцаў гэткага вялікага і жыццядайнага таленту, якім валодае Віктар Гардзей, – сваё жыццё. Такое жыццё не паддаецца законам прыроды. А таму ім і наканавана вечнасць, паколькі вечна жыць на зямлі паэзіі”.

Незаўважна хутка ў клопатным, часам шчымліва-трывожным, хаатычна-вірлівай плыні будняў праляцелі сем дзясяткаў гадоў лаўрэата прэстыжных літаратурных прэмій імя Івана Мележа і “Залаты Купідон”,’ майго аднагодка, земляка і даўняга сябра пісьменніка Віктара Гардзея. 3 ім лёс звязвае нас вось ужо больш чым 50 гадоў, 18 з якіх аддалі сумеснай рабоце ў ганцавіцкай раённай газеце. Без перабольшвання і залішняй пахвальбы зазначу, што гэты творца зрабіў адчувальна важкі ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры, напоўніў яе самабытнымі і непаўторнымі фарбамі свайго мастацкага слова, пакінуў у ёй глыбокі след.

Сярод вялікай кагорты літаратараў, выхадцаў з Ганцаўшчыны, Віктар Канстанцінавіч, бадай, самы выбітны і пладавіты, рознапланавы мастак слова. Адметна, быццам яркая зорка, вылучаецца ён і на літаратурным фоне Беларусі – любай і дарагой яго сэрцу Бацькаўшчыны. Гэта неаднаразова адзначалі шматлікія прыхільнікі творчасці пісьменніка: крытыкі Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, Таццяна Шамякіна, Уладзімір Калеснік і многія іншыя. Надзвычай трапна, поўна і вобразна ахарактарызаваў творчасць Віктара Гардзея выдатны беларускі празаік Уладзімір Рубанаў: “Творы В. Гардзея раскалыхваюць душу, агаляючы яе да нервовай чуйнасці. Адчуванне такое: чытаеш – і раптам тое, што мы ўкладваем у паняцце “душа”, пачынае з кожным радком вібрыраваць больш і больш, даючы ўяўленню такі прастор (думкам – тым больш). Тады і бачыш Беларусь, падобную на “луг, што блакітна зацвіў”, і разумееш “сівой салдаткі боль сусветны…” Вынесці чалавека катапультай вобраза з абманліва бяспечнай абалонкі спакою на арбіту трывогі за ўвесь свет, за зямлю – “гасцінны дом з дзвярыма насцеж” – хіба для паэзіі гэта мала? Не часта ў паэзіі сустрэнеш вось такога грамадзянскага тэмпераменту, калі баліць душа. За ўсё”.

Што і казаць, Віктар Гардзей шмат зрабіў і працягвае рабіць для беларускай літаратуры сучаснага перыяду. Ягоныя кнігі паэзіі “Касавіца”, “Верасное палясоўе”, “Засевак Радзімы”, “Незабудкі азёр”, “Узрушэнне”, “Дзікая пчала”, “Зялёныя Дажджы”, “Межань”, “Трыадзінства”, асобныя нізкі вершаў, надрукаваныя ў шматлікіх альманахах, калектыўных зборніках і часопісах, што яшчэ не паспелі аб’яднацца ў асобных выданнях аўтара, бясспрэчна сведчаць аб высокім таленце гэтага самабытнага паэта, выхадца з глыбінь народных. Усваіх цудоўных вершах, напоўненых глыбокім лірызмам, філасофскім роздумам над сутнасцю жыцця, спробай асэнсаваць і ўзважыць мінулае, сённяшні дзень, празорліва зазірнуць у будучыню, знітаваны ў адзіны клубок яго вера, надзея і любоў да роднай Беларусі. I гэтыя тры найвялікшыя пачуцці, непарушнае “трыадзінства” (дарэчы, падобную назву носіць зборнік выбраных вершаў паэта) Віктар Гардзей звязвае з мілай яго сэрцу малой радзімай, да якой пастаянна звяртаецца ў сваёй творчасці. Асабліва выразна гэта прасочваецца ў ягоным класічным вершы “Ёсць патрэба бачыць родны дом”:

I заўсёды ў выраі няблізкім

Ёсць патрэба бачыць родны

дом:

Да зямлі сваёй хілюся нізка

Ластаўкай перад дажджом.

Шчырыя словы прызнання Віктара Гардзея – не “местачковы” патрыя- тызм, як можа здацца на першы погляд. Яны маюць куды больш глыбокі і шырокі сэнс – то патрэба чалавека, грамадзяніна і паэта пастаянна бачыць не толькі свой родны кут, а ўсю Дарагую і любую яго сэрцу Беларусь, як той дом, дзе мы жывём, будзем жыць, які працягваем будаваць і ўпрыгожваць.

Сваю любоў да Бацькаўшчыны Віктар Гардзей не аддзяляе ад роднай мовы, бо цвёрда перакананы: без мовы няма народа, нацыі, супольнасці людзей, аб’яднаных ёю. У многіх сваіх вершах ён заклапочана непакоіцца, што матчына слова незаслужана занядбана, адштурхоўваецца на задні план. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам, калі бярэш у рукі некаторыя рэспубліканскія газеты. Ад беларускага ў іх засталіся хіба толькі назвы. А колькі шыльдаў на англійскай мове, асабліва ў буйных гарадах, стракацяць на фасадах крам, рэстаранаў, кафэ, офісаў! Няўжо яны больш зразумелыя беларусу, чым назвы на мілагучнай роднай мове? Я не закляты нацыяналіст і зусім не супраць любой іншаземнай мовы, і ўсё ж “свая сарочка бліжэй да цела”.

Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што тым жа шляхам пайшлі і некаторыя раённыя газеты. Сёння рэдка сярод іх знойдзеш сапраўды беларускамоўную. Дзякуючы іх “старанням”, нават у вёсках людзі ўсё часцей пачынаюць размаўляць на трасянцы. 3 вялікім шкада- ваннем, з болем у душы згадвае аб тым паэт у сваім зборніку “Межань”, які ствараўся ім “на самай высокай ноце хвалявання і ўзрушэння чалавечага духу”:

Ні дажджу, ні грошай. Дзьме

са шчылін..

Бабцы страшна і душа

баліць.

Бабку слугі д ‘ябла падвучылі

Матчынае слова разлюбіць.

Віктар Гардзей не толькі цудоўны паэт-лірык, але і не менш адметны дзіцячы вершаскладальнік. Першая кніжка для дзетак-малалетак “Чырвоны грабеньчык”, якая пабачыла свет услед за яго паэтычным дэбютам “Касавіцай” у 1976 годзе, у імгненне вока разышпася з паліц кнігарняў. Такі ж лёс напаткаў і ягоныя кніжкі для дзяцей “На арэхавай палянцы”, “Коцікі на вярбе”, “Мой тата – трак- тарыст”, “Зай, які лічыў варон”, “Зайкава балалайка”, “У бары на зары”, “Мудры воран”. Іх цяпер днём з агнём не знойдзеш у шматлікіх кнігарнях, нават у самых адцаленых сельскіх магазінах, рэдка пабачыш і ў бібліятэках. Шкада. Суцяшае хіба толькі думка, што ў каго-небудзь з выдаўцоў рана ці позна народзіцца ідэя аб’яднаць усе гэтыя, без сумнення, цудоўнейшыя дзіцячьія кніжкі Віктара Канстанцінавіча ў адну і выдаць іх асобным тыражом. Лепшага падарунка для нашых дзетак ды ўнукаў і жадаць нельга.

Дарэчы, у сваёй ацэнцы творчасці Віктара Гардзея, як дзіцячага пісьменніка, я не адзіны. Яшчэ раней, у студзені 2000 года, высока ацаніўшы кнігі аўтара для дзяцей, падобную думку на старонках “Настаўніцкай газеты” выказаў літаратуразнаўца Васіль Саўчанка: “Перачыталася кніжка “Зайкава балалайка”. I падумалася: а чаму б якой-небудзь бібліятэцы не ўзяцца, ды і не вылучыць яе на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь? Яна годная гэтай высокай узнагароды, бо сёння такія змястоўныя, непаўторныя выданні для дзяцей – рэдкасць”.

Асобна хочацца вылучыць двухтомнае выданне пісьменніка, якое пабачыла свет у 2008-2010 гадах чатырохтысячным тыражом (такі буйны тыраж вялікая рэдкасць па нашым часе), “Малую дзіцячую Чырвоную кнігу”. Гэта ўнікальны, маляўніча, з густам аформлены Твор, свайго роду сапраўдны шэдэўр. Падобных яму ў Беларусі дагэтуль не было. Ён спалучае ў сабе паэзію і прозу, цікавыя энцыклапедычныя звесткі і здзіўляючую назіральнасць, навукова-кампетэнтную дасведчанасць аўтара аб рэдкіх і знікаючых відах дзікіх жывёл, птушак, земнаводных (1-ы том) і раслінах, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (2-гі том), у даступнай форме апавядае пра іх. Але не толькі ў гэтым каштоўнасць кнігі. Найгалоўнейшая яе мэта – прывіць дзецям любоў да непаўторнай прыроды роднага краю і, зрэшты, да маці-Беларусі.

Наш зямляк – цудоўны паэт, чый талент паспела ацаніць і старэйшае, і маладое пакаленні беларусаў. А яшчэ не менш таленавіты празаік. 3 вялікай прыхільнасцю сустрэлі знаўцы літаратуры яго кнігі прозы “Дом з блакітнымі аканіцамі”, “Карані вечнага дрэва”, “Уратуй ад нячыстага”, трылогію “Аселіца ў басейне Чорнага мора”, раман “Бедна басота” і іншыя.

Не стаўлю на мэце аналізаваць кожную кніжку Гардзея-празаіка. Скажу толькі адно: сюжэты длшя сваіх апавяданняў, аповесцей, рамана пісьменнік бярэ з уласнага жыцця і жыцця сваіх аднавяскоўцаў, блізкіх і знаёмых яму людзей, часта не мяняючы іх прозвішчы і мянушкі, назвы мясцін і паселішчаў.

Многія кругаўцы без асаблівай цяжкасці пазнаюць сябе ў асобах герояў ягоных кніжак. Мяне ж, як чытача, надта ўражвае ўчэпістая памяць самога аўтара. Тое, што пабачыў ці пачуў у далёкім пасляваенным дзяцінстве, Віктар Гардаей сёння згадвае з такой падрабязнасцю і дакладнасцю, быццам бы гэта адбывалася не сем дзясяткаў гадоў назад, а толькі ўчора. Можа, таму такімі жывымі, самабьггнымі і запамінальнымі выглядаюць вобразы яго літаратурных персанажаў, іх побьгг, каларытная гаворка. Чытаеш і нібыта рэальна акунаешся ўтагачасную атмасферу, жывеш у ёй і думаеш так, як думалі гардзееўскія героі.

