На працягу верасня–кастрычніка 2020 года да 280-й гадавіны нараджэння нашага знакамітага земляка Тадэвуша Рэйтана ў бібліятэцы была арганізавана выстава графічнага жывапісу “Шляхам Тадэвуша Рэйтана”. Гэта выстава цікава ў першую чаргу моладзі, бо яна падае гісторыю сучаснымі сродкамі. Графічны шэраг, які можна было ўбачыць на ёй, выкананы ў манеры комікса. Нясмешнага, але ўсё ж такі комікса, як паведаміў Зміцер Юркевіч, заснавальнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, а таксама адзін з арганізатараў выставы. У бібліятэцы была экспанавана частка работ Алеся Родзіна з асноўнай экспазіцыі графічнага раду, які налічвае амаль 60 малюнкаў. Сам аўтар удакладняе, што цыкл мае асветніцкі характар. Таксама на выставе можна ўбачыць графіку і жывапіс, створаныя падчас летнікаў і пленэраў, якія зладзіла арт-суполка ў родавай сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы. Акрамя гэтага, у экспазіцыю ўвайшлі літаратурныя творы, якія былі напісаны пляменнікамі Тадэвуша Рэйтана, і кнігі, прысвечаныя яму і яго гераічнаму ўчынку.