Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Людзі навукі нашага краю
Было…
Шмат гадоў Ганна Дулеба, кандыдат гістарычных навук, працавала старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яна ўдзельнічала ў распрацоўцы 8-томнага даследавання ”Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (выйшлі ўсе тамы) і “Гарады і вёскі Беларусі”. Гісторык сабрала цікавыя звесткі пра развіццё пісьменнасці, у тым ліку — у Ляхавіцкім рэгіёне.
Сярэдзіна 19 стагоддзя. Брэстчына, у тым ліку тэрыторыя сённяшняга Ляхавіцкага раёна, на той час вызначаецца масавай непісьменнасцю насельніцтва. А прагрэс, які ўсё часцей заяўляе пра сябе ў жыцці грамадства, патрабаваў адукаваных людзей. Таму тут пачалі адкрывацца так званыя народныя вучылішчы — пачатковыя свецкія школы для дзяцей сялян і іншага простага люду, які хацеў даць сваім нашчадкам пачатковую свецкую адукацыю.
На пачатку 20 стагоддзя (1901 год) тут працавала 6 народных вучылішчаў: Востраўскае, Дараўскае, Крывошынскае, Ляхавіцкае, Мядзведзіцкае, Сваятыцкае.
Востраўскае вучылішча было створана яшчэ ў 1862 годзе ў аднайменнай вёсцы. Вядома, што адным з першых настаўнікаў тут была Вольга Яновіч, якая скончыла жаночае духоўнае вучылішча. У 1901 годзе вучылішча наведвалі 80 хпопчыкаў і 5 дзяўчынак.
Адначасова з Востраўскім было заснавана і Дараўскае вучылішча. На пачатку яго станаўлення тут працаваў настаўнікам выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Піліп Яновіч. 3 70 дзяцей, якія ў 1901 годзе тут займаліся, было 7 дзяўчынак.
Аднатыпная ўстанова была адкрыта і ў вёсцы Крывошын. Скончыўшы курс Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, тут настаўнічаў Фама Барзуноў. На пачатак 20 стагоддзя заняткі наведвалі 50 хпопчыкаў і 7 дзяўчынак.
У Мядзведзічах вучылішча было створана ў 1869 годзе. Сцепаніда Берасневіч — гэта імя адной з першых настаўніц, якая змагалася з непісьменнасцю мясцовага люду і намагалася абудзіць цікавасць у яго да ведаў. У 1901 годзе тут вучыліся 62 хпопчыкі.
У 1873 годзе з’явілася сваё вучылішча і ў Сваятычах. Пасля заканчэння курсу ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі сюды на працу прыехаў Сямён Яфімка. А на пачатку 20 стагоддзя, у 1901 годзе, школу наведвалі 60 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі.
Самай буйной з навучальных устаноў было заснаванае ў 1867 годзе вучылішча ў Ляхавічах. Яго наведваў у 1901 годзе 121 хпопчык. А адным з першых настаўнікаў-асветнікаў давялося стаць тут выпускніку Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Стэфану Дзятловічу.
Народныя вучылішчы, што дзейнічалі на той час у межах сучаснага Ляхавіцкага раёна, утрымліваліся за кошт дзяржаўнага казначэйства і мясцовых жыхароў (сялян). Усе названыя навучальныя ўстановы былі змешанага тыпу, у іх маглі займацца і дзяўчынкі, і хпопчыкі. Хпопчыкаў, як бачым, вучылася значна больш.
Паводле “Палажэння аб народных вучылішчах”, выдадзенага ў 1864 годзе, школьнікі праходзілі Закон Божы, арыфметыку, рускую мову, чытанне і спевы. Закон Божы вялі святары, а астатнія прадметы — настаўнікі.
Адкрыццё і дзейнасць народных вучылішчаў для таго часу з’яўлялася з’явай прагрэсіўнай. Яны садзейнічалі абуджэнню цікавасці ў сялянскіх дзяцей да ведаў, пашырэнню пісьмовасці сярод вяскоўцаў, росту іх свядомасці і культуры.
Для таго, каб на пачатку III тысячагоддзя Беларусь стала высокаразвітай, культурнай краінай, трэба было прайсці шмат вех. Былі на гэтым шляху і народныя вучылішчы.
Ганна ДУЛЕБА, г. Мінск
Дулеба, Г. Было… : [з гісторыі асветы ў раёне] / Ганна Дулеба // Ляхавіцкі веснік. – 2005. – 3 верас.