Гісторыя

У лістападзе 1939 года на тэрыторыі вёскі Нача быў створаны саўгас імя Кірава, які праіснаваў да нямецкай акупацыі. Як паведамілі старажылы Зялёнка Марыя Паўлаўна, Зялёнка Ганна Іванаўна і Масель Лідзія Дзянісаўна, ў першыя дні свайго існавання саўгас налічваў 50 кароў, 30 коней, мелася невялікая птушкаферма, сельскагаспадарчая тэхніка: малатарні, жняяркі, касаркі. Першым дырэктарам саўгаса імя Кірава стаў Сушчэня Іван Паўлавіч.
У 1940 годзе атрымалі першыя трактары, за штурвал якіх селі трактарысты: Смаршчок Рыгор Сцяпанавіч, Дудук Васіль Фёдаравіч, Мурочак Пётр Іванавіч.
У 1941 годзе саўгас імя Кірава быў пераіменаваны ў саўгас “Нача”.
Пасля вайны гаспадарка была адноўлена і ўжо ў 1947 годзе саўгас “Нача” працягваў сваю дзейнасць.
У 1951 годзе дырэктарам саўгаса “Нача” стаў таварыш Стабрэдаў Міхаіл Сямёнавіч.
У красавіку 1957 года адбылося аб’яднанне саўгаса “Нача” і калгаса “Новы шлях”.
Гісторыя калгаса “Новы шлях” налічвае ўсяго некалькі гадоў. Узнік гэты калгас 21 лютага 1952 года. У памяшканні Шчаснавіцкай пачатковай школы адбыўся мнагалюдны сход калгаснікаў Перахрэсцкага сельсавета. Члены чатырох сельгасарцелей сельсавета вынеслі адзінае рашэнне – аб’яднацца ў адзін узбуйнены калгас “Новы шлях”. Агульны сход выбраў новае праўленне калгаса з 9 чалавек і рэвізійную камісію. Старшынёй калгаса абраны Іван Адамавіч Попка. Калгас “Новы шлях” аб’яднаў чатыры вёскі: у вёсцы Грушаўка ў 1947 годзе дзейнічае дзяржаўная племянная канюшня “Грушаўка”, у вёсцы Перахрэсце ў снежні 1948 года ўтвораны калгас “30 год БССР”, у вёсцы Пашкоўцы ў 1949 годзе ўтвораны калгас імя Жданава, у вёсцы Шчаснавічы ў снежні 1948 года – калгас “Новы шлях”.
У сакавіку 1959 года калгас імя Хрушчова (вёскі Мыслабаж, Жарскія, Русінавічы, Гаслаўшчына) быў аб’яднаны з саўгасам “Нача” пад старшынствам Ліпаўкі Аляксандра Якаўлевіча. У 1965 годзе ў адпаведнасці з загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР гаспадарка была падзелена на племянны саўгас “Нача” і саўгас “Ляхавіцкі”. Саўгас “Нача” ўвайшоў у склад Рэспубліканскага трэсту племянных саўгасаў.
3 лютага 1973 года племянны саўгас “Нача” быў перайменаваны ў племянны завод “Нача”. Са студзеня 2001 года па 2010 год – рэспубліканскае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства “Нача”.
З 2010 года – дзяржаўнае прадпрыемства “Нача”.
Кіраўнікі гаспадаркі:
1939–1941 гг. – Сушчэня Іван Паўлавіч.
1944–1952 гг. – Фаменка Яўхім Іванавіч.
1951–1956 гг. – Стабрэдаў Міхаіл Сямёнавіч.
1956–1965 гг. – Ліпаўка Аляксандр Якаўлевіч.
1965–1969 гг. – Віткоўскі Аркадзь Калінкавіч.
1969–1999 гг. – Варановіч Міхаіл Лявонцьевіч. Старшыня Савета ветэранаў Начаўскага сельскага Савета. Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам “Ветэран працы”, медалём “100 год з дня нараджэння У.І.Леніна”.
За гэты час гаспадарка атрымала статус племзавода, была шматгаліновай, але галоўным было развядзенне беларускай буйна-белай пароды свіней. Сваю задачу – забеспячэнне племянным маладняком гаспадарак Брэсцкай вобласці – племзавод выканаў паспяхова. Доказам гэтага служыць два Дыпломы Пашаны і Дыплом 1 ступені ВДНГ, удзельнікам якіх быў племзавод доўгія гады. Міхаіл Лявонцьевіч як кіраўнік у сваёй працы лічыў галоўным даваць правільную і справядлівую ацэнку работы людзей.
За апошнія гады змяніліся яшчэ пяць кіраўнікоў. Гэта Тарлюк Мікалай Сямёнавіч, Піліпчык Мікалай Мікалаевіч, Віхноўскі Ігар Якаўлевіч, Рамейка Галіна Мікалаеўна, Бакуновіч Уладзімір Аляксандравіч.
З 2010 года кіруе гаспадаркай Тарлюк Мікалай Сямёнавіч. У 1986 годзе прыехаў па размеркаванню на работу ў калгас “Беларусь” Ляхавіцкага раёна па спецыяльнасці галоўны інжынер. З 2000 па 2002 гады ўзначальваў РСУП “Нача”, у 2003 годзе – старшыня Начаўскага сельскага савета, у маі 2010 года назначаны дырэктарам ДП “Нача”.
У склад гаспадаркі ўваходзяць тры жывёлагадоўчыя фермы. З іх две малочнатаварныя (ферма “Цэнтр”, ферма “Зубелевічы”) і ферма для вырошчвання маладняку КРС. Працуе машына-трактарны парк, які налічваў на 01.01.2021 г. 13 грузавых, 29 трактароў, 4 спецмашыны.
Па стану на 01.01.2021 г.:
Агульная зямельная плошча складае 2759 га.
Сельскагаспадарчыя угоддзі – 2424 га.
Пашы і сенажаці – 554 га, сад – 160 га.
Кароў – 3400.
Сярэднегадавы надой малака ад адной каровы: 2020 год – 6672 кг.
Асноўны напрамак дзейнасці гаспадаркі – развядзенне буйной рагатай жывёлы, зернебабовых культур, рапса.
У снежні 2023 года дырэктарам ААТ “Нача” быў назначаны Шушпанікаў Сяргей Мікалаевіч.
WYSIWYG Web Builder

Кіраўнікі:

Шушпанікаў Сяргей Мікалаевіч, нарадзіўся 18 ліпеня 1993 года ў горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці. Скончыў Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж (2013), Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (2017).
З 2013 па 2014 год – майстар-наладчык СВК “Ляхавіцкі”.
З 2014 па 2016 год – загадчык майстэрнямі СВК “Ляхавіцкі”.
З 2016 па 2020 год – інжынер-механік СВК “Ляхавіцкі”.
З 2020 па 2021 год – галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ляхавіцкага райвыканкама.
З 2021 па 2023 год – галоўны дзяржаўны інспектар Дзяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ляхавіцкага райвыканкама.
27 снежня 2023 года назначаны дырэктарам ААТ “Нача”.
Тарлюк Мікалай Сямёнавіч, нарадзіўся 15 сакавіка 1963 года ў вёсцы Набярэжная Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт”.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1979 годзе слесарам племзавода “Ганчароўскі” Ляхавіцкага раёна. Працаваў інжынерам-наладчыкам, інжынерам, старшым інжынерам-наладчыкам, галоўным інжынерам калгаса “Беларусь” Ляхавіцкага раёна.
З 1997 па 2003 год – дырэктар племяннога завода “Нача”.
З 2003 па 2010 год – старшыня Начаўскага сельскага выканаўчага камітэта.
З 2010 па 2023 год – ўзначальвае камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства па племянной справе “Нача”.
З’яўляецца дэпутатам Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў, Начаўскага сельскага Савета дэпутатаў.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь “За шматгадовую добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы і ў сувязі з 60-годдзем утварэння племзавода “Нача”, Ганаровай граматай Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў і іншымі граматамі.

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Ананенка, С. Павышаем прадуктыўнасць статка / Ананенка С. // Будаўнік камунізму. — 1978. — 8 чэрвеня.
  • Барадзіна, В. Кропка апоры — працавітасць людзей / Вольга Барадзіна ; фота У. Гурыновіча // Ляхавіцкі веснік. — 1999. — 27 лістапада ( 93). — С. 2 : фат.
  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Казакевіч, М. Крыніцы высокіх надояў / Казакевіч М. // Будаўнік камунізму. — 1970. — 11 красавіка. — Даярка с-са "Нача" аб вопыте сваей работы.
  • Лапіч, А. "Бельгійскі" луг у начаўскіх угоддзях / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. — 2014. — 18 кастрычніка 78. — С. 8. — Кожную пяцідзёнку на рахунак ДП "Нача" паступае па 150 мільёнаў рублёў за малако.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Права на святочны піт-стоп // Ляхавіцкі веснік. — 2021. — 20 лістапада ( 88). — С. 3 : фат. — ААТ "Нача" з'яўляецца рэдкім у раёне сельскагаспадарчым прадпрыемствам, дзе за перыяд 2021 года не было дапушчана змяншэння статка буйнай рагатай жывёлы.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024