Капіевіч Ілья. Крытычныя матэрыялы

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Капіевіч Ілья

 

Замкавец, У. Зорны лёс Іллі КапіевічаКуртаніч, В. Гісторыя супрацоўніцтва: цар Пётр I і выдавец Ілья КапіевічЧаропка, В. «Письмена разум исправляют, и обучают, и утешают»

ЗОРНЫ ЛЁС ІЛЛІ КАІПЕВІЧА

 

Сёлета спаўняецца 280 гадоў з дня смерці нашага славутага земляка, вядомага асветніка і культурнага дзеяча другой паловы ХVII стагоддзя Іллі Капіевіча. Сваёй рознабаковай і самаахвярнай дзейнасцю славуты сын беларускага народа адыграў важную ролю ў развіцці духоўнай культуры ўсходнеславянскіх народаў, таму яго імя як асветніка і гуманіста, перакладчыка і друкара, паэта і публіцыста заслужана ўшаноўваецца побач з такімі фігурамі, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Леў Сапега, Сімяон Полацкі…

Дакладнае месца нараджэння Капіевіча па сённяшні дзень не вызначана: адны вучоныя называюць Берасцейшчыну, другія — Мсціслаўшчыну. Яно і зразумела, кожнаму нармальнаму чалавеку хацелася б быць земляком генія, хоць трошачкі пагрэцца ў промнях яго славы. Не выключэннем у гэтым плане з’яўляемся і мы. Затое добра вядома іншае: Ілья Фёдаравіч Капіевіч нарадзіўся ў 1651 годзе, у дзевяцігадовым узросце быў вывезены ў Расію: як вядома, Рэч Паспалітая на той перыяд вяла зацяжныя, пераменнага поспеху войны з суседняй Маскоўскай дзяржавай, якая ўпарта пашырала свае межы на захад, і галоўным плацдармам ваенных дзеянняў была тэрыторыя сённяшняй Беларусі.

У тых умовах лёс любога чалавека мог быць непрадказальны. Калі Ілья вярнуўся на Бацькаўшчыну, то родных жывымі ўжо не застаў. Сёння нам невядома, як разгортваліся далей падзеі яго жыцця, але праз некаторы час мы сустракаем прозвішча хлопчыка ў спісах Слуцкай кальвінісцкай школы, у так званых «Слуцкіх Афінах». Гэта была на той час адна з найлепшых навучальных устаноў, заснаваная ў 1617 годзе, якая давала высокую і рознабаковую адукацыю сваім выхаванцам.

У сценах гэтай вучэльні Ілья праявіў не абы-якія здольнасці і закончыў яе з адзнакай. Для далейшага набыцця ведаў накіраваны ў Амстэрдам — самы знакаміты еўрапейскі горад XVII стагоддзя, дзе неўзабаве пасля заканчэння духоўнай школы заняў пасаду кандыдата ў пастары Амстэрдамскага сабора. Як бачым, здольны беларус быў старанным і дысцыплінаваным шкаляром і ведаў, чаго хоча: духоўныя званні, так, як для шляхты вайсковыя, падвышалі нізкае сацыяльнае становішча іх носьбітаў, адкрывалі перспектывы.

Але даволі часта чалавечы лёс залежыць ад нечаканых сустрэч, знаёмстваў. Беларускі фальклор наконт гэтага сведчыць больш дакладна: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. У 1697 годзе Ілья Фёдаравіч сустракаецца ў Галандыі з маладым расійскім царом Пятром Першым, які, як і многія іншыя расійскія стажоры, прыехаў туды вучыцца карабельнай і марской справе. Ілья Фёдаравіч на гэты час сумяшчаў сталую працу ў саборы з выкладаннем расіянам замежных моў.

Як відаць, энцыклапедычныя веды Іллі Капіевіча зацікавілі расійскага манарха, які, як вядома, любіў і шанаваў адукаваных людзей і ненавідзеў амбіцыйнасць ды глупства, выклікалі да вучонага сімпатыю. 3 1699 года пры фундатарскай дапамозе Пятра Першага адна за адной пачынаюць з’яўляцца на свет у Амстэрдаме свецкія кнігі на расійскай мове, падрыхтаваныя Іллёй Фёдаравічам. Прычым многія з іх можна было выкарыстоўваць як навучальныя дапаможнікі па гісторыі, расійскай граматыцы, астраноміі і арыфметыцы, па марской справе, як слоўнікі, календары…

Асабліва карыснай для расіян на той час была кніга Іллі Капіевіча «Уготование и толкование ясное поверстания кругов небесных», выдадзеная па просьбе Пятра Першага ў друкарні Я.Тэсінга ў Амстэрдаме. У гэтай кнізе змяшчалася зорная карта з падрабязнай інструкцыяй. Яна прызначалася ў асноўным для матэматычных і навігацыйных школ, адкрытых у Маскве ў 1701 годзе. Сёння мы ведаем, што гэта была першая карта зорнага неба на расійскай мове, якая так патрэбна была манаршаму рэфарматару.

Трэба сказаць, што да канца XVII стагоддзя ў Расіі не было зорных картаў. А гэта значыць, што расіяне не маглі вызначаць дакладна час, вывучаць зорнае неба, рашаць задачы астраноміі. Праўда, у некаторых перакладных дапаможніках па астраноміі даваліся малюнкі паасобных сузор’яў і знакаў задыяка ў выглядзе міфічных фігур людзей і жывёл. Зразумела, што малюнкі былі пазбаўлены матэматычнай дакладнасці і імі нельга было карыстацца для вывучэння зорнага неба, тым больш, праводзіць дакладныя астранамічныя разлікі.

На той час астраномія, як навука, толькі-толькі пачынала ўваходзіць у моду. Адукаваную частку грамадства цікавіла не столькі тэорыя, колькі практыка гэтай навукі: складанне геаграфічных картаў, вызначэнне каардынат населеных пунктаў, дакладнае вызначэнне часу, марскія і зямныя падарожжы — усё гэта патрабавала ведаў і ўмення карыстацца зорнымі картамі і астранамічнымі прыладамі. Узнік нават нездаровы ажыятаж па набыцці астранамічных прылад у прыватныя рукі, у адказ на што Пётр Першы забараніў замежным купцам продаж іх аж пакуль прылады не будуць дастаўлены ў Маскву.

У 1707 годзе Ілья Капіевіч прымае ў рэшце рэшт запрашэнне расійскага манарха перабрацца на сталае месцапражыванне ў Расію. Пры Пасольскім прыказе ён адразу атрымлівае пасаду перакладчыка. Менавіта пра гэтую яго дзейнасць напамінае сваім чытачам вялікі рускі пісьменнік Аляксандр Пушкін у сваім знакамітым рамане «Арап Пятра Вялікага». Разам з перакладчыцкай дзейнасцю Ілья Фёдаравіч працягвае займацца астраноміяй, што дало магчымасць расіянам потым рашыць шмат задач як практычнай, так і сферычнай навукі.

На сённяшні дзень захавалася ўсяго чатыры экземпляры зорнай карты. Адзін знаходзіцца ў вядомай «Ленінцы» ў Маскве, астатнія — у Санкт-Пецярбурзе: адзін — у Эрмітажы, два — у рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэмі навук Расійскай Федэрацыі. Да карты дадавалася інструкцыя ў выглядзе невялікай кніжкі з падрабязным апісаннем карты і спосабаў рашэння задач: з тлумачэннем астранамічнай і марской тэрміналогіі.

У працах па астраноміі і навігацыі, надрукаваных на рускай мове і рускімі літарамі, як у Галандыі, так і ў Расійскай дзяржаве, Ілья Капіевіч упершыню адыходзіць ад міфалагічных тлумачэнняў назваў сузор’яў, нябесных цел і абапіраецца на народныя іх назвы. І сёння мы карыстаемся неалагічнымі тэрмінамі вялікага асветніка – тыпу Арыён, Блізняты, Дзева, Рак, Лебедзь, Стралец, вертыкаль, лагарыфм, паралель, полюс, компас, градус, гарызонт, глобус і г.д.

Не меншая заслуга нашага земляка і ў пашырэнні ў межах расійскай імперыі матэматычных ведаў. Менавіта ім была выдадзена першая друкаваная руская арыфметыка, якая называлася «Краткое и полезное руковедение во арифметику», па якой вучыліся дзеці расіян не аднаго пакалення.

Неўміручы Францыск Скарына, як вядома, быў заснавальнікам усходнеславянскага календара. Але мала хто ведае сёння, што дастойны ўклад у гэту справу ўнёс і Ілья Фёдаравіч. Ён таксама быў аўтарам і выдаўцом своеасаблівага і першага расійскага календара, які называўся «Святцы или календарь…». Быў наш Капіевіч і першым перакладчыкам на рускую мову антычных аўтараў.

Як бы не было, але жыццё Іллі Капіевіча будзе пуцяводнай зоркай, прыкладам працавітасці і самаахвярнасці яшчэ не для аднаго пакалення землякоў.

Уладзімір ЗАМКАВЕЦ,
кандыдат філалагічных навук

Замкавец, У. Зорны лёс Іллі Капіевіча / Уладзімір Замкавец // Народная трыбуна. 2004. – Выпуск № 4 (151).

Гісторыя супрацоўніцтва:
цар Пётр I і выдавец Ілья Капіевіч

 

Эпоха Пятра Вялікага з лёгкасцю можа таксама звацца «вялікай», бо гэта быў час, калі народы імкнуліся да ведаў, да спасціжэння таямніц навукі.

Як вядома, пасля паездак Пятра I па замежжы на ўсю імперыю прагучала пастанова аб неабходнасці аднаўлення ведаў і рамёстваў, якімі колісь валодалі старажытныя русічы, а таксама аб тым, што адгэтуль усе таленавітыя людзі будуць запатрабаваныя, як ніколі. Вось і пачалі прыязджаць у сталіцу Расійскай імперыі людзі ледзь не з усяго свету; пры гэтым Пётр I не забываў і пра сваіх падданых з розных сасловій (хоць княскага роду, хоць сялянскага) ды выпраўляў іх спасцігаць навукі ў еўрапейскія краіны. Так было дасягнута разуменне, што навукі і рамёствы ў Расіі знаходзяцца на такім высокім узроўні, што настаў час самім дзяліцца гэтым багаццем з замежнікамі. Як адзін з прыкладаў, нагадаем толькі, што ў 1720 годзе селянін Я. Ніканаў па загадзе імператара пабудаваў прыдуманае ім «патаемнае судна», — прататып першай падводнай лодкі. Мадэль аказалася ўдалай; аднак пасля смерці імператара пра гэтае вынаходніцтва (і многія іншыя выбітныя інжынерныя тэхналогіі) надоўга забыліся…

 

«Працуй, браце… Зяло працуй!»

Расійскі імператар паставіў за мэту зрабіць сваю краіну самай адукаванай, квітнеючай і магутнай. Вось для гэтага ён і паклікаў на пачэсную службу самых-самых лепшых. Адным з тых, хто ахвотна адгукнуўся на падобную прапанову, быў і ліцвін Эльяш Капіевіч, якога нашчадкі больш уведалі як Ілью Капіевіча. Пётр I, вельмі просты ў абыходжанні, сам быў таленавітай асобай, з лёгкасцю прыдумваў і майстраваў складаныя механізмы і ажыццяўляў неверагодныя праекты, што навукоўцы і дагэтуль дзівуюцца, і не могучы тое-сёе з ягоных штукарстваў пераўзысці. Да прыкладу, спраектаваў і пабудаваў, зыходзячы з рэльефу мясцовасці, знакамітыя пецяргофскія фантаны, вада ў якія падаецца… без аніякіх помпаў. Па праектах імператара былі пабудававы ўсе абвадныя каналы вакол паўночнай сталіцы, а яшчэ — самыя лепшыя архітэктурныя пабудовы, у тым ліку Судаверф і Адміралцейства…

— Пішы, перапісвай, ператлумачвай з розных моў Еўропы на нашу, а мы будзем друкаваць. Ды вучы замежным мовам маіх падданых: князёў, баяраў, валанцёраў ды іншых. Працуй, не лянуйся, я сам ведаю, што такое працаваць напоўніцу, — мовіў імператар.

— Слухаюся, найсвятлейшая царская вялікасць. Да таго ж скажу: маю жаданне выдрукаваць кнігі пра Льва Міратворца ды Аляксандра Македонскага. Яшчэ вось перакладаю грэчаскіх класікаў..

— Тады працуй, браце… Зяло працуй — і, абняўшы Ілью, сціснуў таго ў магутных абдымках.

Ілья Капіевіч, натхнёны такімі прапановай і абыходжаннем, энергічна ўзяўся за выкладчыцкую і перакладчыцка-выдавецкую працу. А праз некалькі гадоў адна за адной пачалі выходзіць кнігі, прадмовы ці пасляслоўі да якіх пісаў наш зямляк (часам ён падпісваўся як Капіеўскі). Ды выходзілі тыя кнігі не на тутэйшай зямлі, а ў далёкай Галандыі на так званым «амстэрдамскім шрыфце».

 

У першую чаргу падручнікі!

Тры стагоддзі, што аддзяляюць нас ад таго часу, пакінулі шмат загадкавых плям у біяграфіі Эльяша. Большасць звестак даследчыкі знаходзяць якраз у прадмовах і пасляслоўях, пгго пісаліся асветнікам.

Да прыкладу, вядома, што ўраджэнец Беларусі Ілья Фёдаравіч Капіевіч (Капіеўскі; каля 1651—1714) падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй быў выратаваны «баярскім сынам з Бежьцкія пяціны», г.зн. з Ноўгарада, які вывез падлетка з небяспечных мясцін, даў яму прыстанішча і магчымасць атрымаць першую адукацыю. Праз 6 гадоў наш зямляк разам з мсціслаўскім ваяводам вярнуўся на Беларусь. Тут ён вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, паказаў здольнасці да замежных моў.

Падчас навучання Капіевіч у 1674 г. заняў пасаду настаўніка малодшых класаў (лектара). I вось — праз колькі часу будучы вучоны трапляе ў Галандыю, дзе спасцігае выдавецкую справу. Жывучы на чужыне, Капіевіч ліставаўся з Г. Лейбніцам, і той нават прапаноўваў Ілью Фёдаравічу супрацоўніцтва ў справе выдання. Аднак гэта будзе ўжо праз гады пасля таго, як пройдзе знакавая сустрэча паміж вялікім асветнікам царскай крыві і таленавітым беларусам…

У 1697 г. падчас прыбыцця ў Галандыю Рускага Вялікага пасольства пад кіраўніцтвам Пятра I наш зямляк служыў кандыдатам-пастарам пры Амстэрдамскім саборы. Ён быў узяты талмачом (перакладчыкам) пры пасольстве; тады ж і пазнаёміўся з імператарам. Пётр I збіраў і шанаваў славянскіх асветнікаў, даючы ім лепшыя ўмовы працы, прастору для стваральных думак і магчымасці іх ажыццяўлення. Менавіта пасля згаданай размовы і дужага мужчынскага поціску Ілья Капіевіч пачаў раскрываць усе свае таленты; ягоны імпэт нашы гісторыкі назавуць «працай на карысць славянскіх народаў».

Зыходзячы з планаў, складзеных асабіста Пятром I, Ілья Фёдаравіч распачаў выданне падручнікаў. Спачатку кнігі выходзілі ў друкарні I. Тэсінга, а пазней — у сваёй, якую ён атрымаў на волі свайго высокашаноўнага працадаўцы. За напісанне кніг і складанне карт плаціла яму руская казна «золатам ды яфімкамі», што ашчадна пазначалася ў «Расходнай кнізе» Вялікага пасольства.

Тут варта дадаць, што рускія кнігі выходзілі не толькі ў замежжы. У Расійскай імперыі былі добрыя друкарні на царкоўнаславянскай мове. I не дзіва, што спатрэбіліся і замежныя магутнасці! — дзяржаўных заказаў на кнігі, асабліва на падручнікі, штогод станавілася ўсё болей. Каб упарадкаваць працэс адукацыі, Пётр I адну за адной адчыняе навучальныя ўстановы, сярод якіх школы для вывучэння» замежных моў, марская і ваенная, мануфактурная, горных спраў, архітэктуры, медыцыны, інш. I ў падручніках, што выдаваліся з дапамогай I. Капіевіча, была пільная патрэба. Не кажучы ўжо пра навуковыя кнігі, перакладзеныя ім з іншых моў ды шматмоўныя слоўнікі, якія можна пазначыць як тэматычныя: словы ў іх разбітыя на 47 тэм ці груп, якія мелі свае назвы. Да прыкладу, «0 временах и праздниках», «0 человеке и его частях» і т.д. Усяго ў кожным слоўніку перакладзена і патлумачана каля 2.000 лексічных адзінак, блізкасных у трох мовах. I, самае цікавае, — Ілья Капіевіч у некаторых вьшадках побач з рускімі словамі пісаў беларускія адпаведнікі!

 

І бяда, і спагада, і пашана

У 1701 годзе Капіевіч з сям’ёй перабіраецца бліжэй да радзімы, у Гданьск. 3 сабой ён прывозіць і друкарню. Ён яшчэ поўны сіл і шчыруе, аднак у 1707 г. скончылася размеркаванае жыццё вучонага-асветніка: беды прыходзілі адна за адной.

Ужо тое, што друкарня Капіевіча разам з навейшымі шрыфтамі апынулася ў руках шведаў, было для яго вялікім няшчасцем. I нездарма імператар склаў грамату, даўшы загад разаслаць яе ва ўсе бакі: «Известно нам, Великому Государю, учинилось, что неприятель наш, король шведский, взяв во Гданске печати нашей российской слова, которыми печатаны на славянском языке в Амстердаме от иноземцев книги, а именно от иноземца Ивана Тесинга, а после провезены в Гданск через мастера того книгопечатания Ильи Копиевича, намерен теми печатать некоторые… листы и посылать… для возмущения народа в наши Царского Величества городы шпегов».

Зыходзячы з гэтага можна зразумець, што згуба друкарні (на друк была дзяржаўная манаполія, і друкаваць можна было толькі, так бы мовіць, па ліцэнзіі) была падобная на дзяржаўную здраду! Сапраўды, той, хто валодаў шрыфтамі, мог выпускаць любую хлусню «для возмушения народа» і распаўсюджваць праз «шпегаў».

На той час Ілья Капіевіч з дачкой (лёс жонкі гісторыкам невядомы) пражывае ў Варшаве пры генерал-лейтэнанце Я. Брусе, дасылаючы Пятру I лісты, дзе скардзіцца, што жыве пакуль без справы, да таго ж не ведае… «где мне Вашего Величества годовое жалование брать?» Лёс яго непакоіў і гасціннага Я. Бруса, — той прапанаваў імператару залічыць асветніка Ілью Капіевіча на пасаду перакладчыка да Г. I. Галоўкіна, які на той час узначальваў Пасольскі Загад. I дзе, скажам наперад, наш зямляк з высокага дазволу і працаваў аж да самай канчыны ў 1714 годзе.

У апошнія гады сваёй выдавецкай дзейнасці ён выдаваў кнігі новым шрыфтам, які атрымаў назву «грамадзянскі». Варта сказаць, што шрыфт гэты распрацаваў і зацвердзіў Пётр I. Пры тым, што свае варыянты дасылалі яму на разгляд і некаторыя вучоныя, у тым ліку I. Капіевіч. Больш дасканалы, прасцейшы і лягчэйшы для чытання, чым царкоўнаславянскі, новы шрыфт адыграў сваю станоўчую ролю ў справе друкавання і распаўсюджвання кніг ды рознабаковых ведаў, якія яны неслі.

Даследчыкі жыцця і дзейнасці нашага слыннага земляка лічаць, што з усіх кніг, якія былі выдадзены ды падрыхтаваны да друку I. Ф. Капіевічам (і пра якія нам вядома), 18 можна назваць гуманітарнымі, 3 — прыродазнаўчымі, 2 — царкоўнымі. Да нас не дайшлі многія з іх, у тым ліку «Рыторыка» і «Паэтыка». Яшчэ вядома, што наш зямляк не толькі перакладаў байкі Эзопа, але і сам пісаў вершы. Значную ролю ў асветніцкай дзейнасці адыгралі ягоныя кнігі па гісторыі «Хроніка», «Хроніка дня», «Уладаапісанне», « Летапісы ды дзеянні», інш. На жаль, усе гэтыя выданні наўрад ці могуць стаць бестсэлерамі для сучаснага чытача (хаця мы цудоўна разумеем іх звышкаштоўнасць), аднак і там ёсць словы, якія і пасёння застаюцца актуальнымі: «Ничто же полезнейшее есть в сем житии, как познание и умелость письмен. Письмена разум исправляют и обучают, и утешают, откуда храбрость и добродетели в первоначальниках з научения и чтения письмен. Сие приношает величество и славу, сие неизреченную красоту воздает, сие государства великия укрепляет и расширяет, и прославляет — всякому человеку во всяком чину полезно».

Вольга КУРТАНІЧ

 

Куртаніч, В. Гісторыя супрацоўніцтва: цар Пётр I і выдавец Ілья Капіевіч / Вольга Куртаніч // Літаратура і мастацтва. – 2005. – 19 жніўня.

«ПИСЬМЕНА РАЗУМ ИСПРАВЛЯЮТ, И ОБУЧАЮТ, И УТЕШАЮТ»

 

Хто ведае, як склаўся б ягоны лёс, каб не сустрэча з царом Пятром I? Выпадак стаў шанцам, а шанц — лёсам. Наш суайчыннік зрабіўся рускім асветнікам. Як гэта часта бывае ў гісторыі, імя героя забылася. Дык вось і нагадаем яго: Ілья Капіевіч. Свой талент аддаў ён іншаму народу, але славу прынёс той зямлі, сынам якой быў, — Беларусі.

Сціплыя і рэдкія звесткі захаваліся пра яго, жыццё Ільі Капіевіча нам амаль не вядомае. Сам пра сябе ён пісаў, што падчас паходу царскага ваяводы Хаванскага пад Ляхавічы (а гэта адбылося ў студзені 1660 года) ён у дзевяцігадовым узросце быў захоплены ў палон і вывезены ў Расію. Значыць, Капіевіч нарадзіўся ў 1651 годзе дзесьці пад Ляхавічамі. Відаць, паходзіў ён са шляхецкай сям’і, бо пазней ён падпісваўся на шляхецкі лад — Капіеўскі. Такая форма прозвішча звычайна выводзілася ад назвы радавых маёнткаў.

3 маскоўскага палону Капіевіч збег і, як ён прызнаецца, «быў пад вялікім гасударам шэсць гадоў». Гэтае паведамленне можна зразумець так, што Капіевіч знаходзіўся пры двары цара Аляксея Міхайлавіча. I не выключана таксама, што азы навукі мог атрымаць ад самога Сімяона Полацкага. Так ці інакш, але ў Капіевіча быў даволі ўплывовы апякун, бо з якой нагоды цар адпусціў юнака на Радзіму? У 1666 годзе пятнаццацігадовы Ілья разам з мсціслаўскім ваяводам Цеханавецкім вярнуўся на Беларусь.

Відаць, на той час бацькоў Капіевіча не было ў жывых, бо езуіты пасля даносу каралю Яну Казіміру, нібыта той «еретик , изменник передался великому государю», забралі яго маёнтак. Ілья застаўся без сродкаў на існаванне. Трэба было шукаць сабе месца ў жыцці. Выбіраць не даводзілася. Капіевіч паступіў у Слуцкую кальвінскую гімназію, дзе правучыўся некалькі гадоў. Апекуны школы Радзівілы адправілі яго працягваць вучобу ў Амстэрдам. Закончыўшы рэфармацкую школу, ён стаў кандыдат-пастарам Амстэрдамскага сабора. Ужо тады Капіевіч думаў заняцца выдавецкай справай і дзеля гэтага нават перапісваўся з вядомым нямецкім філосафам Лейбніцам. Аднак задума не ажыццявілася. Калі ў 1697 годзе ў Галандыю прыбыло расійскае пасольства на чале з царом Пятром I, Капіевіч пачаў выкладаць мовы членам пасольства. Пазнаёміўся ён і з царом. Пятра I уразіла эрудыцыя кандыдат-пастара. Такія людзі яму былі патрэбныя. Цар прапанаваў Капіевічу пісаць «математические, геометрические, архитектонские и ратные земные и морские книги и прочие всякие художние», выдаваць падручнікі. Справа — высакародная, і Капіевіч быў гатовы служыць ёй. «Ничто же полезнейшее есть в сем житии, как познание и умелость писмен. Сие приношает величество и славу, сие неизреченную красоту воздает, сие государство укрепляет, и расширяет, и прославляет — всякому человеку во всяком чине полезно. Писмена разум исправляют, и обучают, и утешают» — так разумеў ён прызначэнне кніг.

Не мінула і года, як Капіевіч пераклаў Дзеграфціра «Морского плавания книгу», якую суправадзіў чарцяжамі. Цар заплаціў за працу, але грошай на публікацыю не даў. Пэўна, Капіевіч спадзяваўся адкрыць сваю друкарню. Але не атрымалася. Можна здагадацца, чаму цар пашкадаваў сродкаў на друкарню. Свае паслугі прапанаваў яму кнігавыдавец Ян Тэсінг. I цар не стаў траціцца, надаўшы галандцу манапольнае права друкаваць рускія кнігі і распаўсюджваць іх у Расіі. Ілья Капіевіч апынуўся у цяжкім становішчы. Ён прызнаваўся: «Но понеже еще литер славянороссийских зде никаких не было и моя друкарня не была уготована, к тому здешний житель амстердамский препятие великое соделал и сам книг не печатал и хотящим запрещал, даже и сам издше». Але давялося ісці на паклон да Тэсінга.

I вось у 1699 годзе выходзяць адразу тры кнігі Капіевіча: «Введение краткое во всякую историю…», «Краткое и полезное руковедение во аритметику», «Уготование и толкование ясное поверстания кругов небесных». Аўтар пісаў пра тое, што даўно было вядома культурнай Еўропе, але, каб гэта стала вядома і ў Расіі, трэба было пераканаць расіян у патрэбнасці ведаў. Вось як тлумачыць Капіевіч прызначэнне гісторыі: «История же память утверждает и деяния древняя, или дела ветхая всяческая прешедшего времени, яко настоящего, изьявляет да познает и не забывает всяк род». I ён меў рацыю.

Але якая наіўнасць — верыць, што цар зразумее ягоныя шчырыя памкненні! «Халоп» б’е чалом цару. Выдавец но плаціць за кнігі. А падрыхтаваныя да друку рукапісы, «аки безделицу какую», вярнуў назад пад’ячы баярына Галавіна, здзекліва заўважыўшы: «…У нас-де промышленных людей на Москве стегают!» А вучні — рускія князі ды дваране, якіх ён настаўляў больш за год, «а за тое не желал от них денег, аще же трудился их ради днем и нощно», з’ехалі, нават «спасибо не сказавши за учение», ды яшчэ прыхапілі з сабой чатыры яго глобусы. Ён жа, працуючы «на всемирную пользу Великороссийского государства», дзеля гэтага нават не прыняў прапановы брандэнбургскага курфюрста друкаваць у Берліне нямецкія кнігі. На звароты Капіевіча цар не адказаў: «Совершати или не?» Выбар зрабіў сам асветнік — «совершати».

У наступным, 1700 годзе Тэсінг выдаў ажно пяць кніг Капіевіча. Гэта і слоўнікі (руска-лацінска-нямецкі і руска-лацінска-галандскі), і лацінская граматыка, і пераклады Эзопавых баек, і фрагменты твора грэчаскага цара Льва («Краткое собрание Льва Миротворца…») пра ваеннае мастацтва. Здавалася, цяпер цар ацэніць працу «холопа своего», але… у Амстэрдам прыйшла царская грамата з пацвярджэннем права Тэсінга друкаваць рускія кнігі. Гэтыя рускія кнігі і пісаў Капіевіч. Атрымлівалася, што галандзец багацеў за яго кошт. I, каб не адчуваць сваю «немощь», Капіевіч на ўласныя зберажэнні стварае друкарню. Можна было працаваць. Нарэшце Капіевіч выдае пераклад Дзеграфціра — «Морского плавания книгу». У прадмове перакладчык і выдавец тлумачыць, што кніга надрукавана не дзеля «тщеслаивя» або «похотшо сребролюбия», а дзеля славы «великого государя». Зразумела, як «царскі халоп» ён павінен быў гэта сказаць — каб гаспадар ацаніў яго «усердие». Надрукаваўшы ў 1702 годзе «Святцы, или Календарь», Капіевіч пакінуў Амстэрдам. (Тэсінг памёр, але ягоныя нашчадкі не давалі свайму канкурэнту спакойна працаваць.)