Увогуле, калі гаварыць пра высокі прафесіяналізм аўтара, то варта заўважыць, што ў адрозненне ад некаторых сучасных празаікаў, якія на працягу соцень старонак мучаць і “кантуюць” з усіх пазіцый аднаго і таго ж героя, празаічныя творы Віктара Гардзея густанаселеныя. У тым жа нядужа аб’ёмістым рамане “Бедна басота” можна напічыць каля 50-ці дзейных асоб, і ўсе персанажы займаюць у творы дакладна адведзенае ім месца, трапна ахарактарызаваны, таму лёгка і надоўга запамінаюцца. Аднак гэта зусім не азначае, што проза пісьменніка пакутуе нейкай рэгіянальнасцю – наадварот, яна ўласціва ўсім беларусам, а значыць, агульнанацыянальнай культуры:

Віктар Гардзей паказвае жыццё такім, як ёсць, без усялякіх там прыхарошванняў. У гэтым плане некаторыя яго празаічныя творы па глыбіні рэалістычнага паказу жыцця беларусаў-палешукоў можна смела параўноўваць з Мележаўскімі “Людзьмі на балоце”, з Шукшынскімі апавяданнямі і навэламі пра родны яму Алтай і яго людзей, урэшце, у некаторай ступені з Коласаўскай “Новай зямлёй”. Усё, што напісана Гардзеем-празаікам, глыбока ўзрушае, кранае душу, робіцца запамінальным і блізкім, дазваляе дадробязяў убачыць разнастайныя плыні чалавечага жыцця і людскіх жаданняў.

За сваё творчае жыццё аўтар выдаў каля 40 кніг паэзіі, прозы, зборнікаў для дзяцей, пераклаў на беларускую мову раманы Г. Флабэра “Саламбо” і Р. Стывенсана “Чорная страла”, аповесць Э. Гофмана “Шчаўкунчык, ці Мышыны кароль”, кнігу казак народаў Еўропы “Хрустальны калодзеж”, шматлікія казкі братоў Грым і іншыя. Такой творчай пладавітасцю здольны пахваліцца далёка не кожны беларускі літаратар. А колькі рукапісаў нарысаў, апавяданняў, эсэі літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў пра выдатных людзей роднага краю яшчэ ляжаць некранутымі у творчай скарбонцы пісьменніка, а таму не паспелі пабачыць свет! Застаецца толькі спадзявацца, што хтосьці зацікавіцца гэтым – і яны будуць надрукаваны ў найхутчэйшы час, і беларуская літаратура ўзбагаціцца яшчэ больш. I, наогул, ці не наспеў час кнігавыдаўцам задумацца аб шматтомным выданні творчай спадчыны нашага земляка?..

Віктар Гардзей не заваёўвае чытача таннымі “шэдэўрамі”- аднадзёнкамі дэтэктыўнага жанру, як тое робяць сёння многія ягоныя калегі па літаратурным цэху, а піша аб тым, што хвалюе, што набалела і перажыта: аб мінулым і сённяшнім дні, аб будучыні роднай Беларусі, пра яе цудоўных людзей… Словам, піша сур’ёзныя рэчы, якія патрабуюць не менш сур’ёзнага асэнсавання сур’ёзным чытачом.

Шкада толькі, што творчасць пісьменніка дагэтуль недастаткова вывучана і ацэнена нашымі літаратурнымі крытыкамі. Чаму? Найбольш грунтоўны адказ на гэтае пытанне, мне здаецца, дае вядомы берасцейскі літаратар Валерый Грышкавец: “Многім з сённяшніх крыгыкаў-літаратуразнаўцаў Віктар Гардзей не па зубах – на першы по- гляд занадта просты, а капануць… Вось ужо сапраўды ўсё мудрае – простае”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Аднак суцяшае думка, што і падобны прабел будзе ліквідаваны яшчэ пры жыцці творцы, што, бясспрэчна, парадуе і яго самога і прыхільнікаў ягонага самабытнага таленту.

Трэба адзначыць яшчэ адну важную акалічнасць, што датычыцца асобы Віктара Гардзея: яго любяць і паважаюць землякі. Не буду шматслоўным, даказваючы падобнае сцвярджэнне, прывяду толькі адзін неабвержны факт на карысць выказанай мною думкі: вось ужо 20 гадоў адна з вуліц на яго радзіме ў Малых Круговічах носіць імя Віктара Гар- дзея. Пагадзіцеся, далёка не кожны літаратар, знакаміты чалавек, герой удастойваецца такога прыжыццёвага гонару! Такі ж лёс, цвёрда перакананы, чакае і літаратурную спадчыну пісьменніка. 70 гадоў хаця і шаноўны ўзрост, аднак не падстава супакойвацца і ставіць кропку ў канцы пісьма.

3 юбілеем, дарагі Віктар Канстанцінавіч, чакаем ад цябе новых твораў і сустрэч з табою!

Кастусь МОХАР, г. Ганцавічы.

Мохар, К. З родных каранёў / Кастусь Мохар // Народная трыбуна. – 2016. – № 34. – 19 жніўня. – С. 11.

Самародак зямлі круговіцкай

Штрыхі да творчага партрэта віктара гардзея

Творчасць Віктара Гардзея заслугоўвае высокай ацэнкі. Не сказаць, каб яго набыткі заставаліся зусім абмінутымі ўвагай крытыкаў і літарату- разнаўцаў, пісьменнік атрымаў некалькі ўзнагародаў: Літаратурную прэмію імя Івана Мележа за кнігу прозы “Уратуй ад нячыстага” (1993), “Залаты Купідон” за працы ў галіне літаратурнай крытыкі (2007). Беларускі літаратар мае ці не самую высокую ўзнагароду ад землякоў: на пяцідзесяцігоддзе яго імя было нададзена вуліцы, на якой ён вырас.

Віктар Канстанцінавіч нарадзіўся 19 жніўня 1946 г. у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна. Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы працаваў у калгасе. Быў карэспандэнтам ляхавіцкай, з 1966 г. ганцавіцкай раённай газеты. Завочна закончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Пасля пераезду ў Мінск працаваў у часопісах “Беларусь”, “Родная прырода”, “Маладосць”, “Вожык”, выдавецтве “Мастацкая літара- тура”. Закончыў працоўны шлях толькі летась – у газеце “Літаратура і мастацтва”.

Першыя літаратурныя творы надрукаваў у 1963 г. яшчэ школьнікам. Пачынаючы з сярэдзіны 1970-х гг. выдаў больш чым два дзясяткі кніг прозы і вершаў. Дыяпазон таленту В. Гардзея надзвычай шырокі: паэт, празаік, дзіцячы пісьменнік, крытык і журналіст.

Парнаская вышыня была ўзятая В. Гардзеем досыць рана. Ужо ў 15-гадовым узросце голас малосенца (так па-дыялектнаму называюць ад- навяскоўцаў паэта) гучаў вельмі ўпэўнена. 3-за сціпласці і адсутнасці прабіўной жылкі В. Гардзей публікаваў не ўсё. Нешта было дастана з шуфляды адносна нядаўна. Так, у № 8 за 2008 г. у часопісе “Полымя” змешчана падборка вершаў пад назвай “Божай ласкай ураджаю быць!..”. У ёй аўтар арганічна спалучыў свае першыя крокі па краіне Паэзіі і даробак сталасці.

Адкрывалася публікацыя вершам таго ж года “Шукаю героя…”. У ім, кінуўшы пагляд на пройдзены творчы шлях, паэт дэкларуе:

Не выдумка гэта, не мроя –

3 тых дзён, капі быў малады,

Свайго я шукаю героя,

Ды нават згубіў і сляоы [1, с. 3].

Лірычны канфлікт вырашаецца двухсэнсоўна. 3 аднаго боку, герой паэта “з хаты абжытай пайшоў”, “схаваўся ў зялёнае жыта, і вось усе звесткі аб ім”. 3 іншага боку, паэт усведамляе, што падобных герояў нямала.

Наступныя вершы рэпрэзентуюць шырокі тэматычны спектр, які, трэба адзначыць, быў характэрны для В. Гардзея адпачаткава. Так, думкі школьніка з палескай глыбінкі сягаюць касмічных маштабаў (“Космас”), вяртаючыся тут жа да родных “Баравікоў”, асэнсоўваюць надзённасць (“У вучнёўскай брыгадзе”) і часы даўно мінулыя (“Дрыгавічы”). А сталаму паэту зусім не чужыя тэмы “Чэрвеньскага сну”:

Дзіўна ўскінуліся бровы

Пры сустрэчы за смугой.

Сон, з дзяўчынкай, каляровы

Сніўся чэрвеньскай парой.

Хоць і ўздыхаецца ў канцы:

Гэты сон – як падарунак

Мне, прабегламу ў жыцці [1, с. 5].

Віктар Гардзей амаль у кожнай публікацыі прысвячае радкі роднаму куту, Малому Сялу і яго ваколіцам:

Лясы, сухадолы, пагоркі,

I скрозь пералескі відны.

Бараціна, Горская, Боркі –

Багата што кажуць яны…

Імшэчак, Прасека, Дадаткі –

Назовы дайшлі праз вякі… [1, с. 6].

У вершах апошняга часу можна пачуць мінорную танальнасць. Так, “Успамін пра кросны” хоць і прасякнуты цёпла-настальгічным сумам, выпісвае зусім не сонечную агульную палітру: “Бо ткуць і ткуць у мройным часе кросны / Усё такое ж чорнае сукно” [1, с. 7].

Затое змешчаныя побач “Зімовы эцюд” і “Камертон”, народжаныя маладосцю, нясуць цалкам адваротны настрой: “Гук струны ўзахліпку / Ііастаяў і знік. / Гэта ладзіць скрыпку / Месяц сакавік’ [1, с. 7].

Калі б не адзінае выключэнне з шэрагу новых вершаў “Рабінавая ноч”, то падалося б, што паэт перажывае нейкі перыяд упадку жыццёвых сілаў, дэкадансу. Аднак той факт, што менавіта гэты верш даў наззу ўсёй нізцы, паказвае яго знакавасць і для нізкі, і для жыццёвага перыяду творцы, які зусім не збіраецца паддавацца змрочным настроям:

Назаўтра – сонца, вылет галубіны.

Араць і сеяць, страх начны забыць.

Даспеюць рана ягады ў рабіны,

Дык Божай ласкай ураджаю быцьі [1, с. 9]. |

Галоўныя героі В. Гардзея – Радзіма і жыццё чалавечае. Абедзве тэмы атрымалі паэтычна-філасофскае асэнсаванне, пачатак якому быў закладзены амаль паўвека таму – у галаве, а хутчэй у сэрцы вясковага хлапчука, надзеленага немалым літаратурным талентам і найлепшымі чала- вечымі якасцямі. А схільнасць да філасафічнага мінору ў большасці новых твораў заканамерная: яе навейвае сталасць. Таму “Калінавы мост” можна разглядаць як метафару жыццёвай дарогі:

Бераг левы гудзе пад нагамі,

Бераг правы вядзе на пагост.

