Святы. Літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні»

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны  >>> Святы

“Флер’яноўскія чытанні”

2022 г. Занька, Т. Да сустрэч на гасціннай ляхавіцкай зямлі2022 г. Кухта-Маслоўская, М. І паветра дыхала творчасцю2022 г. Кухта-Маслоўская, М. Фэст высокага ўзроўню2022 г. Мацулевіч, Л. Стагоддзе таму і сёння2022 г. Мацулевіч, Л., Юркевіч, З. Светлыя пачуцці Флер'янова2020 г. Кухта, М. З любоўю ад першага да апошняга радка2020 г. Кухта, С. Скарбы Флер’яноўскай сядзібы2020 г. Новік, А. Пад небам Флер’янова2020 г. Шляхамі Элізы Ажэшка2018 г. Барадзіна, В. Генрых Траццяк сустракае гасцей2018 г. Барадзіна, В. Чэрвень. Флер’янова. Чытанні2018 г. Багдановіч, Н. На сустрэчу з Элізай Ажэшкай2018 г. Ждановіч, І. Новыя колеры Флер’янова2018 г. Мацулевіч, Л. “Флер'яноўскія чытанні”: ода малой радзіме2018 г. Мікуліч, А. Літаратурныя чытанні ў Флер’янове2016 г. Перапечка, Н. Флер’янова. Літаратурныя чытанні2016 г. Поплавский Г. Новая «строфа поэмы»

З РЭДАКЦЫЙНАЙ ПОШТЫ

Да сустрэч на гасціннай ляхавіцкай зямлі

У мінулыя выхадныя ў сядзібна-паркавым ансамблі роду Бохвіцаў у невялікай вёсачцы, што ў Ляхавіцкім раёне, адбыўся літаратурны фестываль “Флер’яноўскія чытанні”. Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В. Ф. Праскурава таксама прыняла ў гэтым мерапрыемстве ўдзел.

Фестываль праходзіць чацвёрты раз, але мне давялося пабываць там упершыню. Я не толькі была пад уражаннем, але ў маёй душы застаўся добры след, нібы я пабывала на сустрэчы з даўнім добрым сябрам.

Такая там была камфортная атмасфера, якой спрыяла добрае надвор’е, хлебасольныя адносіны ляхавіцкіх бібліятэкараў і, канешне, тое, што я ўбачыла.

Першае, на што я кінула позірк, калі зайшла ў брамку, – гэта франтон будынка з неагатычнымі элементамі, які размясціўся сярод такой жывапіснай прыроды. Асабліва прыцягвае ўвагу шматвекавы дуб, пасаджаны самой Элізай Ажэшка.

Зараз сядзіба знаходзіцца ў руках вельмі добрых і чулых людзей Генрыха Міхайлавіча і Ларысы Паўлаўны Траццякоў.

Праграма фестывалю была насычанай. На тэрыторыі самога комплексу размясцілася шмат пляцовак: фотазоны і выставы, майстар-клас па вырабе абярэгаў, інтэлектуальныя гульні і г. д.

Бібліятэкары Ляхавіччыны падарылі сапраўднае свята ўсім, хто завітаў у гэты прыгожы чэрвеньскі дзянёк у сядзібу ў Флер’янове. Так і хочацца сказаць: «Да наступнай сустрэчы на гасціннай Ляхавіцкай зямлі!».

Таццяна ЗАНЬКА

Занька, Т. Да сустрэч на гасціннай ляхавіцкай зямлі / Таццяна Занька // Ляхавіцкі веснік. — 2022. — 18 чэрвеня (№ 45). — С. 4.

І паветра дыхала творчасцю

Натхненне дарыла Флер’янова

Пашанцавала з усім. І з творчымі людзьмі, што ладзілі гэты фэст, і з удзельнікамі, і з месцам, і з часам, і з надвор’ем. Чэрвеньскі марафон падзей і святаў у мінулую суботу пераняў літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні». Чацвёрты раз у цудоўнейшым куточку Беларусі — сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове — раскватаравалася літаратурная гасцёўня, дзе спалучыліся сучаснасць і старажытнасць, юнацкі максімалізм і вопыт жыцця, дзе музыка кранулася вершаваных радкоў, дзе пасялілася творчасць.

Спадчына Алеся Бадака, Веры Дыдышка, Валянціны Пабягайла, Вячаслава Вайшэвіча, Уладзіміра Дамашэвіча… Наша натхняльніца – ляхавіцкая зямля – заўсёды ў сэрцы творцаў. І сёння традыцыі літаратарства моцна пусцілі карані і ўзвілі ў мастацкія высі свае надзеі і заяўкі на пісьменніцкі поспех. Пра гэта сведчыць папулярнасць «Флер’яноўскіх чытанняў», куды кожныя два гады спяшаюцца тыя, для каго святое жывое слова мастацкай літаратуры.

Год народнага адзінства, а за ім Год гістарычнай памяці ўзрушылі і аб’ядналі беларусаў у памкненні зберагчы памяць для нашчадкаў. Што адрознівае фестываль ад іншых? Магчымасць аб’яднаць эпохі, пагрузіцца ў імгненні часоў, калі ствараў Фёдар Еўлашоўскі, калі ў Грушаўцы за радзіму балеў душой Тадэвуш Рэйтан, любым Рэпіхавам натхняўся Ян Чачот, свет філасофскай навукі вывучаў Фларыян Бохвіц, услаўляў род Напалеон Чарноцкі з Начы, заўжды ў малітве за свой народ падлескі Серафім Жыровіцкі. У постацях, пачуццях яны вярнуліся, каб нагадаць, які свяшчэнны скарб дастаўся беларусам. Нам гістарычна-генетычна яны наказалі берагчы самае святое – памяць.

У Флер’янова ізноў завітала жыццё, накрыла кожнага прысутнага хваляй атмасфернасці часу і аддаленасці ад сучасных рэалій. Там, нібы ў паралельным сусвеце, перасякліся стагоддзі, у «Фэйсбуку» прэзентуе сябе польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Менавіта яна сваім візітам у гэтае казачнае месца дала сілы, натхненне на рост дубу, пад якім праз колькі часу ладзіцца пляцоўка «Адкрыты мікрафон». Пішаш, тады на сцэну — дарыць сваю творчасць іншым.

А яшчэ на памяць кожны атрымаў лісток з ажэшкінскага дубу – такое прывітанне падрыхтавалі арганізатары фэсту – Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

У імправізаваных «Аднакласніках» прапаноўвалі пагуляць у гульні, а ў «Інстаграме» на свежым паветры – паласавацца стравамі беларускай кухні, можна было лайкнуць і анлайн пад запісам, і добрым словам. А якія шыкоўныя фота зоны: і ў вячэрнім уборы, і за кубачкам гарбаты з Элізай Ажэшка, у нацыянальным уборы, і нават побач з Янкам Купалам.

Прыемна, што «Флер’яноўскія чытанні» – чаканае свята і для калег па цэху з іншых рэгіёнаў. Свае літаратурныя гасцёўні прадставілі бібліятэкары з Лунінецкага, Баранавіцкага, Карэліцкага, Ганцавіцкага раёнаў.

Прывітальнае слова ўдзельнікам фестывалю накіраваў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Ён яскрава адзначыў, што праз стагоддзі сядзіба роду Бохвіцаў застаецца цэнтрам прыцягнення творчых і таленавітых людзей, асяродкам культурных зносін. І сёння гэты фестываль – чаканая падзея для ўсіх землякоў, культурная традыцыя Ляхавіччыны.

Сёлета наш райцэнтр адзначае 530-годдзе з дня першага згадвання. З гэтай нагоды так прыгожа прагучала папуры песень на словы нашых землякоў у выкананні групы «Пачатак».

Завіталі на флер’яноўскую сустрэчу літаратурная пара Колас – Купала. Так-так, сапраўды, калі з фанографа загучалі галасы класікаў беларускай літаратуры, здаецца, нават шапаценне лісця на хвіліны спынілася. Усе заварожана ўслухваліся ў кожнае слова.

Наша бібліятэка таксама мае дачыненне да гэтых імёнаў. Сёлета споўнілася 75 гадоў з дня прысваення Ляхавіцкай бібліятэцы імя народнага паэта Янкі Купалы. А ёй так пасуе, як яе пяшчотна называюць «наша купалаўка». Натхнёныя творчасцю земляка-беларуса, бібліятэкары нясуць веліч літаратуры ў масы. Прыемна, што не баяцца эксперыментаваць. Літаральна мора авацый сабраў мюзікл «Прымакі», што паспрабавалі і так класна паставілі супрацоўнікі бібліятэк, удзельнікі калектываў цэнтралізаванай клубнай сістэмы і народнага тэатра «Дом Дыягена» (ГДК).

…Момант, калі пераможная інтрыга перастала быць ёй. Пераможцаў конкурсу «Cloveсность» узнагародзіла дырэктар Ляхавіцкай РЦБС Вольга Пляшэвіч:

– Дзякуй кожнаму, хто далучыўся да гэтага конкурсу. 14 работ, у якіх лейтматывам стала любоў да Беларусі, зацікавілі і прымусілі паспрачацца журы. Дзякуй нашым партнёрам – выдавецтву «Мастацкая літаратура» і, канешне, нашаму таленавітаму земляку Алесю Бадаку, інфармацыйнаму партнёру – раённай газеце. Увогуле, кожнаму нераўнадушнаму чалавеку, які дапамог стварыць гэта свята.

Асобых дыпломаў і намінацый удастоены лепшыя і на думку рэдкалегіі “Ляхавіцкага весніка”.

Як заўжды, пад гучныя апладысменты сустракалі гаспадароў сядзібы Ларысу Паўлаўну і Генрыха Міхайлавіча Траццякоў. Яны сціпла адзначаюць, што гэта сядзіба надае ім сілы і жаданне ствараць, працаваць і жыць далей. І так прыемна кожны год сустракаць тут усё больш зацікаўленых турыстаў. Дзякуй вам, нашы дарагія землякі, вы сапраўдны прыклад нераўнадушнасці і патрыятызму!

Шматлікія выставы, майстар-класы, арт-пляцоўкі – усё гэта так прыгожа дапаўняла канцэпцыю «Флер’яноўскіх чытанняў». Яшчэ спявалі нашы самадзейныя мастацкія калектывы і артысты, танцавалі юныя зорачкі ДШМ, а як дэкламавалі вершы! А які чароўны пленэр разгарнуўся насупраць сядзібы – юныя выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў натхняліся тутэйшымі краявідамі! Гэта непаўторнае імгненне, якое так хацелася спыніць і атрымаць асалоду ад паветра, якое таксама дыхала творчасцю.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ

Кухта-Маслоўская, М. І паветра дыхала творчасцю / Маргарыта Кухта-Маслоўская; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. — 2022. — 18 чэрвеня (№ 45). — С. 4, 16 : фат.

Фэст высокага ўзроўню

…Ёсць імгненні, якія натхняюць на новыя памкненні і здзяйсненні, яны напаўняюць наша жыццё новым сэнсам. Менавіта такімі матывамі быў прасякнуты літаратурны фестываль «Флер‘‘‘яноўскія чытанні».

З кожным разам фэст, калі так можна сказаць, станавіўся больш дарослым, здзіўляў, аб’ядноўваў. Сёлетні сапраўды ўразіў сваёй сур’ёзнасцю і высокім узроўнем таго, што адбывалася. Гэта фэст не з разраду звычайных, ён ахоплены прагай творчасці, палёту думкі, высокім мастацкім натхненнем, павагай да гістарычнага мінулага Беларусі, да яе культурных дзеячаў, да нашага беларускага багацця. Гэта вялікае шчасце – бачыць, што наша мова жыве і ўвасабляе ў сабе ўсё самае лепшае. Гэта цудоўна – разумець, што нашы дзеткі ведаюць Купалу і Коласа, з задавальненнем слухаюць творы ляхавіцкіх паэтаў і пісьменнікаў. Яны не баяцца эксперыментаваць, ім падуладна ўсё — калі ласка, мюзікл па матывах «Прымакоў». І зал лікуе: «Брава!», «Класна!».

Як інфармацыйны партнёр, «веснікаўцы» ведаюць, якая вялікая падрыхтоўчая работа папярэджвала літаратурнаму фестывалю. Акрамя арганізацыйных момантаў, паралельнымі сюжэтамі вяліся чыстыя работы ў сядзібе Бохвіцаў. Напярэдадні «Чытанняў» калектыў купалаўкі пашчыраваў там на славу.

Як заўжды, кіпела праца і ў купалаўцы: ад касцюмаў да тэатральных элементаў – усё гэта крэатывілі яны, работнікі Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Мы шчаслівыя людзі. Нам засталася такая спадчына. Вы толькі ўявіце – пад тым самым дубам, які пасадзіла Эліза Ажэшка, мы слухаем і дэкламуем вершы, на памяць пра свята атрымайце лісце з самага творчага дрэва ў Беларусі. Прайдзіцеся сцежкамі, дзе некалі хадзіў Бохвіц, загляніце ў сядзібу, якую так ашчадна берагуць Генрых і Ларыса Траццякі.

Мы шчаслівыя і таму, што працягваем традыцыю памяці. І робім гэта сапраўды шчыра. Колькі маладых талентаў сёння ўслаўляюць Ляхавіччыну. У іх вершаваных радках прапісалася любоў да малой радзімы, у прозе так пяшчотна яны прызнаюцца ў самых шчырых пачуццях да Бацькаўшчыны, цікавяцца лёсам сваіх продкаў. Некаторыя творы пераможцаў конкурсу “Cloveсность” абавязкова будуць надрукаваны ў раёнцы.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ

Кухта-Маслоўская, М. Фэст высокага ўзроўню / Маргарыта Кухта-Маслоўская ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. — 2022. — 15 чэрвеня (№ 44). — С. 4 : фат. 

Стагоддзе таму і сёння

Чарговы раз акунуцца ў свет літаратуры запрасіла Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. У комплексе былой сядзібы Бохвіцаў у вёсцы Флер’янова, дзе стагоддзе таму бывалі знакамітыя літаратары, адбыўся чацвёрты фестываль «Флер’яноўскія чытанні».

У Год гістарычнай памяці мы ўспомнілі нашу гісторыю, багатую і разнастайную, цікавую і насычаную культурную спадчыну Радзімы. Падчас тэатралізаванага паказу «Ходу гісторыі» гледачы сустрэліся са славутымі землякамі: Фёдарам Еўлашоўскім, Тадэвушам Рэйтанам, Фларыянам Бохвіцам, Напалеонам Чарноцкім, Марыянам Фальскім, Серафімам Жыровіцкім. Адметнымі справамі яны назаўсёды ўпісалі свае імёны ў айчынную гісторыю. Ляхавіцкая зямля багатая на літаратурныя таленты, і іх творы нязменна суправаджаюць кожныя «Флер’яноўскія чытанні». Цікавы вершаваны твор «Ляхава навука», напісаны Людмілай Цітко паводле легенды пра горад, госці мерапрыемства пачулі ўпершыню.

Музыкальныя нумары, якія суправаджалі мерапрыемства, у асноўным створаны на словы землякоў. Асаблівую цікавасць выклікала папуры ў выкананні эстраднай групы «Начало» Ляхавіцкага ГДК, парадавалі сваім вакальным майстэрствам калектывы «Берагіня» і «Вечарніца», Вольга Якуніна, Сяргей Сазановіч, навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў.

2022-ы – год юбілеяў. Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пантаміма «Купала і Колас» перанесла гледачоў у літаратурныя будні пісьменнікаў.

Юбілей таксама і ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі – споўнілася 75 гадоў з дня прысваення ёй імя народнага паэта Янкі Купалы. Сапраўднай разынкай стаў мюзікл па матывах твора «Прымакі». Аўтарамі тэксту да пастаноўкі выступілі Ларыса Глеб і Міхаіл Стрыжоў, рэжысёрам – Арцём Бадак. Адным з асноўных момантаў «Флер’яноўскіх чытанняў» з’яўляецца абвяшчэнне пераможцаў конкурсу «Славеснасць», у якім сёлета прынялі ўдзел 14 аўтараў. «Пра Беларусь з любоўю» – лейтматыў конкурсу. Былі прадстаўлены матэрыялы ў дзвюх намінацыях: «Паэзія» і «Эсэ». Дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч уручыла ўзнагароды: найлепшымі сталі Карына Вялічка, Людміла Цітко, Ксенія Шастак, Вольга Рокач. Свае віншаванні і падарункі пераможцам перадаў Алесь Бадак, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Дыпломамі ўзнагародзіла канкурсантаў таксама і раённая газета «Ляхавіцкі веснік».

Лізавета МАЦУЛЕВІЧ

Мацулевіч, Л. Стагоддзе таму і сёння / Лізавета Мацулевіч // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 1 ліпеня (№ 26). — С. 3. 

Светлыя пачуцці Флер’янова

У сярэдзіне чэрвеня чарговым разам акунуцца ў свет літаратуры запрасіла Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. Менавіта тут, у комплексе былой сядзібы Бохвіцаў у в. Флер’янова, дзе стагоддзе таму бывалі знакамітыя літаратары, ладзіліся прадстаўленні “Флер’яноўскага тэатрыка”, адбыўся чацвёрты фестываль “Флер’яноўскія чытанні”.

У пачатку дваццатага стагоддзя Флер’яноўская сядзіба была адным з асяродкаў разнастайных культурных зносін. Творчая ініцыятыва ляхавіцкіх бібліятэкараў і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама аднавіць традыцыю правядзення літаратурных вечароў узнікла ў 2016 годзе – у Год культуры тут адбыліся першыя “Флер’яноўскія чытанні”, прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая калісьці адпачывала ў пансіянаце Бохвілаў у гэтым самым будынку і стала завадатаркай літаратурных чытанняў. З таго часу раз на два гады свята збірае аматараў літаратуры і творчасці.

Сёлета, у Год гістарычнай памяці, мы згадалі нашу гісторыю, багатую, цікавую і насычаную культурную і гістарычную спадчыну нашай Радзімы. Падчас тэатралізацыі “Ход гісторыі” гледачы сустрэліся з нашымі славутымі землякамі: Фёдарам Еўлашоўскім, Тадэвушам Рэйтанам, Фларыянам Бохвіцам, Напалеонам Чарноцкім, Марыянам Фальскім, Серафімам Жыровіцкім. Кожны з іх непарыўна звязаны з Ляхавіцкай зямлёй, сваімі справамі яны назаўсёды запісалі свае імёны ў нашу гісторыю.

Ляхавіцкая зямля багатая на таленты, таксама і літаратурныя. Творы тых, хто нарадзіўся тут, нязменна суправаджаюць кожныя “Флер’яноўскія чытанні”. Цікавы вершаваны твор “Ляхава навука”, напісаны Людмілай Цітко паводле легенды пра горад, госці мерапрыемства пачулі ўпершыню.

Сёлета адзначаецца 530-гадовы юбілей нашага горада – свята ўсіх, хто лічыць Ляхавічы сваёй радзімай; хто шануе памяць продкаў, паважае працу людзей, якія робяць наш горад камфортным, прыгожым і зручным. Гэта свята ўсіх, хто нарадзіўся і вырас тут, хто аднойчы прыехаў – і стаў ляхавічанінам, і тых, хто з розных прычын пакінуў Ляхавічы, але душой і сэрцам застаўся верным сваёй малой радзіме. Музыкальныя нумары, якія суправаджалі мерапрыемства, падабраныя па асаблівым прынцыпе: словы да большасці песень напісаны нашымі землякамі. Асаблівую цікавасць выклікала папуры ў выкананні эстраднай групы “Начало” Ляхавіцкага ГДК, парадавалі сваім вакальным майстэрствам калектывы “Берагіня” і “Вечарніца”, Вольга Якуніна, Сяргей Сазановіч, навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў.

2022 год – год юбілеяў. Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння двух класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтую значную для беларускай літаратуры падзею нельга пакінуць без увагі. Пантаміма “Купала і Колас” перанесла гледачоў у літаратурныя будні пісьменнікаў.

Юбілей таксама і ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі – споўнілася 75 гадоў з дня прысваення ёй імя народнага паэта Янкі Купалы. Вельмі хацелася зрабіць нешта значнае, цікавае да гэтай важнай для нас даты.

Сапраўднай разынкай мерапрыемства стаў мюзікл па матывах твора Янкі Купалы “Прымакі”, які амаль што ўзарваў імправізаваную залу апладысментамі.

Аўтарамі тэксту да пастаноўкі выступілі Ларыса Глеб (дарэчы, бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі) і Міхаіл Стрыжоў, рэжысёр – Арцём Бадак.

Адным з асноўных і доўгачаканых момантаў “Флер’яноўскіх чытанняў” з’яўляецца абвяшчэнне пераможцаў конкурсу “Славеснасць”, у якім прынялі ўдзел 14 нашых землякоў. “Пра Беларусь з любоўю” – лейтматыў конкурсу ў гэтым годзе. Былі прадстаўлены матэрыялы ў дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Эсэ”. Ва ўсіх работах адчувалася любоў, клопат і павага да роднай зямлі, да роднага краю. А колькі цікавасці да яе гісторыі і гонару за наш сённяшні светлы дзень! Дырэктар ДУК “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Вольга Пляшэвіч уручыла заслужаныя ўзнагароды: лепшымі ў сваіх намінацыях сёлета сталі Карына Вялічка, Людміла Цітко, Ксенія Шастак, Вольга Рокач. Свае віншаванні і падарункі пераможцам перадаў Алесь Балак, пісьменнік, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Дыпломамі ўзнагародзіла канкурсантаў таксама і раённая газета “Ляхавіцкі веснік”.

Цікавыя разнастайныя пляцоўкі дзейнічалі на працягу мерапрыемства. Пісьменнікі з Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Карэліцкага раёнаў знаёмілі са сваёй творчасцю на “адкрытым мікрафоне”,выставачныя пляцоўкі прадставілі супрацоўнікі Ляхавіцкай, Баранавіцкай, Ганцавіцкай, Лунінецкай бібліятэчных сістэм, асаблівую цікавасць выклікалі выданні Фларыяна Бохвіца 1838 1 1841 гадоў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Працавалі пленэр мастакоў, майстар-класы, нацыянальная кухня, выстава калекцыі сукенак Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання і інш.

Прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць спеўную беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за сваю Радзіму. Спадзяваемся, цёплыя ўспаміны аб гэтай чэрвеньскай сустрэчы заўсёды будуць жыць у сэрцах удзельнікаў і гасцей мерапрыемства і выклікаць светлыя пачуцці!

Лізавета МАЦУЛЕВІЧ,
загадчыца аддзела маркетынгу і сацыякультурнай

дзейнасці Ляхавіцкай цэнтральнай раённай
бібліятэкі імя Янкі Купалы

ЗАМЕСТ КРОПКІ

Род Бохвіцаў і сядзіба ў Флер’янове здаўна знаходзяцца ў сферы цікавасці нашай газеты. Не так даўно мы двойчы звярталіся да асобы самага славутага прадстаўніка роду беларускага філосафа Фларыяна Бохвіца, ад імя якога Флер’янова і атрымала свой назоў. Спярша мы правялі суботнік на могілках у Дараве, дзе пахаваны філосаф і яго сям’я. Пазней распавялі пра радавод філосафа, які аказаўся неймаверна цікавым (гл. “К” № 17, 24, 2022). Наперадзе ў нас публікацыі пра лёс маёнткаў Бохвіцаў у Паўлінаве і Флер’янове, у якіх мы плануем распавесці гісторыі аднаўлення дзвюх славутых сядзіб. На вялікі жаль, сядзіба Бохвіцаў у Вошкаўцах, дзе непасрэдна жыў Фларыян Бохвіц і якая мела велізарную культурную каштоўнасць, з нейкай прычыны была “разабраная на дровы” ў 2005–2006 гадах (гл. «К» № 37, 2020). A магла з цягам часу стаць важным турыстычным пунктам не толькі на мапе Ляхавіччыны, але і ўсёй Беларусі. У 2011 годзе закінуты сядзібны будынак у Флер’янове, які без належнага нагляду імкліва занепадаў, быў набыты мясцовым жыхаром Генрыхам Траццяком, Героем Сацыялістычнай Працы (1988), ардэнаносцам і былым старшынёй калгаса. Ад таго часу ўласнымі высілкамі ён і яго жонка Ларыса Траццяк рупліва апякуюцца старой сядзібай. Імі створана невялічкая музейная экспазіцыя, якая распавядае пра колішніх гаспадароў маёнтка.

“Флер’яноўскія чытанні”, якія ладзяцца раз на два гады, вельмі ўдалая ініцыятыва ўладаў Ляхавіцкага раёна. Гэты фестываль удыхнуў жыццё ў пустыя памяшканні, напоўніў іх галасамі. Даў надзею на лепшае. Але гісторыка-культурны патэнцыял гэтай сядзібы, гэтых цікавых мясцін, людзей, якія тут нарадзіліся, значна большы. Падаецца, што ў наступным годзе варта было б заснаваць традыцыю навукова-краязнаўчых чытанняў, тэматычна звязаных з гісторыяй роду і сядзібы. Пасаваў бы колішняму гнязду Бохвіцаў і фэст шляхецкай культуры. А ведаючы гасціннасць гаспадароў не па чутках і іх зацікаўленасць у развіцці Флер’янова, думаецца, гэтыя ідэі маюць усе шанцы пусціць на падворку сядзібы трывалыя карані!

Зміцер ЮРКЕВІЧ

Мацулевіч, Л. Светлыя пачуцці Флер’янова / Лізавета Мацулевіч ; Зміцер Юркевіч // Культура. — 2022. — 2 ліпеня (№ 27). — С. 13 : фат.

З любоўю ад першага да апошняга радка

Як брэнд, гучаць «Флер’яноўскія чытанні», што традыцыйна запрашаюць творчых людзей на ляхавіцкую зямлю. Яго ідэйныя і творчыя натхняльнікі – супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы – не спыняюцца здзіўляць і ўжо трэці раз у шчодрым на цяпло верасні запрасілі на літаратурны фэст. І ў 2020-м ён незвычайны: 150 гадоў назад завяршылася будаўніцтва флер’яноўскай сядзібы.

За веснічкамі пачынаецца іншае жыццё. Нібы машына часу пераносіць на стагоддзі назад турыстаў і гасцей свята. Гасцінна віталі і запрашалі на імпрэзу Тадэвуш Бохвіц і Эліза Ажэшка. Дэталёвасць і гістарычнасць ва ўсім, да чаго датыкаюцца работнікі ЦБС, атмасфернасць нават у распрацаваных святочных праграмках.

Увогуле тут, дзе так утульна Ажэшкінскаму дубу, лёсам было наканавана стаць памятным месцам, якое здолелі зберагчы, удыхнуць у яго другое жыццё Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Траццякі. Яны круглы год сустракаюць апантаных турыстаў, як ніхто, у падрабязнасцях раскажуць пра колішніх гаспадароў і гісторыю маёнтка.

Вядучыя свята зачыталі прывітальны ліст дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Квачана. Ён адзначыў, што прыкладам таму, што бібліятэка сёння – гэта і цэнтр адраджэння нацыянальнай памяці і культуры, з’яўляюцца «Флер’яноўскія чытанні». А яшчэ бібліятэка перадала ў фонд Ляхавіцкай ЦБС дыск «Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь», які ўключае часопісы на рускай, французскай, польскай мовах перыяду да 1917 года. Копіі друкаваных выданняў былі перададзены Генрыху Траццяку для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую заклаў Тадэвуш Бохвіц. Віталі на імправізаванай сцэне гісторыка і даследчыка – заснавальніка арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана Зміцера Юркевіча.

Ляхавіччына – як скарбніца талентаў, якія ў сваім штодзённым клопаце не забываюць пра сваю малую радзіму, працуюць-жывуць з цёплымі ўспамінамі да роднага мястэчка. Як жа гарманічна гучалі вершы нашага земляка – ураджэнца вёскі Яцкаўшчына Івана Ждановіча, які сёння працуе рэдактарам газеты «Голас Радзімы». «Я вярнуўся дамоў у расквечаным маі…» так сакавіта і пяшчотна разляцеліся радкі верша ў выкананні Міхася Стрыжова. І хоць Іван Ждановіч не змог прыехаць на сустрэчу, перадаў усім прысутным свае прывітанні і віншаванні з 80-годдзем раёна і, безумоўна, з чарговымі «Флер’яноўскімі чытаннямі». Пранікнёна гучала: «… Годная будучыня – гэта наша заўсёды руплівая праца, настойлівае трыманне найперш душэўнай раўнавагі ў неспакойным свеце. Гэта імкненне ствараць – а не разбураць, збіраць камяні – а не раскідваць іх, шукаць паразумення з сабою і са светам – а не вінаватых у нашых праблемах».

Сяброў у фэсту многа. З радасцю падарылі сваю творчасць удзельнікі клуба «Літаратурная правінцыя» з Лунінеччыны.

Не абышлося і без літаратурных узнагарод. Лепшыя з лепшых у розных намінацыях падымаліся на сцэну атрымаць віншаванні і ўзнагароды за перамогу ў конкурсе «Cloveснасць». Тэма самая родная і блізкая – слова пра Радзіму.

Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч шчыра дзякавала за актыўнасць, за тое, што, незалежна ад формы, змест твораў канкурсантаў ад першага да апошняга радка прасякнуты любоўю да месца, дзе ўсё дорага сэрцу.

Нельга не выказаць захапленне крэатыўнасцю нашых бібліятэкараў. У любым амплуа яны ствараюць атмасферу свята і ўрачыстасці. «Экспрэс», «Берагіня», «Жытніца» – нашы творчыя калектывы сваё паэтычнае слова абрамілі ў музычны кантэкст і, як заўжды, здзівілі прысутных.

І фотазоны, і выставы, і смачная беларуская кухня, і Instagram-рамачка – чаго толькі ні хапала, каб прывезці з сустрэчы кавалачак добрых успамінаў. Бібліятэчны бульвар ад ляхавіцкіх, баранавіцкіх, лунінецкіх калег не раз прымушаў прайсціся і засяродзіць сваю ўвагу.

А «Адкрыты мікрафон» стаў пляцоўкай для кожнага, хто пажадаў заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Маргарыта КУХТА

Кухта, М. З любоўю ад першага да апошняга радка / Маргарыта Кухта ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. — 2020. — 23 верасня (№ 72). — С. 5 : фат.

Скарбы Флер’яноўскай сядзібы

2020 год вельмі багаты на знамянальныя даты для Ляхавіцкага раёна – 150 гадоў назад скончылася будаўніцтва Флер’яноўскай сядзібы. 80 гадоў, як ўтварыўся сам раён, 75 гадоў з таго моманту, як гасцінна расчыніла свае дзверы Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

Трэба адзначыць, што напачатку дваццатага стагоддзя Флер’яноўская сядзіба была адным з асяродкаў культурных зносін. Тут арганізоўваліся літаратурныя чытанні, дзе таленавітыя госці чыталі свае творы, спяваў хор, выступалі вядомыя музыканты.

Аднавіць гэтую традыцыю правядзення літаратурных вечароў вырашылі ў 2016 годзе. Па ініцыятыве Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў Год культуры адбыліся першыя “Флер’яноўскія чытанні”. Яны былі прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. З той пары і прынята праводзіць чытанні раз у два гады.

Літаратурны фестываль “Флер’яноўскія чытанні” калісьці гасцінна віталі і запрашалі на імпрэзу Тадэвуш Бохвіц і Эліза Ажэшка. Увогуле тут, дзе так утульна раскінуў галіны Ажэшкінскі дуб, лёсам было наканавана стаць памятным месцам, якое здолелі зберагчы, ўдыхнуць у яго другое жыццё Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Траццякі. Яны круглы год сустракаюць апантаных турыстаў, як ніхто, у падрабязнасцях расказваюць пра колішніх гаспадароў і гісторыю маёнтка.

Гэтым разам вядучыя свята зачыталі прывітальны ліст дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Квачана. Ён адзначыў, што “Флер’яноўскія чытанні” сведчаць, што Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, як і іншыя падобныя бібліятэчныя ўстановы, сёння з’яўляюцца цэнтрам адраджэння нацыянальнай памяці і культуры. А яшчэ Прэзідэнцкая бібліятэка перадала ў фонд Ляхавіцкай ЦБС дыск “Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь”, які ўключае часопісы на рускай, французскай, польскай мовах перыяду да 1917 года. Копіі друкаваных выданняў былі перададзены Генрыху Траццяку для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую заклаў Тадэвуш Бохвіц.

Віталі на імправізаванай сцэне і гісторыка і даследчыка заснавальніка арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана Зміцера Юркевіча, які нямала робіць для захавання беларускай гістарычнай спадчыны.

І пасёння Ляхавіччына – з’яўляецца скарбніцай талентаў, якія ў сваім штодзённым клопаце не забываюць пра сваю малую радзіму, працуюць-жывуць з цёплымі ўспамінамі да роднага мястэчка. Падчас фэста даволі гарманічна гучалі вершы нашага земляка, ураджэнца вёскі Яцкаўшчына, – Івана Ждановіча, які сёння працуе рэдактарам газеты “Голас Радзімы”. “Я вярнуўся дамоў у расквечаным маі…” – так сакавіта і пяшчотна разляцеліся радкі верша ў выкананні Міхася Стрыжова. І хоць Іван Ждановіч не змог прыехаць на сустрэчу, перадаў усім прысутным свае прывітанні і віншаванні з 80-годдзем раёна і, безумоўна,з чарговымі “Флер’яноўскімі чытаннямі”. Пранікнёна гучала: “…Годная будучыня наша – гэта заўсёды руплівая праца, настойлівае трыманне найперш душэўнай раўнавагі ў неспакойным свеце. Гэта імкненне ствараць – а не разбураць, збіраць камяні – а не раскідваць іх, шукаць паразумення з сабой і са светам – а не вінаватых у нашых праблемах”.

Сяброў у фэсту заўсёды многа. І сёлета з радасцю падарылі сваю творчасць слухачам удзельнікі клуба “Літаратурная правінцыя” з Лунінеччыны. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі ДУК “Баранавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” разам з пісьменнікамі свайго раёна.

З прывітальным словам выступіў Вадзім Вітальевіч Жылко, журналіст, літаратар, краязнавец, гісторык і пісьменнік.

Не абышлося і без літаратурных узнагарод. Лепшыя з лепшых у розных намінацыях падымаліся на сцэну атрымаць віншаванні і ўзнагароды за перамогу ў конкурсе “Cloveснасць”. Тэма самая родная і блізкая – слова пра Радзіму.

Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч шчыра дзякавала за актыўнасць, за тое, што незалежна ад формы, змест твораў канкурсантаў ад першага да апошняга радка прасякнуты любоўю да месца, дзе ўсё дорага сэрцу.

“Экспрэс”, “Берагіня”, “Жытніца” – нашы творчыя калектывы – сваё паэтычнае слова абрамілі ў музычны кантэкст і, як заўжды, здзівілі прысутных.

На “Флер’яноўскіх чытаннях” былі і фотазоны, і выставы, і смачная беларуская кухня, і Instagram-рамачка, – ўсяго хапала, каб прывезці з сустрэчы добрыя ўспаміны. Бібліятэчны бульвар ад ляхавіцкіх, баранавіцкіх, лунінецкіх калег не раз прымушаў прайсціся і засяродзіць сваю ўвагу на той, ці іншай падзеі.

А “Адкрыты мікрафон” стаў пляцоўкай для кожнага, хто пажадаў заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Святлана КУХТА

Кухта, С. Скарбы Флер’яноўскай сядзібы / Святлана Кухта ; фота Сяргея Варановіча  // Культура. – 2020. – 3 кастрычніка (№ 40). – С. 14 : фат.

Пад небам Флер’янова

У пачатку мінулага стагоддзя маёнтак Флер’янова з’яўляўся адным з цэнтраў беларуска-польскіх культурных зносін. Тут ладзіліся літаратурныя імпрэзы: госці чыталі свае творы, спяваў хор, выступалі вядомыя музыканты. Душой сустрэч была вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка.

У гістарычнай літаратуры не раз апісвалася сяброўскія адносіны Тадэвуша Бохвіца і Элізы Ажэшкі. Менавіта пры Тадэвушы ў Флер’янове існаваў летні пансіянат, які так любіла пісьменніца.

Чатыры гады таму вырашылі аднавіць традыцыю правядзення літаратурных сустрэч. Па ініцыятыве супрацоўнікаў Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў Год культуры тут прайшлі першыя “Флер’яноўскія чытанні”, прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. З тых часоў прынята праводзіць чытанні кожныя два гады. Сёлета літаратурны фестываль прымеркавалі да 150-годдзя маёнтка Флер’янова.

На свяце прысутнічалі калегі з Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы разам з пісьменнікамі гэтага рэгіёна, прадстаўнікі Лунінецкай раённай бібліятэчнай сістэмы і члены клуба «Літаратурная правінцыя». Наведаў Флер’янова і гісторык, даследчык і заснавальнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч, які падзяліўся цікавай інфармацыяй пра гэтыя месцы.

