«Зямляк. Пісьменнік. Юбіляр»: творчая сустрэча з Алесем Бадаком адбылася ў купалаўцы

20 лютага 2026 г., напярэдадні Міжнарожнага дня роднай мовы, у бібліятэцы панавала сапраўдная літаратурная атмасфера. Да нас завітаў паэт, празаік, перакладчык і галоўны рэдактар часопісаў, а цяпер дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» – Аляксандр (Алесь) Мікалаевіч Бадак.

Сустрэча была прымеркавана да знамянальнай даты – 28 лютага пісьменніку спаўняецца 60 гадоў. Бібліятэкары пазнаёмілі гасцей з жыццёвым і творчым шляхам вядомага земляка.

Аўтар, чыё слова кранае самыя тонкія струны душы, не проста чытаў свае вершы, але і шчыра адказваў на пытанні. Удзельнікаў сустрэчы цікавіла, над чым зараз працуе пісьменнік, адкуль ён бярэ сюжэты для сваіх твораў і ці ёсць у яго герояў рэальныя прататыпы.

Акрамя паэтычных зборнікаў («Будзень», «Маланкавы посах»), Алесь Мікалаевіч вядомы і як дзіцячы пісьменнік (серыя «Усім пра ўсё», «Верабей з рагаткай»), і як аўтар песень, якія выконваюць Анатоль Ярмоленка, Алеся, Аляксандр Саладуха і іншыя беларускія выканаўцы. А яшчэ даведаліся, што творы Алеся Бадака перакладзены на дзясяткі моў.

З творчымі віншавальнымі падарункамі на сустрэчу завіталі бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі і паэтэса Ларыса Глеб, паэтэса і аўтар-выканаўца песень Аліна Галіцкая, а таксама культарганізатар Тальмінавіцкага СДК Сяргей Сазановіч.

Асаблівы момант – падарунак бібліятэцы. Наш фонд папоўніўся кнігамі з аўтографам аўтара, а таксама яго выданнямі на розных мовах свету!

Дзякуем Алесю Мікалаевічу за цёплую размову, а ўсім, хто прыйшоў — за ўвагу і цікавыя пытанні!

Лізавета Мацулевіч,
заг. аддзела маркетынгу, сацыякультурнай
дзейнасці і метадычнай работы

Больш фота тут .

Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий