Бадак Алесь. Біяграфічныя звесткі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>>Бадак Алесь

Алесь Бадак // Літаратурная карта БерасцейшчыныАлесь Бадак // Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школаБадак Алесь // ПралескаШычко, С. Пераможцы ў намінацыі “ЛІТ-фармат”

Алесь Бадак

(нар. у 1966 годзе)

Туркі, Федзюкі, Ляхавічы, Мінск… Гэтыя мясціны блізкія і дарагія сэрцу Алеся Бадака, бо з імі непарыўна звязаны яго жыдцёвы лёс. У невялічкай вёсцы Туркі, што на Ляхаўшчыне, яму было наканавана з’явіцца на свет 28 лютага 1966 года. У суседняй вёсцы Федзюкі вучыўся ў сярэдняй школе. Пасля яе заканчэння (1983) падаўся з роднай Ляхаўшчыны ў Мінск і стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Гады вучобы былі перапынены службай у войску (1984-1986), аднак пасля дэмабілізацыі А. Бадак вярнуўся на гэты ж факультэт і стаў адным з яго выпускнікоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1990) застаўся ў Мінску, дзе жыве і працуе сёння.

Пачаткам літаратурнай творчасці Алеся Бадака лічыцца 1982 год. Тады ў газеце “Чырвоная змена” з’явілася яго першая публікацыя — верш “Буслы”. 3 таго часу паэт стаў актыўна друкавацца ў розных перыядычных выданнях, яго творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках “Маладыя галасы”, “Вусны”, “Дзень паэзіі”, “Тутэйшыя”, а таксама гучалі ў радыёперадачах “Жывое слова”, “Рамантыкі” і інш.

У 1989 годзе выйшаў першы зборнік паэта “Будзень”. Паступова новыя творы складалі і новыя кнігі — “За ценем самотнага сонца” (1995), “Маленькі чалавек у вялікім свеце” (1995), “Мы купілі кракадзіла” (1995, у сааўтарстве з В. Шніпам), “Верабей з рагаткай” (1999), “Незвычайнае падарожжа ў Краіну ведзьмаў” (2001), “Маланкавы посах” (2004). Іх выхад сведчыў, што ў асобе Алеся Бадака беларуская літаратура набыла таленавітага паэта і дзіцячага пісьменніка. У 2007 годзе часопіс “Маладосць” апублікаваў яго новую аповесць “Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца”. А яшчэ А. Бадак – публіцыст, перакладчык, сур’ёзны крытык.

Алесь Бадак // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст: ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. – С. 379.

Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) Бадак

 

Нарадзіўся 28 лютага 1966 г. ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых.

Адзін з самых ранніх успамінаў дзяцінства: раніцай выбягаю на парог бабулінай хаты і рэзка спыняюся, ад здзіўлення і захаплення не ў стане зрабіць далей нават кроку, бо ўся зямля, якая яшчэ вечарам была голай, засыпана бялюткім снегам. Здавалася, што сэрца на хвіліну спынілася: магчыма, гэта і было першае натхненне, вось толькі я яшчэ не меў ніякага ўяўлення ні пра яго, ні пра вершатворчасць.

Паэзія ў маё сэрца спачатку прыйшла праз песню. У цёткі была радыёла і шмат пласцінак з запісамі і народных песень, і папулярных на той час эстрадных. Я неўзабаве большасць з іх ужо ведаў на памяць, бо слухаў па шмат разоў. I калі сам пасля стаў пісаць словы песень, асаблівай радасцю, ды і гонарам было, калі іх пачалі выконваць Віктар Вуячыч альбо, напрыклад, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры» — любімыя выканаўцы майго дзяцінства.

Вершы пачаў пісаць у шостым класе. Амаль кожны тыдзень пасылаў у газету «Піянер Беларусі» (цяпер «Раніца»), а пасля і ў часопіс «Бярозка» свае рыфмаваныя радкі, і яны часам з’яўляліся там нават цэлымі падборкамі. Хоць першы свой вершык (у школе нярэдка нават на ўроках мы гаварылі так, а не верш) паслаў у “Зорьку”. Яна мяне і падштурхнула да пісання (іншыя друкуюцца, а чаму б і мне не паспрабаваць?!), яна ж і адштурхнула ад сябе. Адказ на маю першую вершаваную спробу, якая дужа нагадвала коласаўскае “Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…”, прыйшоў досыць крытычны. Пры гэтым, не напісаны ад рукі, не надрукаваны на машынцы, а адціснуты ў друкарні з казённым зваротам “Дорогой друг!”, што мяне, здаецца, больш за ўсё і пакрыўдзіла: дзіцячага розуму хапіла здагадацца, што такія лісты-адказы – слова ў слова – адпраўляюцца ў розныя куткі Беларусі розным адрасатам.

З “хросным бацькам” у літаратуры ў мяне не так усё проста, я хутчэй – “сын палка”. Калі пісаў у «Піянер Беларусі», мне вельмі дапамог сваімі парадамі цярплівы Алесь Емяльянаў, колішні яго супрацоўнік. Па сённяшні дзень захоўваю лісты, якія мне з часопіса «Бярозка» дасылаў Мікола Чарняўскі. Праўда, тады я яшчэ не зусім добра ўяўляў свой далейшы лёс, пакуль мяне, дзесяцікласніка, не запрасілі на рэспубліканскі семінар маладых літаратараў, дзе я ўпершыню ўбачыў так шмат «жывых класікаў», чые творы вывучаў у школе. Гэта былі для мяне незвычайныя людзі. Памятаю, як Рыгор Барадулін шукаў паперчыну, каб пакінуць мне свой тэлефон (у сшытку з вершамі не стаў запісваць, усклікнуўшы: «Што вы, тут жа вершы!»). Гэтыя словы — «тут жа вершы» — канчаткова ўмацавалі ўва мне веру ў свае сілы.

