Сэрца аддаю народу

28 верасня ў бібліятэцы імя Я. Купалы адбылося мерапрыемства для вучняў 8 “В” класа СШ №2 г.Ляхавічы — віртуальнае дасье «Сэрца аддаю народу», прысвечанае 95-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Мэтай сустрэчы было не толькі пазнаёміць вучняў з жыццёвым і творчым шлях ушанаванага майстра слова, але і абудзіць цікавасць да роднай мовы праз яго незабыўныя творы.

Сучасны фармат віртуальнага дасье дазволіў зрабіць падарожжа ў свет паэзіі інтэрактыўным і захапляльным. Дзякуючы мультымедыйнай прэзентацыі, школьнікі пагарталі старонкі біяграфіі паэта, пабачылі рэдкія архіўныя фотаздымкі, пачулі жывы голас Ніла Сымонавіча ў запісах і відэафрагментах. Асаблівую цікавасць выклікалі гісторыі стварэння яго знакамітых вершаў, якія сталі народнымі песнямі.

Падчас мерапрыемства дзеці актыўна ўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне пра жыццёвы і творчы шлях Ніла Гілевіча.

Разнастайнасць тэм — ад шчырага кахання і любові да бацькоўскага краю да глыбокага філасофскага роздуму — нікога не пакінула абыякавым. Прысутныя яшчэ раз упэўніліся, што кожнае слова паэта было прасякнута бязмежнай любоўю да Беларусі і яе народа.

Віртуальнае дасье стала сапраўдным святам роднага слова, якое пакінула глыбокі след у сэрцах юных чытачоў і нагадала пра тое, як важна берагчы і шанаваць сваю спадчыну.

Лілія Буйко,
бібліятэкар аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

Поделиться в социальных сетях:

Обсуждение закрыто.