28 сакавіка работнікі цэнтральнай бібліятэкі запрасілі наведвальнікаў спартыўнага лагера, які дзейнічае на вясновых канікулах пры СДЮШАР, жыхароў горада і заядлых шахматыстаў здзейсніць падарожжа ў цікавую краіну шахмат — адбылася рэспект-сустрэча “Шахматны талент: белая ладдзя кліча”. На мерапрыемстве прысутныя завочна пазнаёміліся з нашым славутым земляком, братам вядомай ляхавіцкай паэткі Веры Дыдышка, гросмайстрам Вячаславам Дыдышка — майстрам спорту СССР (1968), міжнародным майстрам (1982), міжнародным гросмайстрам (1995), аўтарам кнігі «Логика современных шахмат» (1989).
Вячаслаў Іосіфавіч Дыдышка з 1992 г. працаваў спартсменам-інструктарам нацыянальнай зборнай каманды па шахматах. Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (2013) выхаваў многіх вядомых шахматыстаў, у тым ліку чэмпіёна свету Настассю Зязюлькіну. Трэніраваў дзяцей ў мінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву № 11. Рэкардсмен па колькасці перамог у чэмпіянатах Беларусі: у 2006 г. у 11-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі. Паспяхова выступаў у ветэранскіх чэмпіянатах свету, стаў прызёрам турніра сеньёраў 2010 г.
Прадстаўленная на мерапрыемстве выстава-агляд тэматычнай літаратуры “Падарожжа ў шахматнае каралеўства” вызвала зацікаўленнасць, а кнігі пра шашкі, шахматы і шахматыстаў знайшла сваіх чытачоў.
Сёлета Вячаславу Іосіфавічу споўнілася 70 год. Асабістым момантам мерапрыемства стаў турнір, прысвечаны юбілею гросмайстра Вячаслава Дыдышкі, які вызначыў пераможцаў. Прысутныя з задавальненнем бавілі час за шахматнай дошкай.
Марына Нікіціна,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі