Тэатр. «Дом Дыягена»

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны  >>> Тэатр

«Дом Дыягена»

Бучэль, Н. “Антось Лата” праз 100 гадоўКухта, М. Люблю тэатрПерапечка, Н. Крэатыў, які прымушае думацьКудрэйка, Н. Народны тэатр жыве і перамагаеЛяхавічане на “Тэатральным Палессі”

“Антось Лата” праз 100 гадоў

Афішы ў горадзе Баранавічы абвяшчаюць аб сенсацыйных пастаноўках вядомых тэатраў са знакамітымі акцёрамі. А ў гэты час на малой сцэне Палаца культуры “Тэкстыльшчык”, у зале, разлічанай на пяць дзясяткаў чалавек, ажывае гісторыя стогадовай даўніны.

Спектакль пастаўлены па малавядомай п’есе Якуба Коласа “Антось Лата”. Яе напісанне датуецца 1917 годам, але актуальнасці сваёй драматычны твор не страціў. Падзеі, сведкамі якіх сталі гледачы, адбываліся яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі, але знайшлі ў іх водгук, бо ў п’есе праглядаліся праблемы сучаснасці.

“Патрэбную тэму ўзнялі. Праўдзіва “да мурашак”. Як гэта ні сумна, але так і жывуць людзі, асабліва ў вёсках. Так і паміраюць. Перад маімі вачыма пранеслася жыццё… Маё з нябожчыкам мужам. Аж да дробязяў. Нават памёр ён у такой жа паставе”. “У асяроддзі алкаголікаў мала хто разглядае сваю прыхільнасць да спіртнога з такога пункту. А варта было б…”. Такія каментарыі было чуць з глядзельнай залы.

Незнаёмыя маладыя акцёры, а сярод іх адразу два экс-рэжысёры Баранавіцкага народнага тэатра “Эксперымент”. Адзін – эксцэнтрычны і дзёрзкі Арцём Бодак, другі – “нерв” і “моц” сцэны Міхаіл Стрыжоў. Іграюць азартна, з надрывам. Трымаюць у напружанні глядзельную залу да самага канца спектакля. Аматарскі калектыў з Ляхавіч паказаў п’есу “Антось Лата” ў Баранавічах.

– На самой справе, п’еса не столькі пра алкаголікаў, колькі пра творчы пачатак, які ёсць у кожным чалавеку і які важна зберагчы ды развіць, – гаворыць рэжысёр пастаноўкі Арцём Бодак. – Узяць момант, калі Антось зайграў на дудачцы і высветлілася, што ў ім памёр музыкант. А колькі творчых людзей заканчваюць свае дні ў такой “яме”, колькі радасці яны маглі несці людзям, а нясуць боль?..

Высвятляю, хто гэтыя таленавітыя хлопцы і дзяўчаты, якіх сабралі каля сябе лідары мясцовых тэатральных падмосткаў. Аказваецца – студэнты Ляхавіцкага аграрнага каледжа: Юрый Мішчук, Аляксандр Кляўцэвіч, Ала Дзянішчык, Кацярына Ярашэвіч, Аліна Гатоўчыц. Дом культуры г. Ляхавічы стаў месцам, дзе з’явіўся тандэм Бодак – Стрыжоў, і задумы сталі ажыццяўляцца.

– Дырэктар Ляхавіцкага Дома культуры Мікалай Ламака моцна падтрымаў нас. Можна сказаць, адкрыў “зялёны калідор”, пазбавіўшы на нейкі час ад дробных мерапрыемстваў, якія маглі перашкодзіць засяродзіцца на працы, – разважае Арцём Бодак.

У 1980-х Міхаіл Стрыжоў, калі быў рэжысёрам “Эксперыменту”, ужо ставіў п’есу “Антось Лата”. І тады яна мела поспех. Новая інтэрпрэтацыя пры ўдзеле Арцёма Бодака напоўніла спектакль іншымі фарбамі. “З’явілася кантраснасць, і, магчыма, гэта было патрэбна”, – падтрымлівае маладога калегу Міхаіл Васільевіч.

Тры паказы, якія прайшлі ў Баранавічах у малой зале ДКТ напрыканцы сакавіка, убачыла малая колькасць публікі. Але водгукі гавораць за тое, што спектакль мае права на жыццё.

“На мой погляд, такая вось горкая праўда, літаральна споведзь са сцэны, яна як зварот да сумлення. Гэта балюча ўсведамляць. Артыст, што іграе Антося, страшэнна пераканаўчы. І слёзы, што стаялі ў яго вачах, прымушалі ўслухоўвацца ў кожнае слова. Вось калі б спектакль уключыць у нейкую сацыяльную праграму – патрэбная справа”, – мяркуе глядачка Людміла.

“Па-мойму, няма сэнсу да бывалых алкаголікаў дастукацца, а вось да моладзі яшчэ можна. Спектакль павінен жыць. Яго проста неабходна паказваць. Ездзіць у тым ліку і па вёсках, установах адукацыі… Няхай спектакль прагучыць як папярэджанне”, – прапануе глядачка Алена.

…Фінальная сцэна. Лёгкі шок, змешаны з нейкай іскрынкай надзеі: “Можа, не памёр? Можа, пасля горкага раскаяння яго ўсё ж чакае яшчэ нешта наперадзе?” І прысутныя ў зале ўглядаюцца ў твары артыстаў, якія, узяўшыся за рукі, выйшлі на сцэну. А лёгкі шэпт у зале агучвае прысуд: “Значыць, усё”. Апладзіруем. Не стоячы. Нягучна. Асцярожна, баючыся парушыць цішыню. Быццам мы на пахаванні блізкага чалавека. Эмацыянальнае ўздзеянне п’есы, якую напісаў Якуб Колас 100 год таму, настолькі вялікае, што фінальная сцэна будзе яшчэ доўга стаяць перад вачыма, прымушаючы думаць ужо аб дні сённяшнім, аб жыцці, якое мы ствараем самі. Няўжо так нічому не навучыліся?..

Наталля БУЧЭЛЬ

Бучэль, Н. “Антось Лата” праз 100 гадоў / Наталля Бучэль // Заря. – 2017. – № 55. – 20 мая. – С. 7.

НА ПАДМОСТКАХ

Люблю тэатр

Магчымасць датыкнуцца да гэтага віду мастацтва з’явілася ў ляхавічан. Але пра ўсё па парадку…

На што здольны чалавек? У чым яго сіла, у чым слабасць? І што хаваецца ў падмурках яго душы? Такія пытанні не прэтэндуюць на хуткі і дакладны адказ і, здаецца, не для гэтага ўзнімаюцца. Яны ўзрушваюць, прымушаюць выйсці на шчыры дыялог з самім сабой (пагадзіцеся, быць адкрытым з людзьмі адно, з сабой – справа іншая і цяжэйшая). Убачыць не толькі знешні бок людскіх грахоў, а паглыбіцца, разабрацца, у чым жа парадокс і сутнасць складанай чалавечай натуры. І чаму, калі лёс чарговы раз вымушае прайсці выпрабаванні, чалавек знаходзіць менавіта такое выйсце, выбірае такі шлях вырашэння праблемы… На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы героі пастаноўкі «Антось Лата», якую прапанаваў ляхавіцкай публіцы тэатральны калектыў гарадскога Дома культуры.

Дарэчы, аднайменная п’еса беларускага класіка Якуба Коласа, па матывах якой пастаўлены спектакль, не растыражаваная, у тым ліку і ў плане пастаноўкі, у рукі рэжысёраў мясцовага тэатра трапіла ў выглядзе адсканіраваных старонак таксама з рэдкага зборніка пісьменніка. Гэта да слова. А галоўнае, як адзначаюць самадзейныя акцёры, каб гэты неверагодны твор закрануў, зацікавіў, прыцягнуў увагу многіх людзей, знайшоў водгукі ў іх сэрцах і, магчыма, стаў для многіх нагодай змяніць штосьці ў сваім жыцці.

Выбар п’есы невыпадковы. Прайшло стагоддзе з таго часу, калі твор убачыў свет. Да таго ж, сёлета 3 лістапада споўніцца 135 гадоў з дня нараджэння аўтара — любімага многімі пакаленнямі беларусаў класіка Якуба Коласа.

…Звычайны непрыбраны шынок – абавязковы атрыбут таго часу, што вельмі дакладна, натуральна апісвае даўнюю ся- лянскую паўсядзённасць мяжы стагоддзяў. У ім гаспадарыць Лэя, ролю якой выконвала Алена Ушко.

Гледачоў сустракаюць маладыя сяляне Габрусь і Рыгор (іх каларытна сыгралі Аляксандр Кляўцэвіч і Юрый Мішчук). І ўсё гарманічна ў гэтым трыа. Чаму трыа? Пакрыўджаныя лёсам хлопцы, дома ж нелады, жонка хварэе, нядоімкі сплаціць трэба, на душы цяжка. А яна, радзімая, што ў бутэльцы, адна выслухае, ні ў чым не абвінаваціць і не здрадзіць…

Здаецца, усё так арганічна ў гэтай карціне: вось і на душы лягчэй становіцца, і песню ўжо хочацца зацягнуць, і не так пагана, як было пару чарак назад. Але, па законе жанру, ёсць той, каму да гармоніі справы няма. Адпаведна, вы чакаеце таго «цвярозага» выратавальніка, які зменіць сітуацыю. І ён прысутнічае, але ад цвярозасці, на жаль, засталіся адныя ўспаміны.

Галоўны герой Антось Лата – той, хто дзень за днём перажывае алкагольнае пекла. Пекла па большай частцы нават і не ад ужывання – ён разумее, што праклятая ўсё больш аддаляе яго ад жыцця, а зрабіць нічога не можа. І не дрэнны ж чалавек, цікавы, з творчай натурай, схільны да самааналізу, але ўсё цьмянее, знікае ў імгненне. Чалавек становіцца зусім іншым, калі атручвае сябе алкаголем. Гэту біпалярнасць, дуалізм чалавечай натуры ўдалося ўвасобіць акцёру і па сумяшчальніцтве рэжысёру Міхасю Стрыжову. Як жа таленавіта ён змог паказаць усіх «чарцей» (дарэчы, яны таксама былі ўвасоблены), што прыжыліся ў душы небаракі, асобасны канфлікт… Канфлікт зламанага жыццёвымі абставінамі чалавека, які знайшоў выйсце са складанай сітуацыі ў чарцы. Пачыналася яго жыццё шматабяцальна, а стала нікчэмным, пустым.

У нейкі момант перастаеш разумець, што адбываецца: ці гэта рэальнасць, ці гэта сон, куды кліча Антось, што ён хоча сказаць, да чаго падводзіць. Але ў гэтым і сэнс: вар’яцтва, крыкі, неразбярыха, што пануюць на сцэне, і ёсць тая балячка, што гадамі ныла і толькі зараз вырвалася наверх. Хворая душа героя…

У рэжысёраў Міхася Стрыжова і Арцёма Бадака атрымалася, на мой погляд, данесці гледачам коласаўскую ідэю. З’яўленне на сцэне ачалавечаных п’янства і цвярозасці, якіх сыгралі Кацярына Ярашэвіч і Аліна Гатоўчыц, рэалістычна паказаныя людская згуба, каварства, спакуса, падман, што крок за крокам знішчаюць людское ў асобе, выклікалі ў гледачоў каскад эмоцый. Ад развіцця дзеянняў, часам абсурднасці, што адбывалася на сцэне, хацелася ведаць: а далей…далей што? Хіба не здолее чалавек перасіліць сябе? Але на тое яна і трагікамедыя: жыццё любіць, каб яго бераглі.

Нібы крык душы, што доўга цярпела і толькі цяпер здолела прызнацца ў слабасці, гучалі з вуснаў галоўнага героя вельмі моцныя словы:

– Ты адбірала ў мяне маё сэрца, наліваючы вантробы мае гэтаю атрутаю… Будзь ты праклята! На вечныя векі праклінаю цябе, чортава служка!..

Словы-перасцярога, словы-папярэджанне.

Дзеянне п’есы можна перанесці ў любы час – яе актуальнасць застанецца. У гэтым і заключаецца вялікая сіла мастацтва, якое не павінна адказваць на пытанні, але ўзнімаць іх, даваць нагоду задумацца.

Публіка не толькі глядзіць п’есу, але і прымае непасрэдны ўдзел у ёй. Пастаноўка павінна захапіць, не пакінуць абыякавым ніводнага гледача, прымусіць думаць. Спадзяемся, што людзі выходзяць са спектакля з думкамі, у добрым сэнсе азадачаныя і не з пустым сэрцам, – разважаюць рэжысёры.

Маргарыта КУХТА

PS. Хацелася б, каб гэты калектыў хутчэй заявіў пра сябе не толькі спектаклямі, але і назвай.

Некалькі слоў пра самадзейны калектыў

Ідэяй стварыць тэатральны калектыў на Ляхавіччыне загарэўся рэжысёр Міхась Стрыжоў. Ён доўгі час быў кіраўніком баранавіцкага тэатра «Эксперимент». Прызнаецца, што наш раён багаты на таленты, таму лёгка знайшоў аднадумцаў. Разам з Арцёмам Бадаком паставілі некалькі спектакляў на базе гімназіі, там таксама дзейнічае свой школьны тэатр. Атрымалася, людзі зацікавіліся. Цяпер выйшлі на іншы ўзровень. Працуюць з думкай, што раёну тэатральны калектыў проста неабходны. У яго ўваходзяць навучэнцы каледжа і гімназіі. Але трапіць сюды можа кожны, незалежна ад узросту, галоўнае – талент.

Ёсць сцэнарый, акцёрскі састаў, цікавая рэжысёрская задумка – гэта толькі адна частка спектакля. Важна таксама стварыць адпаведную атмасферу, перадаць настрой. А гэта дзякуючы гукавому і светлавому афармленням, што знаходзяцца ў прафесійных руках Сяргея Вечара і Уладзіміра Коктыша. Між іншым, музычны матэрыял пераважна напісаны баранавіцкім кампазітарам Фёдарам Жыляком.

Прэм’ера спектакля «Антось Лата» адбылася ў лютым гэтага года, калі тэатральная каманда ГДК прапанавала яго для ўдзелу ў фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе», што адбудзецца ў Івацэвічах. На яго, ужо ў якасці канкурсантаў, паедуць нашы землякі напрыканцы лістапада. І хоць яшчэ гэту пастаноўку чакае многа паказаў, поўным ходам ідзе распрацоўка новага спектакля. Рабочая назва «Аз есмь тварь». Як абяцаюць рэжысёры, гледачы акунуцца ў свет фантазіі і містыкі.

Думкі ўслых

Паказ спектакля «Антось Лата», на якім прысутнічала і я, незвычайны не толькі у плане пастаноўкі, але ў той раз і публікі. Гэта былі людзі, якія не па словах ведаюць пра пераўвасабленне на сцэне, больш патрабавальныя да тэхнікі, у добрым сэнсе прыдзірлівыя да дэталяў, кампетэнтныя – адным словам, работнікі культуры. Цікава: а што яны думаюць наконт спектакля.

Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Я вельмі задаволены, што ў нашым раёне ёсць такі калектыў. Хацелася б, каб гэты від мастацтва прапісаўся ў нас, палюбіўся ляхавічанамі і стаў для многіх добрай альтэрнатывай у правядзенні вольнага часу. Дзякуючы таленавітым людзям, якія любяць і разбіраюцца ў тым, што робяць – Міхасю Стрыжову і Арцёму Бадаку, у нас ёсць магчымасць атрымліваць асалоду ад удалай тэатральнай пастаноўкі. Калектыў нацэлены на прафесійны рост, а значыць наперадзе творчасць, шмат працы над новымі спектаклямі, якія, між іншым, ужо чакаюць гледачы.

Тамара МОРСКАЯ, дырэктар Конькаўскага СДК:
– Як чалавек з тэатральнай адукацыяй адзначу цікавы рэжысёрскі ход: кожны эпізод дасканала прадуманы, і потым нібы пазлы збіраюцца ў адзіную карціну. Гледачы суадносяць, праводзяць паралелі і з пэўнымі думкамі, высновамі прыходзяць да фіналу. Гэта важна. Таксама хацелася б пахваліць акцёраў. Уразілі і добра пастаўленыя галасы ўдзельнікаў калектыву – а гэта велізарная карпатлівая праца.

Кухта, М. Люблю тэатр / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – № 81. – 21 кастрычніка. – С. 4.

Крэатыў, які прымушае думаць

Ці ёсць у Ляхавічах тэатр? Яшчэ нейкі час назад адказ быў бы адмоўны, сёння ж упэўненае “так”. Тэатральная студыя гарадскога Дома культуры некалькі разоў ужо знаёміла землякоў са сваёй творчасцю – і кожны раз водгукі былі найлепшыя. А за спектакль «Антось Лата» калектыў на абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе – 2017” быў узнагароджаны дыпломам І ступені і яшчэ некалькімі ў розных намінацыях.

Акрылены поспехам рэжысёр Арцём Бадак вырашыў пайсці далей і паспрабаваць эпаціраваць публіку. Чым? Фантасмагорыяй паводле п’есы ўкраінскага аўтара. У інтэрпрэтацыі нашых тэатралаў спектакль прадстаў пад назвай “Меа culpa”, ці “Мая віна”.

На сцэне ўвагу гледачоў утрымлівае трыа ў складзе Міхаіла Стрыжова, Аліны Гатоўчыц і Арцёма Бадака. Светлавыя і гукавыя ракурсы (у афарбоўцы спектакля яны – важныя ролевыя ўзмацняльнікі. За іх гучанне-уздзеянне ў адказе гукааператар Дамір Шайхідзінаў і аператар Уладзімір Коктыш). Эмацыянальная ігра самадзейных артыстаў, арыгінальныя рэжысёрскія знаходкі і адкрыты фінал спектакля без гатовага адказу на адвечнае пытанне: “Як быць чалавекам з вялікай літары?” не пакідаюць раўнадушным нікога. Філасофская тэма ненавязлівая – наадварот, інтрыгуе-кружыць, вядзе да роздуму і асабістых высноў.

– Што робіць чалавека чалавекам, што рухае яго ўчынкамі? Ці заўсёды разумеем, што недзе памыліліся, зрабілі не так? Упэўнены, кожны хоць аднойчы пачынае задумвацца над гэтым. Уся анатомія пачуццяў, унутраная барацьба ўвасоблены ў спектаклі “Меа сulра”, – расказвае пра пастановачную задуму рэжысёр тэатральнай студыі.

На прэм’еру спектакля, якая адбылася ў мінулы чацвер у ГДК, прыйшлі ляхавічане рознага ўзросту – ад старшакласнікаў да вельмі сталых землякоў. Яркімі ўражаннямі і гарачымі водзывамі гледачоў тэатральнаму калектыву пастаўлена высокая, так бы мовіць, народная адзнака і нераўнадушна ацэнена майстэрства.

Застаецца дадаць, што дзеля таго, каб спектакль удаўся, стараўся ўвесь калектыў ГДК.

Наталля ПЕРАПЕЧКА

Перапечка, Н. Крэатыў, які прымушае думаць / Наталля ПЕРАПЕЧКА // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – № 30. – 21 красавіка. – С. 13.

Народны тэатр жыве і перамагае

Абласны фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе – 2020”, які цягам амаль двух тыдняў праходзіў у анлайн-прасторы, вызначыў пераможцаў, назваўшы лепшыя пастаноўкі аматарскіх тэатраў Брэстчыны. Конкурс, які традыцыйна адбываецца раз на тры гады, не быў адменены і сёлета – хіба што перайшоў у інтэрнэт. Галоўны і вельмі прыемны вынік фестывалю, паводле слоў старшыні журы, дырэктара Палескага драматычнага тэатра Аляксандра Лукашэнкі: аматарскі тэатр жывы, людзей захопленых многа, а спектаклі ёсць проста выдатныя!

У “Тэатральнага Палесся” ўжо даволі даўнія традыціі – першы фестываль адбыўся ў 1996 годзе. У свой час многа сіл у яго арганізацыю і правядзенне ўклала метадыст Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Вольга Антонаўна Зіновіч, якой ужо няма на гэтым свеце, але кіраўнікі аматарскіх тэатраў дагэтуль згадваюць яе імя з удзячнасцю. І зараз фестываль ладзіцца Цэнтрам сумесна з упраўленнем культуры Брэсцкага аблвыканкама. Калі б не пандэмія, і на гэты раз усё праходзіла б не ў інтэрнэце, а на сапраўднай сцэне – апошнім часам традыцыйным месцам правядзення стала пляцоўка Івацэвіцкага Дома культуры, дзе актыўна і натхнёна працуе народны драматычны калектыў “Авацыя” пад кіраўніцтвам Валянціны Кулецкай. Каб не перапыняць традыцыю, а галоўнае – каб не расчароўваць артыстаў і рэжысёраў, якія ўсе тры гады рыхтуюцца да фестывалю і для якіх гэта вельмі важная і значная падзея, было прынятае рашэнне перанесці конкурс у анлайн-прастору. Зразумела, ніводзін відэазапіс не заменіць жывой тэатральнай атмасферы, але ж ёсць і плюсы – цяпер гэтыя спектаклі на Youtube-канале Брэсцкага ГКЦ могуць паглядзець усе цікаўныя. А некаторыя відовішчы цалкам годныя і нават не патрабуючыя зніжак на самадзейнасць. Праўда, відэа рабілі самі тэатры, і ў фінале ўдзельнічаў нават спектакль, адзняты на камеру тэлефона. Але якасць відэаздымак, зразумела, не ўплывала на рашэнне журы. Сёлета ў заключны трэці тур конкурсу “Тэатральнае Палессе” трапілі 28 спектакляў. І гэта сапраўды вельмі многа. Увогуле, на Брэстчыне толькі тэатраў са званнямі “народны” ці “ўзорны” больш за 30, а лік усіх тэатральных драматычных утварэнняў дык большы за сотню. Выбіраць было з каго. У журы, сярод іншых, акцёры і рэжысёры двух прафесійных тэатраў Брэстчыны – Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і Палескага драматычнага тэатра з Пінска. Старшыня – Аляксандр Лукашэнка, дырэктар Палескага тэатра, які добра ведае, што такое аматарскі тэатр, бо і сам калісьці іграў у папулярным народным тэатры ДК “Трыкатажнік” у Пінску, а яшчэ і многа гадоў загадваў аддзелам культуры ў Пінскім гарвыканкаме.

Брэст, Пінск, Кобрын, Столін, Драгічын, Бяроза, Івацэвічы, Ганцавічы, Мір, Іванава, Маларыта, Ляхавічы, Пружаны, Белаазёрск… – няхай мне даруюць неназваныя калектывы, але пра ўсіх расказаць немагчыма. У спісе ўдзельнікаў фінальнага трэцяга тура кідаецца ў вочы прысутнасць значнай колькасці канкурсантаў нават з маленькіх мястэчак – аграгарадкоў і вёсак: Тэльмы, Тухавічы, Вялікія Круговічы… Сярод адзначаных журы аматарскае аб’яднанне “Мініацюра” сельскага Дома культуры аграгарадка Любішчыцы Івацэвіцкага раёна, якое паказвала эстрадныя мініацюры і атрымала дыплом. Узорны лялечны калектыў “Залаты ключык” з аграгарадка Аснежыцы быў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі лялечных спектакляў. Народны тэатр з гарадскога пасёлка Целяханы паказаў пастаноўку пра вясковае жыццё і ўшанаваўся дыпломам “За вернасць і адданасць тэатральнаму мастацтву”. І сапраўды, немагчыма не ацаніць імпэт удзельнікаў целяханскага тэатра: як расказала метадыст БГКЦ Юлія Данілюк, у ім іграюць практычна адны пенсіянеры, але справе аддаюцца цалкам. Да таго ж, яны працуюць без кіраўніка тэатра – усё самі. І звяртаюцца да мясцовых характараў, тыпажоў і гісторый, чым вельмі радуюць гледачоў роднага пасёлка. У конкурсе тэатр удзельнічаў з пастаноўкай паводле п’есы свайго земляка Васіля Стральчука “Воительница Матрена, или Щас как дам!”.

Нароўні з дарослымі калектывамі ўдзельнічалі і дзіцячыя, у іх былі свае намінацыі. І галоўным пераможцам тут стала ўзорная тэатральная студыя “Рытм” кобрынскага Палаца культуры. Яе спектакль “Казкі Дзеда-Барадзеда” я таксама мела на ўвазе, калі згадвала пра відовішчы, вартыя ўвагі. Думаю, многія дзеці з задавальненнем паглядзяць гэтую тэмпераментную, дасціпную і вельмі жывую пастаноўку паводле беларускіх народных казак, на беларускай мове і з юнымі артыстамі, якія з задавальненнем разыгрываюць забаўныя гісторыі.

– Кобрынская студыя “Рытм” мяне прыемна здзівіла, я з асалодай паглядзеў яе спектакль, – кажа старшыня журы Аляксандр Лукашэнка. Мне нярэдка даводзіцца працаваць у журы школьных тэатраў, і каб толькі не пакрыўдзіць настаўнікаў – скажу, што бывае адразу бачна, калі з дзецьмі ўсё ж працуюць прафесіяналы, рэжысёры. Так і тут, дзеці не проста выходзяць і прагаворваюць свой тэкст, яны іграюць як акцёры, пражываюць ролі, у іх гараць вочы! І сама пастаноўка прафесійная, з удалай кампаноўкай і вытрыманым тэмпам, глядзіш і радуешся. Дарэчы, хацеў бы адзначыць, як правільна для дзіцячага калектыву падабраны сам матэрыял. Ізноў жа згадваючы школьныя пастаноўкі, калі 13-гадовы “паліцай” дапытвае 14-гадовую “бабку”, патрабуючы сказаць “дзе твой сын-партызан”, мне гэта падаецца трохі дзікім. А ёсць жа выдатная дзіцячая літаратура! І няхай юныя акцёры лепей будуць зайчыкамі, ці падушкамі – як у спектаклі “Душа падушкі” з Мірскага СДК, які ў нас атрымаў дыплом трэцяй ступені, ці яшчэ кім адпаведным. “Казкі Дзеда-Барадзеда” – сапраўдная ўдача рэжысёра.

А рэжысёр гэты Таццяна Дрык. Дырэктар Палескага драматычнага тэатра Аляксандр Лукашэнка, як чалавек вопытны ў тэатральнай галіне, асабліва падкрэслівае вялікую ролю ў аматарскіх аб’яднаннях менавіта кіраўнікоў. І вельмі шкадуе, што на ўсіх іх не хапае, не ўсе адукаваныя рэжысёры маюць жаданне ехаць у глыбінку. А яшчэ адзначае, наколькі больш каштоўная ўдача аматарскай пастаноўкі ў параўнанні з прафесійнай, бо ў самадзейных тэатрах кіраўнік, як правіла, і за рэжысёра, і за сцэнографа, і за мастака па святле і гэтак далей. Дык вось, рэжысёр і кіраўнік студыі “Рытм” Кобрынскага Палаца культуры Таццяна Дрык, чый спектакль “Казкі Дзеда-Барадзеда” перамог у дзіцячай катэгорыі, сама калісьці школьніцай прыйшла ў студыю “Рытм”, потым скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і вось ужо сем гадоў кіруе студыяй, якая ў Кобрыне славіцца мноствам бліскучых казачных пастановак. Дзяцей-акцёраў Таццяна Дрык называе сваімі калегамі і лічыць, што галоўнае даць ім магчымасць раскрыцца, паказаць сябе. Можа, і таму пастаноўкі атрымліваюцца такімі жыццярадаснымі і нязму- шанымі.

Пінскаму каледжу мастацтваў, як кажуць, сам Бог вялеў любіць тэатр, і пастаноўка народнага эксперыментальнага тэатра-студыі “Пілігрым” паводле кнігі Рычарда Баха “Чайка з імем Джонатан Лівінгстан” была адной з самых цікавых і прафесійных у конкурсе ,яна заняла другое месца ў дарослай катэгорыі. Спектакль пабудаваны на пластычных эцюдах саміх артыстаў, і рэжысёр у пастаноўкі, такім чынам, калектыўны. Увогуле, намінацыі былі самыя розныя – напрыклад, адзначаліся і лепшыя спектаклі ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Натуральна, што сёлета, калі святкавалася 75-годдзе Перамогі, аматарскія калектывы не маглі не звярнуцца да гэтай даты. Лепшай стала пластычная візуалізацыя Дзмітрыя Скаваронскага і Наталлі Мацавіла “Дарогай дзіцячых слёз”, якую прадставіла ўзорная тэатральная студыя “Чароўны ліхтар” Брэсцкага гарадскога Цэнтра культуры.

Усіх, паўтаруся, не згадаеш, але напрыканцы мы пагаворым пра галоўнага пераможцу ў дарослай катэгорыі – ім стаў спектакль “Мea culpa” паводле п’есы Віктара Понізава ад народнага тэатральнага калектыву “Дом Дыягена” Ляхавіцкага ГДК, рэжысёр і выканаўца адной з галоўных роляў Арцём Бадак. Ізноў жа, запрашаю на Youtube паглядзець пастаноўку –стваральнікі прадстаўляюць яе як “правакацыйную фантасмагорыю”. Метадыст БГКЦ Юлія Данілюк расказвае, што гэты калектыў даволі малады, але імкліва набываючы аўтарытэт і папулярнасць. Толькі два гады таму ён атрымаў званне народнага, а ў фестывалі “Тэатральнае Палессе” перамагае ўжо другі раз запар. Гэта яўны лідар у аматарскай тэатральнай сферы Брэстчыны.

– Ляхавіцкі тэатр стаў для мяне сапраўдным адкрыццём, – кажа старшыня журы Аляксандр Лукашэнка. – Шчыра прызнаюся, гэта першы раз, калі я паглядзеў спектакль і захацеў пачытаць п’есу, захацеў яшчэ падумаць, паразважаць. Гэта сапраўдны тэатральны спектакль. Больш за тое, я вам скажу, што такія пастаноўкі, дзе практычна толькі дзве дзеючыя асобы, і не кожнаму прафесійнаму тэатру падуладныя – бо няма ні за каго, ні за што схавацца. А тут гледача гадзіну трымаюць у напружанай увазе. А калі я даведаўся, што рэжысёр Арцём Бадак – гэта і адзін з акцёраў, то я проста, як кажуць, зняў капялюш.

Арцём Бадак – рэжысёр яшчэ малады, чатыры гады таму скончыў Гродзенскі каледж мастацтваў, а раней сам іграў у баранавіцкім народным тэатры “Эксперымент”. Тэатр “Дом Дыягена” мае двух кіраўнікоў, больш вопытны – акцёр і рэжысёр Міхаіл Стрыжоў, і якраз гэтая акцёрская пара і разыграла гісторыю ў спектаклі “Мea culpa”.

Не думаю, што камусьці трэба тлумачыць, наколькі важна займацца творчасцю і людзям, што па сваёй працы з ёй не звязаныя, наколькі важна існаванне аматарскіх тэатраў у вёсках і гарадах, дзе прафесійных тэатраў няма, – гэта як не варта абмяркоўваць, ці патрэбна культура ўвогуле. І такія конкурсы, як “Тэатральнае Палессе”, канешне, ацэньваюць спектаклі з пункту гледжання прафесіяналізму, хто больш падобны на сапраўдны тэатр. У той жа час метадыст Юлія Данілюк адзначае, што для іх у Цэнтры галоўнае арганізаваць культурны вольны час сваім землякам. Але ж любому творцу хочацца быць лепшым, хочацца атрымліваць прызнанне і перамогі, і фестываль “Тэатральнае Палессе” дае магчымасць не заставацца ў вакууме і адчуваць сябе часткай адной вялікай тэатральнай, культурнай суполкі.

Надзея КУДРЭЙКА

Кудрэйка, Н. Народны тэатр жыве і перамагае / Надзея Кудрэйка // Культура. – 2020. – № 51. – 19 снежня. – С. 7.

Ляхавічане на «Тэатральным Палессі»

Народны лялечны тэатр «Метамарфоза» і народны тэатр «Дом Дыягена» прынялі ўдзел у абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе» ў горадзе Івацэвічы

«Метамарфоза» з батлеечным спектаклем «Анёлы вайны» (рэжысёр Міхаіл Стрыжоў) заваявала дыпломы «за стэнаграфію», «за аўтарскае рашэнне» і «за лепшы спектакль ваенна-патрыятычнай тэматыкі».

У «Дома Дыягена» – цэлых шэсць дыпломаў! З іх персанальны – за лепшую мужчынскую ролю другога плана ўзнагароджаны Андрэй Пранчак.

У спектакля «Пікнік» (рэжысёр Арцём Бадак) узнагароды «за лепшае музычнае рашэнне», «за лепшую стэнаграфію», «за лепшае ўвасабленне твораў сусветнай драматургіі», «за лепшае рэжысёрскае рашэнне», а таксама дыплом І ступені за высокае выканаўчае майстэрства, значны ўклад у папулярызацыю аматарскага тэатральнага мастацтва і актыўны ўдзел у абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе».

Ляхавічане на “Тэатральным Палессі” //  Ляхавіцкі веснік. – 2024. – №82. – 30 кастрычніка. – С. 3

Поделиться в социальных сетях:

Обсуждение закрыто.