Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Флер’янова. “Флер’яноўскія чытанні”

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Флер’янова>>>

Флер'яноўскія чытанні 2016 год. Перапечка, Н. Флер'янова. Літаратурныя чытанні.Флер'яноўскія чытанні 2018 год. Барадзіна, В. Чэрвень. Флер’янова. Чытанні.Флер'яноўскія чытанні 2020 год. Кухта, М. З любоўю ад першага да апошняга радкаКухта, С. Скарбы Флер’яноўскай сядзібыНовік, А. Пад небам Флер'яноваШляхамі Элізы Ажэшка

Флер’янова. Літаратурныя чытанні

КАЛІСЬЦІТУТ ВІРАВАЛА КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ.

I ВОСЬ ПРАЗ СТАГОДДЗЕ ЗНОЎ МУЗЫКА, ВЕРШЫ, ПЛЕНЭР… 3 ПАЧЫНАМ!

Сонечныя промні расквечваюць кроны разгалістых дрэў. Над наваколлем лунае музыка. Прагульваюцца дамы ў шыкоўных уборах. Дзверы сядзібнага дома ў Флер’янове шырока расчынены — гасцей сустракае сам Тадэвуш Бохвіц, побач з ім Эліза Ажэшка. У маёнтку ладзіцца прыём…

У былой сядзібе Бохвіцаў цёплым чэрвеньскім днём 2016 года сышліся мінулае і сучаснае: тут адбыліся першыя Флер’яноўскія чытанні.

Пра гэта неаднойчы гаварыў кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч. Пра гэта марыла, пісала раёнка, зноў і зноў вярталася да тэмы ў шматлікіх публікацыях, а пасаджаная па ініцыятыве «Ляхавіцкага весніка» дуброва ля ажэшкінскага дрэва падрасла-паднялася, апранулася ў лісце.

Навокал панавала ўрачыстая, творчая і вельмі ўтульная атмасфера. Пэўна, як і больш стагоддзя назад, калі польская пісьменніца Эліза Ажэшка, улюбёная ў тутэйшыя мясціны, шчыра запрашала сюды сваіх сяброў. Так, яна пісала рэдактару «Тыднёвіка мод і аповесцяў» Люцыне Катарбінскай: «Я на лета зноў выбіраюся да Фларыянава. Вёска прыгожая, здаровая, Бохвіцаў палюбіла, гэта людзі бязмежна добрыя і мілыя. I ведаеш, што прыйшло мне на думку. Можа, і вы выбрапіся б туды на нейкія тыдні вылежвання? Весялосці асаблівай там няма, але паветра цудоўнае, сад прыгожы, дрэвы раскошныя, купальня ў рэчцы…» У летнім пансіянаце, які арганізоўвала жонка Тадэвуша Бохвіца Браніслава Цывінская, адпачывалі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі пісьменнік Уладзіслаў Рэймант з жонкай Аўрэліяй, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Генрых Нусбаум, літаратары, артысты і іншыя вядомыя асобы таго часу. Літаратурныя чытанні, завадатаркай якіх была Эліза Ажэшка, падабаліся ўсім гасцям і сталі тутэйшай традыцыяй.

Вельмі сімвалічна, што сённяшнія (больш як праз стагоддзе пасля тых) першыя Флер’яноўскія чьгганні, прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшка і ініцыяваныя цэнтральнай бібліятэчнай сістэ- май, адцзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ля- хавіцкага райвыканкама, прайшлі ў Год культуры.

Да гасцей свята звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая нагадала, што 21 красавіка 2011 года, калі да ажэшкінскага векавога дуба дабавіліся дрэўцы, пасаджаныя па ініцыятыве «ЛВ», лічыцца днём нараджэння новай дубровы.

Ганаровы госць свята — наш зямляк, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак падарыў раённай бібліятэцы кнігі пра Ляхавічы і ляхавіцкую зямлю ўласнага аўтарства.

