Вёскі Ляхавіцкага раёна. Ганчары

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна

 

Ганчары

 

Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць.Звесткі ад бібліятэкараЗнакамітасціКропка на карцеТапаніміка

ГАНЧАРЫ — вёска, цэнтр Ганчароўскага с/с і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства «Ганчароўскі»; за 10 км на ПдУ ад Ляхавіч, 2 км ад чыг. ст. Райтанаў на лініі Баранавічы—Лунінец, каля аўтадарогі Брэст—Мінск. 158 гаспадарак, 447 жыхароў (2005).

У 1845 г. Ганчары — маёнтак (складаўся з аднайменных фальварка і вёскі) Мядзведзіцкай вол. Слуцкага пав. Мінскай губ., 200 дзес. зямлі, уладанне Паўла Корчыца. У фальварку было 7 дваровых сялян, у вёсцы — 2 двары, 13 жыхароў. У 1876 г. маёнтак меў 170 дзес. зямлі (з 1868 г. — спадчыннае ўладанне Ф.П.Корчыца),у 1889 г. — 83 дзес. зямлі. У 1897 г. Ганчары — вёска (6 двароў, 33 жыхары) і маёнтак (3 будынкі, 15 жыхароў), знаходзіліся побач з Палескай чыгункай і Маскоўска-Варшаўскай шашой. У 1909 г. ў вёсцы 34 жыхары, у маёнтку 14 жыхароў. 3 1921 г. ў складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; фальварак і калонія, 11 двароў, 79 жыхароў. 3 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. 3 12.10.1940 г. ў Мядзведзіцкім с/с. 3 8.1.1954 г. ў Брэсцкай вобл. 3 16.7.1954 г. ў Мініцкім с/с, з 4.6.1979 г. цэнтр Ганчароўскагас/с. У 1940 г. 10 двароў 80 жыхароў. У студз. 1940 г. на базе былога маёнтка Ганчары была арганізавана МТС, якой перадаваліся 6 жылых і 3 гасп. будынкі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 т. да 7.7 .1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Паводле перапісу насельніцтва 1959 г. ў Ганчарах налічваліся 153 жыхары. 3 1960 г. вёска — цэнтр саўгаса «Ганчароўскі» (цяпер камуналь­нага унітарнага с.-г. прадпрыемства «Ганчароўскі»), У 1970 г. 282 жыхары. У 2002 г. 172 двары, 471 жыхар. У вёсцы працуюць дзіцячы сад, б-ка, Дом культу­ры, фельч.-акушэрскі пункт, лясніцтва, магазін, аддз. сувязі.

Ганчары // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 264.

ГАНЧАРЫ

Утварылася вёска, у параўнанні з іншымі вёскамі, нядаўна. Аб назве вёскі Ганчары ёсць два паданні. Першая легенда нам расказвае аб тым, што недалёка ад вёскі Русінавічы жылі майстры ганчарнай справы. Яны выраблялі прыгожы гліняны посуд. У пошуках гліны яны перамяшчаліся з месца на месца. І вось аднойчы яны знайшлі гліну, на тым месцы, дзе знаходзіцца вёска. Майстры пабудавалі тут жыллё і пачалі далей займацца сваёй любімай справай, а месца назвалі ў гонар сваёй справы – Ганчары.

 Яшчэ адна легенда аб паходжанні назвы вёскі. Яе расказала тутэйшая бабулька Пабягайла М.І. Яе ўжо даўно няма, а паданне засталося. Было гэта вельмі даўно. На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца вёска, некалі стаяў маёнтак пана Корчыца. Паны, як нам вядома, самі не працавалі, а на іх працавалі бедныя людзі – парабкі, таму у паноў было шмат вольнага часу. Яны вельмі часта весяліліся, спраўлялі розныя фэсты, ездзілі адзін да аднаго ў госці.

