Гісторыя

На тэрыторыі калгаса імя Ламаносава жыхары вёсак Краглі, Бажкі, Вошкаўцы, Карані, Кавалі займаліся аднаасобнай сельскай гаспадаркай. Але ў 1950–1951 гадах пачалі арганізоўвацца калгасы.

У 1950 годзе былі ўтвораны наступныя калгасы:

“Бальшавік” – вёска Вошкаўцы;

калгас імя Ламаносава – вёска Бажкі. Працаваць было вельмі цяжка. Не хапала машын, трактароў. Жывёлы было мала, ды і тую не было куды ставіць;

“Радзіма” – вёска Краглі;

“Крэмль” – вёска Кавалі;

“Чырвоная ніва” – вёска Карані.

19 ліпеня 1951 года, пераканаўшыся ў перавагах буйной калектыўнай гаспадаркі, калгаснікі пяці дробных сельгасарцелей “Радзіма”, “Бальшавік”, імя Ламаносава Навасёлкаўскага сельсавета, “Крэмль” Ляхавіцкага сельсавета і “Чырвоная ніва” Федзюкоўскага сельсавета вырашылі аб’яднацца ў адну буйную сельгасарцель. Днямі адбыўся арганізацыйны сход калгаснікаў усіх пяці сельгасарцелей, на якім быў прыняты Статут сельгасарцелі, выбраны праўленне і рэвізійная камісія ўзбуйнённага калгаса імя Ламаносава.

19 ліпеня 1951 года старшынёй калгаса абраны Канапляннік Антон Іванавіч, старшынёй рэвізійнай камісіі – Майсюк Сямён Паўлавіч. Калгаснікі новай узбуйненай сельгасарцелі дружна ўключыліся ва ўборачныя работы. Кіраваў гаспадаркай Канапляннік А.І. да 1957 года.

З лютага 1957 і да 1970 года калгас “Ламаносава” ўзначальвае Коктыш Юрый Юр’евіч.

У 1940 годзе ў вёсцы Вялікая Лотва была арганізавана сельгасарцель “Перамога”. Старшынёй абралі Івана Якубца. Толькі 20 чалавек з вёскі ўступілі ў калгас. Цэнтр гаспадаркі знаходзіўся на хутары Пастаўнік. Туды на адзін двор калгаснікі звязлі жывёлу, плугі, вазы, збожжа і іншы хатні матэрыял. Першую пасяўную правялі зладжана. Сабраць другі ўраджай не дала Вялікая Айчынная вайна.

29 лютага 1950 года на агульным сходзе вырашалася пытанне аб стварэнні калгаса. Назву калгасу далі ў памяць аб першай сельгасарцелі “Перамога”. Старшынёй абралі маладога камуніста Секача Івана Міхайлавіча. Дзяржава выдзеліла для пасеву 10000 кг пшаніцы і колавы трактар.

13 студзеня 1950 года на імя старшыні гарсавета таварыша Кічылы ад жыхароў вуліц Татарскай, Малой Лотаўскай, Мыслабажскай, Вялікай Лотаўскай была пададзена заява аб стварэнні калгаса “За Уладу Саветаў”. Старшынёй калгаса быў абраны Мурзіч О.А.

У снежні 1951 года калгас “Перамога” далучыўся да калгаса “За Уладу Саветаў”. Старшынёй аб’яднанага калгаса стаў Кешка Д.Г. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1960 года.

У 1959 годзе з калгаса “За Уладу Саветаў” вылучаюцца вёскі Вялікая і Малая Лотва і далучаюцца да калгаса імя Ламаносава. У гэты час калгасам імя Ламаносава кіруе Коктыш Юрый Юр’евіч.

Ён карыстаўся вялікай павагай сярод калгаснікаў. Пры ім у 1965 годзе быў пабудаваны мясцовы Дом культуры і бібліятэка ў вёсцы Ураджайная (да 1971 г. Вошкаўцы).

