22 красавіка ў Баранавіцкім цэнтры рамёстваў прайшлі Корнеўскія чытанні, прысвечаныя памяці паэтаў Алеся Корнева, Клаўдзіі Трысцень і Анастасіі Жук. Асаблівую ўвагу надалі творчасці Марыі Сачыловіч — паэтэсы-землячкі з вёскі Шавялі Ляхавіцкага раёна, чый зборнік вершаў быў выдадзены пасля яе смерці.
На мерапрыемстве «Корнеўскія чытанні» ўвага была нададзена дзіцячай паэзіі рэгіёна. Сярод прадстаўленых зборнікаў для дзяцей былі і вершы Ларысы Глеб — бібліятэкара Падлескай сельскай бібліятэкі. Таксама яна падзялілася асабістымі ўспамінамі пра Марыю Максімаўну. Вучні Падлескай базавай школы і выхаванцы гуртка «Гарэзлікі» чыталі вершы Марыі Сачыловіч. Кожны выбраў тэму, блізкую да сэрца. Паэты, члены саюза пісьменнікаў высока ацанілі выступленні дзяцей. Усе ўдзельнікі атрымалі ўдзячнасці і памятныя падарункі. Чытанні сталі важнай падзеяй для захавання літаратурнай спадчыны рэгіёна.
Творчасць Ларысы Глеб карыстаецца папулярнасцю і прызнаннем сярод чытачоў, а яе ўклад у развіццё дзіцячай літаратуры рэгіёна становіцца ўсё больш заўважным. Мерапрыемства падкрэсліла важнасць падтрымкі мясцовых аўтараў і папулярызацыі іх твораў сярод маладога пакалення.
Ларыса Глеб,
бібліятэкар Падлескай СБ