І вось аднойчы ў госці да пана Корчыца прыехаў з Польшчы пан Ханчар. Пан Корчыц любіў гуляць у карты. А гулялі не толькі на грошы, але і на людзей. І гэты пан Ханчар прайграў у карты пану Корчыцу сваіх двух самых лепшых парабкаў. Па загаду пана Ханчара ў маёнтак былі дастаўлены з Польшчы два парабкі. Пан Корчыц дазволіў ім працаваць у яго маёнтку, а жыллё загадаў пабудаваць ім самім. Гэтыя бедныя людзі, якія прыехалі здалёк, пабудавалі сабе дзве зямлянкі. Прозвішчы іх былі Зіневіч і Маневіч. Але па прозвішчу іх ніхто не называў, а празвалі іх проста ганчарамі, ад прозвішча іх былога гаспадара пана Ханчара. З цягам часу парабкі пажаніліся, сталі нараджацца ў іх дзеці, пачалі яны будавацца. І гэтую вёсачку, якая складалася толькі з пяці хат, пачалі называць Ганчары.

Каля маёнтка пана Корчыца была выкапана сажалка, якая папаўнялася чыстай крынічнай вадой. Поле, якое знаходзілася за сажалкай называлася (і цяпер называецца) “Закрыніцы”. У маёнтку пана быў вялікі парк. Некаторыя ліпы і клёны і ў цяперашні час растуць у вёсцы Ганчары. Непадалёк ад панскага маёнтка рос малады лясок, які называлі “Хмелік”. Сваіх могілак у вёсцы Ганчары не было, а былі яны ў суседняй вёсцы Мядзведзічы. Спачатку помнікамі на могілках былі вялізныя камяні, на якіх рабіліся надпісы. Камяні пакрыліся мохам, ураслі ў зямлю і надпісы нельга прачытаць. Агароджаў і капліц на могілках не было. На гэтых могілках быў пахаваны і пан Корчыц, дзякуючы якому вёска Ганчары атрымала сваю назву. Так мяркуе легенда.

Лобан Дзмітрый – спартсмен, лыжнік, бронзавы прызёр Паралімпіяды – 2010, ураджэнец в. Ганчары.

Ганчары злева, Ганчары cправа.

Па дарозе Р-43 на ўчастку паміж Слуцкам і Івацэвічамі вас гасцінна сустрэнуць Ганры. Выбірайце: направа – старыя, налева – новыя. Так умоўна падзяліла гэты населены пункт траса рэспубліканскага значэння. Цудоўная вёска з не менш цудоўнай назвай, што гаворыць сама за сябе. Сапраўды, мясцовыя жыхары ведаюць: яе заснавалі людзі, якія па-майстэрску валодалі ганчарнай справай, – Зіневіч і Маневіч.

Спрадвеку ганчароўская зямля славілася гаспадарлівымі, дбайнымі людзьмі. Яскравае таму пацвярджэнне – ураджайныя агародныя соткі, шматкватэрнікі, што выглядаюць з усыпаных яблыкамі і грушамі дрэў, шыкоўныя кветнікі і дагледжаныя двары. А яшчэ ганчароўцы вельмі таленавітыя.

Досыць заглянуць у госці да Алены Шалік і ўпэўніцца, што ў яе кватэры разгарнуўся сапраўдны музей вышыванкі. Літаральна ўсё ўпрыгожана ўнікальнымі работамі ў самых розных тэхніках: навалачкі, накідкі, сурвэткі, абрусы, рушнікі, а якія фіранкі – вочы не адвесці! Але ў яе калекцыі ёсць асаблівы льняны абрус, вязаны кручком, – яму больш за 70 гадоў. Яна ўспамінае:

– Калі ў родную вёску Клецкага раёна прыйшлі фашысты, нам, жыхарам, давялося хавацца ў лесе. Мне было за 10. Там і звязала гэты абрус. Ён і па сённяшні дзень са мной.

