У 1948 годзе жыхары вёскі Зубелевічы згуртаваліся ў калгас “17 верасня”. Першым старшынёй калгаса быў абраны Касцюк Мікалай Мацвеевіч, пасля – Коктыш Адам Іванавіч.
У ліпені 1949 года ў засценку вёскі Зубелевічы быў створаны калгас імя Молатава. Старшынёй стаў Дамашэвіч Віктар Ігнатавіч. У гэтым жа годзе жыхары вёскі Патапавічы згуртаваліся ў калгас імя Энгельса. Старшынёй калгаса абралі Хмарука Станіслава Філіпавіча.
У сакавіку 1951 года калгас імя Энгельса аб’яднаўся з калгасам імя Молатава. Новы калгас атрымаў назву імя Молатава. У ліпені 1951 года да калгаса імя Молатава быў далучаны калгас “17 верасня”. Старшынёй калгаса быў Каляда Мін Трафімавіч, а з 1955 года – Зайчанка Аляксей Пятровіч.
10 ліпеня 1957 года ўзбуйнены калгас імя Молатава атрымаў назву “40 год Кастрычніка”.
Важнай кропкай у гісторыі калгаса “40 год Кастрычніка” стала аб’яднанне ў 1969 годзе з Ляхавіцкім тэхнікумам і пераўтварэнне згодна з пастановай Савета Міністраў БССР № 389 ад 21 лістапада 1969 года і загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР № 459 ад 15 снежня 1969 года ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. Так, мясцовы калгас атрымаў новы статус. Саўгасу-тэхнікуму былі перададзены ўсе зямельныя ўгоддзі, грамадскія пабудовы, жывёлы, тэхніка названага калгасу. Пасля аб’яднання саўгас-тэхнікум меў наступную матэрыяльную базу: двароў – 343, насельніцтва – 1150 чалавек, буйной рагатай жывёлы – 816 галоў, у тым ліку кароў – 420, свіней – 670, авечак – 106, коней – 50, пчол – 50 сем’яў, трактароў – 12, камбайнаў – 10, аўтамашын – 9. Плошча сельгасугоддзяў складала 2528 га, у тым ліку ралля – 1789 га, саду – 55 га.
Дырэктарам Ляхавіцкага саўгас-тэхнікума да 1975 года была Інтарынава Кацярына Кузьмінічна.
З 1975 па 1980 год дырэктарам тэхнікума быў кандыдат эканамічных навук Тупіца Павел Паўлавіч. За гэты перыяд адкрыта завочнае аддзяленне, ўдасканалены вучэбна-матэрыяльная і вытворчая базы. У 1975 годзе пабудаваны інтэрнат № 3 на 400 месцаў, 18-кватэрны і 4-кватэрны жылыя дамы. Выкладчыкі выязджалі ў НДІ і ВНУ рэспублікі для сумеснай распрацоўкі мерапрыемстваў па аказанні дапамогі саўгас-тэхнікуму.
Мяфодзій Мікалаевіч Пабягайла ўзначальваў саўгас-тэхнікум з 1980 па снежань 1995 года. За гэты час уведзены ў эксплуатацыю трэці навучальны корпус са спартыўным, актавым і танцавальнымі заламі, ў 1983 годзе – інтэрнат № 4 на 400 месцаў і 80-кватэрны дом для работнікаў тэхнікума. Пад кіраўніцтвам Мяфодзія Мікалаевіча саўгас-тэхнікум дасягнуў высокіх вытворчых паказчыкаў. На 1 студзеня 1987 года ў гаспадарцы мелася 1999 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 620 кароў, надоі малака склалі 3245 кг, свіней мелася 3100 галоў, трактароў – 45 адзінак, камбайнаў – 12, аўтамашын – 42. На 100 га сельгасугоддзяў выраблена 816 ц малака, 161 ц мяса. Ураджайнасць збожжавых у канцы 80-х гадоў складала 27–30 ц/га, бульбы – 160–190 ц/га, ільновалакна – 8–10 ц/га, карняплодаў – 330–360 ц/га. Валавы грашовы даход гаспадаркі складаў у сярэднім 2,8 млн. рублёў, у тым ліку чысты – 534 тыс. рублёў.
З 1995 года дырэктарам саўгас-тэхнікума з’яўляецца кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Лукіч Сельмановіч. Для далейшага ўдасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на падставе Загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 62 ад 29 лютага 1996 года Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум быў рэарганізаваны з 1 чэрвеня 1996 года ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Землі навучальнай установы былі перададзены племзаводу “Нача”.
З 2001 года вёскі Зубелевічы і Патапавічы сталі адносіцца да СВК “Ордэна Знак Пашаны “Кастрычнік”. Гаспадарку ўзначальвае старшыня Васіль Міхайлавіч Чубаў.
У 2013 годзе СВК “Ордэна Знак Пашаны “Кастрычнік” рэарганізаваны шляхам далучэння да СВК “Шлях Новы”.
У 2019 годзе ферма Зубелевічы далучаецца да ААТ “Нача”.