Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем >>>
Зоркі запальваюцца не толькі на небе
Імя Віктара Чарнавокага добра вядома ляхавічанам. “Раёнка” неаднойчы расказвала пра творчы ўзлёт ягоных выхаванцаў. Загадчык аддзялення школы мастацтваў, кіраўнік студыі “Апалон” вывеў на шырокі прасцяг дзесяткі юных талентаў. 25 залатых медалёў, прысуджаных нашым землякам на самых прэстыжных міжнародных конкурсах і выставах, гавораць самі за сябе. Нямала высокіх тытулаў і ў педагога. Апошняе прызнанне — прысуджэнне Віктару Францавічу прэміі “Берасцейская зорка’’ за вялікі ўклад у развіццё мастацкай школы і падрыхтоўку дзяцей да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах. Сення В. Ф. Чарнавокі—наш госць.
—Шчыра рады вашаму поспеху, Віктар Францавіч. А з чаго, зрэшты, усё пачыналася? Калі самі ўпершыню ўзяліся за пэндзаль?
—Захапленні, як звычайна, прыходзяць у дзяцінстве. Мне вельмі падабалася маляваць. Жылі мы ў вёсцы, і таму тэмай маіх першых спроб была навакольная прырода. А тут яшчэ прачытаў у “Пионерской правде” аб міжнародным конкурсе ў Японіі. Ён называўся “Вось як мы малюем”. Вырашыў рызыкнуць. На нейкі там поспех, зразумела, не разлічваў. Але на здзіўленне мой малюнак “Бярозавы гай, асветлены сонцам” быў заўважаны. Як жа я радаваўся ўзнагародзе — пуцёўцы у “Артэк”. I бацька, які шчыра скажу, увогуле не адабраў майго захаплення, вельмі ганарыўся. На радасці павёз мяне ў Баранавічы і на ўсю сваю зарплату (бацька быў калгаснікам) накупляў фарбаў.
Пасля васьмігодкі я наважыўся ў Мінскае мастацкае вучылішча. Аднак бацька катэгарычна запярэчыў.
– Чаму? Не верыў у перспектыву сынавага захаплення?
-Тут больш жыццёвы разлік. Бацька так і казаў: “Ты што з гэтага хлеб есці будзеш?” Зразумела, тады я пра гэта не думаў. Проста хацелася маляваць. Запісаўся ў гурток пры раённым Доме піянераў і амаль штодзень цэлыя два гады дабіраўся з Тальмінавічаў у Ляхавічы на веласіпедзе.
Калі закончыў сярэднюю школу, паступіў на вучобу… Куды б вы думалі? У Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Такое было жаданне бацькоў. Скончыў факультэт па землеўпарадкаванню і прыехаў на працу ў Ляхавічы. Прызначылі мяне інжынерам-інспектарам Дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага кантролю.
—Бывайце мары дзяцінства! У жыцця, атрымліваецца, свой расклад?
—Я так не лічыў. Недзе праз год стаў студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута. Праўда, заканчваць вучобу прыйшлося завочна, пасля вайсковай службы. Потым у мяне былі розныя пасады: працаваў метадыстам у абласным упраўленні культуры, у Брэстгандальрэкламе, на педагагічнай ніве, кіраваў народнай студыяй абласнога Палаца піянераў…
—А творчай “прыстанню” сталі Ляхавічы?
—Хутчэй жыццёвай. Мастацтва рэгіянальных межаў не ведае.
—Што вы і пацвярджаеце разам са сваімі выхаванцамі.
—У Ляхавічах я гадоў дванаццаць. Дзесяць з іх кірую студыяй выяўленчага мастацтва “Апалон”. У апошнія гады ўзначаліў яшчэ і мастацкае аддзяленне школы мастацтваў. 3 задавальненнем магу сказаць: у нас растуць таленавітыя дзеці. Я шчаслівы, што магу дапамагчы ім раскрыць свае здольнасці. У ляхавіцкіх юных мастакоў 28 дыпломаў з самых розных сусветных і міжнародных выстаў, конкурсаў. Пра нас ведаюць у Японіі, Тайвані, ЗША, Канадзе, Германіі, Францыі, Турцыі, Расіі і іншых краінах. ІІІасцёра выхаванцаў з’яўляюцца стыпендыятаміпрэзідэнцкага фонду падтрымкі таленавітай моладзі.
—А творчы “паслужны” спіс мастака Чарнавокага?
—Для мяне гэта не галоўнае. Хаця што тут утойваць: прыемна насіць званне магістра педагагічных навук, ведаць, што ты названы ганаровым доктарам японскай Акадэміі мастацтваў. I ўсё ж даражэй тое, што зярняты творчасці, пасеяныя табою, даюць цудоўныя ўсходы, што многія вучні працягваюць справу, якой прысвяціў жыццё. Ну як не радавацца, напрыклад, за Дзіяну Бойка, якая скончыла Віцебскі універсітэт, мастацка-графічны факультэт, і цяпер працуе ў нашай школе мастацтваў; аспіранта Андрэя Ляха; навучэнца Вышэйшага мастацкага вучылішча Дзіму Круглея… Усяго працягваюць вучобу па спецыяльнасці каля 20 нашых выхаванцаў.
—Няхай жа поспех спадарожнічае і надалей, Віктар Францавіч. Новых творчых удач вам і вашым выхаванцам.
—Дзякую!
Гутарыў I. ЦІМАФЕЕЎ
Чарнавокі, В. Ф. Зоркі запальваюцца не толькі на небе : [гутарка з мастаком Віктарам Францавічам Чарнавокім] / гутарыў І. Цімафееў // Ляхавіцкі веснік. – 2001. – 21 студз. – С. 2.
“Апалон” – не толькі грэчаскі бог
У Тальмінавічах, у сям’і простых людзей, нарадзіўся хпопчык. У сям’і два сыны—будучыя памочнікі! Бацька адразу вырашыў, што Лёня і Віця будуць не абы-хто, а старшыні калгасаў — адзін свайго, другі — суседняга… Ды толькі стаў прыкмячаць, што Віктар мае схільнасць да малявання: як толькі вольная хвіліна, ён бяжыць у лес з фарбамі ці алоўкамі. I атрымліваецца ў хлопца ладна. “Але ж ці гэта занятак для будучага мужчыны”, — абураўся бацька і выкідваў малюнкі ў печку. Праз газету “Пионерская правда” паслаў Віктар Чарнавокі свой твор на суд міжнародных экспертаў. Называўся малюнак “Бярозавы гай і я”. I што б вы думалі, атрымаў дыплом, фарбы, пэндзлі і пуцёўку на адпачынак у піянерскі лагер “Артэк”. Калі вярнуўся, бацька ўзяў сына за руку і павёз у Баранавічы: аж на 150 рублёў накупіў яму фарбаў, паперы, алоўкаў. Гэта было першае прызненне таленту юнага мастака, бацькава прызнанне. Але ўсё ж такі мара вывучыць сына на “старшыню калгаса” не прапала: пасля школы абодва хлопцы паступілі ў сельгасакадэмію.
– Віктар Францавіч, ведаю, што ўсяго ў вас 2 дыпломы аб заканчэнні ВНУ, асвоены курсы па пэўных спецыяльнасцях. Гэта пошук сябе ці жаданне праявіць схільнасці ў розных сферах жыцця?
