Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Чабор Янка
Янка Чабор (сап. Іван Сцяпанавіч Патаповіч 1911-1943), пісменнік, паэт, публіцыст, рэвалюцыянер
Іван Сцяпанавіч Патаповіч (Янка Чабор) нарадзіўся 11 ліпеня 1911 года ў вёсцы Рачканы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай патрыярхальнай сялянскай сям’і. Дзеці змалку прывучаліся да працы, дапамагалі па гаспадарцы.
Першапачатковую адукацыю Іван атрымаў у польскай школе ў роднай вёсцы, паступіў у чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі. Разам з ім вучыўся Якуб Міско (1911–1981), які стаў журналістам, пісьменнікам, заслужаным дзеячам культуры БССР (1967). Якуб Герасімавіч запомніў Івана як высокага, хударлявага хлопца, з адкрытым тварам, у рагавых акулярах. Ён быў прыветлівы, вучыўся старанна. У час вучобы захапіўся беларускай літаратурай, асабліва любіў вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іван Патаповіч скончыў гімназію ў 1931 годзе, затым вучыўся ў Віленскім універсітэце. Студэнтам стаў членам КПЗБ, вёў прапагандысцкую работу сярод студэнтаў-беларускаў.
Іван Патаповіч свае паэтычныя і публіцыстычныя творы падпісваў псеўданімам Янка Чабор. Першыя вершы Янкі Чабора («Васілёк», «Мы арлы») былі змешчаны ў 1928 годзе ў рукапісным часопісе падпольнай ячэйкі Віленскай беларускай гімназіі «Васілёк» (№ 1). Пісаў вершы публіцыстычнага, маральна-выхаваўчага характару. Друкаваўся таксама ў «Беларускай газеце».
У 1931 годзе Янка Чабор надрукаваў «Адкрыты ліст» з заклікам да заходнебеларускіх пісьменнікаў аб’яднацца ў адзіную пісьменніцкую арганізацыю. Быў адным з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Мэта стварэння – ідэйнае выхаванне літаратурнай моладзі і барацьба за прынцыпы класавасці і камуністычнай партыйнасці літаратуры. Фронт выкрываў шкоднасць буржуазных тэорый надкласавасці і апалітычнасці мастацтва. Праграма фронту была выкладзена ў «Дэкларацыі паэтаў…», апублікаванай ў № 1 часопіса «Літаратурная старонка» (1934). Заклік падпісалі Янка Чабор, Міхась Васілёк, Аляксей Рэдзька, Пятрусь Граніт, Звястун (Піліп Пестрак), Анатоль Іверс.
10 снежня 1933 года на з’ездзе пісьменнікаў у Вільні Іван Патаповіч быў абраны рэдактарам-выдаўцом часопіса «Літаратурная старонка», які стаў друкаваным органам Літаратурнага фронту. У гэтым часопісе Янка Чабор змясціў некалькі вершаў («Заклік», «Гэй, арліна мая сіла…»), галоўным пасылам якіх быў заклік да рэвалюцыйнай перабудовы жыцця. Першы нумар часопіса выйшаў з друку 25 студзеня 1934 года і быў адразу канфіскаваны польскімі ўладамі.
У сакавіку 1934 года Іван Патаповіч за сваю грамадска-палітычную дзейнасць быў арыштаваны, змешчаны ў Лукішскую турму. Літаратурны фронт распаўся ў выніку арыштаў актыву – паэтаў і празаікаў В. Таўлая, Я. Чабора, П. Пестрака, А. Дубовіча, Я. Міско, выдаўца «Беларускай газеты» А. Карповіча. Следства доўжылася больш за два гады, у сакавіку 1936 года Янка Чабор быў асуджаны на пяць гадоў турмы.
У верасні 1936 годзе Янка Чабор выйшаў з турмы па амністыі і заняўся арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР прымаў удзел ва ўстанаўленні Савецкай улады і ў рабоце першых савецкіх устаноў у родным раёне.
Янка Чабор памёр у 1943 годзе. Дата, месца і абставіны смерці нявысветленыя. Вядома, што ў 1941 годзе ён быў арыштаваны НКУС. Усе родныя Івана Патаповіча былі рэпрэсіраваны і адпраўлены ў Сібір, у Краснаярскі край. Пасля вайны сям’я была рэабілітавана і атрымала дазвол вярнуцца на радзіму.
Літаратура Берасцейшчыны
Радзімай Янкі Чабора (сапр. Іван Патаповіч) з’яўляецца вёска Рачканы Ляхавіцкага раёна. Са скупых біяграфічных звестак, якія дайшлі да нас пра гэтага чалавека, вядома, што ён закончыў Віленскую беларускую гімназію, супрацоўнічаў з “Беларускай газетай”, быў рэдактарам і выдаўцом часопіса “Літаратурная старонка”. Гэтыя факты даюць падставы меркаваць, што Я.Чабор асабіста ведаў, а магчыма і сябраваў з Валянцінам Таўлаем. Пасля пяцігадовага зняволення ён вярнуўся на радзіму і заняўся арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы.
Літаратурная спадчына паэта з Ляхаўшчыны невялікая. На сённяшні дзень вядомы адзін яго публіцыстычны артыкул пад назвай “Адкрыты ліст” і некалькі вершаў (“Васілёк”, “Мы арлы” і інш.), напісаных у духу таго часу, пераважна як заклікі да барацьбы. Для прыкладу спашлёмся на верш “Гэй, арліна мая сіла”:
Гэй, арліна мая сіла,
Ты ўзнімі мяне ўвысь.
Над маёй старонкай мілай
Ты крыламі размахнісь!
Заспяваю песню люду,
Каб пакінуў ён цярпець.
Заклікаці моцна буду,
Што даволі ўжо галець.
Буду клікаць люд рабочы
3 хатаў, вёсак, гарадоў,
Каб скідалі цемру ночы,
Што лягла ў цягу гадоў.
Каб жыццё тварылі самі,
Каб збіраліся ў паход.
– Гэй, я знаю, лопнуць тамы,
Зварухнецца наш народ!
Пойдзе рэчышчам ён новым
Да дабра ўсіх людзей,
Створыць розумам здаровым
Дабро людскасці ўсей!
У 1939 годзе Янка Чабор разам з сям’ёй быў рэпрэсіраваны, адпраўлены ў Сібір. Адтуль паэт больш не вярнуўся.
В.Я. Ляшук, Г.М. Снітко Літаратура Берасцейшчыны. – Брэст : Выдавецтва С.Лаўрова, 1999. – С. 240.
«Заспяваю песню люду…»
ДА 95-ГОДДЗЯ 3 ДНЯ НАРАДЖЭННЯ НАШАГА ЗЕМЛЯКА ЯНКІ ЧАБОРА
САПРАЎДНАЕ імя Янкі Чабора — Іван Сцяпанавіч Патаповіч. Нарадзіўся ён 29 чэрвеня (11 ліпеня па новым стылі) 1911 года ў вёсцы Рачканы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сям’я Патаповічаў была вялікая, дружная, патрыярхальная. У адной хаце жылі дваццаць тры чалавекі: стары Патаповіч з жонкаю і трое іх сыноў з сем’ямі, у тым ліку Сцяпан, у якога акрамя Янкі было яшчэ чацвёра дзяцей — тры сыны і дачка. Мяркуючы па ўспамінах Аляксандры Сцяпанаўны Болтуць, роднай сястры Я. Чабора, жылі не бедна. Мелі ўласную зямлю, млын, конную малацілку, карову, разводзілі пчол. За выкарыстанне млыну і малацілкі аднавяскоўцы плацілі хто збожжам, хто грашыма. Тым не менш, працаваць даводзілася многа. Дзеці змалку прывучыліся да працы, дапамагалі па гаспадарцы. Бацькі, аднак, падтрымлівалі іх імкненне да вучобы.
Першапачатковую адукацыю Янка Чабор атрымаў у польскай школе ў роднай вёсцы. Потым паступіў у чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі. Яго сябар па гімназіі Якуб Міско, з якім пазней Янку давялося сядзець поруч на лаве падсудных і дзяліць скупы астрожны хлеб, успамінаў: “Жыў ён, як і многія іншыя вучні з вёскі, у інтэрнаце, які знаходзіўся ў будынку таго ж базыліянскага манастыра, што і гімназія. Добра памятаю гэтага высокага хлопца, хударлявага, з адкрытым тварам, у рагавых акулярах. Ен быў прыветлівы, вучыўся старанна, асабліва любіў літаратуру. Ужо ў пятым класе стаў камсамольцам. Прымаў актыўны ўдзел у выпуску вучнёўскага часопіса “Золак”, дзе друкаваліся яго вершы і артыкулы, якія ён падпісваў псеўданімам Янка Чабор. Разам з іншымі вуч- нямі-камсамольцамі насіў перадачы-падаянкі палітвязням на “Лукішкі”, раскідваў па горадзе нелегальныя лістоўкі.
У гімназіі Янка Чабор захапіўся беларускай літаратурай, асабліва любіў вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Не выключана, што менавіта пад уплывам твораў беларускіх паэтаў ён і сам узяўся за пяро. Першыя яго вершы “Васілёк” і “Мы арлы”, якія былі змешчаны ў рукапісным часопісе падпольнай камсамольскай ячэйкі Віленскай беларускай гімназіі, датуюцца 1928 годам.
У 1931 годзе пасля заканчэння гімназіі Янка Чабор паступіў у Віленскі універсітэт. У гэтым жа годзе надрукаваў “Адкрыты ліст” з заклікам да заходнебеларускіх пісьменнікаў аб’яднацца ў адну творчую арганізацыю. У час вучобы ва універсітэце Я. Чабор стаў членам КПЗБ, падтрымліваў сувязь з Цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, вёў прапагандысцкую работу сярод студэнтаў-беларусаў, займаўся літа- ратурнай дзейнасцю. Пры яго непасрэдным удзеле ў канцы 1933 года быў створаны Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. На першым іх з’ездзе (Вільня, 10 снежня 1933 года) была зацверджана праграма Літаратурнага фронту, прынята рашэнне аб выданні часопіса “Літаратурная старонка”, які павінен быў стаць афіцыйным друка- ваным органам новай пісьменніцкай арганізацыі і выходзіць як дадатакда “Беларускай газеты”, якую ўзначальваў Валянцін Таўлай. Рэдактарам -выдаўцом “Літаратурнай старонкі” быў абраны Янка Чабор. Першы і адзіны нумар гэтага выдання выйшаў з друку 25 студзеня 1934 года. У ім быў апублікаваны зварот групы паэтаў-рэвалюцыянераў да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі.
Сярод тых, хто падпісаў зварот, быў і Янка Чабор. У часопісе ён змясціў таксама два свае вершы “Заклік” і “Гэй, арліна мая сіла…”. Напісаны яны ў духу таго часу, пераважна як заклікі да рэвалюцыйнай барацьбы.
Першы нумар “Літаратурнай старонкі” адразу быў канфіскаваны ўладамі і забаронены разам з “Беларускай газетай”. Рэдактары і найбольш актыўныя супрацоўнікі гэтых выданняў — В. Таўлай, Я. Чабор, П. Пестрак, Я. Міско, А. Рэдзька і інш. — апынуліся ў Лукішскай турме. Маладыя літаратары-палітвязні працягвалі выпускаць нелегальны рукапісны часопіс “Краты”, заснаваны Максімам Танкам. У ім змяшчалі свае вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы. На жаль, у архівах не захаваліся нумары гэтага часопіса, таму напісанае Янкам Чаборам у турме застаецца невядомым.
Следства па справе “Беларускай газеты” і “Літаратурнай старонкі” цягнулася 26 месяцаў. Судовы працэс адбыўся толькі ў сакавіку 1936 года і ўвайшоў у гісторыю як працэс “Малой Грамады”. Янка Чабор атрымаў пяць гадоў турэмнага зняволення.
Сядзець у турме яму доўга не прыйшлося. У верасні 1936 года ён выйшаў з турмы па амністыі, аб’яўленай у сувязі са смерцю Пілсудскага. Вярнуўся на радзіму і нейкі час займаўся арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы. Пасля верасня 1939 года прымаў удзел ва ўстанаўленні савецкай улады і ў рабоце першых савецкіх устаноў у родным раёне. Якую пасаду займаў Янка Чабор — сказаць цяжка, але, па словах яго сястры, “улічваючы той факт, што ездзіў Янка на матацыкле (у той час як начальнік раённай міліцыі на кані), то займаў ён высокую пасаду, хутчэй за ўсё па партыйнай лініі.
Дата, месца і абставіны смерці Янкі Чабора невысветленыя. Сястра помніць, што “за ім прыехалі ўвечары”. То быў 1941 год. Сказалі, што тэрмінова трэба ехаць у Баранавічы. Янка хацеў дачакацца раніцы. Не дазволілі. Загадалі, каб ехаў зараз жа. Мне стала страшна. Такога раней ніколі не было. Заныла сэрца, учула штосьці нядобрае. Але ён паехаў. Доўга было чуваць, як шумеў матацыкл…
А ноччу прыйшлі за намі. Завезлі ў Рэйтанава (чыгунка ў в. Русінаві- чы), пагрузілі ў вагоны…” Усе родныя Янкі Чабора былі рэпрэсіраваны і адпраўлены ў Сібір.
Пасля вайны сям’я была рэабілітавана, атрымала дазвол вярнуцца на радзіму. “Пачынаць даводзілася з нуля, — гаворыць Аляксандра Сцяпанаўна. — Вялікая наша хата была перабудавана пад школу, млын і ўся астатняя маёмасць належалі дзяржаве. Жылі вельмі бедна. Пайшлі працаваць у калгас… Што сталася з самім Янкам — сям’я не ведае. Больш мы яго не бачылі і не чулі пра яго. А сэрца і цяпер баліць…”
Г.СНІТКО,
І.ФІЛІМОН.
Снітко, Г., «Заспяваю песню люду…» / Г. Снітко, І. Філімон // Ляхавіцкі веснік. – 2006. – 12 ліпеня. – С. 3.