— Вельмі добра, што чытанні праводзяцца не ў горадзе і закрытым памяшканні, а на жывой зямлі. Менавіта так можна адчуць дух гісторыі. Здорава, што тут перакрыжоўваюцца розныя Эпохі. Капі свята захаваецца, атрымае развіццё, калі сюды будзе прыходзіць моладзь, школьнікі, гэта стане самым лепшым для іх урокам гісторыі, культуры, сямейнага выха- вання, — захоплена адзначыў Апесь Бадак, які, дарэчы, парадаваў пры- сутных і чытаннем уласных вершаў.

Падчас тэатралізаванага паказу гучалі паэтычныя творы і песні, у тым ліку і на словы нашых землякоў. Скарысталіся магчымасцю пазнаёміць землякоў са сваёй творчасцю мясцовыя аматары паэзіі — Валянціна Пабягайла, Іван Трысцень, Уладзімір Лаўрэнаў.

У ролі артыстаў вельмі арганічна ўжыліся работнікі бібліятэк раёна, яны вельмі адказна і досыць прафесійна падышлі да падрыхтоўкі сустрэчы: сачынялі сцэнарый, шылі касцюмы па модзе пачатку XX стагоддзя, гатавалі стравы беларускай кухні. 3 любоўю падабраны рэпертуар прывезлі на свята калектывы мастацкай самадзейнасці.

Звінела і плыло свята над вёскай. Аматары кніг цікавіліся выстаўкай бібліятэкі пад адкрытым небам «Карапева высокага слова», дзе работнікі купалаўкі прадставілі творы Элізы Ажэшка, літаратурную карту Ляха- віччыны з кнігамі нашых землякоў. Хлопчыкам і дзяўчаткам даспадобы прыйшліся конкурсы і віктарыны на веданне герояў казак і апавяданняў. Яркія, прыгожа і арыгінальна аформленыя кнігі для дзяцей на беларускай і рускай мовах прадставіла на выставе-продажы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Дэсант юных мастакоў са студыі «Апалон» высадзіўся ля сцен сядзібнага дома, каб на мове фарбаў перадаць свае ўражанні ад тутэйшых краявідаў. Сталы са стравамі нацыянальнай кухні ламаліся ад ўсялякіх прысмакаў, якімі гаспадыні-бібліятэкаркі ад душы ўсіх частавалі. Увагу прыцягвала выстаўка-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці. Выдатным напамінам пра першыя Флер’яноўскія чытанні будуць магніцікі з выявай прыгожага гістарычнага мястэчка (пастараліся супрацоўнікі купалаўкі), іх асабліва актыўна набывалі дзеці.

Некаторыя нашы землякі проста на свяце сталі чытачамі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы су- працоўнікам гэтай установы, для якіх выязныя выстаўкі — справа звычай- ная. Яны прывезлі на свята не толькі выданні з фонду старадрукаў і рэдкіх кніг, якія датычаць нашага раёна, але і іншыя фаліянты. Іх можна было па- трымаць у руках, пагартаць старонкі, зазірнуць у далёкае мінулае. Намес- нік дырэктара па навуковай рабоце Ала Пенда адзначыла, што гэта не музейныя экзэмпляры — кніга павінна быць у руках людзей. Супрацоў- нікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі вельмі зацікавіла асоба Тадэвуша Бохвіца, які займаўся журналістыкай і калекцыянаваў часопісы з усяго свету. Вярнуць усю калекцыю немагчыма, але сучасныя тэхналогіі дазваляюць аднавіць хаця б яе частку. Адзін з праектаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь па вяртанні замкавых і сядзібных бібліятэк якраз і накіраваны на тое, каб гэта культурная спадчына не была страчана.

Загадчык адцзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Валерый Герасімаў перадаў цэнтральнай раённай бібліятэцы кампакт-дыск «Старажытныя Ляхавічы ў энцыклапедычных і даведачных выданнях» — бясцэнны матэ- рыял для гісторыкаў і краязнаўцаў.

Фінальны акорд свята — белыя галубы над маёнткам як сімвал міру, святла і надзеі, а яшчэ — спадзявання на новую сустрэчу ў Флер’янове.

Перапечка, Н. Флер’янова. Літаратурныя чытанні. / Наталля Перапечка // Звязда. – 2016. – № 125. – 2 ліпеня. – С. 7.

Чэрвень. Флер’янова. Чытанні. Гэта было прызнанне ў любві сваёй малой радзіме. У Ляхавіцкім раёне прайшлі другія «Флер’яноўскія чытанні»

Флер’янова сустракала гасцей. Сённяшнія гаспадары былога маёнтка Бохвіцаў Генрых і Ларыса Траццякі толькі «за», калі гаворка ідзе пра захаванне культурнай спадчыны, пра выкарыстанне яе як асновы для развіцця ці хаця б дэманстрацыі сённяшніх здабыткаў, знаходак, дасягненняў таленавітых у мастацтве, народжаных на Ляхавіччыне – адным словам, землякоў. Таму другі раз запар яны ахвотна адгукнуліся на культурную прапанову бібліятэкараў раёна правесці «Флер’яноўскія чытанні».

Фэст адбыўся: задума расцудоўная, атмасфера самая што ні на ёсць спрыяльная для дасягнення прыгожай мэты, антураж адпаведны, канцэнтрацыя творчых памкненняў неверагодная. І гэта не перабольшанне: ідэя фэсту мае глыбокі і глыбінны сэнс, што пацвярджаецца пранікнёным прывітальным словам Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам «Чытанняў». Іх агучыў наш знакаміты зямляк, паэт, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, які выказаў меркаванне, што фэсту можна і трэба «расці» ў маштабе, магчыма, да міжнароднага. І гэта не будзе штучнасцю, таму што гісторыя нашай малой радзімы вялікая і велічная. Сабраць яе па крупінках, да маленькага эпізоду, па магчымасці да асобы – гэта мы можам, гэта мы абавязаны, і гэта будзе цікавая кніга пра зямлю і людзей, такое падарожжа ў часе тутэйшых каардынат.

Сувязь часоў. Карані і крона. Даўно і цяпер. Неўміручая, па-за модай прага творчасці, спаталяючая сіла натхнення. Другое стагоддзе шапоча векапомны дуб, пасаджаны некалі ў маёнтку Бохвіцаў Элізай Ажэшка. Яна тут была частым і жаданым госцем. «У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза з Флер’янова. – …Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных».

Ужо толькі гэтых радкоў славутай пісьменніцы і рамантычнай жанчыны было б дастаткова, каб флер’яноўскія мясціны назаўсёды надзяліць флёрам таямнічасці і загадкавасці. Перапіска ж Ажэшкі і Тадэвуша Бохвіца потым, праз дзесяцігоддзі, была выдадзена і заняла 300 старонак асобнага тома. Дарэчы, не толькі Ажэшка бывала ў Флер’янове. Сюды наведваліся вядомыя пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі… Тут ставіліся спектаклі, ладзіліся літаратурныя вечарыны, гучала класічная музыка і народныя спевы. Дык ці выпадкова прыдуманы сённяшнія «Флер’яноўскія чытанні»?!

У Алеся Бадака сувязь з малой радзімай трывалая-непарыўная. Тут, у Турках, жыве яго мама, тут усё дарагое і блізкае, знаёмае і любімае з самага ранняга дзяцінства. Гэта таксама ў паэзіі яго душы.

Я неаднойчы думала, як нарадзілася самае шчымлівае з прызнанняў у любві да Ляхавіцкай зямлі (такім лічу бадакоўскія радкі з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»)? Паэт (толькі паэт мог так напісаць!) успамінаў гісторыю з’яўлення гэтых радкоў, нібы гэта было ўчора. А мінулі з таго часу тры дзесяцігоддзі. І менавіта на «Флер’яноўскіх чытаннях» прагучалі зноў, бы ўпершыню, напоўненыя абсалютнай любоўю, прыгожыя, пранікнёныя, шчымлівыя радкі. Нібы задалі настрой фестывальнаму сюжэту.

Неаднойчы называліся імёны: Віктар Гардзей, Леанід Пранчак, Іван Ждановіч, Уладзімір Дамашэвіч і ці не самы славуты з землякоў-сучаснікаў Міхаіл Пташук (застаўся напісаны ім сцэнарый фільма , прысвечаны яго малой радзіме – Ляхавіччыне) . Гучалі ўрыўкі з іх твораў, песні на іх вершы. Да мікрафона запрашаліся добра вядомыя і любімыя землякамі Галіна Жывіца з Бераставіцы, Клаўдзія Трысцень з Баранавіч.

На фэсце як на фэсце – такія прапановы, такія завядзёнкі! У бібліятэцы пад адкрытым небам знайшлося месца фотазоне: кожны жадаючы мог сфатаграфавацца ва ўбранні пачатку мінулага стагоддзя.

Не магла не зацікавіць экспазіцыя Прэзідэнцкай бібліятэкі «Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў».

Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі правёў акцыю «Я помню. Я ганаруся.», і многія нашы юныя землякі расказалі пра родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Побач экспанавалася выстава, як сказала кіраўнік студэнцкай майстэрні інавацый кафедры педагогікі БарДУ Валянціна Козел (дарэчы, наша зямлячка, родам з Тальмінавічаў), сацыяль-ных партнёраў: універсітэта, клуба ветэранаў Баранавіцкага ГДК «Неспакойныя сэрцы» (у ім таксама працуе наш зямляк, кампазітар-песеннік Іван Асос) і Баранавіцкага прафтэхкаледжа сферы абслугоўвання. Валянціна Козел пра флер’яноўскі фэст гаварыла з натхненнем:

– Захаванне культурнай спадчыны – гэта так важна. Сувязь пакаленняў была, ёсць і будзе. Два гады назад у рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года» нашы студэнты былі сярод пераможцаў за праект «Галасы за брамай часу». Сёння мы рады не проста прысутнічаць у Флер’янове, а быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дзейства.

Я люблю чытаць, сцвярджаў надпіс, складзены з вялікіх літар, што імправізаванай расцяжкай былі ўмацаваны ў зямлю. Тут жа можна было набыць некаторыя кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Неверагодна прыемную, няхай і не з літаратурнай афарбоўкай магчымасць прадаставілі ўдзельнікам фэсту гаспадары аграсядзібы «Залатая падкова» з Баранавіцкага раёна – пракаціцца на конях па маладым парку, дзе цягнуцца да сонца дубкі, калісьці «прыдуманыя» «Ляхавіцкім веснікам» і пасаджаныя па ягонай ініцыятыве і з ягоным удзелам. А насупраць на гэта хараство пазіраў амаль 110-гадовы волат-дуб, хроснай мамай якога з’яўляецца Эліза Ажэшка.

У праграме фэсту знайшлося месца адкрытаму мікрафону, ля якога кожны жадаючы мог прачытаць вершы, і не абавязкова вядомых паэтаў, але і свае. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ад вакальных гуртоў «Берагіня» Дараўскага і «Забава» Падлескага СДК радавалі слых канцэртнай праграмай ў флер’яноўскіх каардынатах. Несправядлівым будзе не адзначыць і шыкоўны стол з пачастункамі, над якім кулінарылі бібліятэчныя работнікі: як гавораць, не кнігай адзінай…

Удосталь было шчырасці і прыветнасці гаспадароў сядзібы, арганізатараў свята, натхнення і жадання паўдзельнічаць у ім шматлікіх гасцей і, зрэшты, разважанняў наконт будучыні «Флер’яноўскіх чытанняў». Адна- значна: ім быць, прырастаць-расці, імкнуцца, як любой творчай задуме, да дасканаласці, таму што творчасці без гэтага імкнення не бывае.

І пра асабістае ўспрыманне. Думаю, што лагатып фестывалю трэба актыўней выкарыстоўваць і прасоўваць, анансаваць «Флер’яноўскія чытанні» загадзя і ўсімі магчымымі сродкамі – гасцей будзе значна больш. Здаецца, было б прыгожа, каб незалежна ад фармату фэсту гасцей сустракалі разам з Генрыхам і Ларысай Траццякамі былыя гаспадары маёнтка, дакладней, сцэнічныя вобразы паноў Бохвіцаў і іх любімай госці Элізы Ажэшка. А яшчэ ў мелодыю «Чытанняў» так і просіцца голас скрыпкі, так і просіцца паланэз Агінскага. Класіка стане выдатным абрамленнем флер’яноўскаму дзейству, як і экскурсія па апартаментах.

…Субота, 16 чэрвеня, была лагоднай: хапала сонца, хапала лета, хапала настрою на лірычную хвалю і на роздум пра сувязь часоў. Шапаценне лістоты на дрэвах, пах свежаскошанай травы, цвіценне руж ля мураваных сцен старога палаца – такі звычайны і такі незабыўны дзень. Дзякуй за фэст і яго арганізатарам – бібліятэчным не проста супрацоўнікам, а ў добрым сэнсе фанатам кнігі, і нераўнадушным гаспадарам каардынат творчасці і шанавання культурна-гістарычнай спадчыны – Траццякам, і усім гасцям, якія адгукнуліся на запрашэнне.

 

Барадзіна, В. Чэрвень. Флер’янова. Чытанні. / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – № 46. – 20 чэрвеня. – С. 2,8.

З любоўю ад першага да апошняга радка

Як брэнд, гучаць «Флер’яноўскія чытанні», што традыцыйна запрашаюць творчых людзей на ляхавіцкую зямлю. Яго ідэйныя і творчыя натхняльнікі – супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы – не спыняюцца здзіўляць і ўжо трэці раз у шчодрым на цяпло верасні запрасілі на літаратурны фэст. І ў 2020-м ён незвычайны: 150 гадоў назад завяршылася будаўніцтва флер’яноўскай сядзібы.

За веснічкамі пачынаецца іншае жыццё. Нібы машына часу пераносіць на стагоддзі назад турыстаў і гасцей свята. Гасцінна віталі і запрашалі на імпрэзу Тадэвуш Бохвіц і Эліза Ажэшка. Дэталёвасць і гістарычнасць ва ўсім, да чаго датыкаюцца работнікі ЦБС, атмасфернасць нават у распрацаваных святочных праграмках.

Увогуле тут, дзе так утульна Ажэшкінскаму дубу, лёсам было наканавана стаць памятным месцам, якое здолелі зберагчы, удыхнуць у яго другое жыццё Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Траццякі. Яны круглы год сустракаюць апантаных турыстаў, як ніхто, у падрабязнасцях раскажуць пра колішніх гаспадароў і гісторыю маёнтка.

Вядучыя свята зачыталі прывітальны ліст дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Квачана. Ён адзначыў, што прыкладам таму, што бібліятэка сёння – гэта і цэнтр адраджэння нацыянальнай памяці і культуры, з’яўляюцца «Флер’яноўскія чытанні». А яшчэ бібліятэка перадала ў фонд Ляхавіцкай ЦБС дыск «Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь», які ўключае часопісы на рускай, французскай, польскай мовах перыяду да 1917 года. Копіі друкаваных выданняў былі перададзены Генрыху Траццяку для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую заклаў Тадэвуш Бохвіц.

Віталі на імправізаванай сцэне гісторыка і даследчыка заснавальніка арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана Зміцера Юркевіча.

Ляхавіччына – як скарбніца талентаў, якія ў сваім штодзённым клопаце не забываюць пра сваю малую радзіму, працуюць-жывуць з цёплымі ўспамінамі да роднага мястэчка. Як жа гарманічна гучалі вершы нашага земляка – ураджэнца вёскі Яцкаўшчына Івана Ждановіча, які сёння працуе рэдактарам газеты «Голас Радзімы». «Я вярнуўся дамоў у расквечаным маі…» – так сакавіта і пяшчотна разляцеліся радкі верша ў выкананні Міхася Стрыжова.
І хоць Іван Ждановіч не змог прыехаць на сустрэчу, перадаў усім прысутным свае прывітанні і віншаванні з 80-годдзем раёна і, безумоўна, з чарговымі «Флер’яноўскімі чытаннямі». Пранікнёна гучала: «…Годная будучыня наша – гэта заўсёды руплівая праца, настойлівае трыманне найперш душэўнай раўнавагі ў неспакойным свеце. Гэта імкненне ствараць – а не разбураць, збіраць камяні – а не раскідваць іх, шукаць паразумення з сабою і са светам – а не вінаватых у нашых праблемах».

Сяброў у фэсту многа. З радасцю падарылі сваю творчасць удзельнікі клуба «Літаратурная правінцыя» з Лунінеччыны.

Не абышлося і без літаратурных узнагарод. Лепшыя з лепшых у розных намінацыях падымаліся на сцэну атрымаць віншаванні і ўзнагароды за перамогу ў конкурсе «Сlovеснасць». Тэма самая родная і блізкая – слова пра Радзіму.

Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч шчыра дзякавала за актыўнасць, за тое, што, незалежна ад формы, змест твораў канкурсантаў ад першага да апошняга радка прасякнуты любоўю да месца, дзе ўсё дорага сэрцу.

Нельга не выказаць захапленне крэатыўнасцю нашых бібліятэкараў. У любым амплуа яны ствараюць атмасферу свята і ўрачыстасці. «Экспрэс», «Берагіня», «Жытніца» – нашы творчыя калектывы сваё паэтычнае слова абрамілі ў музычны кантэкст і, як заўжды, здзівілі прысутных.

І фотазоны, і выставы, і смачная беларуская кухня, і Instagram-рамачка – чаго толькі ні хапала, каб прывезці з сустрэчы кавалачак добрых успамінаў. Бібліятэчны бульвар ад ляхавіцкіх, баранавіцкіх, лунінецкіх калег не раз прымушаў прайсціся і засяродзіць сваю ўвагу.

А «Aдкрыты мікрафон» стаў пляцоўкай для кожнага, хто пажадаў заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Маргарыта КУХТА.

 

Кухта, М. З любоўю ад першага да апошняга радка / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2020. – 23 верасня (№ 72) – С. 5.

Скарбы Флер’яноўскай сядзібы

2020 год вельмі багаты на знамянальныя даты для Ляхавіцкага раёна — 150 гадоў назад cкончылася будаўніцтва Флер’яноўскай сядзібы. 80 гадоў, як ўтварыўся сам раён, 75 гадоў з таго моманту, як гасцінна расчыніла свае дзверы Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

Трэба адзначыць, што напачатку дваццатага стагоддзя Флер’яноўская сядзіба была адным з асяродкаў культурных зносін. Тут арганізоўваліся літаратурныя чытанні, дзе таленавітыя госці чыталі свае творы, спяваў хор, выступалі вядомыя музыканты.

Аднавіць гэтую традыцыю правядзення літаратурных вечароў вырашылі ў 2016 годзе. Па ініцыятыве Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў Год культуры адбыліся першыя “Флер’яноўскія чытанні”. Яны былі прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. З той пары і прынята праводзіць чытанні раз у два гады.

Літаратурны фестываль “Флер’яноўскія чытанні” калісьці гасцінна віталі і запрашалі на імпрэзу Тадэвуш Бохвіц і Эліза Ажэшка. Увогуле тут, дзе так утульна раскінуў галіны Ажэшкінскі дуб, лёсам было наканавана стаць памятным месцам, якое здолелі зберагчы, удыхнуць у яго другое жыццё Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Траццякі. Яны круглы год сустракаюць апантаных турыстаў, як ніхто, у падрабязнасцях расказваюць пра колішніх гаспадароў і гісторыю маёнтка.

Гэтым разам вядучыя свята зачыталі прывітальны ліст дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Квачана. Ён адзначыў, што “Флер’яноўскія чытанні” сведчаць, што Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, як і іншыя падобныя бібліятэчныя ўстановы, сёння з’яўляюцца цэнтрам адраджэння нацыянальнай памяці і культуры. А яшчэ Прэзідэнцкая бібліятэка перадала ў фонд Ляхавіцкай ЦБС дыск “Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь”, які ўключае часопісы на рускай, французскай, польскай мовах перыяду да 1917 года. Копіі друкаваных выданняў былі перададзены Генрыху Траццяку для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую заклаў Тадэвуш Бохвіц.