Звеннявая калгаса імя Ламаносава Вольга Канстанцінаўна Мацюшка нарадзілася ў 1915 годзе ў вёсцы Бажкі Ляхавіцкага раёна. Член КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дэлегат XXII з’езда КПСС. У 1952–1972 гадах працавала звеннявой па вырошчванню ільну і цукровых буракоў у калгасе імя Ламаносава. На базе Вольгі Мацюшка была створана школа перадавога вопыту. У 1966 годзе ёй прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы.

У 1970 годзе на пасаду старшыні калгаса імя Ламаносава быў абраны Траццяк Генрых Міхайлавіч. Пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі яго накіравалі працаваць ў Ляхавіцкі раён. У 1969 годзе – галоўны аграном калгаса імя Ламаносава, а з 1970 – старшыня праўлення калгаса.

Зорны час калгаса імя Ламаносава прыпаў на 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ім кіраваў Генрых Траццяк. Менавіта тады ўраджайнасць збожжавых культур у гаспадарцы была самая высокая за гісторыю яе існавання. У 1987 годзе яна перавысіла 60 цэнтнераў з гектара. А ячмяню на круг тут намалацілі 80 цэнтнераў.

Дасягненню гэтаму папярэднічала вялікая і крапатлівая работа спачатку агранома, а потым кіраўніка на вопытным полі, якое ён заклаў, як толькі прыйшоў працаваць у гаспадарку, і давёў яго памеры да 10 га. Адпрацаваныя ім тэхналогіі ўкаранялі ў сельгасвытворчасць. А абагульненні зробленаму знаходзілі адлюстраванне ў навуковай працы, якая вылілася ў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Эфектыўнасць прымянення мінеральных удабрэнняў пад розныя гатункі ячмяню”. Яе Генрых Міхайлавіч абараніў задоўга да тых рэкордных ураджаяў – яшчэ ў 1975 годзе, а потым пераабараніў у Маскве.

Шмат чаго было зроблена і ў жывёлагадоўлі. Пабудавалі жывёлагадоўчы комплекс на 800 галоў, была значна ўмацавана кармавая база, што садзейнічала росту прадукцыйнасці кароў. Ад адной рагулі тады ў калгасе імя Ламаносава надойвалі 4000 кг малака. А шчыльнасць буйной рагатай жывёлы на 100 га сельгасугоддзяў дасягнула 110 галоў, у тым ліку 50 кароў. Гэта былі самыя высокія паказчыкі ў вобласці.

На пачатак 80-х гадоў прыпадае і будаўніцтва жылля для калгаснікаў. І недзе за паўтара года вёска Ураджайная набыла сучасны выгляд. Была вырашана жыллёвая праблема, у дамы працаўнікоў гаспадаркі было праведзена блакітнае паліва.

Працаваў у калгасе імя Ламаносава начальнікам вытворчага ўчастка №1 Дунчык Фёдар Васільевіч. Ён нарадзіўся 31 мая 1953 года ў вёсцы Карані Ляхавіцкага раёна. У 1972 годзе скончыў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. Член КПСС з 1977 года, удзельнік ВДНГ СССР.

На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці Фёдар Васільевіч праявіў сябе адказным, шчырым, паважаючым людзей чалавекам. За сваю працу ён быў узнагароджаны: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 24 снежня 1986 года Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета, Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў; медалямі: “За працоўную мужнасць” ад 3 мая 1979 года, срэбным медалём “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР” ад 17 мая 1984 года, залатым медалём “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР” ад 8 мая 1987 года, шасцю бронзавымі медалямі “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР” ад 6 чэрвеня 1976 года, 28 чэрвеня 1977 года, 22 чэрвеня 1978 года, 13 чэрвеня 1979 года, 12 мая 1980 года, 11 лістапада 1982 года; нагруднымі знакамі: “Пераможац сацыялістычнага спаборніцтва” ад 1 снежня 1975 года, “Пераможац сацыялістычнага спаборніцтва” ад 24 лютага 1978 года, “Ударнік адзінаццатай пяцігодкі” ад  жніўня 1985 года.

“Зорку” Героя Сацыялістычнай Працы Генрых Міхайлавіч Траццяк атрымаў у 1988 годзе. Тады на прысваенне высокага звання прэтэндавалі кіраўнікі трох лепшых гаспадарак Брэстчыны. Значылася сярод іх і прозвішча старшыні калгаса імя Ламаносава. На базе гаспадаркі, якую ўзначальваў Генрых Траццяк, працавала абласная школа перадавога вопыту, і ўраджайнасць збожжавых культур была вышэй, чым у яго калег. Сам кіраўнік з’яўляўся кандыдатам сельскагаспадарчых навук.

Жыццё Генрыха Траццяка пасля прызнання было не такім насычаным, ды і бязвоблачным яго не назавеш. А вось працаваць знакамітаму старшыні давялося шмат. Асабліва складана было на пачатку 90-х гадоў, калі пачаўся распад СССР. Кіраўніку гаспадаркі прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб захаваць калектыў. На працягу гадоў побач з ім працаваў Стальмашок Анатоль Уладзіміравіч, галоўны аграном калгаса імя Ламаносава.

3 снежня 1997 года Генрых Міхайлавіч Траццяк пайшоў на заслужаны адпачынак.

З 5 снежня 1997 года пасаду старшыні калгаса імя Ламаносава заняў Буйкевіч Аляксандр Пятровіч .

10 ліпеня 2003 года калгас імя Ламаносава быў рэарганізаваны ў СВК “Флер’янова”.

Працаваў Буйкевіч А.П. у СВК “Флер’янова” да 5 студзеня 2004 года.

З 21 лютага 2004 года кіраваць гаспадаркай стаў Карповіч Мікалай Фёдаравіч.

У 2007 годзе СВК “Флер’янова” шляхам далучэння да СВК “Шлях новы” скончыў сваю дзейнасць.

WYSIWYG Web Builder

Кіраўнікі:

Траццяк Генрых Міхайлавіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Вучоны аграном-хімік. У 1963 годзе паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, якую скончыў з адзнакай у 1968 годзе па спецыяльнасці навуковец аграномхімік, быў Ленінскім стыпендыятам. З 1969 па 1970 год працаваў галоўным аграномам ў калгасе імя Ламаносава Ляхавіцкага раёна, старшыня калгаса імя Ламаносава з 1970 па 1997 год. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1975). Аўтар кнігі “Система ведения сельского хозяйства”. Герой Сацыялістычнай Працы (1988). Узнагароджаны двумя ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і “Знак Пашаны”, медалямі “100 гадоў з дня нараджэння В.У.Леніна”, “65 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь” і “65 гадоў Перамогі над Германіяй”, Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР. Лаурэат ВДНГ СССР, узнагароджаны залатым, срэбным і бронзавым медалямі СССР.
Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога і раённага Савета дэпутатаў, членам абласнога і раённага камітэта КПСС, членам бюро райкама партыі. Сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Барадзіна, В. Патрабуецца гаспадар, ці чаму "Флер'янова" абязножала / Барадзіна Вольга // Ляхавіцкі веснік. — 2006. — 27 мая ( 61-62). — С. 2.
  • Бельмач, С. Мы будзем жыць цяпер па-новаму?.. / Бельмач С. // Ляхавіцкі веснік. — 2004. — 21 лютага ( 14). — С. 3. — Перад калектывам СВК "Флер'янова" выступаў старшыня Александр Буйкевіч.
  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 1032. Оп. 1. Д. 1-9.
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 1035. Оп. 1. Д. 1-38.
  • Лапіч, А. Аб'ядналіся, каб быць лепшымі / Лапіч А. ; фота Cяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. — 2007. — 21 сакавіка ( 35). — С. 2 : фат.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Траццяк, Г. М. Наш галоўны клопат / Траццяк Генрых Міхайлавіч // Будаўнік камунізму. — 1983. — 4 студзеня.
  • Узбуйнены калгас імя Ламаносава // Савецкі патрыёт. — 1951. — 19 ліпеня ( 50). — С. 1.
  • Шлях да дасканаласці // Ляхавіцкі веснік. — 2021. — 20 лістапада ( 88). — С. 9 : фат. — Сярод тандэма самых важкіх гаспадарак раёна вы аб'ектыўна знойдзеце і ААТ ""Шлях новы".
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024