Гісторыя

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны працаўнікі Федзюкоўскага сельсавета пачалі актыўна паднімаць з руін сельскую гаспадарку. У 1950 годзе ў калгасы ўступілі 95% сялянскіх гаспадарак сельсавета. Было ўтворана 5 калгасаў.

У вёсцы Конькі ў 1949 годзе створаны калгас “Кастрычнік”. Старшынёй калгаса стаў Морскі Міхаіл Андрэевіч.

У вёсцы Федзюкі створаны калгас імя Вільямса ў 1950 годзе.

У вёсцы Зарэчча ў 1950 годзе створаны калгас “Чырвонае Зарэчча”. У 1951 годзе старшыня сельгасарцелі тав. Майсюк.

У вёсцы Чвыры створаны калгас “Чырвоная зорка” ў 1950 годзе.

У вёсцы Туркі створаны калгас “Чырвоны маяк” у 1951 годзе.

31 студзеня 1952 года адбыўся агульны сход калгаснікаў пяці маленькіх гаспадарак, на якім было прынята рашэнне аб заснаванні адной узбуйненнай гаспадаркі – калгаса “Кастрычнік”. На сходзе прысутнічала 95 чалавек. У састаў праўлення калгаса ўвайшло 9 чалавек. Таксама быў прыняты новы статут калгаса. Старшынёй гаспадаркі стаў Ксёнжык Пётр Васільевіч.

У калгасе на 1 студзеня 1953 года было 356 калгасных падворкаў з агульнай колькасцю насельніцтва 1296 чалавек, падлеткаў – 78 чалавек. За калгасам налічвалася плошча 1902 га зямлі. У 1953 годзе былі павышаны цэны на харчы сельскай гаспадаркі. Больш увагі пачало ўдзяляцца развіццю жывёлагадоўлі. Таксама калгасу патрэбны былі адукаваныя спецыялісты, таму ўзнікла пытанне, што калгасам павінен кіраваць чалавек, які мае адукацыю ў сферы сельскагаспадарчай дзейнасці.

2 жніўня 1954 года на агульным сходзе членаў калгаса аднагалосна быў абраны новы старшыня – Логінаў Пётр Пятровіч. Яго асноўным абавязкам было далейшае развіццё калгаса.

Аграномам з’яўляецца Шкадзіна Ганна Пахомаўна, на той час дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Першымі брыгадзірамі былі Трысцень Канстанцін Фёдаравіч, Васілько Мікалай Сяргеевіч, Трус Ігнат Платонавіч. Звенні ўзначалілі лепшыя калгасніцы, якія ўмелі вырошчваць і абрабляць лён. Гэта Пташук Марыя Міхайлаўна і Шыхат Соф’я Іванаўна, якія неаднаразова выбіраліся дэпутатамі раённага і сельскіх Саветаў, былі прыняты ў члены КПСС, неаднаразова былі ўдзельнікамі Усесаюзнай выставы народнай гаспадаркі, узнагароджаны медалямі і каштоўнымі падарункамі. У 1957 годзе калгас быў спаўна электрызаваны. Усе калгасныя фермы мелі воду, было збудавана многа новых сельскагаспадарчых пабудоў. Гэта кароўнік на 200 галоў, узведзены 4 канюшні, 2 свінарніка, 2 цялятніка, гараж, зернасховішча.

Логінаў Пётр Пятровіч узначальваў гаспадарку да 1961 года.

У канцы 1960 года стала пытанне аб змене старшыні калгаса. Логінаў П.П. па стане свайго здароўя не мог больш выконваць свае абавязкі. Таму на агульным сходзе 22 снежня 1960 года было прынята рашэнне аб прызначэнні з 1 студзеня 1961 года на пасаду часова выконваючага абавязкі старшыні калгаса “Кастрычнік” Трысценя Канстанціна Фёдаравіча як вопытнага кіраўніка калгаснай вытворчасці.

У далейшым ён і застаецца кіраваць гаспадаркай да пачатку 1964 года. У выпадку аўтамабільнага здарэння Трысцень К.Ф. спыняе сваю працоўную дзейнасць. Ужо ў маі 1964 года на пасаду старшыні прыходзіць Кіеня Фёдар Фёдаравіч. Працаваў на гэтай пасадзе ўсяго два гады.

У студзені 1966 года пасаду старшыні калгаса “Кастрычнік” займае Аліферка Леў Анатольевіч.

Механізатар калгаса “Кастрычнік” Малышка Віктар Антонавіч нарадзіўся 10 жніўня 1936 года ў вёсцы Галавачы Ляхавіцкага раёна. Закончыў 7 класаў Федюкоўскай школы. Спачатку ў калгасе працаваў сеяльшчыкам, а калі скончаў курсы пры Ляхавіцкай МТС – механізатарам. За добрасумленную працу Віктару Антонавічу ў 1971 годзе было прысвоена званне “Герой Сацыялістычнай Працы”.

У 1970-х гадах калгас “Кастрычнік” быў узнагароджаны ордэнам “Знак “Пашаны” і стаў называцца “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”.

Па ініцыятыве старшыні калгаса ў вёсцы Конькі быў узведзены новы будынак для школы. У 1973 годзе Федзюкоўская школа пераязджае ў новае памяшканне.

Аліферка Л.А. працаваў старшынёй калгаса да красакавіка 1979 года.

10 красавіка 1979 года калгас “Прагрэс” і калгас “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” аб’ядналіся ў адну гаспадарку. Агульны калгас захаваў назву калгаса “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Старшынёй стаў Цыкман Іван Іванавіч. Вёска Конькі стала цэнтрам аб’яднанага калгаса.

У 1994 годзе адзіны калгас зноў раз’ядналі на калгас “Прагрэс” і калгас “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Цэнтр калгаса “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” – вёска Конькі. Гаспадарку ўзначаліў Чубаў Васіль Міхайлавіч і кіраваў ёю да красавіка 2013 года.

10 ліпеня 2003 года калгас зноў перайменаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”.

9 красавіка 2013 года СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” скончыў сваю дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй. Адбылося злучэнне, пры якім ён увайшоў у склад ААТ “Шлях новы”.

WYSIWYG Web Builder

Кіраўнікі:

Чубаў Васіль Міхайлавіч родам з Магілёўшчыны. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, па спецыяльнасці аграном. Большую частку свайго жыцця прысвяціў СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, дзе працаваў доўгі час галоўным аграномам, а пасля ўзначаліваў гаспадарку з 1994 па 2013 год. Падчас яго кіраўніцтва адбываліся значныя перамены ў вёсках сельгаспрадпрыемства: адбудаваны новы будынак для праўлення калгаса ў вёсцы Конькі, адноўлена дзейнасць установы сацкультбыту. Дзяржаўная праграма адраджэння развіцця вёскі стала вызначальнай для кардынальных змен, вёска ў 2005 годзе атрымала статус аграгарадка.

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 811. Оп. 1. Д. 1-56.
  • Канько, Г. "Шлях новы" ў буйным фармаце / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. — 2013. — 2 лютага ( 9). — С. 3. — Адбылося аб'яднанне СВК "Ордэна "Знак Пашаны" Кастрычнік" і СВК "Шлях новы".
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Сакун, А. Камуністы ў атказе / Сакун, А. // Будаўнік камунізму. — 1974. — 4 кастрычніка
  • Цыкман, І. Прыбытковая галіна / Цыкман І. // Будаўнік камунізму. — 1981. — 14 сакавіка.
  • Чубаў, В. Шчодрасць азімага поля: па адрасах перадавога вопыту / Чубаў В. // Будаўнік камунізму. — 1982. — 25 лістапада.
  • Шкадзіна Анна Пахомаўна // Савецкі патрыёт. — 1955. — 24 лютага ( 18). — С. 1.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024