Неўпрыкмет над сівымі вірамі

Захістаўся калінавы мост [1, с. 10].

Паэт зноў робіць аглядку на пройдзенае, заўважае мімалётнасць жыцця (“Там не хопіць якойсьц хвіліны азірнуцца на буйства зары…”), адзначае неспакой аднаго берага і няўтульнасць другол (прычым у берагах бачацца і прыхаваныя вобразы двух асноўных месцаў пражывання паэта – роднай вёскі і сталіцы) і, тым не менш, не закрывае вочы на цвет каліны і на нечы плач у зялёных лугах (алеі горыя супярэчнасцей чалавечага жыцця).

Гэтай палымянскай публікацыяй В. Гардзей нібы закальцаваў свой паўвекавы жыццёва-паэтычны адрэзак. Яшчэ ў савецкі час выйшлі кнігі паэзіі “Касавіца” (1975), “Верасное палясоўе” (1978), “Засевак Радзімы” (1983), “Незабудкі азёр” (1985), “Узрушэнне” (1988) і выданні вершаў для дзяцей “Чырвоны грабеньчык” (1976), “На арэхавай палянцы” (1982), “Коцікі на вярбе” (1988), “Мой тата – трактарыст” (1989) і інш. Падсумаваннем у 2010 г. стала кніга паэзіі, якую можна назваць ан- талогіяй: у серыі “Залатое пяро” выйшаў зборнік выбранага “Трыадзінства”. Аўтар уключыў у яго найлепшыя паэтычныя творы як апошніх часоў, так і перыяду юнацтва, што раскрывае прыроджанасць таленту адоранага тонкай душой і інтэлектуальным густам да слова палешука.

Душэўныя інтанацыі вершаў выклікаюць у чытача давер. Некалі сямнаццацігадовым юнаком В. Гардзей стварыў паэтычную замалёўку вясновага лесу пад назвай “Камертон”. А сёння ўжо пяро самога аўтара, якое столькі дзясяткаў гадоў ходзіць без фальшу па белых клавішах ар- кушаў, можна смела называць так. Інтанацыі нават ранніх яго вершаў нярэдка сугучныя з творамі найлепшых паэтаў свету. У “Зімовым эцюдзе” [4, с. 22] юнак Гардзей пераклікаецца з юнаком Ясеніным [5, с. 42]. Параўнайма:

П’е запоем ранак барадаты

Малако бярозак-маладзіц (В. Гардзей).

Клененочек маленькмй матке

Зеленое вымя сосет (С. Ясенін).

Можна было б казаць пра ўплыў рускага паэта, але, магчыма, юнакі, улюбёныя ў родныя вобразы, падобным чынам адкрывалі для сябе касмічныя маштабы Сусвету, знаходзілі між імі цесную повязь, і потым у рытме паэтычных памераў нараджалася мелодыя захаплення жыццём – ад зямных драбніц да недасягальных фізічна, але не метафізічна, велічыняў. Вось як перадае В. Гардзей імпрэсіянізм пацалунку ў аднайменным вершы:

Адно імгненне – вочы, вусны

Адчайна ў вечнасць адплылі,

Сучок пад яблыняю хруснуў,

I – ціха, ціха на зямлі.

Павеў салодкі, хмельны, горкі,

I – захістала, павяло.

Відаць, святло звышновай зоркі

Да насу гэты міг дайшло [4, с. 38].

На жаль, жыццё не заўсёды песціць. I гэта асабліва востра адчуваюць паэты. Нездарма кніга В. Гардзея названа трыадзінствам – Бяды, Журбы і Віны. Яны – як рэверс медаля, на аверсе якога трыяда Веры, Надзеі, Любові. Такая дыялектыка. Але – парадокс! – мы не знойдзем нараканняў на жыццё, толькі прыманне. Паэт усведамляе, што “няма цяпла без дзён самотных” [4, с. 298]. Таму і “не трэба, аднак, спачування: / Напісаны боль на раду” [4, с. 293], бо “непастаянны дзень асенні, / І стогн, і ўздых, што рвецца часу ніць. / Ды ўсё ж цудоўныя імгненні, / Каліяшчэ душа баліць” [4, с. 289].

Паэзія В. Гардзея традыцыйная – і па форме, і па тэмах Здавалася б, нічога новага. Але дзякуючы яскравай індывідуальнасці аўтара лірычны свет вершаў непаўторны і адначасова блізкі, зразумелы. Піша паэт пра прыроду, паглыбляецца ў філасафічныя нетры быцця, адлюстроўвае боль абпаленага вайной пакалення, спавядаецца ў нечым асабістым – усё грунтуецца на вялікай шчырасці.

Дзяцінства і вобраз рана страчанай маці перадаюцца ў вершах В. Гардзея з тонкім трымценнем, без гучнага надрыву, на ўзроўні малітоўна- га шэпту; каб пачуць такі напоўніцу, трэба мець адпаведна далікатнае, чулае сэрца:

Забудзецца вобраз сірочы

I час, што мільгнуў паміж траў.

Успомніць бы матчыны вочы.

Згадаць бы, хто хлеба даваў [4, с. 281].

За смугой суму ды болю бачыцца тое, што не дае апусціць рукі, тое, што мацуе жыццёвыя сілы. Вобраз матулі паўстае тоесным анё- лу-ахоўніку:

3 белай завеі ты горкай часінай

Выйдзеш у белым, і мне ласкавей

Свет усміхнецца ў самоце адзінай

Воблакаў снежных і шумных завей [4, с. 280].

У цэлым кніга пакідае мажорны, аптымістычны настрой, бо іншага і не магла навеяць, напрыклад, “Навагодняя паштоўка землякам”, размешчаная, напэўна ж, не выпадкова ў кнізе напрыканцы:

Не пагасне язычніцкі Зніч –

Яркі бляск асвятляе загоны.

На пагорках маіх Кругавіч

Дабравестам царкоўныязвоны [4, с. 305].

Рана В. Гардзей здружыўся і з прозай. Апавяданні з-пад яго пяра выйшлі яшчэ ў юнацкую пару. Але першая празаічная кніга з’явілася ледзь не праз дзясятак гадоў пасля паэтычнай, называлася яна “Дом з блакітнымі аканіцамі” (1984). Сталасць выспеліла творы буйнейшага жанру. Паказчыкам іх якасці можна лічыць перавыдаванне.

Адно з апошніх выданняў – зборнік аповесцей і апавяданняў “3 мінулага не вяртаюцца…” (2013), які ўбачыў свет у серыі “Беларуская проза XX ста- годдзя”. Творы В. Гардзея абуджаюць у чытача ўспаміны пра дзяцінства і родны куточак, пераносяць туды, па чым сумуецца з узростам усё болып ды больш. Усе тры аповесці – “Дом з блакітнымі аканіцамі”, “Жыта ганьбу не заслоніць”, “Па Сеньку і шапка” – паказваюць свет вачыма дзяцей. У многім менавіта іх інтэрпрэтацыю атрымліваюць падзеі, часавыя рамкі якіх зводзяцца да пасляваеннага жыцця палескіх вяскоўцаў. Але не абавязкова быць народжаным у другой палове 1940-х гг., як аўтар, каб перажыць далёкія часы свайго дзяцінства. Проста В. Гардзей апавядае пра тое, што яму вядома найлепей, апавядае так, што можна знайсці агульныя рысы з дзяцінствам любога чалавека, перадусім таго, хто стаў “сенам на асфальце”.

Прыём рэтрансляцыі нейкага сюжэта праз свядомасць дзіцяці не новы ў літаратуры. Дый В. Іардзей ніколі не прэтэндаваў на наватарства, свядома прытрымліваючыся класічных канонаў прыгожага пісьменства – як у прозе, так і ў паэзіі. Аднак пранікнёнасць і шчырасць яго аповедаў непадробная, кангеніяльная беларускаму менталітэту, нацыянальнай культуры. Пісьмен- нік да драбніц трапна перадае дзіцячую псіхалогію. Напрыклад, дашкольнік Слаўка з “Дома…” неўпрыкмет для сябе злізаў схаваную ад яго мачыхай каву: “Вось яна ў руках, тая горка-салодкая атрута, напалову перасыпаная цукрам!.. Пакуль не растане цукар, кава салодкая, а потым яна і праўда гаркаватая. Ды нічога, Слаўкаў язык любіць яе і такую. Трэба былоўжо даўно паставіць пачак на месца, трэба было не даваць такой волі языку, але Слаўка не мае сілы што-небудзь зрабіць з сабой. Апамятаўшыся, ён суне амаль пусты пачаку пячурку, закрывае анучкамі. Але ад таго, што Слаўка дрыжыць ад страху, кавы ў пачку не пабольшае. Цяпер адно выратаванне: трэба ўцякаць да бабулі” [2, с. 95].

Сюжэты ў В. Гардзея лірычна-эпічныя. Перавага лірычнага спрыяе інтымнай задушэўнасці ў зносінах чытача і кнігі. Апісанне Насцінага агароду з “Жыта…” плаўна перайшло да ўспамінаў пра яе мужа, закатаванага падчас вайны паліцаямі, таму што аўтар, нібы нечакана для самога сябе, поглядам натыкнуўся на тытунь-самасей, па якім “можна прасачыць колішнія Сямёнавы сцежкі-дарожкі”. Непатрэбную цяпер расліну ўдава дарэшты не знішчала – як памяць пра каханага [2, с. 281 – 282]. Ні напышлівых слоў, ні прыгожых, дарагіх прадметаў-сімвалаў – узвышанасць дасягаецца сродкамі прыземленымі, будзённымі. Тое, што называецца паэтызацыяй будзёншчыны і што так цяжка даецца пісьменнікам, у В. Гардзея знаходзіцца – як некаму можа падацца – нават з лішкам.

Творы В. Гардзея з поўным правам могуць выступаць крыніцай для некалькіх навук.

Гісторыя. Сёння ў модзе аналізаваць і канструяваць паўсядзённасць нашых продкаў, часта недалёкага мінулага. Пасляваенны час беларускай вёскі добра раскрыты ў творах В. Гардзея, у тым ліку – у новай кнізе. Якім быў сацыяльны кантэкст, чым жыў селянін, чытач даведаецца дзякуючы нетаропкаму аповеду.

Этнаграфія. Яна цесна пераплятаецца з паўсядзённай гісторыяй. В. Гардзей не шкадуе апісанняў, у што апраналіся, як вялі гаспадарку, што елі, што пілі і самае галоўнае – як і калі. Прычым робіць гэта адначасова з адлюстраваннем перажыванняў чалавека. Цікава, што нават жаночы бок гаспадаркі аўтар малюе з тонкім веданнем: “Насця была цярплівай кабетай, і доўга ці мала мінула часу, а масла памаленьку збівалася. Гэта адчулася па тым, што калатоўка ўперлася ў тугі камяк і далей ёй няма ніякага ходу. Насця паднялася з парожка, пайшла з бойкай у хату, вычарпала жоўтую груду ў міску з халоднай вадой. Пакуль масла не зацвярдзела, скатала яго ў круглую галку. Пайшла ў агарод, нарвала бурачнага лісця і абкруціла ім масла. Убурачнікуяно; нерастае, неялчэе, можа доўга ляжаць свежанькае, як толькі што збітае” [2, с. 283].

Дыялекталогія. Без гэтай галіны навуковых ведаў немагчыма было б адэкватна адлюстраваць дзве папярэднія. Слоўныя залацінкі аўтар чэрпае ў народных гаворках, звычайна круговіцкіх: “Адстань, нелезь сляпіцаюў вочы, – прастагнала Барабаніха і, ужо адбегшыся, пагразіла: – Пачакай жа, галетніца! Прыйдзе коза да воза. Скулуў бок, а не грошай я табе пазычу!” [2, с. 306].

Ці не найлепшым творам В. Гардзея прызнаецца яго адзіны пакуль раман. “Ой, сабралася бедна басота…” – хто не чуў гэтае сумнае, скрушнае песні? Менавіта яна і дала назву раману, які і пісаўся больш як дваццаць гадоў таму і ўбачыў свет яшчэ ў 1995 г. у часопісе “Маладосць”, выйшаў жа асобнай кнігай праз восем гадоў. Дасціпнасць, гнуткасць мовы, веданне палескай глыбінкі (не толькі прыроды, але і людзей, іх псіхалогіі, іхняе долі) дазваляюць аднесці твор дз візітовак беларускае нацыянальнае літаратуры, ставячы аўтара поруч з такімі мастакамі слова другой паловы XX ст., як Янка Брыль, Уладзі мір Караткевіч і Міхась Стральцоў.

Падзеі ў рамане разгортваюцца ў перыяд пас ляваеннай арганізацыі калгасаў на заходнебела рускіх землях – на самым пачатку 1950-х гг., кад людзі яшчэ не адышлі ад знішчальнай вайны, ім ужо стварылі новае выпрабаванне на жыццё ўстойлівасць. Сапраўды, як сказана ў анатацыі гэты матэрыял літаратурай яшчэ не асвоены. I, думаецца, да яго варта прыгледзецца. У свой час «творы пра пасляваенную рэчаіснасць пакінулі толькі нейкае агульнае ўражанне штучнасці, прыхарошанасці, неадпаведнасці рэальнаму стану рэчаў, якое мы тады бачылі ў сваім жыцці. “Сухавей эстэтыкі бесканфліктнасці, штучна ідэалізацыі жыцця”, “ілюстратыўная паэтызацы жыцця калгаснага раю”, “выключэнне духоўнага фактару, забарона на агульначалавечыя канфлікты” паводле вызначэння А. Яскевіча, сталі прычынай невысокай мастацкай вартасці твораў пра тагачасную рэчаіснасць» (цыт. паводле: [7, с. 172 Беларуская вёска, задушаная сістэмай, не магла выбрацца з галечы. Нядзіўна, што дахоўка на сельскіх дамах у Заходняй Еўропе выклікала ў белару- саў-франтавікоў у 1945 г. здзіўленне і захапленне, што непакоіла “уладу галадранцаў”, бо ўбачанае на Захадзе зусім не стасавалася з вобразамі мілымі роднага краю: “Фядорына хата з падслепаватымі акенцамі і ўвагнутай, як сядло, саламянай страхой туліцца наводшыбе Малога Сяла, пры самым лесе. Нічога кідкага, за што хоць вомельгам зачапілася 6 прагнае зладзейскае вока, на падупалай сядзібе няма: плот вакол садка часткова згарэў у печы, часткова лёг прасламі на мяжу, а хлеў усімі чатырма вугламі паехаў у зямлю, і калі яшчэ не ўпаў, не рассыпаўся, то гэта вялікае дзіва. Гаспадыня, ідучы ў краму ці на калгаснае поле, хату не замыкае, бо ўсяго там і багацця – венік, вілкі ды качарга” [3, с.13]. За савецкім часам казаць пра безгаспадарчасць і бязглуздасць калгаснае сістэмы лічылася паклёпам. I ў справе праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці В. Гардзей стаў ці не піянерам, тым самым падказваючы даследчыкам найноўшай гісторыі белыя плямы, – літаратура зноў становіцца авангардам у пераасэнсаванні мінулага.

Людзі сталага веку, якія прачыталі “Бедну басоту”, нягледзячы на мастацкую выдумку, змененасць імёнаў, лёгка пазнавалі падзеі і жыхароў абедзвюх вёсак часоў сваёй маладосці, настолькі трапна былі выпісаньі яны, прычым без ахвяравання мастацкасцю. Цікавай атрымалася Ядзюня – адна з галоўных гераінь рамана. В. Гардзей неяк прызнаваўся, што ў беларускай літаратуры яму найбліжэйшы “вобраз дзёрзкай, свавольнайЯдвісі Баранкевіч”, якая на пачатку XX ст. жыла ў Целыпыне / Люсіне [6]. Гэтым фактам, думаецца, можна патлумачыць выбар імя для прадстаўніцы маласельскае басоты. Чамусьці згадваецца яшчэ адна маладая паляшучка, не менш няўрымслівая і прывабная, чым абедзве Ядвісі, – мележаўская Ганна…

Чытачу, незнаёмаму з апісанай у рамане мясцовасцю, можа падацца, што аўтар ідэалізуе яе маляўнічасць (гэта датычыцца і ранейшай прозы В. Гардзея). Але лёгка пераканацца ў адваротным, паехаўшы ў ваколіцы Малога Сяла нават сёння, калі “дзякуючы” чалавечаму “клопату” прырода прыкметна збяднела. Па геаграфіі твора можна і ў рэальнасці лёгка сарыентавацца, некаторыя куточкі, бадай, не змяніліся. Такімі самымі застаюцца балацяністы Імшэчак, усеяная каменнем Горская, увянчан’ая пракаветным дубам Маліцкая гара, а ў Кудасе і ў нашыя дні страчаюцца бабры. Мастаку слова заставалася толысі не сапсаваць свой твор няўмелым выбарам фарбы ды неасцярожнымі мазкамі – і з гэтым “нашчадак беднай басоты” (аўтарскае азначэнне) спраўляецца філігранна і віртуозна.

У рамане хапае і цёмных фарбаў, і светлых тонаў, ды агульная палітра выяўляецца сумнай. Але аптымістычныя ноткі (хутчэй заўсё незалежна ад аўтара) змаглі прабіцца скрозь беспрасветнасць сялянскае долі сталінскіх часоў: “Змрочным і непрыглядным Імшэчак будзе да першага снегападу, пакуль нацянькі цераз гаці і брады на святое Увядзенне сюды не прыблытаецца расхрыстаны, басаногі Зюзя. Валадар холаду сярдзіта зачмыхае ў сівую бараду, і снежаньскія мяцеліцы аж да вясны (вылучана намі. – А. Т.) схаваюць пад белай коўдрай жахлівую і злавесную чарнату лясной балацявіны” [3, с. 189]. Вясна ўсё-такі прыйдзе, не толькі як прыродная з’ява, але і як абнаўленне сацыяльнае, якога зачакалася бедна басота.

“Што ні твары і як ні дзей – / А лепш не зро- біш, як Гардзей” – менавіта так выказаўся Мікола Трафімчук пра калегу па пяры і земляка па палескім паходжанні В. Гардзея [8]. Такая ацэнка, калі ўлічваць часам складаныя ўзаемаадносіны творцаў, – ці не найлепшае прызнанне таленавітасці і прафесійнасці пісьменніка, яго шчырасці, добрасумленнасці і працавітасці на’ літаратурнай глебе. 3 прататыпамі герояў мастацкіх твораў В. Гардзея і сёння можна сустрэцца на вясковых вулках, можна сёння прайсціся тымі мясцінамі, якія апісваюцца ў апавяданнях, аповесцях, раманах, а таксама вершах.

Пісьменніцкі голас Віктара Гардзея нягучны, някідкі, ненавязлівы. Але – упэўнены і прыгожы. Яго мастацкія здабыткі значна ўзбагачаюць на- цыянальную літаратуру [9]. Па іх будуць вывучаць Беларусь: апісаныя мастацкім словам часы, побыт людзей, нацыянальны характар. Таму і творы пісьменніка маюць высокую вартасць не толькі для землякоў самага вядомага ўраджэнца Малых Круговічаў. Паспалітыя чытачы ўсёй краіны здольныя ацаніць вартасці высокамастацкага слова.

Спіс літаратуры

  1. Гардзей, В. “Божай ласкай ураджаю быць!..” / В. Гар- дзей // Полымя. – 2008. – № 8. – С. 3 – 10.
  2. Гардзей, В. 3 мінулага не вяртаюцца… : аповесці, апавяданні / В. Гардзей. – Мінск : Маст. літ., 2013. – 511 с.
  3. Гардзей, В. К. Бедна басота / В. К. Гардзей. – Мінск : Маст. літ., 2003. – 189 с.
  4. Гардзей, В. К. Трыадзінства : кніга паэзіі / В. Гар- дзей. – Мінск : Маст. літ., 2010. – 319 с.
  5. Есенян, С. А. Собранне сочкненнй: в 5 т. / С. А. Есе- ніін. – М.: Кнлжный Клуб Кнмговек. – Т. 1 : 1910 – 1915 : Стнхотворенмя н маленькме поэмы; Поэмы; Яр : Повесть; Статьм; Пмсьма. – 384 с.
  6. Жаночыя вобразы : “Выгляд знутры” і навобма- цак // ЛіМ. – 2004. – 12 сак. – С. 15.
  7. Кенька, М. Дваццаць пяць віхурных гадоў / М. Кень- ка // Полымя. – 2004. – № 5. – С. 171 – 176.
  8. Трафімчук, М. Карацелькі прыяцелям / М. Трафім- чук // ЛіМ. – 2004. – 26 сак. – С. 13.
  9. Трафімчык, А. В. Роднага краю пясняр. Віктар Гардзей // Мой літпрацэс : зборнік рэцэнзій, эсэ, гутарак / А. Трафімчык. – Мінск : Ковчег, 2015. – С. 35 – 62.

Анатоль ТРАФІМЧЫК,

кандыдат філалагічных навук.

Трафімчык, А. Самародак зямлі кругавіцкай / Анатоль  Трафімчык // Роднае слова. – 2016. – № 8. – С. 9 – 13.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed