Шляхам друкаванага слова

9 верасня ў Ляхавіцкай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы адбылося тэматычнае мерапрыемства «Шляхам друкаванага слова», прымеркаванае да Дня беларускага пісьменства.

Удзельнікамі імпрэзы сталі жыхары горада залатога ўзросту. Менавіта для іх, людзей з багатым жыццёвым вопытам і шчырай любоўю да роднай культуры, бібліятэкары падрыхтавалі сапраўдны экскурс у мінулае. Падчас сустрэчы прысутныя здзейснілі захапляльнае падарожжа да вытокаў Роднага Слова, падрабязна пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і станаўлення пісьменства на беларускіх землях.

Асаблівая ўвага падчас гутаркі была ўдзелена постаці славутага полоцкага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Госці мерапрыемства з цікавасцю слухалі пра яго тытанічную працу, складаны жыццёвы шлях і неацэнную спадчыну — першыя друкаваныя беларускія кнігі, якія адкрылі нашаму народу дзверы ў свет еўрапейскай культуры. Са свайго боку, удзельнікі сустрэчы актыўна дзяліліся ўласнымі думкамі, узгадвалі любімыя творы беларускіх класікаў і разважалі аб ролі кнігі ў сучасным жыцці.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай і душэўнай атмасферы. Гэтае мерапрыемства стала чарговым важкім пацвярджэннем таго, як важна захоўваць, шанаваць і перадаваць наступным пакаленням духоўныя здабыткі нашага народа і яго галоўны скарб — родную мову.

Галіна Рагоўская,
бібліятэкар Ляхавіцкай гарадской
бібліятэкі імя Я. Купалы


Поделиться в социальных сетях:

Обсуждение закрыто.