Гісторыя

У 1939 годзе пачала свой адлік гісторыя калгаса “Беларусь”. Першымі на Ляхавіччыне вырашылі аргнізаваць калгас, які потым аб’яднаўся з калгасам ў Жарабковічах, жыхары вёскі Гулічы, якія стварылі сельскагаспадарчую арцель і далі ёй гучнае імя Варашылава. Адным з арганізатараў Гуліцкага калгаса імя Варашылава з’яўляецца Дзямьян Паўлавіч Мінкевіч. Будучы членам праўлення арцелі, ён аддае ўсе свае сілы грамацкай гаспадарцы калгаса. У далейшым ён становіцца старшынёй калгаса. Калгаснікі Аляксей Кунцэвіч, Ігнат Мікуліч і Марыя Мінкевіч, выехаўшыя першымі ў поле, на арцельнай зямлі ў першы дзень працы пасеялі 4 га канюшыны і ўзаралі пад пасеў каласавых 3 га пахаці. У 1947 годзе старшынёй калгаса імя Варашылава быў Салата Ігар Васільевіч. У гэтым жа годзе гаспадарка адной з першых разлічылася з дзяржавай па сенапастаўках.
24 снежня 1950 года дробныя калгасы – “Перамога” (Зарытава), “Ударнік” (Яцкаўшчына), “Новае жыццё” (Канюхі), імя Варашылава (Гулічы), калгас імя Кірава (Астрэйкі) – аб’ядналіся ў адну гаспадарку імя Сталіна, якая праз некаторы час атрымала назву “Беларусь”. Старшынёй быў абраны Кухарчык Ігнат Раманавіч, а ў склад праўлення ўвайшлі былыя старшыні раней існаваўшых гаспадарак.
Аб’яднаныя калектыўныя гаспадаркі патрабавалі граматных і кваліфікаваных кіруючых кадраў. Па закліку партыі з гарадоў, прамысловых цэнтраў ў калгасы накіроўваліся працаваць на кіруючыя пасады вопытныя, аўтарытэтныя работнікі, спецыялісты сельскай гаспадаркі.
У маі 1952 года калгас імя Сталіна ўзначаліў загадчык сельгасаддзела Ляхавіцкага райкама партыі Бычкоў Пётр Панкратавіч. Старшыня аддаваў шмат сіл і энергіі, каб вывесці калгас ў перадавыя, вырашыць сацыяльна-эканамічныя і культурныя праблемы пасляваеннага часу, а гэта стварэнне вытворчай базы калгаса, перасяленне з хутароў сем’яў калгаснікаў, электрыфікацыя і радыёфікацыя вёскі, будаўніцтва сельскага Дома культуры, сярэдняй школы, медустаноў. У гэты перыяд фактычна была спланавана і пачала будавацца на новым месцы вёска Зарытава. У кастрычніку 1961 года калгас імя Сталіна быў перайменаваны ў калгас “Беларусь”.
Паспяхова прадоўжыў справу былога старшыні калгаса Мікуліч Іван Іосіфавіч, які працаваў на гэтай пасадзе са жніўня 1967 па чэрвень 1975 года. Калі калгас застаўся без кіраўніка, калгаснікі, як вопытнага спецыяліста, выбралі яго сваім старшынёй. Мікуліч Іван Іосіфавіч быў з гэтых мясцін, нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Гулічы ў сялянскай сям’і. За гады працы пры ім калгас памножыў свае здабыткі, выйшаў на новыя рубяжы ў сельгасвытворчасці. Старшыня калгаса асабіста ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, граматай Вярхоўнага Савета БССР за поспехі, дасягнутыя гаспадаркай у вытворчай дзейнасці.
З 1975 па 1982 гады калгас “Беларусь” узначальваў Бокач Аляксандар Іосіфавіч. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка дасягнула новых вытворчых поспехаў – неаднаразова станавілася пераможцам усесаюзных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, з’яўлялася пастаянным удзельнікам ВДНГ у Маскве.
У 1980 годзе ў склад калгаса “Беларусь” уваходзіць  калгас “Савецкая Беларусь”.
З восені 1982 года і да вясны 2016 года займаў пасаду старшыні калгаса “Беларусь” Бусько Віталій Іванавіч, які дагэтуль працаваў у калгасе намеснікам старшыні, сакратаром партарганізацыі. Самай буйной гаспадаркай стаў кіраваць вучоны заатэхнік, якому ад роду было ўсяго 29 гадоў. На той час – самы малады старшыня калгаса ў раёне.
Нялёгкі час выпаў на пачатак работы старшыні калгаса Віталю Бусько. Перабудова, якая пачалася ў СССР з 1985 года, зацягнулася на доўгія гады. Рушацца раней напрацаваныя эканамічныя сувязі, у гаспадарчай дзейнасці ўзводзяцца новыя рыначныя адносіны, раней існаваўшага цэнтралізаванага планавання ўжо не існуе…
Але дзякуючы самаадданай працы вяскоўцаў, умеламу кіраўніцтву калгас не заняпаў, а стабільна працуе з прыбыткамі.
3 красавіка 2007 года ў лік ААТ “Жарабковічы” ўвайшло ЗАТ “Падлессе”.
30 мая 2014 года шляхам далучэння да ААТ “Жарабковічы” рэарганізаваны СВК “Канюхі”.
30 снежня 2016 года адбылася трансфармацыя сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Жарабковічы” ў адкрытае акцыянернае таварыства з такой жа назвай. Гэта ніколькі не палепшыла і не пагоршыла гадавую вытворча-эканамічную карціну прадпрыемства. Адсюль вывад: усе поспехі і дасягненні 2016 года, меўшыя месца асобныя няўдачы – на рахунку сельгаскаператыва.
У канчатковым выніку ўсё залежыць ад людзей. Ад іх умення, стараннасці, цярплівасці. І, вядома ж, ад сумлення. Такія якасці ўраз не выхаваеш…
Жыццё Віталя Іванавіча Бусько абарвалася на 64 годзе жыцця. Яго змяніў паплечнік, намеснік старшыні па раслінаводству Булаты Антон Тадэвушавіч.
Больш за чвэрць стагоддзя Антон Булаты працуе ў сельскай гаспадарцы, 20 апошніх гадоў у СВК “Жарабковічы”. Спачатку намеснікам старшыні па раслінаводству, а з вясны 2016 года і па цяперашні час – старшынёй ААТ “Жарабковічы”. Важкія ўраджаі з года ў год – безумоўна, заслуга агранамічнай службы і яго асабістая.
У 2019 годзе да ААТ “Жарабковічы” далучаны КСУП “Тальмінавічы”.
16 жніўня 2024 года ААТ “Жарабковічы ўзначаліў Новік Андрэй Анатольевіч.
WYSIWYG Web Builder

Кіраўнікі:

Новік Андрэй Анатольевіч, 1974 г.н. (Ляхавічы). Скончыў Горацкую сельгаскагаспадарчую акадэмію. Больш за 20 гадоў працаваў у СВК “Ляхавіцкі” (у апошні час займаў пасаду галоўнага інжынера).
З 16 жніўня 2024 года і па цяперашні час – старшыня ААТ “Жарабковічы”.
Булаты Антон Тадэвушавіч нарадзіўся 8 красавіка 1963 года ў вёсцы Валасачы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1988 годзе скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
З 1 студзеня 1979 года па 1 сакавіка 1982 года – вучоба ў Ляхавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме.
З 26 красавіка 1982 года па 31 мая 1984 года – служба ў радах Савецкай Арміі.
З 1 верасня 1984 года па 29 снежня 1988 года – вучоба ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце.
З 7 лютага 1989 года па 18 лістапада 1991 года – галоўны аграном калгаса імя Фрунзэ Рэчыцкага раёна.
З 27 лістапада 1991 года па 30 верасня 1992 года – тэхнік па тэхніцы бяспекі калгаса “Дружба” Ляхавіцкага раёна.
З 1 кастрычніка 1992 года па 20 верасня 1994 года – аграном калгаса “Дружба”.
З лістапада 1994 года па 5 сакавіка 1995 года – зарэгістраваны беспрацоўным.
З 6 сакавіка 1995 года 2 чэрвеня 1996 года – трактарыст-машыніст калгаса “Беларусь” Ляхавіцкага раёна.
З 3 чэрвеня 1996 года па 18 лютага 2007 года – галоўны аграном калгаса “Беларусь”.
З 19 лютага 2007 года да вясны 2016 года – намеснік старшыні СВК “Жарабковічы”.
З вясны 2016 года па жнівень 2023 года – старшыня ААТ “Жарабковічы”.
Бусько Віталь Іванавіч нарадзіўся 26 лістапада 1952 года ў вёсцы Быкавічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1975 годзе скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
З 6 сакавіка 1975 года па 4 лістапада 1975 года працаваў настаўнікам Ляхавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума.
З 11 лістапада 1975 года па 22 лістапада 1976 года служыў у радах Савецкай Арміі.
З 5 студзеня 1977 года па 13 красавіка 1979 года – заатэхнік у калгасе “Прагрэс” Ляхавіцкага раёна.
З 13 красавіка 1979 года па 24 сакавіка 1980 года – намеснік старшыні калгаса па вытворчасці ў калгасе “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” Ляхавіцкага раёна.
З 24 сакавіка 1980 года па 15 верасня 1982 года – намеснік старшыні калгаса “Беларусь” Ляхавіцкага раёна.
З восені 1982 года да вясны 2016 года – старшыня калгаса “Беларусь”.
Узнагароджан Падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (2001), Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага аблвыканкама (2001), Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь (2014).
Жыццё Віталя Іванавіча Бусько абарвалася 30 сакавіка 2016 года.

Людзі і час вачамі Леаніда Екеля, 13.09.2012 “З успамінаў В.І.
Бусько”
“Калі грымнулі ліхія дзевяностыя, многія гаспадаркі, у тым ліку і моцныя, пайшлі да дна. Людзі засталіся без грошай. Было прынята рашэнне выдаваць у кошт зарплаты збожжа. Па сабекошце. Заўважце: выдаваць, а не забіраць ў людзей апошняе… Памятаю, заходзіць да мяне ў кабінет механізатар: “Віталь Іванавіч, слепну. Трэба ехаць ў Маскву і рабіць аперацыю. Дапамажыце з грашыма. Я адпрацую…”. А як дапамагчы, калі грошай няма? Прымаю нестандартнае рашэнне. “Мы дамо табе ў кошт зарплаты 6 кароў. Прадасі іх, а за выручаныя грошы можаш зрабіць аперацыю”. Вось такім чынам выратавалі чалавеку вочы, а можа і жыццё…”

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Бусько, В. І. Галоўнае багацце "Беларусі" — працавітыя, руплівыя людзі / В. І. Бусько ; гутарыла В. Барадзіна ; фота У. Гурыновіча // Ляхавіцкі веснік. — 1998. — 4 лютага ( 10). — С. 2 : фат.
  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Драчан, Н. У пастаянным пошуку / Драчан Н. // Будаўнік камунізму. — 1982. — 28 снежня.
  • Лапіч, А. Каб да зерня прыбавілася малако / Лапіч А. // Ляхавіцкі веснік. — 2009. — 4 лютага ( 9). — С. 2.
  • Новыя калгасы // Савецкі патрыёт. — 1949. — 17 ліпеня ( 55). — С. 1.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Перапечка, Н. Там, дзе поле золатам ззяе / Наталля Перапечка ; фота Cяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. — 2021. — 20 лістапада ( 88). — С. 4 : фат. — Планава-эканамічны падыход дае магчымасць атрымаць «Жарабковічам» важкі плюс.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024