Віталі на імправізаванай сцэне і гісторыка і даследчыка заснавальніка арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана Зміцера Юркевіча, які нямала робіць для захавання беларускай гістарычнай спадчыны.

І пасёння Ляхавіччына – з’яўляецца скарбніцай талентаў, якія ў сваім штодзённым клопаце не забываюць пра сваю малую радзіму, працуюць-жывуць з цёплымі ўспамінамі да роднага мястэчка. Падчас фэста даволі гарманічна гучалі вершы нашага земляка, ураджэнца вёскі Яцкаўшчына, — Івана Ждановіча, які сёння працуе рэдактарам газеты “Голас Радзімы”. “Я вярнуўся дамоў у расквечаным маі…” — так сакавіта і пяшчотна разляцеліся радкі верша ў выкананні Міхася Стрыжова. І хоць Іван Ждановіч не змог прыехаць на сустрэчу, перадаў усім прысутным свае прывітанні і віншаванні з 80-годдзем раёна і, безумоўна, з чарговымі “Флер’яноўскімі чытаннямі”. Пранікнёна гучала: “ …Годная будучыня наша — гэта заўсёды руплівая праца, настойлівае трыманне найперш душэўнай раўнавагі ў неспакойным свеце. Гэта імкненне ствараць — а не разбураць, збіраць камяні — а не раскідваць іх, шукаць паразумення з сабой і са светам — а не вінаватых у нашых праблемах”.

Сяброў у фэсту заўсёды многа. І сёлета з радасцю падарылі сваю творчасць слухачам удзельнікі клуба “Літаратурная правінцыя” з Лунінеччыны. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі ДУК “Баранавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” разам з пісьменнікамі свайго раёна.

З прывітальным словам выступіў Вадзім Вітальевіч Жылко, журналіст, літаратар, краязнавец, гісторык і пісьменнік.

Не абышлося і без літаратурных узнагарод. Лепшыя з лепшых у розных намінацыях падымаліся на сцэну атрымаць віншаванні і ўзнагароды за перамогу ў конкурсе “Сlovеснасць”. Тэма самая родная і блізкая — слова пра Радзіму.

Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч шчыра дзякавала за актыўнасць, за тое, што незалежна ад формы, змест твораў канкурсантаў ад першага да апошняга радка прасякнуты любоўю да месца, дзе ўсё дорага сэрцу.

“Экспрэс”, “Берагіня”, “Жытніца” — нашы творчыя калектывы — сваё паэтычнае слова абрамілі ў музычны кантэкст і, як заўжды, здзівілі прысутных.

На “Флер’яноўскіх чытаннях” былі і фотазоны, і выставы, і смачная беларуская кухня, і Instagram-рамачка, — ўсяго хапала, каб прывезці з сустрэчы добрыя успаміны. Бібліятэчны бульвар ад ляхавіцкіх, баранавіцкіх, лунінецкіх калег не раз прымушаў прайсціся і засяродзіць сваю ўвагу на той, ці іншай падзеі.

А “Aдкрыты мікрафон” стаў пляцоўкай для кожнага, хто пажадаў заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Святлана Кухта,

метадыст Ляхавіцкай

 цэнтральнай бібліятэкі

імя Я.Купалы

Кухта, С. Скарбы Флер’яноўскай сядзібы / Святлана Кухта // Культура. – 2020. – 3 кастрычніка (№ 40) – С. 14.

Пад небам Флер’янова

Упачатку мінулага стагоддзя маёнтак Флер’янова з’яўляўся адным з цэнтраў беларуска-польскіх культурных зносін. Тут ладзіліся літаратурныя імпрэзы: госці чыталі свае творы, спяваў хор, выступалі вядомыя музыкан- ты. Душой сустрэч была вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка.

У гістарычнай літаратуры не раз апісваліся сяброўскія адносіны Тадэвуша Бохвіца і Элізы Ажэшкі. Менавіта пры Тадэвушы ў Флер’янове існаваў летні пансіянат, які так любіла пісьменніца.

Чатыры гады таму вырашылі аднавіць традыцыю правядзення літаратурных сустрэч. Па ініцыятыве супрацоўнікаў Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і аддзела ідэалагічнай работы, куль- туры і па справах моладзі райвыканкама ў Год культуры тут прайшлі першыя «Флер’яноўскія чытанні», прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. З тых часоў прынята праводзіць чытанні кожныя два гады. Сёлета літаратурны фестываль прымеркавалі да 150-годдзя маёнтка Флер’янова.

На свяце прысутнічалі калегі з Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы разам з пісьменнікамі гэтага рэгіёна, прадстаўнікі Лунінецкай раённай бібліятэчнай сістэмы і члены клуба «Літаратурная правінцыя». Наведаў Флер’янова і гісторык, даследчык і заснавальнік арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана Зміцер Юркевіч, які падзяліўся цікавай інфармацыяй пра гэтыя месцы.

Пастаянныя ўдзельнікі свята, супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі, не змаглі наведаць фестываль, але перадалі ў фонд Ляхавіцкай РЦБС дыск «Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь», у які ўвайшлі часопісы на рускай, французскай, польскай мовах да 1917 года. Копіі гэтых выданняў прыняў Генрых Траццяк, сённяшні ўладальнік маёнтка, для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую калісьці заснаваў Тадэвуш Бохвіц.

У межах фэсту ўзнагароджаны пераможцы раённага літаратурнага конкурсу «Cloveсность», удзельнікі якога выказалі свае думкі пра малую радзіму ў вершаванай ці празаічнай форме. Пераможцам у намінацыях «Паэзія» і «Эсэ» ўручылі памятныя прызы.

Алена НОВІК

 

Новік, А. Пад небам Флер’янова / Алена Новік // Літаратура і мастацтва – 2020. – 9 кастрычніка (№ 38). – С. 2.

ШЛЯХАМІ  ЭЛІЗЫ  АЖЭШКА

Лунінецкія літаратары, краязнаўцы і бібліятэкары прынялі ўдзел у III літаратурным фестывалі “Флер’яноўскія чытанні”, які адбыўся ў Ляхавіцкім раёне.

Флер’янова – вядомая з XIX стагоддзя сядзіба дынастыі Бохвіцаў. У 1908-1909 гадах тут жыла славутая польска-беларуская пісьменніца Эліза Ажэшка, гасцямі сядзібы былі многія літаратары, у тым ліку будучы нобелеўскі лаўрэат Уладзіслаў Рэймант. Цяпер будынкам сядзібы валодае былы старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай працы Генрых Траццяк. “Флер’яноўскія чытанні” ладзяцца тут раз на два гады, пачынаючы з 2016 года.

Фестываль распачаўся з урачыстага адкрыцця, некалькіх тэатралізаваных кампазіцый і канцэрта артыстычных калектываў Ляхавіччыны. Прагучалі выступы гасцей з Мінска, былі агучаны дасланыя віншаванні. Кіраўнік Лунінецкага краязнаўчага таварыства Вадзім Жылко распавёў пра творчыя сувязі двух раёнаў. 3 вершамі выступілі кіраўнік клуба “Літаратурная правінцыя” пры Лунінецкай раённай бібліятэцы Віктар Пінігін і кіраўнік клуба “Муза” Лунінецкага ГДК Вольга Грыдзюшка, а бібліятэкар Алена Кацуба прачытала некалькі вершаў Сця- пана Нефідовіча, Міколы Ільючыка і Аляксандра Хаўдзеева. Свае творы чыталі ляхавіцкія вучні, літаратары з Баранавіцкага раёна.

Лунінецкая РЦБС (дырэктар Алена Кішкевіч) разам з калегамі з Ляхавічаў і Баранавічаў разгарнула выставы кніг і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на “Бібліятэчным бульвары”. Свята прайшло ў шчырай і гасціннай атмасферы, чаму спрыяла і цудоўнае надвор’е.

Шляхамі Элізы Ажэшка // Информ-прогулка. – 2020. – 24 сентября (№ 39). – С. 11.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed