У 1949 годзе пачалося аднаўленне сялянскіх гаспадарак: у вёсцы Гайнін быў створаны калгас “Чырвоны партызан”, у вёсцы Тальмінавічы – калгас імя Малянкова, у вёсках Асосы і Нізкія – “Іскра”, у вёсках Старыя Буды і Новыя Буды – “Крылля Саветаў”. У верасні 1949 года ў вёсцы Лапацічы створаны калгас імя Маякоўскага, у які ўступіла 25 сялянскіх гаспадарак. Старшынёй калгаса быў абраны Коршун Іван Паўлавіч.
У 1950 годзе ў вёсцы Куляні створаны калгас “Шлях селяніна”.
У лютым 1952 года вышэй пералічаныя калгасы аб’ядналіся ў адзін узбуйнены калгас “Іскра”.
У 1949 годзе ў вёсцы Гайнінец утварыўся калгас імя Горкага. У склад калгаса ўвайшлі 42 гаспадаркі. Старшынёй арцелі была абрана сялянка Пшэбытка Вольга.
У 1955 годзе калгас імя Горкага ўзначаліў таварыш Булацікаў.
У красавіку 1956 года калгас імя Горкага ўвайшоў у склад узбуйненнага калгаса “Іскра”. Цэнтр – вёска Тальмінавічы. Старшынёй калгаса стаў Адам Ігнатавіч Кумейша.
Плошча зямель калгаса складала 3524 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 1540 га пашні, 402 галавы буйна рагатай жывёлы, 257 свіней, 173 коней, 2 аўтамашыны. У калгасе налічвалася 420 падворкаў, 773 працуючых калгаснікаў аб’ядналіся ў сем паляводчых брыгад. Зямля апрацоўвалася конямі і трактарамі, асноўныя сельгасработы вяліся ў ручную.
У 1956 годзе была атрымана ўраджайнасць зернавых па 5,6 ц/га, бульбы – 59 ц/га.
У працоўнай кніжцы Таццяны Антонаўны Бадзей усяго толькі адзін запіс – прынята на пасаду бухгалтара калгаса “Іскра” ў 1959 годзе. Пасля заканчэння Столінскага сельгастэхнікума прыехала ў Тальмінавічы, і Ляхавіччына стала ёй родным домам. Неўзабаве ўзначаліла бухгалтарскую службу гаспадаркі. Разумеючы значнасць справы, якую выконвае, аддавала ёй увесь свой час, удасканальвала веды. Усе справаздачы, балансы, іншую дакументацыю яна вяла з высокай дакладнасцю і своечасова. За сумленную працу Таццяна Антонаўна Бадзей мае нямала ўзнагарод. Сярод іх медалі “За доблесную працу”, “За працоўную адзнаку”.
Старшыню калгаса Кумейша А.І. з 4 ліпеня 1979 года змяніў Сакун Аркадзь Андрэевіч, які на гэтай пасадзе прарабіў да 27 студзеня 1995 года.
Па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва 1984 года за паспяховае выкананне і перавыкананне заданняў адзінадцатай пяцігодкі па павышэнню ўраджайнасці, павелічэнню вытворчасці і продажу дзяржаве льну гаспадарка атрымала пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ з выдачай грашовай прэміі.
Гэта ганаровая ўзнагарода ўручана калгаснікам на справаздачна-выбарным сходзе, які адбыўся 16 лютага 1984 года.
У студзені 1995 года гаспадарку ўзначаліў Секач Уладзімір Лявонавіч. Пасля яго у 1999 годзе працаваў на пасадзе старшыні Плескацэвіч Уладзімір Станіслававіч. Потым гэту пасаду займалі: Сяргей Яўген Вікенцьевіч, Войцік Іван Аркадзьевіч, Сакун Аркадзь Андрэевіч, Кузняцоў Валерый Лявонавіч.
У сувязі з рэарганізацыяй МТС 29 кастрычніка 1996 года калгас “Іскра” быў перайменаваны ў калгас-аграфірму “Іскра”.
З 14 ліпеня 2003 года – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Тальмінавічы”.
7 красавіка 2008 года ў склад СВК “Тальмінавічы” ўвайшло СВК “Куршынавічы”.
Варажун Мікалай Пятровіч узначаліў гаспадарку 9 снежня 2013 года. Яму давялося стать кіраўніком гаспадаркі ў той час, калі яна прыйшла ў заняпад. Вопытны спецыяліст, для якога кіраваць калектывам не ўпершыню, імкнуўся стабілізаваць сітуацыю. Працаваў да 22 снежня 2015 года.
Змяніў яго Наўмоўскі Валянцін Генадзьевіч, які працаваў да 7 снежня 2017 года.
26 ноября 2015 года СВК “Тальмінавічы” перайменавана ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Тальмінавічы”. Змены адбыліся не толькі ў назве. З нядаўняга часу сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Біфкам” узяло гаспадарку пад сваю апеку. Дырэктар СТАА “Біфкам” і кіраўнік КСУП “Тальмінавічы” Валянцін Наумоўскі з’яўляюцца галоўнымі каардынатарамі новых перамен.
Далучаны да ААТ “Жарабковічы” у 2019 годзе.