5 сакавіка споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, майстра сатыры і гумару, акадэміка Кандрата Кандратавіча Крапівы. З нагоды гэтай юбілейнай даты 19 сакавіка ў Ляхавіцкай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшло мерапрыемства «Майстар слова і пяра», накіраванае на папулярызацыю творчай спадчыны пісьменніка і выхаванне павагі да нацыянальнай культуры.
Удзельнікамі сустрэчы сталі вучні 10 «А» класа СШ №1 г. Ляхавічы. Бібліятэкар пазнаёміла юнакоў і дзяўчат з цікавымі фактамі біяграфіі пісьменніка, расказала пра яго творчы шлях і ролю ў развіцці беларускай літаратуры. Для прысутных быў прадэманстраваны дакументальны фільм, які дазволіў убачыць унікальныя кадры з жыцця знакамітага байкапісца.
Замацаваць атрыманыя веды дапамагла віктарына «Адкажы на пытанні», якая прайшла ў жывой і нязмушанай атмасферы. Удзельнікі з цікавасцю адказвалі на пытанні пра жыццё і творчасць Кандрата Крапівы.
Мерапрыемства яшчэ раз пацвердзіла, што творы класіка не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Яго мудрыя, вострыя і кплівыя радкі вучаць быць сумленнымі, працавітымі і не баяцца глядзець на жыццё з усмешкай.
Лілія Буйко,
бібліятэкар аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы





