Сэрцам роднага слова краніся

У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя — мілагучнасцю. Мова — душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова — жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма роднай мовы — няма народа, няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Мова — частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.

Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага, у гасцінай нашай купалаўкі адбылася літаратурна-музычная вечарына “Сэрцам роднага слова краніся”, на якую запрасілі удзельнікаў жаночага салона “Лада”, народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, клуба пажылых людзей “Залаты ўзрост”. Наша мова багатая не толькі на самабытныя словы, мы маем вялікую літаратурную спадчыну, якую з вялікім задавальненнем ушаноўвалі ўсе ўдзельнікі нашай вечарыны: спявалі на беларускай мове, чыталі любімыя вершы, прыгадвалі народныя прыказкі і прымаўкі.

Родная мова шмат не патрабуе. Калі вы чуеце яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную — ведайце, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайцеся, а прыміце яе, бо яе месца ў нашай краіне. Размаўляйце па-беларуску не толькі 21 лютага!

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed