Гісторыя

У 1949 годзе ў вёсцы Альхоўцы створаны калгас “Шлях да камунізму”. У тым жа годзе ў вёсцы Вадзяціна вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Чкалава, у вёсцы Задвор’е створаны калгас “Чырвоная зорка”. У 1950 годзе ў вёсцы Пад’язаўле быў створаны калгас “Зорка камунізма”, але даваенны калгас існаваў тут з 1940 года і меў назву “17 Верасня”.

14 лістапада 1952 года гэтыя чатыры калгасы аб’ядналіся ў адзін узбуйнены калгас “Зара камунізма”. Старшынёй праўлення калгаса быў абраны таварыш Праневіч. У 1956 годзе старшынёй калгаса быў Н.Каўпак.

У 1961 годзе калгас “Зара камунізма” ўваходзіць у склад гаспадаркі саўгаса “Ганчароўскі”. Дырэктарам саўгаса стаў Казак Павел Майсеевіч. Саўгас “Ганчароўскі” дзяліўся на чатыры аддзяленні, трэцяе аддзяленне – Малое Гарадзішча, а чацвёртае – Альхоўцы.

25 лютага 1964 года саўгас “Ганчароўскі” быў падзелены на два саўгасы: “Малагарадзішчанскі” і “Ганчароўскі”. Цэнтр – вёска Альхоўцы, дзе маюцца сярэдняя школа, медпункт, сельмаг і аддзяленне сувязі. Кантора саўгаса часова была размешчана ў вёсцы Пад’язаўле, што ў двух кіламетрах ад вёскі Альхоўцы. Дырэктарам саўгаса быў абраны Полясаў Ф.В.

На пачатку 1966 года з саўгаса “Малагарадзішчанскі” вылучыўся саўгас “Альхоўскі”. Дырэктарам саўгаса “Малагарадзішчанскі” быў назначаны Шадура Антон Іванавіч, а дырэктарам саўгаса “Альхоўскі” застаецца Полясаў Ф.В.

У канцы 1966 года саўгас узначаліў Барыскін Васіль Сцяпанавіч і кіраваў ім да 1975 года, галоўным бухгалтарам прызначана Станкевіч Вольга Фёдараўна, якая працавала на гэтай пасадзе да 2 жніўня 1999 года.

У 1972 годзе саўгас “Альхоўскі” быў пераведзены на поўны гасразлік. Для гэтага дырэктар саўгаса Барыскін В.С. прапанаваў малодшаму кіруючаму складу звярнуць увагу калгаснікаў на тое, як трэба берагчы кожную капейку, каб узровень жыцця ў саўгасе палепшыўся.

Пасля саўгасам кіравалі: Вялічка Іван Раманавіч – да 1979 года, Кетко Мікалай Іосіфавіч – да сярэдзіны 1982 года. Байчык Мечыслаў Станіслававіч быў старшынёй саўгаса з 1982 года.

18 лютага 1991 года саўгас “Альхоўскі” рэарганізаваны ў калгас “Альхоўскі”. Байчык Мечыслаў Станіслававіч старшынёй калгаса з’яўляецца да 1995 года. Далей калгасам кіравалі: Сапун Міхаіл Міхайлавіч – тры месяцы у 1995 годзе, Пранько Валерый Іванавіч – з 1995 да 1999 года, Юруць Уладзімір Фёдаравіч – з 1999 па 2003 год.

24 ліпеня 2003 года калгас “Альхоўскі” рэарганізаваны ў камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Альхоўцы”.

29 ліпеня 2003 года КСУП “Альхоўцы” перастае існаваць у сувязі з рэарганізацыяй. З гэтага часу ён адносіцца да ААТ “Райаграсервіс”. Апошнім дырэктарам КСУП “Альхоўскі” быў Юруць Уладзімір Фёдаравіч.

WYSIWYG Web Builder

Кіраўнікі:

Байчык Мечыслаў Станіслававіч нарадзіўся 14 мая 1950 года ў вёсцы Патапавічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1970 годзе скончыў Смілавіцкі зааветэрынарны тэхнікум па спецыяльнасці агранамія. У 1978 годзе завочна скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі В.У.Куйбышава, факультэт планавання сельскай гаспадаркі. Працаваў галоўным аграномам у саўгасе “Альхоўскі” з 1975 па 1981 год. Быў старшынёй саўгаса “Альхоўскі”  з 1982 па 1995 год. Памёр 8 лістапада 2019 года.

Фотагалерэя

Крыніца пошука:

  • Банкевіч, А. Не з лёгкай парай / Банкевіч А. // Будаўнік камунізму. — 1990. — 21 жніўня ( 100). — С. 3.
  • Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал. : Г.П.Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭН, 2007. – 608 с. : іл .
  • Жукаў, А. Новы ўзбуйнены калгас / А. Жукаў // Савецкі патрыёт. — 1952. — 20 лістапада ( 90). — С. 1.
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 107. Оп. 1. Д. 1, 8, 19, 27.
  • Занальны дзяржаўны архіў у г.Баранавічы. – Ф. 107. Оп. 3. Д. 2, 6а, 15.
  • Памяць: Гіст.-дакумент. Хроніка Ляхавіц. р-на /Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Рэд.-скл. В. У. Скалабан; Маст. А. М. Хількевіч.– Мн.: БелСЭ, 1989.– 439 с., [8] л. іл.: іл.
  • Як рэаніміраваць калгас "Альхоўскі" // Ляхавіцкі веснік. — 1996. — 18 чэрвеня. — С. 1.
Паважаныя карыстальнікі!
Калі вы заўважылі памылкі або недакладнасці,
а таксама валодаеце дадатковай інфармацыяй,
просьба паведаміць нам па тэлефоне 8 (01633)  6-43-18
або напісаць на электронную пошту liblh@brest.by

© ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма", 2022–2024