Пастаянныя ўдзельнікі свята, супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі, не змаглі наведаць фестываль, але перадалі ў фонд Ляхавіцкай РЦБС дыск «Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь», у які ўвайшлі часопісы на рускай, французскай, польскай мовах да 1917 года. Копіі гэтых выданняў прыняў Генрых Траццяк, сённяшні ўладальнік маёнтка для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую калісьці заснаваў Тадэвуш Бохвіц. У межах фэсту ўзнагароджаны пераможцы раённага літаратурнага конкурсу «Cloveсность», удзельнікі якога выказалі свае думкі пра малую радзіму ў вершаванай ці празаічнай форме. Пераможцам у намінацыях «Паэзія» і «Эсэ» ўручылі памятныя прызы.

Алена НОВІК

Новік, А. Пад небам Флер’янова / Алена Новік ; фота Сяргея Варановіча  // Літаратура і мастацтва. – 2020. – 9 кастрычніка (№ 38). – С. 2 : фат. 

ШЛЯХАМІ ЭЛІЗЫ АЖЭШКА

Лунінецкія літаратары, краязнаўцы і бібліятэкары прынялі ўдзел у III літаратурным фестывалі “Флер’яноўскія чытанні”, які адбыўся ў Ляхавіцкім раёне.

Флер’янова – вядомая з ХІХ стагоддзя сядзіба дынастыі Бохвіцаў. У 1908–1909 гадах тут жыла славутая польска-беларуская пісьменніца Эліза Ажэшка, гасцямі сядзібы былі многія літаратары, у тым ліку будучы нобелеўскі лаўрэат Уладзіслаў Рэймант. Цяпер будынкам сядзібы валодае былы старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай працы Генрых Траццяк. “Флер’яноўскія чытанні” ладзяцца тут раз на два гады, пачынаючы з 2016 года.

Фестываль распачаўся з урачыстага адкрыцця, некалькіх тэатралізаваных кампазіцый і канцэрта артыстычных калектываў Ляхавіччыны. Прагучалі выступы гасцей з Мінска, былі агучаны дасланыя віншаванні. Кіраўнік Лунінецкага краязнаўчага таварыства Вадзім Жылко распавёў пра творчыя сувязі двух раёнаў. З вершамі выступілі кіраўнік клуба “Літаратурная правінцыя” пры Лунінецкай раённай бібліятэцы Віктар Пінігін і кіраўнік клуба “Муза” Лунінецкага ГДК Вольга Грыдзюшка, а бібліятэкар Алена Кацуба прачытала некалькі вершаў Сцяпана Нефідовіча, Міколы Ільючыка і Аляксандра Хаўдзеева. Свае творы чыталі ляхавіцкія вучні, літаратары з Баранавіцкага раёна. Лунінецкая РЦБС (дырэктар Алена Кішкевіч) разам з калегамі з Ляхавічаў і Баранавічаў разгарнула выставы кніг і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на “Бібліятэчным бульвары”. Свята прайшло ў шчырай і гасціннай атмасферы, чаму спрыяла і цудоўнае надвор’е.

Шляхамі Элізы Ажэшка / фота Віктара Пінігіна // Информ-прогулка. – Лунинец, 2020. – 24 сентября (№ 39). – С. 11 : фат. 

Генрых Траццяк сустракае гасцей

У сядзібе Флер’янова, што ў Ляхавіцкім раёне Брэстчыны, адраджаецца традыцыя творчых сустрэч людзей літаратуры, культуры, мастацтва, навукі, якую закладвалі больш за сто гадоў таму ранейшыя высокаадукаваныя гаспадары

Флер’янова зноў сустракала гасцей, і то было прызнанне іх у любві сваёй малой радзіме. (Пра сядзібу, яе ранейшых гаспадароў і традыцыі мы пісалі ў папярэднім нумары газеты: “Новыя колеры Флер’янова” – ГР, № 26 (3578). – Рэд.) Сёння новыя гаспадары ў былога маёнтка Бохвіцаў: Генрых і Ларыса Траццякі. (На Ляхавіччыне ведаюць: Генрых Міхайлавіч – Герой Сацыялістычнай працы. Сядзіба Флер’янова выкарыстоўвалася як месца, дзе было праўленне калгаса імя Ламаносава, у якім Траццяк 28 гадоў працаваў старшынёй. У 1997-м пайшоў на пенсію, а новы старшыня перавёў кантору ў іншы будынак. Сядзіба без догляду занепадала. І былы старшыня ў 2012-м купіў сядзібу. Журналістам прызнаваўся: “Абышлася яна мне з афармленнем у 500 даляраў, на той момант прыкладна дзве пенсії”. – Рэд.) Новыя гаспадары толькі “за”, калі гаворка ідзе пра захаванне спадчыны, пра выкарыстанне яе як асновы для развіцця ці хаця б дэманстрацыі здабыткаў, дасягненняў таленавітых людзей у мастацтве, народжаных на Ляхавіччыне – адным словам, землякоў. Таму другі раз ужо яны адгукнуліся на культурную прапанову бібліятэкараў раёна: правесці “Флер’яноўскія чытанні”.

Ідэя фэсту мае глыбокі сэнс, што пацвярджаецца вітальным словам Міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам чытанняў. Іх агучыў паэт, пісьменнік, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак. Ён жа выказаў меркаванне: фэсту можна й трэба “расці”, магчыма, да міжнароднага. Бо гісторыя нашай малой радзімы сапраўды вялікая й велічная. Сабраць яе па крупінках, звяртаючы ўвагу й на маленькія эпізоды, з павагаю да розных асоб – гэта ж так цікава! У такім люстэрку – ці то кніга будзе, ці то інтэрнэт-праект… можна разглядваць гісторыю нашай Бацькаўшчыны, лёса нашых дзядоў, прадзедаў і нас саміх.

Повязь часоў. Карані ды крона. Даўняе і цяперашняе… Неўміручая, па-за модай у мясцовага люду прага творчасці – хочацца нечага большага, чым кавалак хлеба надзённага. І натхненне падштухоўвае: здзяйсняй тое, дзеля чаго ты прыйшоў у свет, не закопвай талент у мітусню паўсядзённасці… Другое ўжо стагоддзе шапоча ў Флер’янове лісцем дуб, пасаджаны ў маёнтку Бохвіцаў Элізай Ажэшкай. Яна тут, як вядома, была частым і жаданым госцем. “У гэтайпрыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якая звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала знакамітая пісьменніца з Флер’янова. – … Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны й ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных”.

І гэтых радкоў пані Элізы, рамантычнай жанчыны з вялікім талентам, дастаткова было б, каб флер’яноўскія мясціны назаўсёды надзяліць флёрам таямнічасці, загадкавасці. Перапіска ж Ажэшкі й Тадэвуша Бохвіца праз дзесяцігоддзі была выдадзена: 300 старонак! А не толькі Ажэшка бывала ў Флер’янове. Гасцявалі ж іншыя вядомыя пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі… Тут ставіліся спектаклі, ладзіліся вечарыны, гучала музыка й народныя спевы. Так што не выпадкова набіраюць сілу “Флер’яноўскія чытанні”.

У Алеся Бадака сувязь з малой радзімай – трывалая, непарыўная. У Турках жыве ягоная мама. Тут усё дарагое й блізкае, знаёмае й любімае з дзяцінства. І адсюль, безумоўна, вытокі ягонай паэзіі, увогуле склад тонкай, узвышана-рамантычнай душы земляка. Я неаднойчы думала: як жа нарадзілася самае шчымлівае з прызнанняў у любві да Ляхавіцкай зямлі? А якраз такім я лічу бадакоўскія радкі з кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”. Паэт згадваў сёлета ў Флер’янове даўнюю гісторыю іх з’яўлення, і яны гучалі зноў, але ўжывую, нібы ўпершыню, напоўненыя абсалютнай любоўю, пранікнёныя, шчымлівыя радкі. Яны нібыта сталі камертонам, задалі строй, настрой усёй фестывальнай дзеі.

На чытаннях неаднойчы называліся імёны: Віктар Гардзей, Леанід Пранчак, Іван Ждановіч, Уладзімір Дамашэвіч… Наш ці не самы славуты з землякоў-сучаснікаў – кінарэжысёр Міхаіл Пташук. Застаўся ў архівах напісаны ім сцэнар фільма, прысвечаны яго малой радзіме Ляхавіччыне. Гучалі пад небам Флер’янова ўрыўкі з іх твораў, песні на іх вершы. Да мікрафона запрашаліся таксама добра вядомыя, любімыя землякамі паэтэсы Галіна Жывіца з Бераставіцы, Клаўдзія Трысцень з Баранавіч.

А між тым на фэсце ёсць розныя прапановы, шмат чаго можна пабачыць. У бібліятэцы пад адкрытым небам, напрыклад, была фотазона: кожны ахвочы мог сфатаграфавацца ва ўбранні пачатку мінулага стагоддзя. Зацікавіла многіх экспазіцыя Прэзідэнцкай бібліятэкі пад назвай “Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў”. А Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны правёў акцыю “Я помню. Я ганаруся”. Побач экспанавалася выстава сацыяльных партнёраў – пра тое мне расказала кіраўніца студэнцкай майстэрні інавацый кафедры педагогікі Баранавіцкага дзяржуніверсітэта Валянціна Козел: дарэчы, наша зямлячка, з Тальмінавічаў. А сацыяльныя партнёры – гэта сам універсітэт, а таксама клуб ветэранаў Баранавіцкага гарадскога Палаца культуры “Неспакойныя сэрцы”: у ім таксама працуе наш зямляк, кампазітар-песеннік Іван Асос. Дапамагаў зладзіць свята й Баранавіцкі прафтэхкаледж сферы абслугоўвання. (У дырэктара Палаца культуры горада Баранавічы Васіля Анатолевіча Ждановіча (на пасадзе з 2017 года) – таксама родавыя карані з Ляхавіцкага раёна, з вёскі Яцкаўшчыны. Ягоная сястра Вольга піша вершы, бацька, Анатоль Васілевіч Ждановіч, – адзін з вядучых спецыялістаў ААТ «Жарабковічы”. – Рэд.)

Валянціна Козел пра флер’яноўскі фэст гаварыла з натхненнем: “Захаванне культурнай спадчыны – гэта вельмі важна. Дзякуючы культурным набыткам умацоўваецца повязь пакаленняў, моцны род і ўвогуле народ. Мы рады не проста быць у Флер’янове, а быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дзейства”. На фэсце можна было набыць кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ну як жа без кніг! Яны і ў тую, бохвіцаўска-ажэшкаўскую пару, тут былі ў цэнтры ўвагі, у глыбокай пашане. Прыемную магчымасць прадаставілі ўдзельнікам фэсту гаспадары аграсядзібы “Залатая падкова” з Баранавіцкага раёна: каталі на конях па маладым парку. Там прыгожа цягнуцца да сонца дубкі, калісьці “прыдуманыя” “Ляхавіцкім веснікам” і пасаджаныя з нашым удзелам. А насупраць на тое хараство пазірае амаль 110-гадовы волат-дуб, “хроснай мамай” якога можам лічыць Элізу Ажэшку: кажуць, якраз яна яго садзіла з сябрамі-гаспадарамі.

У праграме фэсту знайшлося месца й адкрытаму мікрафону. Беручы яго, кожны ахвочы мог прачытаць вершы, і не абавязкова вядомых паэтаў, свае таксама. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ад вакальных гуртоў “Берагіня” Дараўскага і “Забава” Падлескага СДК радавалі нас канцэртнай праграмай у флер’яноўскіх каардынатах. Варта яшчэ адзначыць і шыкоўны стол з пачастункамі, які, ведаю, гатавалі з усё душой бібліятэчныя работнікі: як гавораць, не кнігай адзінай…

Удосталь было шчырасці й прыветнасці гаспадароў сядзібы, арганізатараў свята, натхнення й жадання паўдзельнічаць у ім шматлікіх гасцей і, дарэчы, разважанняў наконт будучыні “Флер’яноўскіх чытанняў”. Усе сыходзіліся ў меркаванні: ім быць, прырастаць-расці, імкнуцца, як любой творчай задуме, да высокай дасканаласці, бо, як вядома, сапраўднай творчасці без гэтага памкнення не бывае.

І яшчэ пра маё асабістае ўспрыманне. Думаю, лагатып фестывалю варта было б актыўней ужо сёння выкарыстоўваць і прасоўваць, анансаваць “Флер’яноўскія чытанні” загадзя і ўсімі магчымымі сродкамі гасцей у Флер’янове будзе значна больш. Здаецца, было б прыгожа, каб незалежна ад фармату фэсту гасцей сустракалі разам з Генрыхам і Ларысай Траццякамі таксама й былыя гаспадары маёнтка: гэта ж могуць артысты ў вобразах паноў Бохвіцаў ды іх любімай госці Элізы Ажэшкі. А яшчэ ў мелодыю “Чытанняў” так і просіцца голас скрыпкі, так і чуецца, напрыклад, гучанне знакамітага “Паланэза” Агінскага. Класіка, я ўпэўнена, стане выдатнаю акаймоўкаю для флер’яноўскага дзейства, як і экскурсія па апартаментах сядзібы.

…Субота, 16 чэрвеня, выдалася такой лагоднаю: хапала сонца, хапала лета, хапала настрою на лірычную хвалю й на роздум пра повязі часоў. Шапаценне лістоты на дрэвах, незабыўныя пахі свежаскошанай травы, цвіценне руж ля мураваных сцен старога палаца – такі звычайны і такі незабыўны то быў дзень. Дзякуй за фэст і яго арганізатарам – бібліятэчным не проста супрацоўнікам, а ў добрым сэнсе фанатам кнігі, і нераўнадушным гаспадарам каардынат творчасці ды шанавання культурна-гістарычнай спадчыны – шаноўным спадарам-гаспадарам Траццякам. Дзякуй усім гасцям, якія адгукнуліся на запрашэнне, на покліч малой радзімы.

Вольга БАРАДЗІНА

Барадзіна, В. Генрых Траццяк сустракае гасцей / Вольга Барадзіна; фота Маргарыты Кухты // Голас Радзімы. – 2018. – 16 жніўня (№ 27). – С. 7: фат.

Чэрвень. Флер’янова. Чытанні.

ДАРАГІЯ СЯБРЫ!

Сардэчна вітаю ўдзельнікаў і гасцей «Флер’яноўскіх чытанняў»!

Вось ужо другі раз гэтае свята аб’ядноўвае паэтаў, пісьменнікаў, самадзейных артыстаў і юных чытальнікаў, а таксама ўсіх аматараў мастацкага слова, падаючы выдатную магчымасць павышэння культурнага і адукацыйнага ўзроўню, прапагандзе значнасці чытання, атрымання каштоўнай інфармацыі, якая непасрэдна звязана з нашай багатай гісторыяй і духоўнай спадчынай.

Тэма цяперашніх чытанняў – «Год малой радзімы».

Мы жывём у вялікім шматнацыянальным свеце. Наша малая радзіма з’яўляецца часткай гэтага свету са сваімі нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі. Кожны народ мае сваю непаўторную гісторыю і асаблівасці. Ведаць гісторыю сваёй сям’і, сваёй малой радзімы і перадаваць яе ў спадчыну проста неабходна, інакш мы страцім свае карані, што прывядзе да духоўнай дэградацыі. Не ведаючы мінулага, мы не пабудуем будучыню. Паважаць і шанаваць гісторыю сваёй Радзімы, прапагандаваць яе праз мастацкае слова, праз кнігі і сродкі масавай інфармацыі — вось сапраўдная сіла грамадства, краіны і свету ў цэлым.

Літаратура – гэта маральны патэнцыял, які не дасць нам збяднець. Мы павінны выхаваць здаровае, добра адукаванае пакаленне.

«Флер’яноўскія чытанні» – яшчэ адзін крок да таго, каб захаваць высокае значэнне мастацкай літаратуры ў жыцці ўсіх пакаленняў беларусаў.

Хай крыніцай духоўнай сілы народа заўсёды будуць мудрыя, сумленныя, напоўненыя любоўю да чалавека і роднай зямлі творы класікаў і сучасных аўтараў.

Шчыра жадаю ўдзельнікам чытанняў цікавых сустрэч, радасці сэрца, моцы духу і ўсведамлення таго, што ваша праца неабходна!

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Флерʼянова сустракала гасцей. Сённяшнія гаспадары былога маёнтка Бохвіцаў Генрых і Ларыса Траццякі толькі «за», калі гаворка ідзе пра захаванне культурнай спадчыны, пра выкарыстанне яе як асновы для развіцця ці хаця б дэманстрацыі сённяшніх здабыткаў, знаходак, дасягненняў таленавітых у мастацтве, народжаных на Ляхавіччыне – адным словам, землякоў. Таму другі раз запар яны ахвотна адгукнуліся на культурную прапанову бібліятэкараў раёна правесці «Флерʼяноўскія чытанні».

Фэст адбыўся: задума расцудоўная, атмасфера самая што ні на ёсць спрыяльная для дасягнення прыгожай мэты, антураж адпаведны, канцэнтрацыя творчых памкненняў неверагодная. І гэта не перабольшанне: ідэя фэсту мае глыбокі і глыбінны сэнс, што пацвярджаецца пранікнёным прывітальным словам Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам «Чытанняў». Іх агучыў наш знакаміты зямляк, паэт, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, які выказаў меркаванне, што фэсту можна і трэба «расці» ў маштабе, магчыма, да міжнароднага. І гэта не будзе штучнасцю, таму што гісторыя нашай малой радзімы вялікая і велічная. Сабраць яе па крупінках, да маленькага эпізоду, па магчымасці да асобы – гэта мы можам, гэта мы абавязаны, і гэта будзе цікавая кніга пра зямлю і людзей, такое падарожжа ў часе тутэйшых каардынат.

Сувязь часоў. Карані і крона. Даўно і цяпер. Неўміручая, па-за модай прага творчасці, спаталяючая сіла натхнення.

Другое стагоддзе шапоча векапомны дуб, пасаджаны некалі ў маёнтку Бохвіцаў Элізай Ажэшка. Яна тут была частым і жаданым госцем. «У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза з Флер’янова. – …Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных».

Ужо толькі гэтых радкоў славутай пісьменніцы і рамантычнай жанчыны было б дастаткова, каб флер’яноўскія мясціны назаўсёды надзяліць флёрам таямнічасці і загадкавасці. Перапіска ж Ажэшкі і Тадэвуша Бохвіца потым, праз дзесяцігоддзі, была выдадзена і заняла

300 старонак асобнага тома. Дарэчы, не толькі Ажэшка бывала ў Флер’янове. Сюды наведваліся вядомыя пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі… Тут ставіліся спектаклі, ладзіліся літаратурныя вечарыны, гучала класічная музыка і народныя спевы. Дык ці выпадкова прыдуманы сённяшнія «Флер’яноўскія чытанні»?!

У Алеся Бадака сувязь з малой радзімай трывалая-непарыўная. Тут, у Турках, жыве яго мама, тут усё дарагое і блізкае, знаёмае і любімае з самага ранняга дзяцінства. Гэта таксама ў паэзіі яго душы.

Я неаднойчы думала, як нарадзілася самае шчымлівае з прызнанняў у любві да Ляхавіцкай зямлі (такім лічу бадакоўскія радкі з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»)? Паэт (толькі паэт мог так напісаць!) успамінаў гісторыю з’яўлення гэтых радкоў, нібы гэта было ўчора. А мінулі з таго часу тры дзесяцігоддзі. І менавіта на «Флер’яноўскіх чытаннях» прагучалі зноў, бы ўпершыню, напоўненыя абсалютнай любоўю, прыгожыя, пранікнёныя, шчымлівыя радкі. Нібы задалі настрой фестывальнаму сюжэту.

Неаднойчы называліся імёны: Віктар Гардзей, Леанід Пранчак, Іван Ждановіч, Уладзімір Дамашэвіч і ці не самы славуты з землякоў-сучаснікаў Міхаіл Пташук (застаўся напісаны ім сцэнарый фільма, прысвечаны яго малой радзіме – Ляхавіччыне). Гучалі ўрыўкі з іх твораў, песні на іх вершы. Да мікрафона запрашаліся добра вядомыя і любімыя землякамі Галіна Жывіца з Бераставіцы, Клаўдзія Трысцень з Баранавіч.

На фэсце як на фэсце – такія прапановы, такія завядзёнкі! У бібліятэцы пад адкрытым небам знайшлося месца фотазоне: кожны жадаючы мог сфатаграфавацца ва ўбранні пачатку мінулага стагоддзя.

Не магла не зацікавіць экспазіцыя Прэзідэнцкай бібліятэкі «Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў».

Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі правёў акцыю «Я помню. Я ганаруся», і многія нашы юныя землякі расказалі пра родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Побач экспанавалася выстава, як сказала кіраўнік студэнцкай майстэрні інавацый кафедры педагогікі БарДУ Валянціна Козел (дарэчы, наша зямлячка, родам з Тальмінавічаў), сацыяльных партнёраў: універсітэта, клуба ветэранаў Баранавіцкага ГДК «Неспакойныя сэрцы» (у ім таксама працуе наш зямляк, кампазітар-песеннік Іван Асос) і Баранавіцкага прафтэхкаледжа сферы абслугоўвання. Валянціна Козел пра флер’яноўскі фэст гаварыла з натхненнем:

– Захаванне культурнай спадчыны – гэта так важна. Сувязь пакаленняў была, ёсць і будзе. Два гады назад у рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года» нашы студэнты былі сярод пераможцаў за праект «Галасы за брамай часу». Сёння мы рады не проста прысутнічаць у Флер’янове, а быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дзейства.

Я люблю чытаць, сцвярджаў надпіс, складзены з вялікіх літар, што імправізаванай расцяжкай былі ўмацаваны ў зямлю. Тут жа можна было набыць некаторыя кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Неверагодна прыемную, няхай і не з літаратурнай афарбоўкай магчымасць прадаставілі ўдзельнікам фэсту гаспадары аграсядзібы. «Залатая падкова» з Баранавіцкага раёна – пракаціцца на конях па маладым парку, дзе цягнуцца да сонца дубкі, калісьці «прыдуманыя» «Ляхавіцкім веснікам» і пасаджаныя па ягонай ініцыятыве і з ягоным удзелам. А насупраць на гэта хараство пазіраў амаль 110-гадовы волат-дуб, хроснай мамай якога з’яўляецца Эліза Ажэшка.

У праграме фэсту знайшлося месца адкрытаму мікрафону, ля якога кожны жадаючы мог прачытаць вершы, і не абавязкова вядомых паэтаў, але і свае. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ад вакальных гуртоў «Берагіня» Дараўскага і «Забава» Падлескага СДК радавалі слых канцэртнай праграмай ў флер’яноўскіх каардынатах. Несправядлівым будзе не адзначыць і шыкоўны стол з пачастункамі, над якім кулінарылі бібліятэчныя работнікі: як гавораць, не кнігай адзінай…

Удосталь было шчырасці і прыветнасці гаспадароў сядзібы, арганізатараў свята, натхнення і жадання паўдзельнічаць у ім шматлікіх гасцей і, зрэшты, разважанняў наконт будучыні «Флер’яноўскіх чытанняў». Адназначна: ім быць, прырастаць-расці, імкнуцца, як любой творчай задуме, да дасканаласці, таму што творчасці без гэтага імкнення не бывае.

І пра асабістае ўспрыманне. Думаю, што лагатып фестывалю трэба актыўней выкарыстоўваць і прасоўваць, анансаваць «Флер’яноўскія чытанні» загадзя і ўсімі магчымымі сродкамі – гасцей будзе значна больш. Здаецца, было б прыгожа, каб незалежна ад фармату фэсту гасцей сустракалі разам з Генрыхам і Ларысай Траццякамі былыя гаспадары маёнтка, дакладней, сцэнічныя вобразы паноў Бохвіцаў і іх любімай госці Элізы Ажэшка. А яшчэ ў мелодыю «Чытанняў» так і просіцца голас скрыпкі, так і просіцца паланэз Агінскага. Класіка стане выдатным абрамленнем флер’яноўскаму дзейству, як і экскурсія па апартаментах.

…Субота, 16 чэрвеня, была лагоднай: хапала сонца, хапала лета, хапала настрою на лірычную хвалю і на роздум пра сувязь часоў. Шапаценне лістоты на дрэвах, пах свежаскошанай травы, цвіценне руж ля мураваных сцен старога палаца – такі звычайны і такі незабыўны дзень. Дзякуй за фэст і яго арганізатарам – бібліятэчным не проста супрацоўнікам, а ў добрым сэнсе фанатам кнігі, і нераўнадушным гаспадарам каардынат творчасці і шанавання культурна-гістарычнай спадчыны – Траццякам, і ўсім гасцям, якія адгукнуліся на запрашэнне.

Вольга БАРАДЗІНА

Барадзіна, В. Чэрвень. Флер’янова. Чытанні / Вольга Барадзіна : фота Маргарыты Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 20 чэрвеня (№ 46). – 1–2, 8 : фат.

На сустрэчу з Элізай Ажэшкай

Былая сядзіба Бохвіцаў у Флер’янова, што на Ляхавіччыне, сустракала гасцей – тут адбыліся другія Флер’яноўскія чытанні.

Два гады таму ініцыятарамі аднаўлення традыцыі правядзення літаратурных чытанняў менавіта тут, у былой сядзібе Бохвіцаў, выступілі Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма пад кіраўніцтвам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама раённая газета «Ляхавіцкі веснік». Тады ж, у чэрвені 2016 года, прайшлі першыя Флер’яноўскія чытанні.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя Флер’яноўская сядзіба была адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносін. Сярод гасцей Бохвіцаў – вядомыя дзеячы польскай літаратуры: Эліза Ажэшка, Уладзіслаў Рэймант, тэатральны дзеяч і літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі, віленская піяністка Асецімская…

Усе яны трапілі ў Флер’янова дзякуючы запрашэнню Элізы Ажэшкі. З вялікай карэспандэнцыі пісьменніцы можна даведацца, што яна з 10 чэрвеня 1908 года замовіла сабе і сяброўцы два пакоі ў флер’яноўскім доме і ўдакладняла, якім цягніком ехаць з Гродна да Ляхавіч.

Вядома, што ў 1909 годзе на тэрыторыі сядзібы знаныя госці ў памяць аб тым, што тут жылі, пасадзілі маладыя дубкі. Дуб, пасаджаны Элізай Ажэшкай, некалькі гадоў таму адзначыў векавы юбілей. У 2011 годзе па ініцыятыве раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» у Флер’янове было пасаджана 100 дубкоў. Сённяшнія гаспадары сядзібы Генрых і Ларыса Траццякі шмат робяць для таго, каб зберагчы для нашчадкаў гістарычную спадчыну. Сёлета ІІ Флер’яноўскія чытанні сабралі шмат гасцей. Наш знакаміты зямляк, паэт, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак агучыў прывітальныя словы міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам чытанняў. Неаднойчы называліся імёны: Леанід Пранчак, Іван Ждановіч, Уладзімір Дамашэвіч. Гучалі ўрыўкі з іх твораў, песні на іх вершы. На сцэну запрашаліся добра вядомыя і любімыя землякамі Галіна Жывіца з Бераставіцы, Ларыса Глеб з Падлесся, Клаўдзія Трысцень і Алесь Корнеў з Баранавіч.

Даспадобы гасцям прыйшлася бібліятэка пад адкрытым небам, дзе кожны мог сфатаграфавацца ва ўбранні мінулага стагоддзя ці пагартаць старонкі якога-небудзь цікавага выдання. Экспазіцыя Прэзідэнцкай бібліятэкі «Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў» таксама выклікала непадробны інтарэс. Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі правёў акцыю «Я помню. Я ганаруся». Удзельнікі і госці фэсту мелі магчымасць набыць кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Бібліятэкары раённай дзіцячай бібліятэкі арганізавалі дзіцячую пляцоўку. Прыемна адзначыць, што размалёўваць прыгожыя аб’ёмныя палацы цікава было і дзецям, і дарослым.

Магчымасць пакатацца на конях па маладым парку прадставілі ўдзельнікам фестывалю гаспадары аграсядзібы «Залатая падкова» з Баранавіцкага раёна. У праграме мерапрыемства знайшлося месца адкрытаму мікрафону, ля якога можна было прачытаць свае вершы ці іншых паэтаў. Стол са стравамі нацыянальнай кухні поўніўся ўсялякімі прысмакамі, якімі ад душы ўсіх частавалі гаспадыні-бібліятэкары.

Наталля БАГДАНОВІЧ

Багдановіч, Н. На сустрэчу з Элізай Ажэшкай / Наталля Багдановіч // Літаратура і мастацтва. – 2018. – № 28. – С. 10.

Новыя колеры Флер’янова

У другі ўжо раз гэтым летам прайшлі “Флер’яноўскія чытанні”

Пра тое, што сёлета на Ляхавіччыне пройдуць ужо другія “Флер’яноўскія чытанні”, я даведаўся спачатку ад сябра. Тэлефанаваў спецыяльна з Мінска, застаў мяне ў роднай Яцкаўшчыне: на сенакосе. Бацькоўская сядзіба там патрабуе догляду, асабліва ўлетку, калі ў старым садзе пад яблынямі трава не тое што ў пояс – у мой рост. Мама б сказала на тое: хутка там ваўкі завыюць… У першую палову адпачынку я й наводзіў парадак у садзе яшчэ татавай касой-літоўкай, слухаючы вечарамі салаўёў, раствараючыся ў яцкаўскіх пахах, колерах, гуках, а таксама ўспамінах пра сваё вясковае маленства.

Крыху пазней у той жа дзень пазваніла на мабільнік і Вольга Пляшэвіч, дырэктарка Ляхавіцкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, запрасіла на чытанні. Эх, а ў нас авіябілеты якраз на “флер’яноўскі” дзень, 16 чэрвеня: ляцім з жонкай у Індыю, каб пры дапамозе тамтэйшай Аюрведы свае дошы ўраўнаважыць ды сіл набрацца. Дамовіліся на будучыню, што абавязкова далучуся да цікавага культурна-асветніцкага праекта землякоў. Згадалі, што з Ляхавіччыны родавыя карані такіх вядомых людзей, як пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч, паэт і журналіст Леанід Пранчак, паэт і празаік Алесь Бадак (цяпер ён – дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”), гісторык Віталь Скалабан, фота-майстар Яўген Коктыш, мастак Алег Карповіч. Нядаўнім часам, нагадаў я Вользе Анатолеўне, усё больш вядомай становіцца й творчасць удзельніка вайны, фатографа-самародка Петрыка Таранды з вёскі Зарытава: пра тое рупіцца ягоны пляменнік Мікола Таранда, навуковец-біёлаг з Гродна й таксама ўраджэнец Зарытава. Зробленыя Петрыкам у 50-70-я гады фотаздымкі ў некаторых знаўцаў выклікаюць асацыяцыі… з эстэтыкай фільмаў Федэрыка Феліні! З суседніх Жарабковіч, адкуль была й мая мама Вольга Рыгораўна Арэшка, родам вядомы антраполаг і генетык, доктар біялагічных навук Аляксей Мікуліч: у 2005-м у Мінску пабачыла свет ягоная каштоўная кніга “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу”. Жыве, працуе ў Кіеве выкладчыкам (на дзявятым дзясятку гадоў!) Міхаіл Паўлавіч Ждановіч, з Яцкаўшчыны родам: кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, “професор кафедри реконструкції аеропортів та автошляхів Національного авіаційного університету”. З ягонай сястрой Марусяй, дарэчы, мы й нядаўна гутарылі ля аўталаўкі. Казала, і яе сын Міша ў разумнага дзядзьку ўдаўся: займаецца цяпер бізнесам.

Яшчэ гаварылі мы з Вольгай Анатолеўнай пра знакамітага Яна Караля Хадкевіча – то быў вайсковы й дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага: гетман вялікі літоўскі (1605) і ваявода віленскі (1616). Хоць прадстаўніқ старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў і не з мясцовых людзей родам, аднак якраз ён, гетман, валодаў Ляхавічамі ў свой час ды напрыканцы XVI стагоддзя вельмі ўмацаваў горад, пабудаваўшы там Ляхавіцкую фартэцыю – кажуць, найбуйную крэпасць у тагачаснай Рэчы Паспалітай. З Ляхавіччыны быў, з Грушаўкі верагодней за ўсё, родам Тадэвуш Рэйтан: знакаміты патрыёт, пасол ад Наваградчыны на гістарычным вальным сойме ў Варшаве. Ён разам з паплечнікам Самуэлем Корсакам усімі сіламі адстойваў незалежнасць Бацькаўшчыны (сакавік 1773 года) перад тым, як яе цалкам паглынула Расійская імперыя. Рэйтан, дарэчы, нацыянальны герой Польшчы, і для многіх беларусаў прыклад сапраўднага патрыятызму. З Ляхавіччыны родам і Зьміцер Юркевіч – мастак, гісторык, краязнаўца, кіраўнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Гаварылі й пра ўраджэнца Ляхавічаў, пісьменніка (і кантрабандыста…) Сяргея Пясецкага (найсвядомая кніга яго – “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”). Я згадаў і ўраджэнца Жарабковічаў, кандыдата філалагічных навук Генадзя Праневіча, вучня Алега Лойкі. Генадзь плённа працаваў у Брэсце, адным з ягоных навуковых зацікаўленняў быў пошук аргументаў на карысць таго, што аўтарам “Слова пра паход Ігаравы” мог быць святы Кірыла Тураўскі. Цікава рэалізуе свае таленты і ўраджэнка вёскі Востраў Таццяна Бялова у якасці кнігавыдаўца. Цяпер яна – дырэктарка мінскага выдавецтва “Беловагрупп”. З Ляхавіччынай спалучаны лёс і вядомага паэта, празаіка (раман “Бедна басота” – увогуле з’ява ў сучаснай беларускай літаратуры) Віктара Гардзея: хоць родам ён з суседняга раёна, Ганцавіцкага, ды плённа працаваў і ў нашай раённай газеце.

Са слоў Вольгі Пляшэвіч я даведаўся, што цяпер яна разам з іншымі калегамі-працаўнікамі з Ляхавіцкай раённай ЦБС шукае, сістэматызуе матэрыялы пра вядомых ураджэнцаў Ляхавіччыны. Пазней Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч, ведаючы пра мае ляхавіцкія родавыя карані, выказаў меркаванне: землякам варта б з цягам часу пераўтвараць Флер’яноўскія (Ляхавіцкія) чытанні ў краязнаўчыя – з дакладамі, навуковымі паведамленнямі. Тады, мяркуе Алесь Мікалаевіч, сам вядомы краязнаўца, можна будзе падтрымаць ініцыятыву ды выдаць матэрыялы асобным зборнікам. Што ж, ляхавіцкі мацярык – сапраўды надзвычай каларытны, асабліва калі паглядзець шырэй, за межы рэгіёна, краіны. Таму й гэтымі нататкамі я звяртаюся да землякоў з замежжа: давайце, ляхаўчане, разам клапаціцца пра тое, каб ведалі ў свеце як мага больш пра нашу малую радзіму.

Помніцца, нябожчык ужо Biталь Скалабан, руплівец на ніве беларушчыны, хацеў нават стварыць “Ляхавіцкае зямляцтва”, ды справа неяк не пайшла. З сучаснымі інтэрнэт-тэхналогіямі, мяркую, суполку можна зрабіць віртуальнай. У прыватнасці, раённая газета “Ляхавіцкі веснік”, якой кіруе Вольга Барадзіна, змяшчае ўжо не адзін год шэраг найцікавых тэкстаў пра вёскі раёна, іх людзей, расказвае пра знакамітых землякоў. Скажам, пісалі калегі пра Адама Мурзіча: ураджэнец Ляхавіч лічыцца адным з найлепшых педагогаў па вакале ў краіне, ён заслужаны работнік культуры, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

З матэрыялаў, якія даслала мне Вольга Пляшэвіч, вынікае: у вёсцы Флер’янова, дзе ладзяцца чытанні, у параўнальна добрым стане захаваўся мемарыяльны палацава-паркавы ансамбль. “Да другой паловы ХІХ стагоддзя на тым месцы было чыстае поле, – удакладняе Вольга Анатолеўна. – Тыя землі перайшлі ў спадчыну Яну Отану Бохвіцу (1835–1915) ад бацькі Фларыяна, пісьменніка й філосафа, які быў, што цікава, жанаты з Паўлінай Маеўскай – роднай сястрой Барбары Маеўскай, маці Адама Міцкевіча. Сам Ян Бохвіц маладым афіцэрам расійскай арміі паўдзельнічаў у Крымскай вайне (а я раней пісаў пра ўдзел беларусаў у тых падзеях, пра Брацкія могілкі на Паўночнай старане ў Севастопалі, дзе былі пахаваны дзясяткі тысяч абаронцаў горада. – Аўт.). Пасля заканчэння вайны Ян атрымаў шырокую папулярнасць у родных мясцінах як гарачы прыхільнік скасавання прыгонніцтва. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 года быў кінуты за краты ў Дынабургскую крэпасць. (Гэта ж Дзвінск, Даўгаўпілс, у якім цяпер вельмі моцная беларуская суполка. – Аўт.). Пасля году турмы быў памілаваны, пасля чаго шчыра ўзяўся за працу па ўзнаўленні разбураных уласных сядзіб. Спачатку пабудаваў палац непадалёку ад вёскі Вошкаўцы і назваў яго імем бацькі: Фларыянава. Калі ж заклаў новы палацава-паркавы ансамбль на рэчцы Качарэшцы пад Баранавічамі, то назваў яго імем сваёй маці: Паўлінава”. Такому шанаванню бацькоў, як і патрыя- тызму, любові да родных ваколіц у яго можна й нам павучыцца. Ян Отан Бохвіц належаў да кагорты прадстаўнікоў лепшай беларускай інтэлігенцыі, якія жылі рэфарматарскім духам. У спадчынным і адноўленым маёнтку Фларыянава ўдзячны сын сваіх бацькоў заклаў эксперыментальны сад, у якім вырошчваў новыя гатункі пладовых дрэў. Кажуць, меў высокія прыбыткі.

Зробім удакладненне. Спярша Бохвіцы жылі ў Вошкаўцах: сёння вёска Ураджайная. На вялікі жаль, на месцы той сядзібы цяпер засталіся руіны. А Ян, родам з 1835-га, пераехаў у будучае Флер’янова разам з бацькамі ў 1838-м. Тады ж Фларыян, вядомы філосаф, і пачаў уладкоўваць гаспадарку, парк. Справу бацькі працягваў Ян Отан. Праз пэўны час заснаваў і сядзібу Новыя Вошкаўцы, якую назваў пазней у гонар бацькі Фларыянава, што з часам стала Флер’янова.

Што яшчэ вядома пра сядзібу? “Пасля Яна Отана, які жанаты быў з Феліцыяй Булгак, маёнтак перайшоў да яго сына Тадэвуша (1863–1930), пашлюбленага з Браніславай Цывінскай, – піша далей Вольга Пляшэвіч. – А Тадэвуш быў блізкім сябрам пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Пасля Тадэвуша Фларыянава наследаваў ягоны сын Ян Бохвіц (1894–1937), жанаты з Марыяй Гольстэн. Апошнімі ж гаспадарамі маёнтка да Другой сусветнай вайны былі блізкія родзічы Яна Бохвіца”.

Праз радавод Бохвіцаў, як праз павелічальнае шкло, можна разглядваць важныя моманты беларускай гісторыі. Мяркую, імя Тадэвуш (згадаем Тадэвуша Рэйтана, а таксама паэму “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча…) не было выпадковым у Бохвіцаў. Як і сяброўства Тадэвуша Бохвіца з Элізай Ажэшкай: яна ж таксама не засталася ўбаку ад паўстання 1863 года.

Але вернемся на зямлю. Палац, які ацалеў у Флер’янове, будаваў Ян Отан Бохвіц: каля 1870 года. Будынак быў драўляны, узведзены на высокім падмурку, часткова аднапавярховы, часткова мансардны. З боку парку – веранда. Палац быў пад гонтавым дахам. У хуткім часе ён, пэўна, стаў цеснаватым, таму з двух бакоў зрабілі мураваныя прыбудоўкі ў стылі неаготыкі. “Пасля заканчэння будоўлі ды рэканструкцыі палац меў 19 пакояў (15 на першым паверсе і 4 на другім), – удакладняе Вольга Пляшэвіч. На другім паверсе зрабілі вялікі салон у неагатычным стылі. У палацы не было старадаўняй спадчыннай мэблі, а толькі набытая ў час будаўніцтва палаца. На першым паверсе акрамя бібліятэкі была яшчэ сталовая. На сценах пакояў першага і другога паверхаў вісела невялікая калекцыя малюнкаў мастакоў Арлоўскага і Фялінскага. Перад Першай сусветнай вайной частку мастацкіх твораў, літаратуры перавезлі ў Нясвіжскі палац”.

Пры будаўніцтве палаца вакол яго быў закладзены ўнікальны парк. Алея вяла да палаца ад уязной брамы, якая, на жаль, у Першую сусветную вайну была разрабавана. Дзверы брамы кайзераўцы вывезлі ў Германію: бо то была вялікая каштоўнасць. Вось бы, падумалася, знайсці! А між брамай і палацам цягнуўся газон з жывой агароджай. Пасярэдзіне газона расла вялікая ліпа. Газоны з кветкавымі клумбамі абкружалі палац з усіх бакоў.

А не толькі з-за прыгажосці выбралі на Ляхавіччыне тую мясціну для правядзення “Флер’яноўскіх чытанняў”. Вольга Пляшэвіч нагадала, што напрыканцы XIX пачатку ХХ стагоддзя флер’яноўскі фальварак быў адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносін. Пры Тадэвушы Бохвіцы ў доме быў створаны летні пансіянат. Яго наведвалі вядомыя людзі: пісьменніца Эліза Ажэшка (добрая знаёмая пана Тадэвуша), нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Уладзіслаў Рэймант, літаратурны крытык Юзаф Катарбінскі ды многія іншыя. Усе тыя людзі траплялі ў Флер’янова па запрашэнні Элізы Ажэшкі. Сама ж яна завітала на Ляхавіччыну, шукаючы летняга адпачынку. “У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза Ажэшка з Флер’янова. …Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны й ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных”. Вядома яшчэ, што ў 1909-м у Флер’янове госці ў памяць пра тое, што жылі там, пасадзілі маладыя дубкі. А дуб, пасаджаны Элізай Ажэшкай, ужо мае больш чым векавы ўзрост.

Газета “Голас Радзімы” пісала пра карысную ініцыятыву нашых калег з газеты “Ляхавіцкі веснік”: 21 красавіка 2011 года ў Флер’янове былі пасаджаны 100 дубкоў. Той дзень і лічыцца датай нараджэння маладой дубравы. А ў памяць пра літсалон Бохвіцаў два гады таму Ляхавіцкая раённая ЦБС, райвыканкам, “Ляхавіцкі веснік” выступілі з ініцыятывай: аднавіць у Флер’янове традыцыю сустрэч цікавых людзей, правядзення літаратурных чытанняў. Як усё ў Флер’янове праходзіла – мы яшчэ раскажам. Я ж з Мінскага аэрапорта ўранні 16 чэрвеня праз Алеся Бадака даслаў грамадзе такую СМС-ку: “Паважаны зямляк! Перадай, калі ласка, маё вітанне ўдзельнікам Флер’яноўскіх чытанняў. Я на шляху ў Індыю. А думкамі сёння з вамі. З павагай, Іван Ждановіч з Яцкаўшчыны”.

Іван Ждановіч

Ждановіч, І. Новыя колеры Флер’янова / Іван Ждановіч ; фота Маргарыты Кухты // Голас Радзімы. – 2018. – 31 ліпеня (№ 26). – С. 1, 8 : фат.

«Флер’яноўскія чытанні»:
ОДА МАЛОЙ РАДЗІМЕ

Ёсць на Ляхавіччыне, што ў Брэсцкай вобласці, куток пад паэтычнай назвай Флер’янова. Тут сёлета, ужо ў другі раз, адбылося знакавае мерапрыемства – літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні». Гэта вёска стала месцам культурнага сходу невыпадкова: тут знаходзіцца стары фальварак вядомага роду Бохвіцаў, дзе ў свой час гасцямі былі Рэйтаны, Радзівілы, Ю. Катарбінскі, Э. Ажэшка і іншыя знакамітыя асобы. Маёнтак калісьці быў месцам збору навакольнай інтэлігенцыі. Сённяшнія яго гаспадары Генрых і Ларыса Траццякі заўсёды рады вітаць у ім гасцей.

Супрацоўнікі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы вырашылі аднавіць культурна-асветніцкую традыцыю. Дарэчы, першыя літаратурныя чытанні адбыліся тут у 2016 г. і былі прымеркаваны да Года культуры і 175-годдзя з дня нараджэння Э. Ажэшка. З таго разу было вырашана праводзіць чытанні раз у два гады. У чэрвені 2018 г. прайшлі ўжо другія «Флер’яноўскія чытанні». Гэта мерапрыемства пада- лося асабліва сімвалічным, паколькі 2018 г. у нашай краіне быў аб’яўлены Годам малой радзімы. Наша малая радзіма славутая на літаратурныя таленты: з Ляхавіччыны паходзяць У. Дамашэвіч, Л. Пранчак, А. Бадак. Іх творчасць, а таксама дзейнасць менш знакамітых, але не менш таленавітых Г. Жывіцы, І. Ждановіча, Ф. Лапаніка, Л. Глеб і суседзяў з Баранавіч А. Корнева, К. Трысцень была прадстаўлена на чытаннях. Жывыя эмоцыі гучалі ў пастаноўках па творах гэтых аўтараў. Было відавочна – прысутныя і смяяліся, і плакалі разам з акцёрамі. Неабходна адзначыць, што пад вялікім уражаннем гледачы засталіся і пасля прагляду мініяцюры «Заклінаю ад кулі», бібліятэкара Л. Глеб па творы нашага земляка У. Дамашэвіча.

Фэст атрымаўся вельмі насычаны. Акрамя шырокай канцэртнай праграмы,вялікая колькасць розных пляцовак давала магчымасць усім гасцям мерапрыемства знайсці занятак на свой густ:пагартаць кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь ці прыдбаць якую-небудзь навінку ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пачытаць на лавачцы пад дрэвам у бібліятэцы пад адкрытым небам, пракаціцца на конях з аграсядзібы “Залатая падкова”, паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабу сувеніраў ці папрысутнічаць на пленэры мастакоў, наведаць фотазоны і студэнцкую майстэрню інавацый кафедры педагогікі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта (БарДУ) (кіраўнік В. Козел) ці паспрабаваць сваю ўдачу ў бяспройгрышнай латарэі.У рамках акцыі “Я помню. Я ганаруся” завіталі на фестываль супрацоўнікі Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі. Многія нашы землякі мелі магчымасць падзяліцца гісторыяй свайго продка – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Асоба хочацца адзначыць работу “адкрытага” мікрафона – жадаючыя прадэкламаваць свае вершы амаль што не выстраіліся ў чаргу, а слухачоў у іх было не менш, чым на ўрачыстай частцы. Асабліва прыемна было ўсім прысутным атрымаць прывітальны ліст ад Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча, у якім ён адзначыў важнасць мерапрыемства. “Літаратура – гэта маральны патэнцыял,які не дасць нам збяднець. Мы павінны выхаваць здаровае, добра адукаванае пакаленне. Флер’яноўскія чытанні – яшчэ адзін крок да таго, каб захаваць высокае значэнне мастацкай літаратуры ў жыцці ўсіх пакаленняў беларусаў” – з такімі словамі звярнуўся да нас А. Карлюкевіч, а мы спадзяемся, што распачатая работа ў гэтым напрамку дасягне значна большых маштабаў і літаратурная спадчына беларусаў толькі ўзбагаціцца, а тым самым, будуць нагоды сустракацца на новых і новых літаратурных чытаннях.

Лізавета МАЦУЛЕВІЧ

Мацулевіч, Л. “Флер‘яноўскія чытанні”: ода малой радзіме / Лізавета Мацулевіч // Бібліятэчны свет. — 2019. — № 3. — С. 8 — 9.

Літаратурныя чытанні ў Флер’янове

У пачатку дваццатага стагоддзя флер’яноўская сядзіба, што належала роду Бохвіцаў, была адным з асяродкаў беларуска-польскіх культурных зносінаў. Бохвіцы былі не толькі добрымі гаспадарамі, але і гасціннымі людзьмі, патрыятычнымі ды інтэлігентнымі. Таму іх дом прыцягваў слынных асобаў з навакольных сядзібаў. Частымі гасцямі тут былі Рэйтаны з Грушаўкі, Ажэшкі з Людвінава, Радзівілы з Нясвіжа і іншыя асобы. У маёнтку збіралася мясцовая інтэлігенцыя, вяліся інтэлектуальныя размовы, абмяркоўваліся навіны літаратуры, падзеі культурнага жыцця краіны. Вечарамі ладзілі прадстаўленні «флер’яноўскага тэатрыка», дзе акцёрамі выступалі самі знатныя госці. Усё адбывалася на фоне цудоўных мясцовых краявідаў. Вёснамі квітнеў сад, стракатым дываном высцілалі яго палявыя кветкі, а паркавыя алеі клікалі ў бясконцасць…

Аднавіць традыцыю правядзення літаратурных вечароў вырашылі ў 2016 годзе. Па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы у Год культуры тут адбыліся Першыя «Флер’яноўскія чытанні», прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. Мерапрыемства прыйшлося даспадобы ўсім прысутным.

