Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Малагарадзішчынскага сельсавета пачалі з’яўляцца першыя калгасы.
27 ліпеня 1949 года ў вёсцы Марынова заснаваны калгас імя Чапаева.
У ліпені 1949 года ў вёсцы Волька створаны калгас імя Калініна, старшынёй абраны Вярбіла Андрэй Яфімавіч. Першымі ў калгас уступілі сем’і Вярбілаў і Карповічаў. Усяго ў калгас аб’ядналася 30 гаспадарак. Паступова ўсе жыхары вёскі далучыліся да калгаса. Не хапала тэхнікі, коней. У калгасе былі 2 трактары і адна малацілка. У 1950 годзе была заснавана малочна-таварная ферма. Першым трактарыстам быў Юрчык Антон. Коні і ўся жывёла стаялі ў хлявах. Пачалося будаўніцтва. Былі пастроены кароўнік і канюшня. Жывёлу закуплялі ў дзяржавы. Было куплена пяць кароў.
У ліпені 1949 года вёска Малое Гарадзішча аб’ядналася ў калгас імя Свярдлова. Першым старшынёй быў Малафей Якаў Іванавіч. У калгас уступілі 56 сялянскіх гаспадарак. На першым часе калгас перажыў вялікія цяжкасці. У людзей былі забраны коні, плугі, бораны, вазы. Для сяўбы не хапала сямян, збіралі па вёсцы. На другі год пазычылі ў Жарабковічах. Паціху, з развіццём калгаса, збудавалі птушкаферму, канюшню і цялятнік. Калгас праіснаваў да верасня 1951 года.
27 верасня 1949 года ў вёсцы Гукова заснаваны калгас імя Дзмітрава.
21 кастрычніка 1949 года ў вёсцы Вялікае Гарадзішча заснаваны калгас імя Куйбышава. Першымі ўступілі сем’і Новіка, Віхноўскага, Буйко. Старшынёй калгаса стаў Новік Іван. На першы час ў калгасе налічвалася 50 гаспадарак. Людзі паступова ўступалі ў калгас, асабліва жанчыны. Калгас быў кармавы. Былі агульныя коні, сельгаспрылады. Ранней на тэрыторыі калгаса знаходзіўся маёнтак Бухавецкага. Каровы з гэтага маёнтка, а таксама некаторыя пабудовы былі перададзены калгасу. Вось так утварылася невялікая ферма буйной рагатай жывёлы. Былі збудаваны канюшня, ферма і воданапорная вежа. Першым брыгадзірам быў Ажэль Міхаіл Віктаравіч. У калгасе пачала з’яўляцца новая тэхніка.
21 кастрычніка 1949 года ў вёсцы Крывое Сяло заснаваны калгас імя Чарняхоўскага.
У 1950 годзе ў вёсцы Літоўка заснаваны калгас імя Матросава.
7 кастрычніка 1950 года ў вёсцы Завінне ўтвораны калгас “Камсамолец”. Заснавальнікам калгаса былі Петрашэвіч Марк Маркавіч і Шукала Сямён Маркавіч. Вясной 1949 года ў калгас было пададзена толькі 17 заяў. Людзі не хацелі аб’ядноўвацца ў калгас, але да вясны наступнага года ўступілі амаль усе жыхары вёскі. Петрашэвіч Марк Маркавіч стаў першым старшынёй калгаса. Калгас быў невялікі. Сельгасмашын не было зусім.
22 ліпеня 1951 годзе восем названых малых гаспадарак былі аб’яднаны. Узбуйнены калгас атрымаў назву імя Калініна. Старшынёй калгаса быў абраны Вярбіла Андрэй Якімавіч. На другім годзе пасля аб’яднання ўтварылася партыйная камсамольская арганізацыя. У 1951 годзе землі калгаса займалі плошчу 1100 га. Ворнай зямлі ўсяго – 400 га. За адзін працадзень калгаснікі атрымвалі па 700 грам зерня. Аднаасобнікам увялі ў абавязак абрабляць паўгектара калгаснай зямлі. На ліпень 1955 года калгас імя Калініна ўзначаліў таварыш Вярбіла.
У 1961 годзе калгас імя Калініна ўваходзіць у склад гаспадаркі саўгаса “Ганчароўскі”. Дырэктарам саўгаса стаў Казак Павел Майсеевіч. Саўгас “Ганчароўскі” дзяліўся на чатыры аддзяленні, трэцяе аддзяленне – Малое Гарадзішча, а чацвёртае – Альхоўцы.
25 лютага 1964 года саўгас “Ганчароўскі” быў падзелены на два саўгасы: “Малагарадзішчанскі” і “Ганчароўскі”. Цэнтр – вёска Альхоўцы, дзе маюцца сярэдняя школа, медпункт, сельмаг і аддзяленне сувязі. Кантора саўгаса часова была размешчана ў вёсцы Пад’язаўле, што ў двух кіламетрах ад вёскі Альхоўцы. Дырэктарам саўгаса быў абраны Полясаў Ф.В.
На пачатку 1966 года з саўгаса “Малагарадзішчанскі” вылучыўся саўгас “Альхоўскі”. Дырэктарам саўгаса “Малагарадзішчанскі” быў назначаны Шадура Антон Іванавіч, а дырэктарам саўгаса “Альхоўскі” застаецца Полясаў Ф.В.
У 1975 годзе саўгас “Малагарадзішчанскі” быў пераўтвораны ў эксперыментальную базу “Малагарадзішчынская”. Дырэктарам стаў Станкевіч Казімір Раманавіч. Пазней дырэктарам базы быў назначаны Новік Уладзімір Уладзіміравіч. Гаспадарка мяжавала з саўгасам “Альхоўскі” і калгасам “Новае жыццё”. Колькасць зямельнага фонду – 4431 га. У 1975–1978 гадах адбылася меліярацыя зямель, што дало магчымасць павялічыць плошчу ворнай зямлі. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы, вырошчванні бульбы. Вядуцца меліяратыўныя работы. Збудаваны комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы. Усе фермы гаспадаркі механізаваны. У гаспадарцы з’явілася сучасная тэхніка: камбайны Дон-1500, трактары К-700, Т-150 і іншая тэхніка. Будуецца жыллё, у якое засяліліся ў асноўным маладыя сем’і. Быў праведзены прыродны газ.
30 чэрвеня 2001 года эксперыментальная база “Малагарадзішчанская” перайменавана ў камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Малое Гарадзішча”. З 11 лютага 2008 года КУСГП “Малое Гарадзішча” перайменавана ў адкрытае акцыянернае таварыства “Малое Гарадзішча”.
16 верасня 2008 года ААТ “Малое Гарадзішча” скончыла сваю дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй. Гаспадарка ўвайшла ў лік ААТ “Ляхавіцкая райагратэхніка”. Апошнім дырэктарам ААТ “Малое Гарадзішча” быў Варвашэвіч Уладзімір Міхайлавіч.