Гісторыя

Вызваленае насельніцтва пачало залечваць раны, нанесеныя вайной. Пачала аднаўляцца вёска, калгас, школа, медпункт, пошта, сельскі Савет.

27 верасня 1949 года ў вёсцы Дарава быў заснаваны калгас “Прагрэс”, старшынёй якога стаў Палонскі Канстанцін Іосіфавіч. Статут калгаса быў прыняты 27 верасня 1949 года, зарэгістраваны ў кнізе рэгістрацый сельскагаспадарчых арцелей Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці БССР пад № 37 ад 17 студзеня 1950 года.

У 1950 годзе ў вёсцы Літва быў створаны калгас імя Берыя. У 1951 годзе старшынёй калгаса быў Чэмярыс Цімафей Архіпавіч.

У 1950 годзе ў вёсцы Малое Падлессе ўтварыўся калгас імя Лысенка, яго ўзначаліў Машкоў Піліп.

У 1951 годзе ў вёсцы Лабузы быў створаны калгас імя Панамарэнка, старшыня – Высоцкі Мікалай Іванавіч.

У верасні 1951 года калгас “Прагрэс” быў уключаны ў склад калгаса імя Берыі.

21 лютага 1952 года тры малыя калгасы – імя Берыі, імя Лысенкі, імя Панамарэнкі – аб’ядналіся ў адну буйную сельскагаспадарчую арцель. Калгаснікі адзінадушна назвалі ўзбуйнены калгас імем Берыі. На арганізацыйным сходзе члены сельгасарцелі выбралі новы склад праўлення калгаса і рэвізійнай камісіі. Старшынёй быў абраны камуніст Жаўрыд Іван Антонавіч, а старшынёй рэвізійнай камісіі – Нагорная Надзея Пятроўна.

17 ліпеня 1953 года калгас імя Берыі перайменаваны ў калгас “Прагрэс”. За калгасам было замацавана 3220 га зямлі. Тэхнікі ў калгасе не было. Буйной рагатай жывёлы было зусім мала – усяго 8 дойных кароў. Даход калгаса ў гэты год склаў 14000 рублёў. У першы час калгас адчуваў вялікія цяжкасці: не было спецыялістаў, тэхнікі, вопыту. Ужо ў 1954 годзе ў калгасе было створана пяць паляводчых брыгад.

Аднак праз некаторы час справы ў калгасе палепшыліся, пачала наладжвацца працоўная дысцыпліна, павялічвацца ураджайнасць, узрасла колькасць жывёлы. Праз два гады былі набыты дзве грузавыя машыны. Пачалося будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм.

Старшынёй калгаса на пачатку 1955 года становіцца Крэшчановіч Н.А. Да 1959 года былі пабудаваны кароўнікі, гаражы, амбар, пачатковая школа і клуб у вёсцы Лабузы. Набыты трактары і іншая сельскагаспадарчая тэхніка. У гэтым годзе былі поўнасцю электрафіцыраваны і радыёфіцыраваны ўсе населеныя пункты калгаса. Але паказчыкі па мясу, малаку, льносемю гаспадаркай былі не выкананы.

Асаблівых поспехаў калгас дасягнуў, калі яго ўзначаліў спецыяліст сельскай гаспадаркі, малады камуніст Старавойтаў Аляксандр Міхайлавіч, які заняў пасаду старшыні ў пачатку 1961 года. Яго крапатлівая праца і ўсебаковая падтрымка калгаснікаў прыняслі поспехі калгасу, яго даходы павялічыліся. У 1965 годзе надоі на адну карову склалі 2046 кг малака, ураджай зернявых склаў 12,2 ц/га, бульбы – 102 ц/га, цукровых буракоў – 208 ц/га. Пашырыліся пасяўныя плошчы за конт асушаных балот. У 1962 годзе на ўчастку “Тарболава” былі заараны і засеяны першыя 250 га тарфянікаў, а ў 1966 годзе іх плошча павялічылася да 413 га. Да канца 60-х гадоў у калгасе налічвалася 10 машын, 17 трактароў, 4 зернавых камбайны. Былі механізаваны работы на жывёлагадоўчых фермах, пабудаваны два чатырохрадных кароўніка, свінарнік, механізаваны зернятокі, з’явіўся склад гаруча-змазачных матэрыялаў. Старавойтаў А.М. быў старшынёй да верасеня 1966 года.

За гэты час выраслі вопытныя майстры калгаснай вытворчасці, якія атрымалі ўрадавыя ўзнагароды: былы старшыня калгаса Старавойтаў А.М. узнагароджаны Ордэнам “Працоўнага Чырвонага Сцяга”, брыгадзір паляводчай брыгады Савацееў Л.В. і даярка Грыгаровіч В.П. атрымалі Ордэн “Знак Пашаны”.

У верасені 1966 года на пасаду старшыні быў назначаны Дуброўка Станіслаў Сяргеявіч. У калгасе вельмі востра стаяла пытанне аб паляпшенні якасці арганічных угнаенняў, таму старшыня прапанаваў адразу раскідваць тарфакрошку па клетках жывёлы і павялічыць яе колькасць. У гэтым ён бачыў паляпшенне якасці арганічных угнаенняў, якія дадуць добры ўраджай на палях. На пачатку 1970 года Дуброўка С.С. звярнуў увагу на недахопы ў працы зааветэрынарнай службы калгаса і прапанаваў павысіць узровень ведаў работнікаў.

13 мая 1975 года на агульным сходзе калгаснікаў была разгледжана заява старшыні калгаса Дуброўка С.С. аб вызваленні яго з пасады старшыні калгаса “Прагрэс” па стану здароўя. Ляхавіцкі райкам партыі і райвыканкам прапанаваў на гэту пасаду Цыкмана Івана Іванавіча. Ён працаваў у калгасе “Прагрэс” на розных пасадах. Потым быў накіраваны ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум на пасаду намесніка дырэктара па вытворчасці, на якой працаваў каля трох гадоў. Іван Іванавіч зарэкамендаваў сябе з станоўчага боку: адказны, мэтанакіраваны, добрасумленны. Таму было прынята рашэнне: зацвердзіць таварыша Цыкмана І.І. на пасаду старшыні калгаса “Прагрэс”.

Пры ім была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база калгаса, павялічыліся асноўныя фонды.

10 красавіка 1979 года калгас “Прагрэс” і калгас “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” аб’ядналіся ў адну гаспадарку. Агульны калгас захаваў назву “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Старшынёй абраны Цыкман Іван Іванавіч. Вёска Конькі стала цэнтрам аб’яднанага калгаса.

У 1994 годзе адзіны калгас зноў раз’ядналі на калгас “Прагрэс” і калгас “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Была ўзноўлена старая назва “Прагрэс”. Кантора была абсталявана ў вёсцы Дарава. Старшынёй калгаса застаўся Цыкман Іван Іванавіч, які 27 сакавіка 1999 года пайшоў на пенсію.

Новым старшынёй быў абраны Пятроўскі Уладзімір Віктаравіч, які нарадзіўся ў вёсцы Нізкія Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1987 годзе ён скончыў інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці інжжынер-механік. Пасля інстытута працаваў інжынерам у вёсцы Дарава.

У 2002 годзе на справаздачна-выбарчым сходзе Пятроўскі Уладзімір Віктаравіч паўторна быў абраны старшынёй калгаса.

10 ліпеня 2003 года калгас “Прагрэс” на падставе рашэння Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта перайменаваны ў СВК “Дарава”.

5 сакавіка 2014 года СВК “Дарава” скончыў сваю дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй. Адбылося злучэнне, пры якім ён увайшоў у склад ААТ “Шлях новы”.

WYSIWYG Web Builder

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Бычкоў, П. Новыя ўзбуйненыя калгасы раёна / П. П. Бычкоў // Савецкі патрыёт. — 1952. — 23 лютага ( 15). — С. 1.
  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Дробыш, Б. Шчодрыя гектары. За высокую культуру земляробства / Дробыш Б. // Будаўнік камунізму. — 1972. — 29 лютага.
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 512. Оп. 1. Д. 2, 6.
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 798. Оп. 1. Д. 2-24.
  • Каваленка, І. "Дарава" накіравалася ў шлях. Новы / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. — 2014. —  8 лютага ( 10). — С. 2.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Перамены, якія радуюць // Ляхавіцкі веснік. — 2008. — 19 сакавіка ( 22). — С. 2. — Аграгарадок "Дарава". Cацыяльная cфера.
  • Станкевич, К. Работа спорится, когда дома порядок / Станкевич К. // Белорусская нива. — 2009. — 6 февраля. — С. 2.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024