Сёлета ў сярэдзіне чэрвеня літаратурны фестываль зноў запрасіў на свята. Вельмі сімвалічна, што Другія «Флер’яноўскія чытанні» праходзілі ў Год малой радзімы. Ганаровыя госці мерапрыемства – нашыя землякі Алесь Бадак, Галіна Жывіца, Фёдар Лапанік, Ларыса Глеб. Узгадвалася творчасць Уладзіміра Дамашэвіча, Леаніда Пранчака і Івана Ждановіча. А. Бадак перадаў прывітальнае пісьмо ўдзельнікам і гасцям літаратурнага фестывалю «Флер’яноўскія чытанні» ад міністра інфармацыі РБ А.Карлюкевіча. Было прадстаўлена тэатралізаванае дзеянне гледачам і ўдзельнікам мерапрыемства. Пад час тэатралізаванага прадстаўлення гучалі паэтычныя творы і песні нашых землякоў. Скарысталіся магчымасцю пазнаёміць са сваёй творчасцю і менш знакамітыя аматары паэзіі нашага раёна і суседняга Баранавіцкага.

Госці свята ўпадабалі разнастайныя конкурсы і віктарыны. Свае выстаўкі прадставілі Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, музей ваеннай гісторыі, выдавецтва «Мастацкая літаратура». Калектывы мастацкай самадзейнасці Ляхавіцкага раёна падрыхтавалі цудоўны канцэрт. Узгадваючы словы Ніла Гілевіча, можна з упэўненасцю сказаць: «пакуль паэты будуць пець», нашая ляхавіцкая зямля не застанецца безыменнай, «зямлі бацькоў не анямець»! Спадзяемся, што «Флер’яноўскія чытанні» традыцыйна адбудуцца ў 2020 годзе.

Алена МІКУЛІЧ

Мікуліч, А. Літаратурныя чытанні ў Флер’янове / Алена Мікуліч // Краязнаўчая газета. – 2018. – № 25. – С. 2.

Флер’янова. Літаратурныя чытанні

Калісьці тут віравала культурнае жыццё.І вось праз стагоддзе зноў музыка,вершы,пленэр…З пачынам!

Сонечныя промні расквечваюць кроны разгалістых дрэў. Над наваколлем лунае музыка. Прагульваюцца дамы ў шыкоўных уборах. Дзверы сядзібнага дома ў Флер’янове шырока расчынены – гасцей сустракае сам Тадэвуш Бохвіц, побач з ім Эліза Ажэшка. У маёнтку ладзіцца прыём…

У былой сядзібе Бохвіцаў цёплым чэрвеньскім днём 2016 года сышліся мінулае і сучаснае: тут адбыліся першыя Флер’яноўскія чытанні.

Пра гэта неаднойчы гаварыў кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч. Пра гэта марыла, пісала раёнка, зноў і зноў вярталася да тэмы ў шматлікіх публікацыях, а пасаджаная па ініцыятыве «Ляхавіцкага весніка» дуброва ля ажэшкінскага дрэва падрасла-паднялася, апранулася ў лісце.

Навокал панавала ўрачыстая, творчая і вельмі ўтульная атмасфера. Пэўна, як і больш стагоддзя назад, калі польская пісьменніца Эліза Ажэшка, улюбёная ў тутэйшыя мясціны, шчыра запрашала сюды сваіх сяброў. Так, яна пісала рэдактару «Тыднёвіка мод і аповесцяў» Люцыне Катарбінскай: «Я на лета зноў выбіраюся да Фларыянава. Вёска прыгожая, здаровая, Бохвіцаў палюбіла, гэта людзі бязмежна добрыя і мілыя. І ведаеш, што прыйшло мне на думку. Можа, і вы выбраліся б туды на нейкія тыдні вылежвання? Весялосці асаблівай там няма, але паветра цудоўнае, сад прыгожы, дрэвы раскошныя, купальня ў рэчцы…» У летнім пансіянаце, які арганізоўвала жонка Тадэвуша Бохвіца Браніслава Цывінская, адпачывалі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі пісьменнік Уладзіслаў Рэймант з жонкай Аўрэліяй, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Генрых Нусбаум, літаратары, артысты і іншыя вядомыя асобы таго часу. Літаратурныя чытанні, завадатаркай якіх была Эліза Ажэшка, падабаліся ўсім гасцям і сталі тутэйшай традыцыяй.

Вельмі сімвалічна, што сённяшнія (больш як праз стагоддзе пасля тых) першыя Флер’яноўскія чытанні, прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшка і ініцыяваныя цэнтральнай бібліятэчнай сістэмай, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама, прайшлі ў Год культуры.

Да гасцей свята звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая нагадала, што 21 красавіка 2011 года, калі да ажэшкінскага векавога дуба дабавіліся дрэўцы, пасаджаныя па ініцыятыве «ЛВ», лічыцца днём нараджэння новай дубровы.

Ганаровы госць свята – наш зямляк, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак падарыў раённай бібліятэцы кнігі пра Ляхавічы і ляхавіцкую зямлю ўласнага аўтарства.

– Вельмі добра, што чытанні праводзяцца не ў горадзе і закрытым памяшканні, а на жывой зямлі. Менавіта так можна адчуць дух гісторыі. Здорава, што тут перакрыжоўваюцца розныя эпохі. Калі свята захаваецца, атрымае развіццё, калі сюды будзе прыходзіць моладзь, школьнікі, гэта стане самым лепшым для іх урокам гісторыі, культуры, сямейнага выхавання, – захоплена адзначыў Алесь Бадак, які, дарэчы, парадаваў прысутных і чытаннем уласных вершаў.

Падчас тэатралізаванага паказу гучалі паэтычныя творы і песні, у тым ліку і на словы нашых землякоў. Скарысталіся магчымасцю пазнаёміць землякоў са сваёй творчасцю мясцовыя аматары паэзіі – Валянціна Пабягайла, Іван Трысцень, Уладзімір Лаўрэнаў.

У ролі артыстаў вельмі арганічна ўжыліся работнікі бібліятэк раёна, яны вельмі адказна і досыць прафесійна падышлі да падрыхтоўкі сустрэчы: сачынялі сцэнарый, шылі касцюмы па модзе пачатку ХХ стагоддзя, гатавалі стравы беларускай кухні. З любоўю падабраны рэпертуар прывезлі на свята калектывы мастацкай самадзейнасці.

Звінела і плыло свята над вёскай. Аматары кніг цікавіліся выстаўкай бібліятэкі пад адкрытым небам «Каралева высокага слова», дзе работнікі купалаўкі прадставілі творы Элізы Ажэшка, літаратурную карту Ляхавіччыны з кнігамі нашых землякоў. Хлопчыкам і дзяўчаткам даспадобы прыйшліся конкурсы і віктарыны на веданне герояў казак і апавяданняў. Яркія, прыгожа і арыгінальна аформленыя кнігі для дзяцей на беларускай і рускай мовах прадставіла на выставе-продажы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Дэсант юных мастакоў са студыі «Апалон» высадзіўся ля сцен сядзібнага дома, каб на мове фарбаў перадаць свае ўражанні ад тутэйшых краявідаў. Сталы са стравамі нацыянальнай кухні ламаліся ад ўсялякіх прысмакаў, якімі гаспадыні-бібліятэкаркі ад душы ўсіх частавалі. Увагу прыцягвала выстаўка-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці. Выдатным напамінам пра першыя Флер’яноўскія чытанні будуць магніцікі з выявай прыгожага гістарычнага мястэчка (пастараліся супрацоўнікі купалаўкі), іх асабліва актыўна набывалі дзеці.

Некаторыя нашы землякі проста на свяце сталі чытачамі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы супрацоўнікам гэтай установы, для якіх выязныя выстаўкі – справа звычайная. Яны прывезлі на свята не толькі выданні з фонду старадрукаў і рэдкіх кніг, якія датычаць нашага раёна, але і іншыя фаліянты. Іх можна было патрымаць у руках, пагартаць старонкі, зазірнуць у далёкае мінулае. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Ала Пенда адзначыла, што гэта не музейныя экзэмпляры – кніга павінна быць у руках людзей. Супрацоўнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі вельмі зацікавіла асоба Тадэвуша Бохвіца, які займаўся журналістыкай і калекцыянаваў часопісы з усяго свету. Вярнуць усю калекцыю немагчыма, але сучасныя тэхналогіі дазваляюць аднавіць хаця б яе частку. Адзін з праектаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь па вяртанні замка- вых і сядзібных бібліятэк якраз і накіраваны на тое, каб гэта культурная спадчына не была страчана.

Загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Валерый Герасімаў перадаў цэнтральнай раённай бібліятэцы кампакт-дыск «Старажытныя Ляхавічы ў энцыклапедычных і даведачных выданнях» – бясцэнны матэрыял для гісторыкаў і краязнаўцаў.

Фінальны акорд свята – белыя галубы над маёнткам як сімвал міру, святла і надзеі, а яшчэ спадзявання на новую сустрэчу ў Флер’янове.

Наталля ПЕРАПЕЧКА

Перапечка, Н. Флер‘янова. Літаратурныя чытанні / Наталля Перпечка // Звязда. – 2016. — № 125. – 2 ліпеня. – С. 7.

Новая «строфа поэмы»

В Ляховичском районе возрождают традиции литературного салона начала ХХ века

Усадьбу Флерьяново, расположенную в пяти километрах от Ляховичей, летом 1908 года для своего отдыха выбрала Элиза Ожешко. При этом судьба распорядилась так, что именно здесь известная писательница пережила свое последнее романтическое увлечение.

Сердечным другом для уже пожилой Ожешко стал хозяин усадьбы Тадеуш Бохвиц, внук известного философа Флориана Бохвица. Благодаря этой романтической связи, а также гостеприимству Бохвица, чему были рады многие известные писатели и поэты того времени, среди которых были Владислав Реймонт, Юзеф и Люцина Катарбинские, Генрих Нусбаум, Флерьяново на несколько летних сезонов превращалось в настоящий литературный салон, где кипела творческая жизнь. И, видимо, не случайно Элиза Ожешко назвала флерьяновское лето «строфой поэмы».

Этим летом по инициативе Ляховичского райисполкома и центральной районной библиотеки было решено вновь возродить давние литературные традиции Флерьяново. 18 июня в бывшем имении Бохвицей, имеющем статус историко-культурного наследия, прошли первые районные литературные чтения «Флер’янаўскія чытанні», приуроченные к Году культуры и 175-летию со дня рождения Элизы Ожешко.

– Мы постарались сделать все возможное, чтобы как можно правдивее передать атмосферу того времени, – говорит Ирина Бреус, исполняющая обязанности директора Ляховичской центральной районной библиотеки. Для этого наши работники оделись в костюмы по моде начала прошлого века, которые пошили своими руками. Каждый, задействованный в театрализации праздника – а таких набралось более двух десятков человек – изображал или какую-то историческую личность, например Тадеуша Бохвица или Элизу Ожешко, или простых гостей имения.

Во время литературного праздника в Флерьяново работали различные выставки и тематические площадки.

Центральным событием праздника стало выступление литераторов. Со своими стихами перед присутствующими выступили почетный гость праздника, поэт, автор книг для детей и подростков Алесь Бадак, который родом из близлежащей деревни Турки, местные поэты Вячеслав Войшевич, Иван Тристен и Валентина Побегайло, а также читатели районной библиотеки. В дополнение к этому в исполнении артистов районной самодеятельности звучали песни, написанные на стихи ляховичских поэтов.

Геннадий ПОПЛАВСКИЙ

Поплавский Г. Новая «строфа поэмы» [В Ляховичском районе возрождают традиции литературного салона начала ХХ века] / Геннадий Поплавский // Заря. – 2016. – № 75. — 2 июля. – С. 10.

Поделиться в социальных сетях:

Обсуждение закрыто.