Спыніўся ў Гданьску. Чатыры гады не мог наладзіць кнігавыданне. У Гданьску ён не знайшоў ніводнага друкара. Не было тут і словалітні. Майстроў Капіевіч пгукаў нават у Берліне, напісаўшы прэзідэнту Берлінскай акадэміі навук Готфрыду Лейбніцу. Перапіска з ім не дала станоўчых вынікаў. Капіевіч паспадзяваўся на свае сілы. 3 цяжкасцю ў 1706 годзе ён надрукаваў у Штольтцэнбергу «Руковедение вь грамматыку во Словяно-Российскую или Московскую…» Наступныя падзеі не спрыялі. У 1707 годзе шведы захапілі Гданьск. Друкарня Капіевіча стала здабычай праціўнікаў рускіх.

Тады ён разам з дачкой пакінуў горад і накіраваўся ў Варшаву, дзе стаяла рускае войска на чале з генерал-лейтэнантам Якавам Брусам. Па дарозе на Капіевіча напалі казакі, пабілі яго «довольно» і адабралі ўсе пажыткі. У Варшаву прыехаў без грошай — жабрак і выгнанец. Цар загадаў яму быць пры Брусу, але жалавання ніякага не даў. Дзевяць месяцаў жыў ён з «немалою нуждою», і што больш прыгнятала — жыў «без дела». Дапамог Брус, які прапанаваў цару залічыць Капіевіча на пасаду перакладчыка ў пасольскі прыказ. Капіевіч перабраўся ў Пецярбург, і да канца жыцця цар не ўспамінаў пра чалавека, які столькі зрабіў для навучання яго падданых. Кнігі Капіевіча — пераклад Курцыя (1709), перавыданне баек Эзопа (1712) — выйшлі без ягонага імя. Гэтак, у забыцці, у 1714 годзе Ілья Капіевіч памер. Засталіся ягоныя кнігі (ажно дваццаць тры), ды яшчэ, па звестках, ён напісаў «Рыторыку», «Паэтыку» і шмат вершаў, на якіх вучылася Расія.

Дагэтуль даследчыкі спрачаюцца, ці быў Ілья Капіевіч стваральнікам так званага грамадзянскага шрыфту, якім мы карыстаемся і цяпер. Прыярытэт прыпісваецца Пятру I. Тым не менш адзначаецца і роля Капіевіча. Менавіта шрыфты з ягоных амстэрдамскіх кніг сталі ўзорам для шрыфту грамадзянскага. … Захаваўся факт, што ў 1707 годзе Капіевіч разам са сваімі памочнікамі — галандскімі друкарамі — быў у Маскве і ва ўрадавай друкарні адліў новы шрыфт, які пазней і атрымаў назву «грамадзянскага». Аднак зноў людская зайздрасць перашкодзіла Капіевічу. Кіраўнік друкарні Палікарпаў быў аўтарам айчыннага, скампіляванага ў Капіевіча трохмоўнага слоўніка, а таму з’яўленне больш адукаванага канкурэнта яго не абрадавала. Каб пазбавіцца ад непажаданага госця, Палікарпаў назваў яго ерэтыком. А з такім кляймом нельга было разлічваць на прыхільнасць улады. Пазбаўлены яе прыхільнасці, пазбаўлены магчымасці рабіць прызначанае яму лёсам, Ілья Капіевіч прызнаў наканаванае: «И тако сими утешаяся, да познаем нашу немощь, и держимося смиреномудрия и правды». Ён ведаў, што казаў: веліч улады — «немощь», а «смиреномудрие и правда» — веліч.

 

Чаропка, В. «Письмена разум исправляют, и обучают, и утешают» : [Ілья Капіевіч] / В. Чаропка // Лёсы ў гісторыі. – Мінск, 2005. – С. 314 – 319.

Comments are closed