Тэатр. Самадзейныя калектывы

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Культурнае жыццё Ляхавіччыны  >>> Тэатр

«Самадзейныя калектывы»

Садоўская Н. Была судэльная драма…Марчык, С. І ў правінцыі любяць тэатр

Была суцэльная драма…

Драма, напэўна, – самы складаны і непаўторны з ўсіх жанраў тэатральнага мастацтва. Сыграць драматычную ролю, увайсці ў вобраз, прасякнуцца думкамі, перажываннямі героя нялёгка. Тым не менш у гэты дзень на сцэне ГДК была суцэльная драма, а ў якасці акцёраў выступалі юнакі і дзяўчаты.

Уся праграма абласнога занальнага фестывалю аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе – 2005” падзялялася на 4 часткі. Гэта выступленні тэатральных калектываў Ляхавіцкай школы мастацтваў, гімназіі, Ураджайнінскага і Конькаўскага СДК. Ацэньвалі пастаноўкі вядучыя спецы-ялісты абласных устаноў культуры, намеснік старшыні райвыканкома Мікалай Куліцкі, загадчык аддзела культуры райвыканкома Ігар Тулейка.

Першымі на падмостках раённай сцэны разгарнулі сваё, па праўдзе, шыкоўнае дзейства пад назвай “Ляхавіччына ў фарбах і гуках” навучэнцы школы мастацтваў. Чаго тут толькі ні было: паданні, якія чаргаваліся з задушэўнымі лірычнымі песнямі, музычнымі кампазіцыямі юных скрыпачоў і дамрыстаў, народнымі танцамі, вершаванымі ўстаўкамі. Карцінная галерэя, якая прамільгнула перад вачамі гасцей, усяго за некалькі хвілін адлюстравала краявіды і людзей, гісторыю і культурныя зда-быткі зямлі ляхавіцкай. Такая багатая і разнастайная гама талентаў і здольнасцей нашых рабят, у даным выпадку – у мініяцюры. Як адзначыла журы, пакуль з прагледжаных праграм усіх школ мастацтваў вобласці ляхавіцкая – кандыдат у пераможцы.

Другім нумарам выступілі ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Вобраз” гімназіі (кіраўнік Людміла Раманенка). Прыгожая гісторыя кахання, легенда пра раку Ведзьму, якая нясе свае воды праз Ляхавічы. Адпаведна часу – дэкарацыі, касцюмы. Нават самыя маленькія ўдзельнікі, якія былі задзейнічаны ў спектаклі, трымаліся бы сапраўдныя акцёры. Паверце, было на што паглядзець. Калі вы не ведаеце, не чулі адкуль пайшла назва нашай ракі, паслухайце. “Жыў калісьці ў тутэйшых мясцінах дужы, непераможны князь Рацібор, усім качэўнікам –пагроза. І пакахаў ён Чарняву, дзяўчыну незвычайнай прыгажосці. Пра хараство яе хадзілі нядобрыя чуткі, бы вядзьмарка яна: хто ні ўбачыць Чарняву, – не можа забыць яе. Хоць і ўзаемным было тое каханне, лёсам асуджана на няшчасце. Умяшалася старая княгіня, загубіла Чарняву, а з ёю і свайго сына. Укінулі слугі княгіні дзяўчыну ў бурлівую рэчку. Усяго адзін крок, і быццам абдымкі каханай, ласкава прыняла рака і Рацібора. З той пары рэчка наша завецца Ведзьмай. Калі вельмі прыслухацца да вады, можна пачуць ціхі шэпт жаночы і муж-чынскі: гэта Рацібор і Чарнява гамоняць. А той, хто нарадзіўся ў гэтых мясцінах, ужо ніколі не забудзецца пра іх, яго заўсёды будзе цягнуць на радзіму”…

Ураджайнінскі СДК прысвяціў сваю літаратурна-музычную кампазіцыю 60-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яе назва – “Па вайне” (рэжысёр-пастаноўшчык Аксана Далідзік). Дзеючыя асобы – салдаты і салдаткі, учарашнія хлопцы і дзяўчаты, якія марылі пакараць гарызонты, вучыцца, кахаць, і якія загінулі. Яны – бы цені з мінулага, што на імгненне паўсталі з мёртвых, ажылі, каб расказаць праўду пра тую вайну, жорсткую, бязлітасную. Тады таксама прагна цвіла чаромха, хоць была распілавана варожым снарадам на дзве часткі і схілілася да зямлі, высока ў зеніце стаяла сонейка. Бы не было яе, праклятай. А між тым, маці атрымлівалі пахавальныя, у якіх значылася: “Загінуў смерцю храбрых…” Вайна не шкадавала, не выбірала. Прыглушанае святло, армейская вопратка, сур’ёзныя твары рабят, шчымлівая музыка, дакладныя рухі і словы – усё адпавядала настрою таго часу. Журы пастаноўка спадабалася асабліва. Былі адзначаны творчыя здольнасці Насці Ясевіч..

І, нарэшце, бенефіс дырэктара Конькаўскага СДК Тамары Морскай – гістарычна-драматычная імпрэза “Паўстае Рагнеда, як апостал духу”. Дасканала перадаць вобраз Рагнеды, увасобіць яе думкі, перажыванні на сцэне – акцёрскія здольнасці Тамары Морскай удастоіліся пахвалы. У драматычным жанры яна – прафесіянал. Моладзі ёсць у каго павучыцца. У гэтым сэнсе ўдзельнікам аматарскага аб’яднання “Вясёлы балаганчык” з кіраўніком пашанцавала.