Як прызналася Алена Рыгораўна, яе рукі могуць усё: у свае 89 гадоў вышывае, вяжа, кроіць і шые адзенне. А яшчэ пляце дыванкі, і яны не са шматкоў тканіны, а са звычайных поліэтыленавых пакетаў. Экалагічныя элементы для дамашняга дызайну. На паверх вышэй у доме па вуліцы Школьнай жыве самы сталы вясковец – ветэран Вялікай Айчыннай Уладзімір Пракапенка. Цікавы субяседнік з тонкім пачуццём гумару, чалавек, у чыім жыцці хапіла болю, жахаў вайны, няспраўджаных ідзей, але разам з тым поспехаў і радасцяў, дасягненняў і шчаслівых імгненняў. У складзе стралковага палка ён змагаўся за Гомель. У адным з баёў атрымаў раненне, лячыўся ў шпіталі. Вярнуўся на фронт, служыў у штурмавой брыгадзе. Трапіў і на Карэльскі фронт, пасля быў Далёкі Усход – ваяваў з японцамі…

Мірнае жыццё прывяло Уладзіміра Васільевіча ў Гашчын, куды пераехалі жыць яго бацькі. Працягнуў вучобу, паступіў у ВНУ, а на працу ўладкаваўся ў Мядзведзіцкую школу, якую пасля перанеслі ў Ганчары. Выкладаў матэматыку, фізіку, чарчэнне, нямецкую мову. У свой час узначальваў школу, працаваў інспектарам райана. А калі пабудавалі шматкватэрнік для настаўнікаў школы, пераехаў жыць сюды, у Ганчары. Тут і застаўся. Дарэчы, яго педагагічны стаж 46 гадоў, жыццёвы – 94.

– Памятаю Ганчары яшчэ зусім маленькай вёсачкай, тут было ўсяго 10 дамоў. А цяпер разгарнулася добрая інфраструктура, – разважае ветэран вайны.

Жыве адзін, але адзінокім сябе ні ў якім разе не лічыць. 3-4 разы на дзень наведвае сацыяльны работнік Тамара Сяргей. У кватэры заўсёды ідэальны парадак, нагатавана і ніколі не бывае сумна – яна ўмее слухаць, і з ёй цікава пагаварыць. Ёсць яшчэ справа, без якой не праходзіць дзень ветэрана: з захапленнем разгадвае крыжаванкі, судоку, філворды – трэніруе памяць.

Наконт інфраструктуры: у Ганчарах размяшчаюцца сельвыканкам, ам- булаторыя ўрача агульнай практыкі, Мядзведзіцкае лясніцтва, СДК, АЗС, I аддзяленне паштовай сувязі, лазня, аддзяленне Беларусбанка. Пры неабходнасці ў хвіліны сюды дамчаць экстранныя службы, ў тым ліку хуткая дапамога. Дарога з райцэнтра ў Ганчары – выдатная.

Дарэчы

Ганчары – малая радзіма нашага знакамітага земляка Дзмітрыя Лобана. На Паралімпіядзе ў Пхёнчхане ён быў капітанам беларускай паралімпійскай зборнай і прынёс камандзе два сярэбраныя медалі. У яго асабістай спартыўнай скарбонцы таксама бронза на Паралімліядзе ў Ванкуверы. Дзмітрый – чэмпгён Кубка свету і прызёр чэмпіянатаў свету.

Тут працуюць два магазіны – райпоўскі «Родны кут» і «Вікторыя», якую адкрылі мясцовыя жыхары Алена і Ігар Гец. Дарэчы, у гэтай сям’і прыемная навіна – іх дачка студэнтка 4 курса БДПУ Вікторыя трэці раз атрымала прэзідэнцкую стыпендыю. А ў маі яна стала пераможцай універсітэцкага конкурсу «Студэнт года». Шчырыя віншаванні і Вікторыі, і яе бацькам ад «веснікаўцаў»!

