Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны >>> Тэатр
АПЛАДЫСМЕНТЫ!
«Метамарфоза» па-стрыжоўску
Дзень работнікаў культуры разам з калегамі адзначае і Міхаіл Стрыжоў – асоба не проста творчая, а са шматлікімі і шматграннымі талентамі
Слова віншавальнае
Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць з прафесійным святам Днём работнікаў культуры – усіх, хто працуе ва ўстановах культуры Ляхавіччыны, і ветэранаў культурнай сферы
Здавалася б, што агульнага ў тэхніка-тэхнолага баваўняна-прадзільнай вытворчасці з клубным работнікам вышэйшай кваліфікацыі і рэжысёрам самадзейнага драматычнага калектыву? Для кіраўніка народнага лялечнага тэатра «Метамарфоза» Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры Міхаіла Стрыжова – дзве грані аднаго жыцця, выбудаванага вакол мастацтва. Аўтар п’ес, вершаў і прозы, акцёр, выканаўца шматлікіх роляў у тэатральных пастаноўках і некалькіх мастацкіх кінастужках, удзельнік літаратурна-творчага аб’яднання «Купальскія зоры» пры Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая. Сёння яго п’есы ідуць на сцэне, вершы гучаць на творчых вечарах і ўпрыгожваюць старонкі СМІ, акцёрскае майстэрства захапляе, а лялечныя пастаноўкі прымушаюць задумацца не толькі дзяцей, а і дарослых.
Дыплом Мінскага інстытута культуры Міхаіл Стрыжоў атрымаў у 1977 годзе. Малады рэжысёр народнага самадзейнага тэатра Баранавіцкага ГДК пісаў п’есы, займаўся пошукам сродкаў на іх пастаноўку і атрымліваў разам з калегамі шматлікія ўзнагароды і званні. У яго насычаным на падзеі творчым жыцці было шмат адзнак актыўнай прафесійнай дзейнасці, розныя пасады, а нязменнымі заставаліся талент і жаданне ствараць. Як адзначае Міхаіл Васільевіч, творчы працэс можа працягвацца 24 на сем, а новы спектакль часам нараджаецца і падчас сну…
Практычна дзесяцігоддзе таленавітай і творчай дзейнасці Міхаіла Стрыжова належыць Ляхавічам. Яго і Арцёма Бадака ў наш райцэнтр запрасіў колішні кіраўнік ГДК Мікалай Ламака. Ён прапанаваў ім стварыць народны тэатр. З нуля. Так у Ляхавічах з’явіўся тэатральны калектыў «Дом Дыягена» пад кіраўніцтвам двух энтузіястаў – Міхаіла Стрыжова і Арцёма Бадака, якія з запалам узяліся за справу. Першым свет убачыў спектакль «Мой мілы Плюшкін». Пасля была п’еса «Мараль пані Дульскай». Праз час паступіла прапанова аб стварэнні тэатра лялек. І Міхаіл Стрыжоў стаў яго кіраўніком і натхніцелем. На сёння публіка ўбачыла два батлеечныя спектаклі «Збавіцель» і «Анёлы вайны». Пастаноўку «Анёлы вайны» Міхаіл Стрыжоў прысвяціў 80-годдзю Вялікай Перамогі. За аснову спектакля ўзяты дакументальныя факты зверстваў фашыстаў. Летась на абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе» эксперыментальная работа заваявала адразу тры дыпломы: «за сцэнаграфію», «за аўтарскае рашэнне» і «за лепшы спектакль ваенна-патрыятычнай тэматыкі». Дарэчы, «Метамарфоза» пад кіраўніцтвам Стрыжова не толькі атрымала званне народнага калектыву, але і паспяхова гэтай вясной яго пацвердзіла.
Ён ва ўсім таленавіты, грунтоўны, нераўнадушны і заўсёды гатовы да новых ідэй. Ляхавічане прывыклі бачыць Міхаіла Стрыжова і ў ролі вядучага шматлікіх мерапрыемстваў і святаў, удзельніка жартоўных сцэнак, якія дораць зарад пазітыву, а яго голас з лёгкай хрыпатцой з самага пачатку дзейства настройвае на інтрыгу. На абласных «Дажынках» Міхаіл Стрыжоў прыняў удзел у нумары «Цыганская рапсодыя», дзе іграў Будулая.
– Тэатр для мяне ўсё, акрамя маёй сям’і. У мяне чатыры ўнучкі, якіх моцна люблю. А сцэна – мой дом, дзе мне заўсёды камфортна. Галоўнае, адправіць імпульс у зал, а калі ён дасягнуў гледачоў, у адказ ідзе магутная хваля. І гэта такі кайф, нешта паўмістычнае, – дзеліцца Міхаіл Стрыжоў і адзначае, што менавіта сям’я, любоў гледачоў і падтрымка калег і з’яўляюцца тым сакрэтам, які дазваляе і ў 75 гадоў адчуваць сябе маладым душой і гатовым да тэатральных эксперыментаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА
Перапечка, Н. “Метамарфоза” па-стрыжоўску / Наталля Перапечка : фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. – 2025. – 11 кастрычніка (№ 77). – С. 3: фат.