У 1983 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у войску (1984-1986). Пасля прадоўжыў вучобу ва ўніверсітэце, які закончыў у 1990 г. Працаваў у Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Бярозка», «Полымя», «Маладосць», першым намеснікам дырэктара РВУ «Літаратура і Мастацтва» — галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Цяпер — намеснік дырэктара РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995), «Маланкавы посах» (2004). Для дзяцей напісаў кнігі «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001), «Невероятные истории из жизни волшебников» (у перакладзе на рускую мову, 2011), а таксама аўтарскую серыю «Усім пра ўсё», у якую ўвайшлі кнігі «Расліны» (2008), «Жывёлы» (2009), «Птушкі» (2010), «Насякомыя» (2011) і «Водны свет» (2012).

Творы перакладаліся на рускую, венгерскую, сербскую, таджыкскую, азербайджанскую, казахскую і іншыя мовы.

Член Саюза пісьменнікаў з 1990 г.

Лепш за ўсё пішацца з ранку да абеду, прычым, не абавязкова за сталом. Наадварот, за дзесяцігоддзі неабходнасць штодня хадзіць то на вучобу, то на службу выпрацавала звычку нават дома, калі абдумваю радок, хадзіць з пакоя ў пакой, не заўважаючы і не чуючы нікога і нічога. Нярэдка натхненне прыходзіць ад чытання добрай кнігі, нярэдка — само па сабе, яго прыкметы прыкладна тыя ж, як і пры прастудзе: лёгкае кружэнне галавы, ватныя ногі. Тады патрэбны толькі папера і аўтаручка (вершы, прозу абавязкова спачатку пішу ад рукі) і, пажадана, поўная цішыня: нават нязначны гук з «іншага» свету можа адабраць тое, што нярэдка даводзіцца чакаць месяцамі. Хоць на шчасце, нават у паэзіі прысутнасць натхнення — не абавязковая ўмова творчасці.

А. Бадак

Бадак, А. Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) Бадак / А. Бадак // Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа. – 2013. — № 2. – С. 59.

БАДАК Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) — беларускі пісьменнік

Нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1989 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у які паступіў у 1983 годзе. Служыў у Савецкай Арміі (1984—1986). Працаваў у Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка», рэдактарам аддзела часопіса «Полымя», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Цяпер — першы намеснік дырэктара РВУ «Літаратура і Мастацтва» і адначасова галоўны рэдактар часопіса «Нёман». Аўтар паэтычных зборнікаў «Будзень» (1990), «За ценем самотнага сонца» (1995), «Маланкавы посах» (2004).

Шмат піша для дзяцей. Для іх выдаў кнігі «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001). Распрацаваў дзіцячую серыю «Усім пра ўсё» і выдаў у ёй кнігі «Расліны», «Жывёлы», «Птушкі», падрыхтаваў — «Насякомыя».

Шырока вядомы як паэт-песеннік. На яго тэксты створаны песні «Падаюць зоры», «Гаспадыня», «Будзем жыць як набяжыць», «Іншапланецянка», «Школьны баль», «Вяселле», «Валянціна», «Ой, туман», «Ночка-чараўніца», «Крывічанка», «За зялёным гаем», «Дзіўны лістапад» і інш.

Бадак Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) // Пралеска. – 2012. — № 10. – С. 61.

Пераможцы ў намінацыі “ЛІТ-фармат”

У “61-м Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”, удзел у якім прынялі 32 выдавецтвы краіны, былі прадстаўлены 154 найлепшыя выданні, на думку саміх выдаўцоў.

Па выніках сур’ёзнага адбору, які ажыццяўляла кампетэнтнае журы, у намінацыі “ЛІТ-фармат” (у ёй разглядаліся літаратурна-мастацкія кніжныя выданні) перамогу атрымала серыя кніг “Народная бібліятэка” выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У гэтай серыі на конкурс былі прадстаўлены кнігі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава. Дарэчы, цікавы праект яшчэ і тым, што змест серыі, выбар выдаўцоў, чые кнігі ўкладваць у серыю, фарміраваўся ў выніку шырокага апытання чытачоў, бібліятэкараў наконт таго, а што ж сёння, якія класічныя творы чакаюць убачыць найперш.

Дыплом першай ступені – у зборніка прозы “Ідэальны чытач” Алеся Бадака, выдадзены ў Выдавецкім доме “Звязда”. Кнігу, складзеную з аповесцяў і апавяданняў вядомага сучаснага пісьменніка Алеся Бадака, аформіла кніжны графік, таленавіты мастак кнігі Алеся Зяновіч (яна працуе ў Выдавецкім доме “Звязда”). Дыплом другой ступені – у рамана Уладзіміра Гніламёдава “Пасля вайны”, выдадзенага ў “Беларускай навуцы».

Сяргей ШЫЧКО.

 

Шычко, С. Пераможцы ў намінацыі “ЛІТ-фармат” / Сяргей Шычко // Звязда. – 2022. – 19 лютага (№ 34). – С. 5.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed