Госцяй студыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё нядаўна стала літаратарка і бібліятэкар з Падлесся — спадарыня Ларыса Глеб. Яе запрасілі ў эфір не выпадкова: менавіта яна з’яўляецца аўтарам тэкстаў песень блогера і саліста Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча — Яўгена Гуляша.
Размова ў прамым эфіры атрымалася цёплай і шчырай. Ларыса Мікалаеўна падзялілася тым, адкуль чэрпае натхненне для сваёй творчасці.
Шмат увагі было нададзена культурнаму жыццю рэгіёна. Бібліятэкар распавяла слухачам пра фестываль народнай творчасці «З крыніц спрадвечных», які штогод збірае ў Грушаўцы таленты Палесся. Яна падкрэсліла важнасць такіх мерапрыемстваў для захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Вялікую ролю ў жыцці Ларысы Глеб, як і варта чакаць ад спецыяліста яе профілю, адыгрывае Падлеская сельская бібліятэка. Гэта не проста кнігасховішча, а сапраўдны культурны цэнтр вёскі, дзе ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, праводзяцца майстар-класы для дзяцей і працуе гурток «Гарэзлікі». Менавіта тут часта нараджаюцца сюжэты новых твораў.
У другой частцы эфіру госця парадавала радыёслухачоў іншым бокам свайго таленту. Спачатку яна прачытала некалькі вясёлых сямейных баек, поўных гумару і лёгкай самаіроніі, якія выклікалі шчырыя ўсмешкі ў студыі. А напрыканцы праграмы прагучалі сур’ёзныя і ўзнёслыя радкі: Ларыса Глеб прадставіла свой верш, прысвечаны беларускай, матчынай мове.
Эфір з бібліятэкарам-паэтэсай стаў добрым напамінам пра тое, што сапраўднае мастацтва жыве там, дзе ёсць любоў да роднага краю, павага да продкаў і невычэрпная крыніца народнай мудрасці. Песні на словы Ларысы Глеб і надалей будуць несці святло падлескай прыгажосці шырокай беларускай грамадскасці.
Ларыса Глеб,
бібліятэкар Падлескай СБ





