Гісторыя

У 1949 годзе ў вёсцы Галаўнінцы створаны калгас імя Будзёнага. На агульным сходзе старшынёй калгаса быў абраны Вайцешык Міхаіл Антонавіч. Ён сваёй настойлівасцю і ўпартай працай многае зрабіў для жыжароў вёскі. Доўгі час людзі Галаўнінцаў літаральна тапіліся ў гразі. Пад кіраўніцтвам старшыні ў хуткім часе была насыпана дарога з камня. У калгасе былі пабудаваны канюшня, кароўнік, свіран і іншыя збудаванні. Пасля Вайцешыка М.А. калгас узначальвалі Круцько Сяргей Паўлавіч і Ільін Яфім Дзмітрыевіч.
З 1951 года вёска – цэнтр узбуйнённага калгаса імя Будзёнага. У 1951 годзе ў яго склад увайшлі калгас імя Мікаяна (вёска Бенькаўцы) і калгас “Парыжская камуна” (вёска Шчэрбава).
21 студзеня 1958 года перайменаваны ў калгас “Новае жыццё”. У 1958 годзе калгас узначаліў Міхалковіч Іван Пятровіч. З гэтага часу гаспадарка стала набіраць больш высокія тэмпы развіцця. Праўленне калгаса “Новае жыццё” распрацавала новыя планы і мерапрыемствы па павышэнню ўраджайнасці зернавых і тэхнічных культур. Планавалася будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў. У планы калгаса ўваходзіла павелічэнне ворыўных зямель за кошт асушэння і меліярацыі забалочаных мясцін.
У 1960 годзе агульны даход саставіў 158 тысяч рублёў. Значна павялічылася ўраджайнасць зернавых культур, асабліва на тарфяніках. Павялічылася прадукцыйнасць буйна-рагатай жывёлы. Да гэтага часу ў калгасе ўжо быў пабудаваны новы кароўнік, памяшканне для адкорму свіней, памяшканне для паштовага аддзелу, лазня. Павялічылася колькасць тэхнікі, павысіўся жыццёвы ўзровень калгаснікаў, меліся вялікія перспектывы развіцця ўсіх галін гаспадаркі.
Асабліва значныя змены ў жыцці вёскі, калгаснікаў і калгаса адбыліся ў 1970–1997 гадах. Гаспадарку ўзначаліў Ждановіч Віктар Іванавіч. За гады яго кіраўніцтва вёска стала непазнавальнай. Дарогі апрануліся ў асфальт, выраслі добраўпарадкаваныя вуліцы, прыгожыя катэджы з усімі выгодамі для працаўнікоў калгаса. У цэнтры вёскі пабудаваны фірменны магазін “Верас”, вялікі і прасторны Дом культуры, гасцінна расчыніла дзверы бібліятэка. Уступіў у строй спартыўны комплекс, пабудавана памяшканне для фельчарска-акушэрскага пункта, выпусціў сваю прадукцыю кансервавы цэх, які спецыялізаваўся на выпуску мясных кансерваў.
З 1997 па 2002 год узначальваў калгас “Новае жыццё” Мароз Уладзімір Іванавіч.
10 ліпеня 2003 года калгас “Новае жыццё” перайменаваны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Галаўнінцы”. Калгас “Галаўнінцы” скончыў сваю сельскагаспадарчую дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй 25 красавіка 2005 года: СВК “Галаўнінцы” быў далучаны да закрытага акцыянернага таварыства “Белпрампрыбор”.
Дырэктарам ЗАТ “Белпрампрыбор” з моманту далучэння СВК “Галаўнінцы” і па сёняшні час з’яўляецца Гаўрылаў Віталь Фёдаравіч.
WYSIWYG Web Builder

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Каваленка, І. 10 гадоў у новай форме / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. — 2014. —  15 лістапада ( 85). — С. 6.
  • Канько, Г. Рагулям падабаецца экстракласны падыход / Галіна Канько; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. — 2020. — 7 кастрычніка ( 79). — С. 4 : фат.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Томашев, А. Сенаж – только в рулонах, молоко – только «Экстра» / Александр Томашев // Сельская газета. — 2016. — 12 июля ( 79). — С. 10.
  • Чура, І. "Белпрампрыбор" гучыць пераможна / Ірына Чура // Ляхавіцкі веснік. — 2018. — 6 чэрвеня (№ 42). — С. 2.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024