У студзені 1940 года на базе былога маёнтка ў вёсцы Ганчары была арганізавана МТС, якой перадаваліся 6 жылых і 3 гаспаспадарчыя будынкі.
У ліпені 1949 года ў вёсцы Мазуркі створаны калгас імя Дзяржынскага.
30 жніўня 1949 года ў вёсцы Набярэжная (да 1971 года – Вонькі) створаны калгас “Світанне”.
21 кастрычніка 1949 года ў вёсцы Гарадзішча створаны калгас імя Пушкіна, які з 17 ліпеня 1952 года ўвайшоў у склад калгаса “1 Мая”.
21 лістапада 1949 года ў вёсцы Ганцавічы створаны калгас “Зара камунізма”. У яго склад увайшлі 20 аднаасобных гаспадарак. Старшыёй калгаса быў абраны Юруць Фёдар Антонавіч – быўшы воін Савецкай Арміі. У карыстанне гаспадаркі было аддана 250 гектараў зямлі. У 1955 годзе старшынёй калгаса быў таварыш Каўпак.
30 лістапада 1949 года ў вёсцы Меляхі створаны калгас “Праўда”. У 1955 годзе старшынёй калгаса быў таварыш Малаковіч. У сакавіку 1960 года на агульным сходзе было прынята рашэнне аб аб’яднанні калгаса “1 Мая” з калгасам “Праўда”. У 1950 годзе ў вёсцы Мядзведзічы створаны калгас “1 Мая”.
17 мая 1950 года ў вёсцы Смаленікі створаны калгас імя Купалы, ў вёсцы Цыгань – калгас “Малады Бальшавік”.
21 жніўня 1950 года ў вёсцы Падбарочча створаны калгас “Светлы Шлях”.
13 верасня 1950 года ў вёсцы Нівішча створаны калгас імя Кагановіча.
27 верасня 1950 года ў вёсцы Залужжа створаны калгас “Чырвоны Усход”.
Да 1960 года калгасы імя Купалы, імя Дзяржынскага ўвайшлі ў склад калгаса “1 Мая”.
У 1953 годзе старшынёй калгаса “1 Мая” быў Фёдараў Антон Іванавіч. На пачатку 1955 года яго змяніў Гвазданаў Я.М. У лютым 1959 года пасаду старшыні займаў Бусел С.В.
На агульным сходзе 5 сакавіка 1960 года было прынята рашэнне аб пераўтварэнні калгаса “1 Мая” ў саўгас “Ганчароўскі”, у які ўвайшлі ўсе вышэй пералічаныя калгасы. Цэнтрам саўгаса стала вёска Ганчары.
Асноўнай мэтай стварэння і дзейнасці саўгаса “Ганчароўскі” з’яўлялася гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на атрыманне прыбытку для задавальнення сацыяльных і матэрыяльных патрэбаў, задавальнення грамадскіх патрэбаў у яго прадукцыі, працах, паслугах.
Саўгас “Ганчароўскі” займаўся вырошчваннем расады і гародніны, развядзеннем кароў і цялят, продажам малака і мяса.
У 1961 годзе калгас імя Калініна ўваходзіць у склад саўгаса “Ганчароўскі”. Дырэктарам саўгаса стаў Казак Павел Майсеевіч. 25 лютага 1964 года саўгас “Ганчароўскі” падзелены на два саўгасы: “Малагарадзішчанскі” і “Ганчароўскі”. Пазней, 20 лютага 1965 года, саўгас “Ганчароўскі” быў перайменаваны ў племянны саўгас (племсаўгас) “Ганчароўскі”. З 23 снежня 1972 года з’яўляецца племянным заводам (племзавод) “Ганчароўскі”.
Племзаводам “Ганчароўскі” кіраваў Русенчык Іван Трафімавіч да 1988 года. Скакун Усевалад Мікалаевіч узначаліў племзавод у 1988 годзе і кіраваў ім да 1995 года. Змяніў яго Шытаў А.В. Прарабіў дырэктарам племзавода “Ганчароўскі” ён нядоўга, бо зноў здарылася рэарганізацыя. 6 лістапада 1997 года племзавод “Ганчароўскі” перайменаваны ў саўгас “Ганчароўскі”. У 1999 годзе кіраўніком гаспадаркі становіцца Сінкевіч Міхаіл Аляксандравіч. На пасадзе дырэктара працаваў нядоўга, усяго толькі год.
З 2000 года кіраўніком саўгаса быў назначаны Бурба Юрый Уладзіміравіч.
27 сакавіка 2001 года саўгас “Ганчароўскі” перейменаваны ў камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства (КУСГП) “Ганчароўскі”.
На падставе рашэння Ляхавіцкага райвыканкама ад 27 мая 2003 года № 260 КУСГП “Ганчароўскі” было ліквідавана. У час ліквідацыі сельскагаспадарчага прадпрыемства дырэктарам КУСГП “Ганчароўскі” з’яўляўся Бурба Ю.В.