Ёсць у Ганчарах яшчэ адна цікавая адметнасць. Менавіта гэта вёска стала зручным месцам, каб адкрыць тут тры гады назад дом сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў. Ён сабраў пад сваім дахам людзей, якія воляй лёсу і абставін засталіся адны, але не сталі адзінокімі. Жыццёвыя сітуацыі бываюць самыя розныя, чалавек можа застацца сам-насам са сваімі праблемамі, бывае, што і дапамогі папрасіць няма ў каго. А тут не трэба хвалявацца, чым падсілкавацца, у што апрануцца і чым заняцца на працягу дня: ёсць тэлевізар, палюбілася бавіць час гульнёй у даміно, можна і пачытаць (сюды выпісваюць «Ляхавіцкі веснік»), а калі засумуюць, ёсць кім пагаварыць па душах. У гэтым – галоўная мэта ўстановы: дапамагчы пераадолець цяжкія жыццёвыя сітуацыі, з якімі чалавек не можа справіцца самастойна. У доме сумеснага пражывання працуюць людзі з вялікім сэрцам, якім за радасць рабіць чужое жыццё камфортным, па-дамашняму цёплым, утульным.

Любяць Ганчары і дзеці: даспадобы маленькім жыхарам мясцовыя краявіды, тут па-іншаму дыхаецца і адчуваецца жыццё. Тут сапраўднае лета, сказаў адзін з гарэзаў, што гасцк ў бабулі з дзядулем.

Наталля Булдыга з мужам Валерыем жывуць у Баранавічах. Але з гадавалай дачкой Сашай часта прыязджаюць да бацькоў у родныя Ганчары. Экалогія тут іншая, атмасфера асаблівая і такая прыгожая прырода, расказвае Наталля.

Сямейную пару Тамару і Казіміра Плескацэвічаў ведаюць у вёсцы ўсе. Ян выдатныя гаспадары, і гэта відавочна. У двары ўсё расквечана петуніямі, ружамі, пад вінаградным ценем маляўніча размясціўся столік, па дарожцы самавіта разгульвае кот – ідэальны вясковы пейзаж. Яны шчаслівыя муж і жонка, якія разам 37 гадоў, бабуля дзядуля, у якіх так любяць гасціць унучкі. А яшчэ Плескацэвічы адзіныя, хто трымае ў Ганчарах карову.

I, канешне, немагчыма ўявіць Ганчары без чалавека, які ведае іх ад «а» да «я», раскажа пра кожнага жыхара, правядзе экскурсію па сучаснасці, адправіць у змястоўны экскурс па старонках мінулага, – старасты вёскі Анатолія Турава.

Маргарыта КУХТА

 

Кухта, М. Ганчары злева, Ганчары cправа. / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2018.  – 1 жніўня (№ 57). – С. 4.

Ганчары. Назва знаходзіцца ў сувязі з ганчарным рамяством, якое шырока практыкавалася ў розных раёнах Беларусі. Ганчар гэта майстар па вырабу глінянага посуду, а ў старажытную пару вядомы таксама як “пячнік”, “чарапічнік”. Занятак, прафесія складалі важную, асабліва адметную рысу чалавека. якая нярэдка пераўвасаблялася ў яго імя-мянушку або прозвішча. Множналікавы фармант абазначае, што паселішча заснавана на калектыўных пачатках.

Ганчары. Старэйшыя жыхары Ганчароў расказваюць. што чулі яшчэ ад сваіх дзядоў паданне пра паходжанне   назвы сваёй вёскі.

На месцы, дзе зараз знаходзіцца веска, ранней быццам     бы быў маёнтак пана Корчыца. Аднойчы завітаў да яго ў госці пан па прозвішчу Ганчар. Бавячы час, селі яны за картачны стол. I здарылася так, што прайграў пан Ганчар пану Корчыцу двух сваіх лепшых парабкаў. Аднаго звалі Зіневіч. а другога Малевіч. Мясцовыя жыхары клікалі іх “ганчарамі”. Верагодна гэта мянушка і стала назваю вёскі.

Лемцюгова, В.П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

 

Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.

 

Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed