Я сэрцам пісаў сваю кожную песню

105 гадоў таму, 17 верасня, на свет з’явілася зорка беларускай літаратуры — Максім Танк. Яго паэзія — яркая, выдатная з’ява ў нашай літаратуры. Яна арыентуе на высокія ідэалы, разуменне важных ісцін, маральных каштоўнасцей. Паэзія Максіма Танка глыбокадумная, засяроджаная на галоўным у чалавечым быцці. Максім Танк — паэт-рамантык і паэт-філосаф, ён паўстае перад намі як пясняр свабоды, красы, кахання і любові.

Гадзіна паэзіі «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню», прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, прайшла ў Ліпскай сельскай бібліятэцы. Разам з вучнямі 5–9 класаў бібліятэкар узгадала біяграфію паэта, прайшлася па яго творчым шляху, прачытала тыя творы, у якіх засведчаны шматлікія падзеі з жыцця аўтара (напрыклад, верш «Да аўтабіяграфіі», дзе паэт з гумарам гаворыць пра сваё з’яўленне на свет).

«Жураўліны крык», «Зноў я на тых сцежках», «Ты знаеш край», «Родная мова», «Нашто ты косы заплятаеш», «Прызнанне» — такія знаёмыя, гэтыя вершы набываюць некі асаблівы сэнс, калі чытаеш іх у гэты дзень, дзень нараджэння паэта. Максім Танк пакінуў нам выбітную літаратурную спадчыну, і яе неабходна захаваць.

Comments are closed