500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню

Як усё на зямлі мае свае вытокі, так і ў кнігі свой пачатак, свая гісторыя. І для беларусаў гэта гісторыя непарыўна звязана з імём нашага земляка, асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Сёлета адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і прайсціся па старонках гісторыі кнігі 8 верасня ў дзіцячую бібліятэку запрасілі выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Кніга стала для нас сапраўдным сябрам і спадарожнікам жыцця. І, беручы ў рукі кожную новую прыгожую кнігу, не трэба забываць, што гэтай радасцю мы абавязаны таксама і Францыску Скарыне. Ён бачыў у кнізе не толькі крыніцу ведаў, але і твор мастацтва. Кніга павінна прыносіць чалавеку эстэтычную асалоду і сваім знешнім выглядам, павінна быць зручнай і практычнай у карыстанні. Яго кнігі — сапраўдныя шэдэўры друкарскага майстэрства.

Скарына распачаў друкарскую справу, уславіў беларускае пісьменства. І яго дзейнасць не засталася без працягу: перад намі паўсталі новыя слаўныя постаці друкароў-асветнікаў — Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Пра іх таксама вялася гутарка падчас мерапрыемства.

Аб вялікім прызнанні дзейнасці Францыска Скарыны вядома далёка за межамі нашай краіны. У Італіі ў адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце ёсць славутая «Зала сарака», на сценах якой вісяць партрэты «слаўных з найслаўнейшых», і сярод іх — наш Францыск Скарына. Яго імем названы вуліцы беларускіх гарадоў і вёсак, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і педагагічны каледж у Полацку носяць імя вялікага дзеяча. 500-годдзе беарускага кнігадрукавання мае сусветнае значэнне і ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. Скарына і яго паслядоўнікі пакінулі нам вялікую спадчыну, якую мы павінны захаваць.

Comments are closed