У 1939 годзе ў вёсцы Падлессе быў арганізаваны калгас імя Леніна, які аб’ядноўваў 38 гаспадарак. Старшынёй калгаса быў абраны Іван Федчык, а потым Цімафей Кумейша.
Праз паўтара года сапраўднага чалавечага жыцця зноў прыйшла бяда, пачалася Вялікая Айчынная вайна.
У 1949 годзе пасля ваеннага ліхалецця ў вёсцы зноў адноўлены даваенны калгас імя Леніна. Старшынёй калгаса стаў жыхар вёскі Падлессе Мікалай Іосіфавіч Праневіч. Невялікай тады была гаспадарка, усяго некалькі дзясяткаў двароў. Вопыту вядзення калектыўнай гаспадаркі не было. Не мелі машын, не хапала спецыялістаў. Але ўжо толькі адно тое, што людзі пачалі працаваць калектыўна, дало свае вынікі: павялічылася пагалоўе жывёлы, узрасла ўраджайнасць палёў, павялічылася колькасць выдачы зерня за працадзень. На грамадскіх фермах было толькі сем дойных кароў ды дзве свінаматкі з 15 парасятамі.
У 1950 годзе ў вёсцы Рамашкі стварылі калгас “Сталінскі шлях”.
У 1940 годзе створаны калгас “Зара” ў вёсцы Шавялі, а ўжо пасля вайны ў 1949 годзе адноўлены даваенны калгас пад новай назвай імя Ракасоўскага.
У 1950 годзе ў вёсцы Свісткоўшчына створаны калгас імя Коласа.
У сакавіку 1951 года адбылося ўзбуйненне невялікіх гаспадарак: вёска Падлессе – калгас імя Леніна: Шавялі, Улазавічы, Рамашкі, Свісткоўшчына аб’яднаны ў адзін калгас, які назвалі імем Уладзіміра Ільіча Леніна. Старшынёй калгаса абралі камуніста Васіля Іванавіча Кунціша.
Да аб’яднання на рахунку маладога калгаса было ўсяго 40–50 тысяч рублёў прыбытку ў год, а потым ён штогод складаў па 600 і больш тысяч. Дзяржава замацавала за калгасам 3636 га зямлі, з іх 2898 га – ворнай. На палях працуе 15 аўтамашын, 46 трактароў, 8 камбайнаў. Большасць работ на палях і фермах робяць машыны і электрычнасць.
Вялікі ў гаспадарцы і грамадскі статак. На фермах 1550 галоў буйной рагатай жывёлы, 846 – свіней, 780 – дойных кароў. Жывёла пародістая, высокапрадуктыўная. Дзяржаве было прададзена 1580 т малака.
У 1968 годзе калгасныя жывёлаводы ўзялі абавязацельства атрымаць на 100 га сельгасугоддзяў па 540 ц малака. Радуюць поспехі і ў паляводстве. З кожнага гектара пасеву ў 1967 годзе атрымана 13 ц збожжавых, 220 ц буракоў, па 5,2 ц льносемя і 3,6 ц льновалакна.
У калгасе вядзецца вялікае будаўніцтва. З кожным годам павялічваецца заработак калгаснікаў. Калгаснікам выдаецца корм для ўласнай жывёлы. Электрычнасць і радыё трывала ўвайшлі ў быт хлебароба.
За пасляваенныя гады каля 800 юнакоў і дзяўчат атрымалі сярэднюю адукацыю, з іх каля 500 закончылі інстытуты і іншыя навучальныя ўстановы.
З 1973 года калгас імя Леніна ўзначаліў Сапун Валянцін Барысавіч і кіраваў ім да 1983 года. Змяніў яго Варажун Мікалай Пятровіч, які займаў гэту пасаду да 1995 года. Крыцкі Міхаіл Міхайлавіч працаваў старшынёй калгаса з 1995 года.
У 2002 годзе гаспадарка налічвала 2935 га сельгасугоддзяў, з якіх 2160 – раллі. У калгасе было 1849 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 716 кароў, 463 свінні, 48 коней. На базе калгаса маюцца дзве малочно-таварныя фермы, ферма па дагадоўванню, ферма па адкорму БРЖ і свінаферма. Гаспадарка мае вялікі трактарны парк, аўтапарк. У асноўным калгас займаецца вытворчасцю мяса і малака, а таксама вырошчваннем лёну і зерневых культур. Справы ў гаспадарцы ладдзяцца добра, калгас мае прыбытак.
24 ліпеня 2003 года калгас імя Леніна быў перайменаваны ў закрытае акцыянернае таварыства “Падлессе”.
Ганзіеў Алі Сайдамавіч узначальваў ЗАТ “Падлессе” з 2005 года. Ён быў апошнім кіраўніком гаспадаркі.
3 красавіка 2007 года ЗАТ “Падлессе” скончыў сваю дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй. Гаспадарка ўвайшла ў лік ААТ “Жарабковічы”.