Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Бярозка Анатоль
Арсень Ліс
ЯК МАЛІТВА АБ ВОЛІ
Эцюд
Паэт Анатоль Бярозка, які патроху займае належнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры, доўгі час заставаўся постаццю невядомай, таямнічай, нават для адмыслоўцаў па літаратуры. Сам Максім Танк, які неаднойчы выступаў разам з А. Бярозкам на літаратурных вечарах у даваеннай Вільні, азадачана пытаўся: «Дзе дзеўся Бярозка? Што з ім?» Тым часам Анатоль Бярозка пад сваім сапраўдным прозвішчам Мацей (Мацвей) Смаршчок жыў у далёкім свеце за акіянам і паводле сваёй адукацыі, атрыманай у Віленскім універсітэце, займаўся медычнай практыкай. Цяжка з упэўненасцю сказаць, што прымусіла яго падацца на Захад: падчас вайны ні ў якую структуру не быў заангажаваны, працаваў як медык у Баранавічах. Не друкаваўся, але вось у 1944 годзе з’ехаў у свет і аж да канца 1980-х гадоў, часоў перабудовы, не было аб ім ніякіх звестак на Бацькаўшчыне. У паэзіі заходнебеларускай пары А. Бярозка падаў свой голас у першай палове 30-х гадоў XX ст. Спярша ў часопісе «Шлях моладзі», затым – у літаратурна-навуковым квартальніку «Калоссе». Праўда, яшчэ пад уласным прозвішчам кантакты з заходнебеларускай перыёдыкай пачынаў з «Заранкі», часопіса для дзяцей, выдаванага вядомай культурна-грамадскай дзеячкай Зоськай Верас. Пісаў яшчэ з роднага Падлесся, што на ўсходзе Берасцейшчыны, на Ляхаўшчыне.
Услед за вершам «Хрыстос ускрос!», надрукаваным у красавіцкай кніжцы «Шляху моладзі» за 1933 год, у наступных нумарах гэтага маладзёжнага выдання паказалася яшчэ некалькі паэтычных заявак Анатоля Бярозкі, шчырых, ідэйна і танальнасцю суадносных з лірыкай іншых заходые-беларускіх паэтаў той складанай пары і ў першую чаргу Хведара Ільяшэвіча.
У «Шляху моладзі» за наступны, 1934 год, студэнт медыцынскага факультэта Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя Мацей Смаршчок (Бярозка) змясціў яшчэ пяць вершаў. Паэтычны дэбют Анатоля Бярозкі не авансаваў зоркі першай велічыні, але свсдчыў аб уласна мастацкім успрыманні свету маладым аўтарам, пра яго арыентацыю на вечныя каштонасці: родную зямлю, яе людзей (народ), прыроду як крыніцу жыцця, хараства.
Ужо ў адным з самых ранніх вершаў А. Бярозкі «На ўслончыку засела пад аконцам…» можпа заўважыць уменне стварыць візуальны вобраз працы маладой праллі, але далей не хапае моцы, каб даць яму псіхалагічнае напаўненне, мастацкую закончанасць:
На ўслончыку засела пад аконнам
Дзяўчынка ветлая, краса ўбогіх хат,
I ручкі бледныя то ўперад, то назад
Снуюць і ўюць у ніткі валаконцы…
У вершы «Жаўранак», апублікаваным у часопісе «Шлях моладзі» (май, 1934 г.), можна прыкмеціць болыпае авалоданне пачаткоўцам паэтычнай формай, уключэнне ім у пейзажны абразок грамадзянскіх матываў. Слухаючы песняра поля, жаўранка, паэт усклікае з думкай аб волатах, што стануць «у бой адкрыты»:
Дык хай жа льецна песня у блакіты!..
Пацешыць тых, піто доляю прыбіты,
Затоптаны, сагнуты да зямлі,
Каб сталі волаты ў бой адкрыты
I горкіх слёз век цэлы не лілі!..
У вершы «Ноч навісла над соннай зямлёй…» А. Бярозка ад разгорнутай карціны велікоднай ночы пераходзіць да непасрэднага закліку, звернутага да беларуса:
Званы уваскрэсення б’юць…
Ці чуеш, брат-Крывіч?
Гудуць званы, гудуць…
Свабоды кліч!..
Збудзісь. Крывіч!
Званы уваскрэсення б’юць.
Прырода прысутнічае ў вершах А. Бярозкі (няхай даруюць пурытане роднай мовы), скажу старабалгарскім словам «изначально», і стала. Паэтычна прырода выяўлена часцей у мінорнай, зрэдку ў мажорнай танальнасці. I амаль заўсёды звязана не толькі з асабістым, аўтарскім перажываннем, а кліча думку аб грамадскім:
На раскутай з-пад снежных пялёнаў зямлі
Нова-устаўшая рунь зелянее;
У цёмнай гушчы лясной, у цішы расцвілі
Кветкі – зоры вясны – расцвілі канвалеі.
Доўга з бурамі жорсткую спорку вялі
Дубы – старцы лясныя, натужыўшы грудзі;
Доўга хмары ліхія над полем злавалі
I шалёна круціліся кудасы хвалі
Ў вочы небу снягамі мялі…
Прамінулі і шчэзлі…
Як мары…
Як людзі…
Ідзе дзень…
Ўстануць руні на нашых палёх
Вецер хмары – нягоды развее,
Слёзы сонца абсушыць… Магутны араты
Выйдзе з песняй і плугам з прабуджанай хаты
Новы шяях праараць між цярністых дарог…
Расцвітуць канвалеі…
3 першых крокаў у літаратуры А. Бярозка праяўляе схільнасць да медытацыі. Як форма паэтычнага выказвання яна выразна дамінуе ў лірыцы паэта, накладае адбітак на характар зместу, структуру верша, яго стылістыку. Вялікі стымул для паэтычнага натхнення А. Бярозка знаходзіць у роднай прыродзе, яе палях, лясах, у касмічнай прасторы. Паэт умее слухаць голас прыроднай стыхіі, музыку ночы:
Поле, далёка – шырока поле… I неба пад полем
сіняе… неба бяздоннае… Шолах вячэрні палёў
ціхі, як песня з грудзёў набалелых. што з ветру парывам
па струнах вечара ймкне… I слухаюць нівы…
Гэта песня, што полымем пеніць кроў…
Там – магілы дзядоў пад крыжамі пахілымі дрэмлюць –
здзірванелая спадчына сівых гадоў…
Шолах вячэрніх палёў і «песня з грудзей набалелых, што па струнах вечара ймкне», стары могільнік выклікаюць у свядомасці паэта гістарычныя асацыяцыі, вІзію бацькаўшчыны і сыноўняе прызнанне ёй у любові. Асобным моцным акордам гучыць гістарычная рэмінісцэыцыя:
Гэтта, на гэтых курганах
вякамі здабычу дзялілі чужыя багі і цары
і крывавыя іх аўтары
дыміліся доўга – нашай крывёю.
Хаты – бедныя, цёмныя…
Пад вашымі стрэхамі соннымі сэрца маё!..
Вашай доляй жыве, вашым болем сумуе…
Вечар пад стрэхамі сніць сваю думу-тугу векавую…
3 думкай-песняй ад хатаў шырока-разгоннаю
вечар, сэрца, магілы і поле зліліся ў адзіны псалм –
Крывія!..
I моляцца сонцу разоры –
сонцу, што ўжо дагарае на шэрым попеле хмар.
У вершах-медытацыях А. Бярозкі стала прапісаны абагульнены вобраз селяніна-земляроба, народа-ратая і сейбіта. Ён трактуецца паэтам як волат, прыніжаны няволяй. Сыну вёскі, А. Бярозку, вядома мера пакут, нядолі свайго героя, і ён па-філасофску асэнсоўвае мяжу яго цярпення. Паэт адметна вобразна абагульняе свой роздум пад скаванай сілай і болем народа ў апошніх, ударных, радках верша:
Ноч шапталася з ветрам… Так ціха… Не чулі
сонныя стрэхі пахілых хат, закарэлыя рукі,
бо цяжкі мазоль тых рук, як цяжкія скібы раллі;
чорная доля, як чорны хлеб… У ёрмы прынукі
доўгіх вякоў ланцугі волатаў моц упраглі.
Тысячай воч палымяных неба ўпілося ў барозны.
ў ціхія хаты… ў жорсткія рукі… ў чорны хлеб і ў соль.
Шэрыя хаты, цвёрдыя рукі – маўклівы і грозны:
гэтак ціха маўчаць умее толькі магутны боль.
