Лаўрэнаў Уладзімір. Повязь з родным краем, успаміны

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу  >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Лаўрэнаў Уладзімір

 

Лаўрэнаў У. Ёсць край...Перапечка, Н. Ёсць чалавек такі

Ёсць край…

Ёсць край, дзе так заўжды на сэрцы лёгка,
Паветра родных месц мне душу лечыць.
Бярэ свой шлях тут рэчка Шавялёўка
I праз стагоддзяў тоўшчу мчыць у вечнасць.

На золку промні сонца ярчэй свецяць,
Блакітнейшым здаецца купал неба,
Лагодна песціць твар мне лёгкі вецер
Тут, на зямлі бацькоў а не дзе-небудзь.

Глыток вады са студні смагу ўтоліць,
Рукой бы здыме, стомленасці ношу.
Насыціць бульбаю і хлебам з соллю
Бацькоўскі дом мяне ці днём, ці ноччу.

Тут памяць па слядах маіх блукае
Ля возера, сярод палёў па пожні.
Мяне матуля тут штодня чакае,
Сустрэцца каб яшчэ не раз апошні.

3 усіх канцоў сюды вядуць дарогі.
Тут дрэва роду карані пусціла,
Я краю гэтаму так абавязан многім.
… О, дай мне, Божа, толькі час і сілы.

Уладзімір ЛАЎРЭНАЎ

Ёсць Чалавек такі…

 

З Уладзімірам Лаўрэнавым мяне пазнаёміла школа. Кіраўнік метадычнага аб’яднання гісторыкаў раёна, ён прыйшоў падчас франтальнай праверкі да мяне на ўрок…

Прайшло нямала часу, а ён зусім не змяніўся – тактоўны, энергічны, з цікавымі і арыгінальнымі ідэямі. У гэтым чалавеку арганічна спалучаецца таленавіты педагог і рамантычная натура, творчая асоба з задаткамі паэта, мастака і музыканта. Самавучка, ён добра спявае, іграе на музычных інструментах, песні нараджаюцца ў яго душы.

Калі шчасце чалавека вымяраецца справамі, якія радуюць сэрца, то Лаўрэнаў – шчасліўчык. За сваё жыццё працаваў і літработнікам у Нараўлянскай райгазеце, і загадчыкам клуба, і настаўнікам… Падчас службы ў арміі быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, а ў школе міліцыі — старшынёй экзаменацыйнай камісіі па гісторыі. І дзе б ні працаваў — усюды словы падзякі і ўзнагароды.

 

Яго жыццё багатае на падзеі і сустрэчы. Вось і гэта нагода для сустрэчы з раёнкай важкая: дзесяцігоддзе таму ўбачыла свет гістарычна-літаратурная хроніка Уладзіміра Лаўрэнава “Ёсць край такі…” Кніга апавядае пра гісторыю вёсак Жарабковіцкага сельсавета і мясцовых людзей.

Для яго, ураджэнца Гомельскай вобласці, Жарабковічы сталі другой радзімай, пра якую ён напісаў не адзін верш і склаў не адну песню. Нават паспрабаваў стварыць герб вёскі.

Кніга не з’явілася б, каб не няўрымслівы характар і апантанасць справай Лаўрэнава. Разумеў: нашчадкі павінны ведаць гісторыю месца свайго нараджэння, ганарыцца зямлёй і продкамі. Узрушаны багатай спадчынай мясцін, пачаў займацца краязнаўствам. Разам з вучнямі па крупінках збіраў экспанаты і матэрыялы для школьнага музея гісторыі вёсак калгаса “Беларусь”, які пачаў прымаць першых наведвальнікаў падчас 40-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Шмат гадоў музей дапамагаў выхоўваць любоў да роднай зямлі ў многіх пакаленняў жарабковіцкіх школьнікаў. Ён стаў першай прыступкай да стварэння хронікі.

– Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу абуджала ў вучняў цікавасць да мінулага, да вывучэння свайго краю. 9 маіх вучняў прымалі ўдзел у абласных алімпіядах па гісторыі. Са школьнікамі аб’ездзілі ўсю Беларусь – гаспадарка ішла насустрач і выдзяляла для экскурсій бясплатна транспарт. На цягніку падарожнічалі ў Санкт-Пецярбург, на радзіму Цыялкоўскага ў Калугу, – расказвае Уладзімір Лаўрэнаў.

На ўроках ён выкарыстоўваў сюжэтныя, ролевыя сітуацыі, рабіў вучняў саўдзельнікамі, “акунаў” іх у вывучаемае асяроддзе.

З цеплынёй успамінае ўсе свае выпускі, пра кожны можа апавядаць вельмі доўга:

– Надзвычай цікавы выпуск 1995 года. З ім лёгка было працаваць і вучыцца. Дзеці былі гарэзлівыя і шустрыя, добрыя і шчырыя, адказна выконвалі даручэнні. Тады з сямі адзінаццацікласнікаў пяцёра закончылі школу з медалямі. Разам з вучнямі мы выходзілі ў калгас на працу: капалі бульбу, падымалі лён.

Ён з захапленнем расказвае пра сваіх землякоў, якія “рабілі” гісторыю краю.

– У 1919 годзе ў Жарабковічах дзейнічаў партызанскі атрад з жыхароў навакольных вёсак, які ўзначальваў зарытавец Майсей Кухарчык, кранштацкі матрос з лінкора “Петрапаўлаўскі”. Яны змагаліся супраць белапольскіх акупантаў. У адказ тыя спалілі Зарытава…

Гартаеш старонкі гістарычна-літаратурнай хронікі, і не верыцца, што такую маштабную працу арганізоўваў адзін чалавек. Дарэчы, да напісання кнігі ва Уладзіміра Лаўрэнава быў ужо вопыт удзелу ў падрыхтоўцы кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”, ён вёў у раёнцы рубрыку “Вёска, радзіма мая…”.

“Ёсць край такі” адкрываюць гісторыка-геаграфічныя звесткі і аднайменны з назвай кнігі верш аўтара.

Ёсць край такі,
Дзе так заўжды на сэрцы лёгка,
Паветра родных месц мне душу лечыць.
Бярэ свой шлях тут рэчка Шавялёўка
І праз стагоддзяў тоўшчу
мчыць у вечнасць…

Сівая мінуўшчына ў кнізе пераплятаецца з падзеямі жыцця ХІХ стагоддзя, аповед пра ваенныя гады – з жыццём калгасным, лёсамі землякоў. Задакументаваныя падзеі, архіўныя матэрыялы, мясцовыя легенды і паданні, нарысы, успаміны прасякнуты вялікай любоўю да малой радзімы, да аднавяскоўцаў – людзей працавітых і гаспадарлівых. Сапраўдны летапіс вёсак, які будзе цікавы не толькі яе землякам, але і тым, хто вывучае і даносіць подых мінуўшчыны да нашчадкаў.

Матэрыялы для свайго “дзецішча” Уладзімір Міхайлавіч збіраў 5 гадоў. За гэты час вырашаліся арганізацыйныя і фінансавыя пытанні, ішоў пошук суаўтараў і месца выдання. Працаваў над матэрыяламі з архіваў краіны, далучыў да справы такіх жа неабыякавых людзей, напісаў і сам мноства нарысаў. Для таго, каб палепшыць якасць фотаздымкаў, давялося нават звяртацца на “Беларусьфільм”. Сродкі на выданне выдаткавала мясцовая гаспадарка – калгас «Беларусь». Не ведаючы Лаўрэнава асабіста, перадаў грошы на выданне кнігі і ўраджэнец тутэйшых мясцін жыхар Санкт-Пецярбурга Дзмітрый Турко.

– Гісторыя – аснова сённяшняга дня, – гаворыць Уладзімір Міхайлавіч. Галоўная каштоўнасць сям’і – яе радавод. Ведаю свае карані да пятага калена. Цяпер трэба, каб ведалі тых, хто быў, мае ўнукі – іх у мяне трое. А яшчэ мару знайсці звесткі пра сваіх родзічаў — удзельнікаў вайны. Пакінуць “базу” для ўнукаў.

Шчаслівы бацька і дзед. Ён жартуе, смяецца, успамінаючы нейкія эпізоды з сямейнага і школьнага жыцця. З цеплынёй расказвае пра жонку, з якой вырасцілі двух сыноў і дачку. Ганарыцца тым, што ўсе трое закончылі школу з медалямі, знайшлі сваё месца ў жыцці. Лічыць самай высокай узнагародай жыцця надпіс, які зрабіў на кнізе-юбілярцы “Ёсць край такі…” Мітрапаліт Філарэт: “Настаўніку Уладзіміру з удзячнасцю за працу творчую”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА

Звяжуцца дні гадамі,
Гады ў вякі.
Нітка жыцця цэльна цягнецца ў вечнасць.
Добры след – успамін
Аб сябе пакінь
На зямлі бацькоў
І ў душы чалавечай,
Нашчадак мой – майго роду працяг.
У гэтым сэнс
Зямнога жыцця.

 

Перапечка, Н. Ёсць чалавек такі : [Пра жыццёвы і творчы шлях У. Лаўрэнава] / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – № 32. – 3 мая.- С. 8.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed