Ад усёй душы

1 кастрычніка ў аграгарадку Падлессе прайшла віншавальная акцыя «Ад усёй душы», прысвечаная Дню пажылых людзей.

Сумесны творчы дэсант Падлескай базавай школы, сельскага Дома культуры і бібліятэкі завітаў у госці прама да хат пажылых аднавяскоўцаў. Фармат выбралі невыпадкова, бо многім жыхарам залатога ўзросту ўжо цяжка самастойна дайсці да цэнтра аграгарадка.

Гасцей сустракалі сапраўды казачнымі словамі: «Мы да вас не з самалёта і не з карабля, з Падлескай базавай школы, сельскага Дома культуры і бібліятэкі да вас прыляцелі. Вельмі вас са святам залатога ўзросту павіншаваць захацелі!»

Вучні і артысты падарылі вяскоўцам цудоўны настрой: паўсюль гучалі шчырыя вершы, любімыя песні, выконваліся танцы. Гаспадары хат не стрымлівалі слёз радасці і шчыра дзякавалі за тое, што пра іх памятаюць. Гэтая сустрэча падарыла ўсім удзельнікам незабыўныя хвіліны душэўнага цяпла і размоў.

Са святам нашых шаноўных і дарагіх людзей! Моцнага здароўя, доўгіх гадоў і душэўнага спакою!

Ларыса Глеб,
бібліятэкар Падлескай СБ

Поделиться в социальных сетях:

Обсуждение закрыто.