Грамадзянскія матывы ў паэзіі А. Бярозкі, як правіла, увасоблены ў эпізаваную форму, маюць некалькі ўскладнёную кампазіцыю і метафарыку. У ідэйным жа плане яны цалкам рэалізаваліся ў агульным рэчышчы літаратуры Заходняй Беларусі 1920-1930-х гадоў, аб’ектыўна апазіцыйнай аўтарытарнаму рэжыму даваеннай Польшчы. У скрутных палітычна-грамадскіх умовах 30-х гадоў у краіне і па-за яе межамі А. Бярозка заставаўся менш элегічны (хіба што ў асобных вершах «Адзінота», «Снягі, снягі, снягі і шэры дзень зімовы»), чым Хведар Ільяшэвіч. У асобных творах А. Бярозка радыкальнымі поглядамі і непасрэднымі паэтычнымі выказванпямі набліжаўся да Максіма Танка.
У адным з апошніх даваенных вершаў «Сгеdо іn duоs deоs», пазначаным 11 мая 1939 года, паэт благаслаўляе рукі, «гатовыя заўтрашні дзень адчыніць сабе сталлю…»:
Чуй. Сырыя грудзі зямлі напоены потам мужычым,
доўга кроў – гарачую чырвань – цадзілі ў росквіту бель;
хаты, урослыя ў чорную гразь. закарэлыя ў болі
векавою тугою набраклі і сабраці суляць жніво
там, дзе косці нямыя бацькоў парахнеюць пад мохам.
Перад богам маіх бацькоў голаў схіляю долу.
А калі над вясною замучанай зашапоча яблыні цвет,
на галіны, на май ацярушыцца беллю,
тады будзяцца песні пра сілу і гнеў – а рукі гатовы
заўтрашні дзень адчыніць сабе сталлю…
Я малюся за гэтакі дзень богу маіх патомкаў.
Натуральна, не ўся лірыка А. Бярозкі вырашана, увасоблена ў такой важкай, цяжкаватай рытміцы, як поступ ратая, што ўздымае чорныя скібіны ралля.
Ёсць вершы, дзе мефістафелізаванае, грамадскае як бы адступае на задні план, уступаючы месца, на псршы погляд, асабістаму перажыванню, і тут паэтава выказванне прыцішаецца, ідзе у адпаведным моманту стрыманым тэмпе-рытме. Але заангажаванасць паэта ў грамадскія і сацыяльныя праблемы свайго народа трымае яго пераважна ў «мабілізаваным стане».
3 замалёўкі, на першы погляд, побытавага ён няўзнак пераходзіць да думкі аб актуальным, грамадскім. Прыкладам таму можа быць верш «Зімовым вечарам»:
Пад ціхі шум твайго верацяна
Снуюцца думкі плоймамі густымі –
Узоры ткуць у лучыны сінім дыме
I ўецца ніць, як тонкая струна
Кажы, бабулька, казку векавую,
Што вее чарамі заклятых сноў;
Хай слова ціхае ўскрынічыць кроў,
Патушыць сум і душу зачаруе.
Ўлажы ты ў словы дух сівых вякоў,
Дыхні ў іх волю моцную, святую,
Што ў сэрцы загуляе, як вясна,
Як Нёман, хвалі бурныя падыме…
Мо’ сціхне жаль прад казкамі тваімі,
Мо’ змоўкне боль пад шум верацяна…
Інтымная лірыка заняла, увогуле, вельмі ніклае месца ў творчасці А. Бярозкі. Пейзажныя матывы выступаюць досыць моцна, арганічна спалучюцца з грамадзянскімі інтэнцыямі і настроямі творцы.
Маюцца, праўда, сярод няцэлай капы вершаў паэта літаральла тры-чатыры творы, так бы мовіць, чыста нейзажнай лірыкі. Сярод іх адметны тонкім мінорным настроем, эўфенімічнымі знаходкамі верш «Адлёт жураўлёў»:
Вераснёвае сонца гуляе
На іх крыллях – і ціха, тужліва
Крыллі йграюпь у ветры, як струн пералівы…
Сумна крыллі у ветры іграюць…
Вольны покліч далёка нясецца
Па блакіту бязмежных шляхох…
Там, далёка дзесь родны астаўся парог…
Крылле монна з вятрамі б’ецца…
I лятуць… А пад імі, тугою спавітыя
Палі спяць у асенняй дрымоце…
А іх крыллі, блакітам залітыя,
Вераснёвае сонш залоціць…
Падчас паездкі ў Познань А. Бярозка быў арыштаваны гестапа і пасаджаны ў канцэптрацыйны лагер Нордгаузен. Вызвалены пасля падзення фашысцкай Германіі. У Беларусь аднак не вярнуўся, хоць не быў заангажаваны ў ніводнай падакупацыйнай структуры. Паўстрымалі вярнуцца на Радзіму, выклікалі засцярогу арышты НКУС беларускай інтэлігенцыі ў 1939-1940-я гады ў Вільні і правінцыі. Інтэлігенцыя практычна была лаяльная да Саветаў. А. Бярозка, вызваліўшыся з канцлагеру, падаўся за акіян.
Чужына не аказалася такой паэтычна-плённай для Анатоля Бярозкі, як для Наталлі Арсенневай, Майсея Сяднёва, Алеся Салаўя і іншых беларускіх паэтаў эміграцыі. Хоць да паэтычнай творчасці, досыць выразна заявіўшы пра сябе ў заходнебеларускі перыяд, ён спрабаваў вярнуцца. Невыпадкова ў 1989 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў у г. Мантысэла, штат Мінесота ў ЗША. Выдаў яго ў арыгінале і ў аўтаперакладзе на англійскую мову. Адбор зроблсны ў эстэтычным плане строга, грунтоўна. У кнізе практычна два тэксты, невядомыя з заходнебеларускага перыяду публікацыі. Адзін з іх, верш «Эпітаф», звернуты да далёкай роднай зямлі. У канчатковай аўтарскай рэдакцыі ён набыў жанравую форму эпітафіі. Вось яе тэкст, важкі глыбока асэнсаванымі радкамі, сыноўяй шчырасцю, спавядальнасцю:
Я з дарогаў далёкіх і горкіх аніколі к табе не вярнуся,
дарагая матуля-зямля.
У чужым, няведамым полі
мае косці збутлеюць. Не аплача мяне Яраслаўна
у Падлессі, родным сяле. Ня схіляцца вербы, рабіны
над магілай забытаю. Толькі вецер з-над Нёмана, Лані
мо над ёю павее калісьці – зашапоча ў быллі на кургане…
I ня вернецца конь мой буланы да парогу роднае хаты
каб хоць вестку к табе данясці пра мяне. што загінуў
без сваіх, без цябе, мой аграблены Краю Забраны.
Я зарокся цябе не забыць анідзе, аніколі –
і вялікую ласку к табе я пранёс
скрозь гады і нягоды
і вазьму я з сабой у магілу забытую гэту.
Не кажы пра мяне што загінуу дарма, пустацветам –
пад мурогам чужым, у далёкай, нянашай краіне
будзе пораху жменя, што пайшла з беларускага роду з беларускай раллі.
Тая пораху жменя
той куточак чужое зямлі – то навекі шматок Беларусі.
Сніцца будзеш ты мне, мой краю палеткаў ільпяных
ў ранні светлага дня, ў васільковае сіні вузорах…
Хоць далёка магіла мая. хоць і згінуў не ў пору
я з табою навекі – там дзе моляцца сонцу разоры.
Пад чужым, глухім дзірваном, што берамем ляжа на грудзі
Сніцца будзе мне вецер той свежы з-над Нёмана. Лані,
I адна толькі скарга ў мяне –
што мяне там не будзе,
калі ў новую весну ты сустрэнеш сваё світанне.
Паэзія Анатоля Бярозкі была і ёсць малітвай аб Волі, беларускай Свабодзе.
Ліс, А. Як малітва аб волі : Анатоль Бярозка / Ліс Арсен. Выбранае. – Мінск. 2014. – С. 264 – 271.
Журавы над пожняй
Патрыяычная лірыка Анатоля Бярозкі
Трэба быць шчырым: імя Анатоля Бярозкі (хоць пра яго апошнім часам напісана даволі шмат, а ў выдавецтве “Тэхнапрынт” нават убачыла свет кніга “Выбранае”, у якой, апроч твораў, змешчаны і артыкулы пра жыццё і творчасць аўтара, а таксама багаты фатаграфічны матэрыял) не вельмі вядомае аматарам літаратуры. І на тое некалькі прычын. Па-першае, сталася так, што А. Бярозка некалькі дзесяцігоддзяў не згадваўся. Па-другое, напісана ім няшмат. А яшчэ выяўляецца тут і наша, калі можна сказаць, лянота — задавальняцца толькі тым, што ляжыць на паверхні. Між іншым, у “Лістках календара” Максіма Танка лёгка адшукаць занатоўку, датаваную 28 траўня 1936 г.: «У рэдакцыі “Калоссе” Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур’ёзны паэт, калі б мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў». Аднак зусім не “духоўныя айцы” вінаваты ў тым, што А. Бярозка належным чынам не сцвердзіўся як паэт. Справа ў тых умовах, у якіх пачы-наў рунецца ягоны талент, але так і не змог заквітнець дружнай зелянінай на палетку нацыянальнай культуры. Каб упэўніцца ў гэтым, неабходна вярнуцца на дзесяцігоддзі назад, калі Мацвей Рэпкаў-Смаршчок яшчэ не паспеў стаць Анатолем Бярозкам.
Нарадзіўся ён 19 лютага 1915 г. у вёсцы Падлессе колішняй Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета (сёння Ляхавіцкі р-н) і быў першынцам у сялян Васіля і Ганны, якія ў 1914 г. згулялі вяселле. Як ні цяжка было, але бацькі пастараліся даць сыну прыстойную для свайго часу адукацыю. Закончыўшы чатыры класы ў Падлессі, Мацвей працягваў вучобу ў Ляхавіцкай школе, потым — у Баранавіцкай гімназіі. Зацікаўлены лекарствам, юнак паспяхова закончыў медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта і застаўся працаваць асістэнтам прафесара на кафедры фізіялогіі.
Здавалася б, жыццёвая дарога канчаткова вызначана: наперадзе зайздросная перспектыва выявіць сябе ў медыцыне. Але не адпускала ад сябе і паэзія.
Мацвей Смаршчок, яшчэ жывучы ў роднай вёсцы, упершыню надрукаваўся (пакуль пад уласным прозвішчам) у часопісе для дзяцей “Заранка”, які выдавала Зоська Верас. Але ягоным сапраўдным дэбютам стаў верш “Xрыстос Ускрос!”, што з’явіўся ў красавіцкім нумары не менш вядомага заходнебеларускага часопіса “Шлях моладзі” за 1933 г. і быў падпісаны літаратурным псеўданімам.
Гэты твор не надта вызначаўся сярод тагачасных публікацый. Але ўсё ж прыцягнуў увагу нацыянальна свядомай беларускай моладзі, якой найперш і адрасавалася выданне. Уваходзячы ў вялікае жыццё, маладая змена моцна адчувала свае карані, шанавала духоўныя традыцыі продкаў і на гэтым трывалым грунце хацела як мага лепш і як мага хутчэй самасцвердзіцца. Верш прасякнуты жыццёвым аптымізмам, настроем вясновага абуджэння. Прачыналася ад зімовага сну прырода, набіралася сокаў усё жывое:
Хрыстос Ускрос! Шпакі пяюць,
Ужо прабудзіліся дубровы,
У сьнягох* руччы бягуць і рвуць
Зімы сталёвыя аковы.
А цёмны лес абвесіў нос:
Ня верыць шчасьцю прабуджэньня,
Збудзісь! Пяі гімн ускрасеньня!
Хрыстос Ускрос!1
Лёгка зразумець, што цёмны лес, які “абвесіў нос”, ніякі і не лес, а той небарака, які не спяшаецца верыць новаму, бо прывык, каб усё цягнулася па-старому. Але заслуга маладога аўтара не толькі ў свежым вобразе. А. Бярозка ўдала паяднаў тут дзве плыні — лірычную і сацыяльную. Апошняя ўвайшла ў паэтычную канву шчыра, натуральна, як усплёск душы, што жадае абуджэння разам з усім наваколлем:
Хрыстос Ускрос! Прыйшла вясна.
Хай прападзе бяда й няшчасьце,
Хай Беларусь устане з сна
I запануе ўсюды шчасьце!
Ручай аковы свае зьнёс,
Зьвініць нам песьня ускрасеньня,
Каханьня, шчасьця прабачэньня —
Хрыстос Ускрос!
Плённым стаў для паэта і наступны, 1934 год. Бунтарныя матывы асабліва выявіліся ў вершы “Ноч навісла над соннай зямлёй…”. 3 малюнка велікоднай ночы нібы вырастае палымяны заклік да беларуса: задумайся, кім ты ёсць на гэтай зямлі, пачынай будаваць новае жыццё:
Ці чуеш, брат-Крывіч?
Гудуць званы, гудуць…
Свабоды кліч!..
Збудзісь, Крывіч!
Званы ўскрасеньня б’юць!
Шмат рабіў А. Бярозка ў кірунку адраджэнскай дзейнасці. Сябра паэта, вядомы дзеяч беларускага замежжа Антон Шукелойць, які ў маладыя гады жыў з Анатолем Бярозкам у невялікім пакойчыку аднаго з дамоў у Вільні, успамінаў: «У гэтым пакоі Бярозка (асістэнт прафесара на кафедры фізіялогіі Віленскага універсітэта. – А. М.) пасьля лекцыяў і працы рэдагаваў часопіс “Шлях моладзі”, бо фактычны рэдактар Язэп Найдзюк выконваў адміністрацыйную работу. Сюды-ж прыносіў Бярозка на разгляд і перапрацоўку матар’ялы з часопіса “Калосьсе”, сябрам рэдкалегіі якога ён быў. Тут ноччу ён пісаў свае вершы. У гэтым жа пакоі выдаваўся і рукапісны, гумарыстычны часопіс сопіс “3-за плоту”, у выпуску якога прыймалі ўдзел Анатоль Бярозка як рэдактар, Ян Жэдзік, які тэхнічна афармляў часопіс, і я» (133).
Менавіта ў часопісе “3-за плоту” з’явілася рэзкая сатыра на Сталіна. На гэта польскія ўлады, безумоўна, увагі не звярнулі, бо ў іх да “правадыра ўсіх народаў” стаўленне было адпаведнае, але ж якраз пачалося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Савецкай, гэты нумар трапіў у рукі ўпаўнаважанаму НКУС. Пільны служака пачаў шукаць тых, хто меў непасрэднае дачыненне да з’яўлення крамолы, і выйшаў на А. Бярозку. Праўда, не здагадваўся, што ў ягоным кабінеце акурат і знаходзіцца той, каго ён безвынікова шукае. Дапытваючы яго, заявіў, што нягодніка абавязкова зловяць і павесяць. А. Бярозка прызнаўся, што гатовы дапамагчы, але не ведае, дзе гэты самы… А. Бярозка хаваецца. А тут якраз адзін сябра паэта запэўніў упаўнаважанага, што А. Бярозка загінуў у верасні 1939 г.
Пасля гэтага А. Бярозка (цяпер ужо назаўсёды М. Смаршчок) паспяшаўся пакінуць Вільню. Пераехаў у Івацэвічы, уладкаваўся лекарам на Брэст-Літоўскай чыгунцы. Жыў і ў Іванаве, Пінску. У час Вялікай Айчыннай працаваў у Баранавічах лекарам, узначальваў медыцынскую школу. А пасля паехаў у Познань, дзе меў блізкіх сваякоў. Але чымсьці не спадабаўся немцам, і тыя накіравалі яго ў фашысцкі канцлагер Нордгаўзен, дзе давялося зведаць усе магчымыя жахі. Калі прыйшло вызваленне, разумеў, што гэтую “адсідку” на радзіме ніхто пад увагу не прыме, а таму хутчэй за ўсё давядзецца апынуцца ўжо ў савецкім лагеры. А. Бярозка вырашыў застацца на чужыне. Пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе і працаваў па спецыяльнасці да выхаду на пенсію. За высокі прафесіяналізм карыстаўся вялікім і заслужаным аўтарытэтам. Адзін з дамоў пенсіянераў у штаце Мінесота носіць імя Мацвея Рэпкава-Смаршчка.
3-за паўсядзённых клопатаў было не да паэзіі. Толькі ў 1989 г. успомніў пра сваё даўняе захапленне і вырашыў за ўласны кошт выдаць кнігу. Так і з’явіўся зборнік “Адзінаццаць вершаў”. Творы ў ім змешчаны не толькі ў арыгінале, але паралельна і ў аўтарскім перакладзе на англійскую мову.
Набыла паэзія А. Бярозкі і сваё песеннае гучанне. Верш “Эпілог” паклала на музыку Галіна Смоляк. Вядома і япгчэ адна песня, звязаная з імем А. Бярозкі, – “Асенняе лісце”. Верш перакладзены ім з англійскай мовы. Далёка не ўсе, калі слухаюць у выкананні знакамітых “Сяброў” песню “Жураўлі лятуць”, здагадваюцца, што гэта верш А. Бярозкі “Адлёт жураўлёў”, пакладзены на музыку Зміцерам Еўтуховічам:
Верасьнёвае сонца гуляе
На іх крыльлях – і ціха, тужліва
Крыльлі йграюць у ветры моў струн пералівы
Над іржышчам пустым, над гаем.
Вольны покліч нясецца
Ў паднябесных сініх шляхох…
Там, далёка дзесь, родны астаўся парог —
Асталося вернае сэрца.
Ілятуць. А пад імі, зь нямою малітваю,
Засынаюць палі ў адзіноце…
А іх крыльлі, сіньню залітыя,
Верасьнёвае сонца залоціць.
Верш напісаны ў 1935 г., а адчуванне такое, быццам сёння нарадзіліся прачулыя радкі, настолькі яны сугучныя з пачуццямі нашага сучасніка. А гэта і ёсць адна з прыкмет сапраўднай паэзіі: не страчваць сваіх вартасцяў праз гады. Тое самае тычыцца і ўсяго найлепшага з напісанага Анатолем Бярозкам.
Марціновіч, А. Журавы над пожняй: патрыятычная лірыка Анатоля Бярозкі / Алесь Марціновіч // Роднае слова. – 2005. – № 6. – С. 21 – 23.
Зерне, кінутае ва ўраджайную глебу
Калі задумваешся над жыццёвым і творчым шляхам Анатоля Бярозкі, міжволі ў памяці ўсплываюць радкі незабыўнага Янкі Купалы: “Пачнём збіраць зярно к зярняці, // Былое ў думках ўваскрашаць”…
Балазе, па вяртанні страчанага апошнім часам робіцца шмат. Ды толыкі чамусьці, узгадваючы тых, хто ўваходзіў у літаратуру ва ўмовах былой Заходняй Беларусі, рэдка ўспамінаем, што быў і такі паэт, які ўзяў сабе мілагучны, сімвалічны для Беларусі псеўданім.
Сапраўднае ж ягонае прозвішча Смаршчок, а імя Мацей. Нарадзіўся паэт у 1915 годзе ў вёсцы Падлессе колішняй Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета (сёння Ляхавіцкі раён). Закончыўшы чатыры класы ў Падлессі, працягваў вучобу ў Ляхавіцкай школе, а потым — у Баранавіцкай гімназіі. На гэты час прыпадае ягоная зацікаўленасць медыцынай, таму ўрэшце рэшт жыццёвая дарога і прывяла сялянскага хлопца на медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта, пасля заканчэння якога ён застаўся працаваць асістэнтам прафесара па кафедры фізіялогіі. Але не толькі медыцына прываблівала яго, а і паэзія.
Мацей Смаршчок (пакуль пад уласным прозвішчам) упершыню надрукаваўся ў часопісе для дзяцей “Заранка”, які выдавала Зоська Верас, але ягоньм сапраўдньм дэбютам стаў 1933 год, калі ў красавіцкім нумары не менш вядомага заходнебеларускага часопіса “Шлях моладзі” з’явіўся верш “Хрыстос ускрос!”, што і быў падпісаны літаратурным псеўданімам.
Пасля там жа былі апублікаваны яшчэ пяць вершаў: А. Бярозкі: “Устань”, “О, не пяі, сястрыца, сумнай песні…”, “О, асенні віхор, ты мой друг, ты мой брат!..”, “Асеннім кветкам”, “Вітай, вітай, зіма, халодна наша маці!..” Гэткім жа плённым стаў для яго і наступны, 1934 год. Студэнт медыцынскага факультэта ўсё больш пераконваў, што ягоны малады талент у сваім выяўленні паспяхова спалучае лірычную і сацыяльную плыні.
1935 годам пазначаны верш “Адлёт жураўлёў”, але адчуванне такое, быццам сёння нарадзіліся ягоныя радкі, настолькі яны сугучныя пачуццям сучаснікаў. А гэта і ёсць адна з прыкмет сапраўднай паэзіі: не страчваць сваіх вартасцяў праз гады. Калі прыхільнікі беларускай музыкі сёння слухаюць у выкананні знакамітых “Сяброў” песню “Жураўлі лятуць”, то нават не здагадваюцца , што гэта і ёсць згаданы верш А.Бярозкі, пакладзены на музыку кампазітарам Зміцерам Еўтуховічам:
Вольны покліч
далёка нясецца
Ў паднябесных сініх шляхох…
Там, далёка дзесь,
родны астаўся парог —
Асталося вернае сэрца…
Ды не толькі паэзія дамінавала ў студэнцкім жыцці А. Бярозкі. Не займаць яму было і адраджэнскай дзейнасці. А як шмат ён рабіў у гэтым накірунку, відаць з успамінаў даўняга сябра А. Бярозкі, вядомага дзеяча ў беларускім замежжы Антона Шукелойця, які меў шчасце жыць разам з ім у маладыя гады ў невялікім пакойчыку аднаго з дамоў у Вільні: “У гэтым пакоі Бярозка пасля лекцыяў і працы (асістэнт прафесара на кафедры фізіялогіі Віленскага універсітэта) рэдагаваў часопіс “Шлях моладзі”, бо фактычны рэдактар Язэп Найдзюк выконваў адміністрацыйную работу. Сюды ж прыносіў Бярозка на разгляд і перапрацоўку матэрыялы з часопіса “Калоссе”… Тут ноччу ён пісаў свае вершы. У гэтьм жа пакоі выдаваўся і рукапісны, гумарыстычны часопіс “3-за плоту”, у выпуску якога прымалі ўдзел Анатоль Бярозка як рэдактар, Ян Жэдзік, які тэхнічна афармляў часопіс і я”.
Выпуск часопіса “3-за плоту”, па сведчанні таго ж А. Шукелойця, “карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод студэнцтва,.. хадзіў па руках і студэнты перапісвалі яго ў вольны час. Рэдкалегія выпускала толькі два экземпляры, усё астатняе былі копіі, зробленыя студэнтамі”) і стаў прычынай таго, што А. Бярозка на дзсяткі гадоў знік з літаратурнага гарызонта.
У часопісе з’явілася рэзкая сатыра на Сталіна. На гэта польскія ўлады, канечне ж, увагі не звярнулі, бо ў іх да “правадыра ўсіх народаў” стаўленне было адпаведнае, але ж якраз пачалося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Савецкай Беларуссю і гэты нумар трапіў у рукі ўпаўнаважанаму НКУС. Пільны служака пачаў шукаць тых, хто да з’яўлення падобнай крамолы меў самае непасрэднае дачыненне і выйшаў на … А. Бярозку. Праўда, адзін ягоны сябра запэўніў упаўнаважанага, быццам пэўна ведае, што А. Бярозка загінуў у верасні 1939 года.
Пасля ўсяго А. Бярозка , цяпер ужо раз і назаўсёды М. Смаршчок, паспяшаўся пакінуць Вільню. Пераехаў у Івацэвічы, уладкаваўся лекарам на Брэст – Літоўскай чыгунцы. Жыў у Іванаве, Пінску. Перад вайной павінен быў ехаць на спецыялізацыю у Маскву, але ў дзень яе пачатку прыйшла тэлеграма аб адмене гэтай паездкі. У Баранавічах працаваў лекарам у шпіталі, потым узначальваў у гэтым горадзе медыцынскую школу. А пасля паехаў у Познань, дзе меў блізкіх сваякоў. Але чымсьці не спадабаўся немцам, а да ўсяго гестапа знайшло ў яго на кватэры кнігі Язэпа Пушчы, якія хаваў па даручэнні Янкі Шутовіча. Быў адпраўлены ў фашысцкі канцлагер Нордгаўзен, дзе зведаў усе ягоныя жахі.
Калі ж прыйшло вызваленне, разумеў, што пасля гэтай “адсідкі” хутчэй за ўсё давядзецца апынуцца ўжо ў савецкім лагеры, таму і вырашыў застацца на чужыне. Пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе і працаваў па сваёй асноўнай спецыяльнасці.
3-за паўсядзённых клопатаў было не да паэзіі. Толькі ў 1989 годзе ўспомніў пра сваё даўняе захапленне і вырашыў за ўласны кошт выдадь кнігу всршаў. Такі з’явіўся зборнік “Адзінаццаць вершаў”. У кніжцы творы былі змешчаны не толькі ў арыгінале, але паралельна і ў аўтарскім перакладзе на англійскўю мову.
У “Лістках календара” Максіма Танка лёгка адшукаць запіс, што адносіцца да 28 мая 1936 года: “У рэдакцыі “Калоссе’’ Я. Шутовіч паказаў мне некалыкі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца з яго вырас бы цікавы і сур’ёзны паэт, калі б мог вызваліцца з – пад апекі сваіх духоўных айцоў”. Але важна тое, што і напісанага Анатолем Бярозкам дастаткова, каб яго згадваць як аднаго з цікавых беларуекіх паэтаў.
Вішнеўскі, А. Зерне, кінутае ва ўраджайную глебу: [Пра жыццёвы і творчы шлях Анатоля Бярозкі] / Алесь Вішнеўскі // Літаратура і мастацтва. – 2005. – 25 сакавіка.