Трэба сказаць, усе пастаноўкі былі цудоўныя. Думаю, яны кранулі душу не адной мне. А гэта гаворыць пра тое, што можам, здатныя.

Садоўская Н. Была судэльная драма… (“Тэатрал. Палессе – 2005”) // ЛВ. – 2005. – 23 крас. – С.4.

І ў правінцыі любяць тэатр

Гасне ў зале святло, і на сцэне пачынаецца дзейства. Героі п’есы перажываюць, спрачаюцца, кахаюць, не пакідаючы раўнадушным і гледача, які выказвае свой унутраны настрой гарачымі апладысментамі.

Гэта тэатр. Яго любілі і любяць многія менавіта за тое, што ў адрозненне ад кіно глядач тут нібы сам становіцца ўдзельнікам дзеяння. Эмацыянальны настрой артыстаў быццам праз нябачныя ніці перадаецца кожнаму, ад першага рада да галёркі.

Але прэм’еры, шыкоўныя Тэатральныя залы, яркае святло рампы- усё гэта недзе там, у сталіцах ці больш буйных гарадах. “Глыбінка” ж аб такой раскошы можа толькі марыць. Аднак ці значыць гэта, што драматычны жанр правінцыі заказаны. Зусім не.

Сапраўдны тэатр пачынаецца там, дзе ёсць энтузіясты, творчыя, зацікаўленыя людзі. Такія, як напрыклад, Алег і Святлана Падалкі з Тухавіч. Паэтычны тэатр мясцовага СДК можна без перабольшвання назваць калектывам аднадумцаў, захопленых мастацтвам. Яго работы не пакідаюць раўнадушнымі нікога. Звяртае на сябе ўвагу даволі высокі ўзровень прафесіяналізму ва ўсім – ад светлавога і музычнага афармлення да ігры юных артыстаў.

Таму невыпадкова менавіта ў Тухавічах адбыўся раённы семінар клубных работнікаў, кіраўнікоў драматычных гурткоў, настаўнікаў пачатковых і сярэдніх школ на тэму “Драма – адзін з вядучых жанраў мастацкай самадзейнасці”. Карыснае, хоць і не вельмі папулярнае ў апошні час мерапрыемства. У раёне нямала драмгурткоў, якія ставяць невялічкія сцэнкі, нескладаныя па форме і забаўляльныя па зместу. І на гэтым часцей за ўсё справа заканчваецца. Драматычны жанр апынуўся ў нас сёння ў такім становішчы, як і танцавальны. Адчуваецца востры недахоп спецыялістаў. Пра гэта на семінары гаварылі многія.

Як жа працуюць у Тухавічах? Тут даўно ведаюць, што артыста, нават самадзейнага, трэба выхоўваць і вучыць змалку. Напачатку з імі праводзяцца заняткі па пластыцы, рытміцы, сцэнічнай мове. Паступова рабяты ўцягваюцца, і калі настае пара выйсці на сцэну, кожны з іх разумее рэжысёра з паўслова. А побач старэйшыя рабяты, якія ахвотна апякаюць малых. У гэтым тэатры існуе непарушная сувязь паміж узроставымі групамі. На змену выпускнікам прыходзяць навічкі.

Сцэнарыі тут таксама ствараюць самі, паклаўшы ў аснову дакументальныя падзеі ці публіцыстычныя творы. На семінары тухавічане паказвалі “Літургію” па У. Караткевічу. Гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя розных этапаў гісторыі Беларусі ў пантаміме. Слоў няма, ёсць толькі музыка, святло і пластыка артыстаў. З дапамогай рухаў і жэстаў рабяты гавораць з залай. І яна разумее іх. Праўда, былі меркаванні, быццам мова пантамімы занадта складаная для вясковых гледачоў. Але, на маю думку, трэба вучыць разумець розныя жанры. Гэта ўзбагачае, павышае культурны ўзровень.

Што яшчэ можна было ўбачыць на семінары? Цікавы калектыў з Ліпска, з якім шмат гадоў працуе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Paіca Канстанцінаўна Янушкевіч, паказаў “Мікітаў лапаць” па М. Чароту. Пастаноўка спадабалася. Шкада толькі, што ў тэатры адны дзяўчынкі, якія праўда, выдатна спраўляюцца і з мужчынскімі ролямі.

Некаторыя калектывы, на жаль, наогул спынілі сваю творчую дзейнасць. Так, яшчэ нядаўна драмгурток з Дарава быў трэцім на абласным аглядзе, паставіўшы п’есу забароненага некалі аўтара. А сёння справа пайшла на спад. Тым больш шкада, бо ў гуртку – дарослыя людзі. Працуюць з дарослымі і ва Ураджайнінскім СДК. Тут нядрэнна паставілі “Паўлінку”. А ў агульным вылучыць яшчэ кагосьці складана.

Трэба вучыцца і развіваць гэты сапраўды захапляльны жанр, нягледзячы на пэўныя складанасці. Можа сёння больш чым калі-небудзь варта берагчы духоўныя каштоўнасці, падтрымліваць ўсё таленавітае, неардынарнае. Ha гэта таксама наводзіць думкі семінар. І хочацца спадзявацца, што ён не стане проста мерапрыемствам для справаздачы. Драматургічны жанр павінен заняць сваё месца на сельскай сцэне. І не толькі на сцэне. Тэатралізаваныя формы выкарыстоўваюцца і ў час правядзення народных свят, афіцыйных урачыстасцей. З улікам гэтага і ацэньваем мы практычную карысць семінара.

Марчык, С. І ў правінцыі любяць тэатр // Ляхавіц. веснік. – 1993. – 28 мая. – С. 3.


Поделиться в социальных сетях:

Обсуждение закрыто.