Гісторыя

11 ліпеня 1949 года ў вёсцы Гашчын створаны калгас “Пераможац”. Старшынёй калгаса абраны Цярпіцкі Сцяпан Канстанцінавіч.

У ліпені 1949 года ў вёсцы Стараселле сяляне аб’ядналіся у сельскагаспадарчую арцель імя Вышынскага.

У 1951 годзе ў вёсцы Куршынавічы створаны калгас “За ўладу Саветаў”. Старшынёй калгаса стаў Татарыновіч Антон Паўлавіч.

У 1951 годзе ў вёсцы Хацяж утварыўся калгас імя Коласа.

11 сакавіка 1952 года калгаснікі сельскагаспадарчай арцелі “За ўладу Саветаў” і “Пераможац” Куршынавіцкага сельскага савета на агульным сходзе аб’ядналіся ў адзін буйны калгас, які назвалі “Пераможац”. Старшынёй сельгасарцелі быў абраны Герасіменка Афанасій Ягоравіч, а старшынёй рэвізійнай камісіі – Татарыновіч Антон Аляксандравіч. На арганізацыйным пасяджэнні праўлення калгаса намеснікам старшыні сельгасарцелі быў назначаны Сцяпан Цярпіцкі. У тым жа годзе да іх далучаюцца дзве гаспадаркі: сельскагаспадарчая арцель імя Вышынскага і калгас імя Коласа.

У 1953 годзе на калгасным сходзе старшыня гаспадаркі Герасіменка А.Я. адзначыў: “Працоўная дысцыпліна ў калгасе вельмі нізкая, выхад на працу вельмі дрэнны, у калгасе працуюць толькі дзеці, дарослых зусім няма. Гэта сведчыць аб тым, што падрыхтоўка да вясновай сяўбы дрэнная, жывёла даглядаецца ў непатрэбным стане”.

З 1954 года калгасам “Пераможац” кіруе Варваранка М.Н. З яго прыходам у гаспадарцы адбыўся невялікі рух у лепшы бок. Пачалі будавацца жывёлагадоўчыя памяшканні, пад сеў льна былі выдзелены новыя плошчы.

У 1958 годзе старшынёй быў абраны Афанасьеў А.П. За час яго кіраўніцтва павялічыўся трактарны парк. Вялікую ўвагу ён надаваў рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэта быў старшыня, які намагаўся гужавую тэхніку замяніць механізаванай.

Змяніў яго ў 1961 годзе Шэйка Фёдар Васілевіч. Ім быў узяты курс на памяншэнне страт гаспадаркі. На працягу гадоў яго працы толькі ў 1967 годзе быў бачны вынік: паднялася эканоміка калгаса, павялічылася ўраджайнасць зернавых, павялічыліся надоі малака.

У 1972 годзе пасаду старшыні калгаса “Пераможац” займае Саган Генадзь Мацвеевіч.

З 1976 года калгас узначаліў Каспяровіч Уладзімір Антонавіч. Па стане здароўя ён быў вызвалены з пасады старшын, і 27 снежня 1983 года на яго месца прыйшоў Рымша Уладзімір Міхайлавіч.

8 красавіка 1984 года ў сувязі з тым, што Рымша У.М. быў пераведзены на пасаду дырэктара саўгаса “Мілейкі” Івацэвіцкага раёна, старшынёй калгаса “Пераможац” быў аднагалосна абраны Міхнавец Сяргей Васільевіч.

З 1993 па 1999 год калгасам “Пераможац” кіруе Зубік Міхаіл Антонавіч. Пасля яго працавалі: Лазерка В.Н., Аляксейчык Н.А., Буцько Л.Л.

18 ліпеня 2002 года калгас “Пераможац” перайменаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Куршынавічы”. Узначаліў СВК Зубік Міхаіл Антонавіч. Калгас “Пераможац” быў рэфармаваны, бадай, першым у вобласці.

27 ліпеня 2006 года СВК “Куршынавічы” скончыў сваю дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй. Гаспадарка далучылася да СВК “Тальмінавічы”.

WYSIWYG Web Builder

Кіраўнікі:

Шэйка Фёдар Васільевіч нарадзіўся 27 мая 1925 года ў Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобасці Беларускай ССР ў сялянскай сям’і. У 1933 годзе паступіў у польскую школу, дзе правучыўся 6 класаў. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад польскіх захопнікаў працягнуў вучобу ў школе, якую скончыў у 1941 годзе. Падчас акупацыі ўдзельнічаў у супраціўленні, быў у падрыўной групе імя Цыганкова. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на Далёкім Усходзе з японскімі мілітарыстамі. Дэмабілізаваны ў 1948 годзе. Настаўнічаў у сельскай школе пасля заканчэння педвучылішча, затым абраны старшынёй Куршынавіцкага выканкама Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, а ў 1961 годзе – старшынёй калгаса “Пераможац” Куршынавіцкага сельсавета Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1972 годзе старшыня Федзюкоўскага выканкама, а з 1977 па 1985 год – загадчык падсобных гаспадарак Ляхавіцкага кансервавага завода і Ляхавіцкага РПС. За адвагу і мужнасць падчас ВАВ і за самаадданую працу па аднаўленні народнай гаспадаркі ўзнагароджаны ордэнам “Айчынная вайна” 2-й ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Японіяй”, “Ветэран працы” і іншымі.

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 768. Оп. 1. Д. 1-15.
  • Новыя калгасы // Савецкі патрыёт. — 1949. — 17 ліпеня ( 55). — С. 1.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Узбуйнены калгас "Пераможац" // Савецкі патрыёт. — 1952. — 13 сакавіка ( 20). — С. 1.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024