– Здаецца, і тое, і другое разам. Я сапраўды быў у творчым пошуку. Пасля заканнэння сельгасакадэміі працаваў архітэктарам у горадзе Горкі і ў Ляхавічах. Закончыў нават вышэйшыя архітэктурныя курсы ў Маскве. Мне падабалася, што я маю дачыненне да важных будоўляў, якія распачыналіся ў нашым райцэнтры і ў вёсках. Тады якраз узводзілі раённую бальніцу, сярэднюю школу ў Тухавічах, Дом культуры ў Свяціцы, шмат жылых дамоў. Па майму праекту пабудаваны манумент воінскай Славы, які знаходзіцца пры ўездзе ў Ляхавічы. Пасля службы ў арміі паступіў вучыцца ў Віцебскі педінстытут на мастацка-графічны факультэт. Пасля заканчэння выкладаў у Брэсцкім педінстытуце імя А. С. Пушкіна, інжынерна-будаўнічым — малюнак і жывапіс, працаваў у метадычным цэнтры ўпраўлення культуры аблвыканкама. Ужо калі прыехаў у Ляхавічы, закончыў магістратуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, па методыцы выкладання напісаў дысертацыю — “Нетрадыцыйныя формы, метады і спосабы інтэнсіўнага навучання выяўленчаму мастацтву вучняў гімназіі”… Я і далей вучуся. Жыццё — кароткае імгненне, і хочацца як мага больш спасцігнуць і іншым перадаць. Рыхтую да выдання сваю кнігу “Народная мастацкая студыя “Апалон”. Абагульненне вопыту работы”. Рукапісы дапрацоўваюцца, і, магчыма, кніга хутка ўбачыць свет. Ва ўсякім разе, я на гэта спадзяюся…
– Пра народную мастацкую студыю “Апалон” давайце пагаворым больш падрабязна. Як усё пачыналася?
– Можна сказаць, што ўсяму пачаткам была любоў. Да мастацтва, да дзяцей, якія ўсё ўспрымаюць непасрэдна, бачаць і ўяўляюць тое, што для дарослых іншы раз недаступна. Пачыналі, можна сказаць, з нуля, у падвальным памяшканні дома № 48″А” па вуліцы Леніна. Там знаходзіўся штаб грамадзянскай абароны і нам дазвалялі праводзіць заняткі.
– А як вы набіралі дзяцей, па якіх крытэрыях ацэньвалі іх здольнасці?
– Ніякага спецыяльнага набору не было. Я цвёрда перакананы, што ўсе дзеці таленавітыя, яны ўспрымаюць кожнае імгненне як падарунак, як спрадвечную раніцу… Дзеці розных узростаў, нават самая малеча, якая толькі магла трымаць у руках пэндзаль, ішла ў нашу студыю. А пасля некалькіх заняткаў ужо было відаць, хто на што здольны. Быў вельмі цікавы выпадак, які характарызуе іменна дзіцячае бачанне рэчаіснасці, якое даросламу не спасцігнуць. Рабяты атрымалі заданне напісаць партрэт сябра. Узяліся за справу шчыра. Адзін хлопчык — Андрэй Лях — маляваў рознакаляровыя кружочкі, ды так старанна! На пытанне, што ж ты, Андрэйка, малюеш, ён адказаў: “Свайго сябра Віцьку. Але пакуль яшчэ яго самога я намаляваць не навучыўся, то малюю яго вяснушкі…” Я падзівіўся дзіцячай фантазіі і пра сябе зазначыў, што з Андрэйкі мастака не атрымаецца. I памыліўся: ён стаў перамагаць на алімпіядах, у міжнародных конкурсах. Сёння загадвае кафедрай методыкі выяўленчага мастацтва педуніверсітэта імя М. Танка, абараніў дысертацыю — кандыдат педагагічных навук…
I такіх таленавітых дзяцей на Ляхавіччыне вельмі многа. Закончыла студыю Дзіяна Бойка, пасля паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт мастацкай графікі. Сёння працуе ў Баранавічах. Праз студыю “Апалон” прайшло больш як 500 вучняў. Але заўважылі нас і сталі запрашаць да ўдзелу ў розных конкурсах не адразу. Першыя выставы адбыліся ў Польшчы, Галандыі, Германіі, пасля — у Канадзе. У 1994 годзе мы абаранілі званне “народная студыя “Апалон”. Сёння ў нашай скарбонцы 112 залатых і сярэбраных медалёў, некалькі сотняў дыпломаў лаўрэатаў.
– Віктар Францавіч, чым адрозніваюцца работы ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак? Ці значыць гэта, што выяўляецца нейкі мастацкі напрамак, манера пісьма?
– Хіба што ярка выяўленай дзіцячай непасрэднасцю, фантазіямі, палётам думак, імкненнем паказаць на палатне ці паперы свае думкі і погляды… У 44 краіны мы пасылалі работы з каларытам іменна той дзяржавы, якая праводзіла выставу. Студыя “Апалон” выступіла ініцыятарам міжнароднага конкурсу юных мастакоў, прапанаваўшы горад Ляхавічы месцам яго правядзення. З трох кантынентаў, з усіх краін СНД і з усёй Беларусі сцякаліся дзіцячыя шэдэўры да нас. Вынікі падводзіла кампетэнтнае журы, якое ўзначальваў народны мастак Беларусі, каму Кембрыджскі універсітэт прысвоіў званне “Чалавек XX стагоддзя”, акадэмік Гаўрыіл Вашчанка. Тады нашы работы былі адзначаны 33 дыпломамі ў розных намінацыях. Зараз у планах выдаць каталог гэтых работ-пераможцаў. Дарэчы, і падчас гэтай міжнароднай выставы ў Ляхавічах, спецыялісты вызначалі работы “апалонаўцаў” іменна за асобае бачанне свету, своеасаблівы падыход да раскрыцця тэмы, палёт фантазіі…
– Сённяшні твар “Апалона” гэта…
– Гэта 54 мае вучні — вельмі таленавітыя дзеці, якія з’яўляюцца гімназістамі, вучнямі школ горада, навучэнцамі аграрнага каледжа. А яшчэ па нядзелях да мяне на заняткі ездзяць 2 дзяўчынкі з Ганцавіч, якія з вялікім жаданнем і паспяхова займаюцца маляваннем. Адна з іх з’яўляецца намінанткай на атрыманне прэзідэнцкай стыпендыі, рыхтуе выставу сваіх твораў у родным горадзе. Некалькі нашых вучняў, напэўна, стануць таксама стыпендыятамі. Для гэтага мы шмат працуем, ладзім пленэры — заняткі на прыродзе: выязджаем у Савейкі, Грушаўку, на бераг Ведзьмы. У планах — выставы, далейшы ўдзел ва ўсемагчымых конкурсах. Мы будзем змагацца за званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.
– Дзе, па якім адрасе знаходзіцца студыя “Апалон”, удастоеная найвышэйшых прэмій і адзнак у шматлікіх міжнародных конкурсах, вядомая і жаданая для многіх рабят?
– Вось у гэтым адна з нашых бед: мы не маем пастаяннага месца. Займаемся то ў гімназіі, то ў СШ № 2 г. Ляхавічы, то ў аграрным каледжы… Неўзабаве плануецца рэканструкцыя гарадскога Дома культуры, і было б вельмі дарэчы, каб там знайшлося месца для заняткаў студыйцаў, і для таго, каб стварыць сваю галерэю. Многія ляхавічане неаднойчы выказваюць жаданне паглядзець работы “апалонаўцаў”, маўляў, іх у Японіі бачылі, а мы — не… Ды і наогул, такімі таленавітымі дзецьмі ганарыцца трэба і стварыць найлепшыя ўмовы для іх творчасці.
– Ці можна сказаць, што Віктар Чарнавокі знайшоў сваё прызванне?
– Напэўна, можна. Лічу, што ў мяне ўсё ж быў талент мастака, які перамог нават жаданне і настаўленні бацькоў. I быў талент да вучобы, якая заўсёды для мяне радасць. А цяпер маю шчасце перадаваць сваім вучням тое, што сам спасціг. Сёння іх поспехам і перамогам я радуюся больш, чым сваім асабістым. I гэтых поспехаў, дзякуй Богу, шмат. Мне здаецца, што я працую на будучае сваёй краіны, бо працую з дзецьмі…
Аліна ЛАПІЧ.
Чарнавокі, В. Ф. “Апалон” – не толькі грэчаскі бог : [гутарка з мастаком] / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2005. – 10 снеж.