Бацечка Іосіф. Повязь з родным краем, успаміны

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>> Літаратурная Ляхавіччына >>> Бацечка Іосіф

 

Бацечка І. Сям'яВільтоўскі, В. Пашкоўскія музыкі Казюля Я. Радзіма, род, радня…

Сямя
(радкі з паэмы)

 

Заўсёды родны край здаецца новым,
Адкуль трымае шлях мая радня,
Дзе навучыла мудрасцям жыццёвым
Журкоўска-берташоўская сям’я.

У ёй не існавала крыўды, межаў,
Збіраліся суполкай сваякі.
Чужы язык не марніў слых, не рэзаў,
Жылі братэрствам Берташы й Журкі.

Душа радніла ўсіх і працавітасць,
Служэнне ёй —   карміліцы-зямлі,
А разам—шчырасць і адкрытасць,
Каб дзеці пераняць затым маглі,

Журковых аб`ядноўвала — музычнасць:
Ад дзеда да апошніх сваякоў.
А Берташы — як ліпеньскія пчолы,
На рукі ўсе выдатныя майстры.

У зімні вечар і таксама ў святы
Чакаў іх таямніча людны дом.
Бо каб прыйшлі ці хлопцы, ці дзяўчаты
Былі патрэбны талент, здольнасць, спрыт.

Ухаце панавалі песні, гульні,
Вясёлы, добры, радасны настрой.
У гэтай каларытнай атмасферы
Я саграваўся сэрцам і душой.

Накрыты стол сялянскімі дарамі,
Што нельга адвярнуць убок вачэй.
Святочна падаваліся ламанцы,
Смажэнні, вантрабянка… Што смачней?

А бацька свайму сябру Мікадому
Любіў гарэлку ў келіх наліваць.
I шахматы на столік расстўуляё,
Ды ставіць трапна раз за разам мат.

У гэтым доме ладзілі “Дажынкі”,
Жытнёвы куль на покуці з сярпом
Цярпе, роздум былі тою жылай,
3 якой цяпло струменіла кругом.

I я кранаю дрэва радавое,
Ў паклоне прыпадаючы ілбом,
Як самае ў жыцці маім святое —
Мой любы, родны берташоўскі дом…

У гэтым доме песціла нас маці,
У цеплыні і ласцы вырас я.
Да старасці з маленькага дзіцяці
Я абавязаны табе — сям’я.

I ляхавіцкі край стае раднейшым,
Я родных бачу за любым вуглом,
I слова шанавання будзе першым
Табе — журкоўска-берташоўскі дом!

Куды б ні заблукаў па родным краі,
Заўсёды памятаю цвёрда я:
Усё найдаражэйшае, што маю,
Мне падарыла родная сям’я.

ПАШКОЎСКІЯ МУЗЫКІ

 

Самабытны паэт-самародак з Ляхаўшчыны Iосiф Бацечка расказаў пра свой радавод у вершах 

 Кнiга «Звiнiць сэрца болем» незвычайная, бо яе аўтар не прафесiянальны лiтаратар, а матэматык, прытым не юнацкага ўзросту. Нарадзiўся Iосiф Бацечка ў 1943 годзе. Надзвычай таленавiты паэт-самародак, вялiкi аматар музыкi i сам музыкант.

Прачытаўшы вершы I. Бацечкi, натуральна ўзнiкла пытанне: «Адкуль такая душэўная прыгажосць, адкуль такi самабытны талент, дзе каранi гэтых цудоўных якасцей?» Адказ знайшоў, калi пазнаёмiўся з малой радзiмай Iосiфа Вiкенцьевiча. А яна, гэтая малая радзiма – вёска Пашкоўцы, цiхi куточак беларускай зямлi на Ляхаўшчыне, з глыбокiмi гiстарычнымi каранямi i выдатнымi традыцыямi, дзе жылi, працавалi i цяпер жывуць таленавiтыя, мудрыя i мужныя людзi.

Яшчэ адна адметная якасць тутэйшых людзей – музычнасць. Таму я i назваў свой нарыс «Пашкоўскiя музыкi». Бацька Iосiфа Бацечкi, блiзкая радня — амаль усе вялiкiя прыхiльнiкi музыкi, наогул, таленавiтыя людзi, адмысловыя музыканты.

Дарэчы, давялося мне пазнаёмiцца i са старэйшым братам Iосiфа Бацечкi – Вячаславам, якi працуе ў Аппараце Савета Мiнiстраў Беларусi. Такi ж, як i малодшы яго брат, таленавiты, апантаны. Пiша вершы, выдатны музыкант. Акрамя таго, па бацькоўскай лiнii братам перадалося ўменне хораша сталярыць, слясарыць.

У сям’i Бацечкаў заўсёды панавалi любоў i згода, павага i шанаванне, працавiтасць i гаспадарлiвасць. Неад’емнай часткай iх жыцця была музыка. Мо таму вершы Iосiфа Бацечкi такiя музычныя, чытаючы якiя, адчуваеш хараство роднай прыроды, душы чалавека, любоў да роднага краю. Вось такiя яны – Бацечкi!

Першую, прапануемую чытачам частку зборнiка — паэму «Сям’я» — аўтар прысвяцiў сваёй раднi па мацярынскай i бацькоўскай лiнiях. Такiм чынам, упершыню мне трапiў паэтычны радавод. Калi я пазнаёмiўся блiжэй з аўтарам гэтай самабытнай паэзii, то адчуў у яго душы вялiкую павагу да свайго непаўторнага роду. Менавiта з гэтай нагоды аўтар прыклаў адпаведныя намаганнi i здзейснiў, на мой погляд, неверагоднае, калi склаў амаль поўны радавод сваёй раднi ад прадзядоўскiх часiн да сённяшнiх дзён. Так здарылася, што з абодвух родавых бакоў аўтар з дзяцiнства знаходзiўся ў акружэннi сапраўдных самародкаў, якiмi, як бачна, багата ляхавiцкая зямля: гэта i музыкi, i майстры ў розных галiновых напрамках жыцця.

Кожны з пададзеных твораў, якiя памiж сабой маюць адпаведную лагiчную i паэтычную сувязь, развiваюць тэму сямейных узаемаадносiн. Якраз аўтар i ставiць сваёй асноўнай мэтай паказаць iх у якасцi найлепшага жыццёвага прыкладу для другiх. Ён кажа, што, на вялiкi жаль, такiх цёплых (на працягу ўсяго жыцця родзiчаў) адносiн у iхняй i ў суседнiх вёсках можна пералiчыць адзiнкамi. Аказваецца, прасцей дэкляраваць роднасць, але як не проста яе падтрымлiваць на яве па ўсiм жыццi. Якраз гэта i штурхнула аўтара пакiнуць добрую памяць пра сваiх родных i апець у сваёй трапяткой паэзii да кожнага з iх вялiкую чалавечую павагу. I скажу, гэта задумка вельмi ўдалася i з’яўляецца своечасовай у сённяшнi складаны, многапалярны жыццёвы час.

У паэме «Сям’я» аўтар дае паслядоўна (па старшынству) трапныя вобразы сваiх родзiчаў. Радня – дзяды i бабулi, бацька i мацi, дзядзькi – адораныя, працавiтыя, шчырыя, здатныя на розныя добрыя выдумкi людзi. Колiсь прапрадзеды па бацькоўскай лiнii роду, пяць братоў — Максiм, Мiхась, Вiнцусь, Пятрусь i Адась — прыйшлi з Украiны ў час голадамору. Яны далi пачатак роду Бацечкаў у суседнiх вёсках. Галоўным iх рамяством былi сталярка i бандарка, якое перадалося бадай усiм наследнiкам-мужчынам да нашага часу.

Па мацярынскай лiнii дзед i пра-дзед былi вельмi таленавiтыя музыканты-скрыпачы. Гэта ўнаследавалi амаль усе дзецi i ўнукi. Трэба адзначыць высокi прафесiйны ўзровень вясковых музыкантаў, асяродкам якiх былi родныя браты мацi Iосiфа Бацечкi. У кнiзе «Памяць»1989 года выдання на ст. 418 чытаем: «…Трое сыноў Вiнцуся Трыбухоўскага (дзеда I. Бацечкi) сталi прафесiйнымi музыкантамi. …Усе браты гралi па нотах. Асаблiва настойлiвым i ўпартым быў малодшы, дзядзька Жэня. Браты ў 1925 годзе стварылi аркестр: тры скрыпкi, кантрабас i барабан. Кiраваў iм старэйшы, дзядзька Юзiк, – музыкант, як кажуць, ад Бога. Дзядзькi часта выступалi ў панскiм маёнтку Рэйтанаў. Аднойчы аркестр быў запрошаны граць дажынкi прэзiдэнту Польшчы ў яго маёнтку пад Варшавай».

Чытаеш радкi паэмы — i перад вачыма постацi мудрых, прыгожых i працавiтых людзей, iх сядзiбы, лiпы зорна-векавыя, прыгожы дзедаў векапомны сад.

Раздзел «Прыгоды i летуценнi жыцця» – працяг вершавання таго жыцця, аб якiм спавядаецца ў паэме. А таму, на мой погляд, мае права быць аб’яднаным у складзе сямейнага радавода. Яго меладычныя, натхнёна лiрычныя строфы – гэта музыка душы патрыёта Радзiмы, якi шчыра i пяшчотна любiць свой край, сваiх землякоў, жыццё.

Верш «Забыты гармонiк» амаль аўтабiяграфiчны i напiсаны па просьбе старэйшага сына Iосiфа Вiкенцьевiча – Андрэя. У другiм вершы «Грушаўскiя танцы» аўтар апiсвае прыгажосць праходзячых у iх мясцовасцi (у дадзеным выпадку – у панскiм маёнтку Рэйтанаў) культурных мерапрыемстваў у розных жыццёвых абставiнах, адносiны да гэтага вясковай моладзi i астаўлены гэтымi падзеямi выхаваўчы след. У вершы «Я шчасце меў пашкоўскiм называцца» Бацечка пiша пра непаўторную прыгажосць яго роднага краю, з геаграфiчнай прывязкай да мясцiн з iх тутэйшымi назвамi. З глыбокiм пачуццём любовi звяртаецца аўтар да сваiх мясцiн, дзе рос, сталеў i адкуль рушыў у свядомае жыццё, у вершы «Крык душы». Асобны яго боль – аб непаўторнай прыгажосцi i таленавiтасцi раптоўна памерлай жонкi Аллы Аляксандраўны, з якой шчаслiва пражылося болей за 30 гадоў i якой аўтар прысвяцiў некалькi ўсхваляваных вершаў.

Як мне сказаў Iосiф Бацечка, вершы ён пачаў пiсаць у другой палове 70-х гадоў. Прачытаўшы напiсанае аўтарам за гэты час, шчыра парадаваўся за гэтага цудоўнага, таленавiтага чалавека. У той жа час пашкадаваў, здзiвiўся i задаў пытанне: «Чаму так доўга паэт трымаў свой талент у шуфлядзе стала?» Тут якраз i ўзнiкла iдэя, хаця са спазненнем, паправiць памылку, падрыхтаваўшы паступова да выдання зборнiк вершаў Iосiфа Бацечкi. I дапамог гэта зрабiць выдатны чалавек пiсьменнiк Валер Санько.

Не памылюся, калi скажу, у асобе Iосiфа Бацечкi Ляхавiцкi край мае таленавiтага земляка, якi сваёй паэтычнай творчасцю будзiць прыгажэйшае, паказвае сваiм асабiстым прыкладам, як трэба паважаць чалавечае i прыроднае асяроддзе, як любiць сваю Радзiму.

 

Вільтоўскі, В. Пашкоўскія музыкі   : [пра Іосіфа Бацечку і  яго кнігу вершаў “Звініць сэрца болем”] / Віталь Вільтоўскі // Рэспубліка. – 2009. – 7 мая. – С. 10.

Радзіма, род, радня…

 

Доўга не мог сесці за напісанне артыкула. У журналісцкай практыцы такая сітуацыя не рэдкасць, часцей за ўсё гэта выклікана недахопам нейкіх звестак ці тым, што тэма проста “не выспела”. Тут жа было іншае — такі абвал інфармацыі і ўражанняў, што патрэбен быў час, каб раскласці ўсё па | паліцах, асэнсаваць пачутае і ўбачанае. I, зрэшты, данесці ўсё да чытачоў з надзеяй, што тое, пра што пойдзе гаворка, кране душу і знойдзе водгук у сэрцы кожнага, хто неабыякава ставіцца да такіх паняццяў, як Радзіма, род, радня…

 

Ён — адзін з тых дзякуючы руплівай працы якіх наша газета друкуецца, каб прыйсці да вас, шаноўныя чытачы. I, безумоўна, шчыры прыхільнік “Толасу Радзімы”, бо толькі нам ён вырашыў даверыць покліч сваёй душы, калі прынёс у рэдакцыю стос шчыльна надрукаваных лістоў з лаканічным надпісам: “Іосіф Бацечка. “Сям’я” (паэма)”. Безумоўна, газета— не літаратурны часопіс, і мы немаем магчымасці надрукаваць гэты твор. Але ж, уважліва прачытаўшы яго, з’явілася жаданне бліжэй пазнаёміцца з аўтарам.

I тут патэлефанаваў сам Іосіф і прапанаваў з’ездзіць на яго малую радзіму — у веску Пашкоўцы, пгго ў Ляхавіцкім раёне.

Час на знаёмства адмерваўся кіламетрамі дарогі (а іх больш за дзвесце). Разам з Іосіфам у машыне яго старэйшы брат Вячаслаў, апрануты ў вышываную кашулю. Аказваецца, ёсць дамоўленасць, што браты (абодва музыканты, але пра гэтай пазней) дадуць невялічкі канцэрт у вясковай школе. У братоў узрушаны настрой. Па іх словах, так бывае заўсёды, калі даводзіцца наведваць Пашкоўцы.

Пад шоргат колаў слухаў я не зусім паслядоўны аповед пра вёску, бацькоў, родзічаў і аднавяскоўцаў. Разумею, што ў гэтай непаслядоўнасці жаданне як мага больш расказаць пра тое, што так блізка сэрцу, і захапіць мяне сваімі пачуццямі да таго, як мы прыедзем на месца. А я міжволі згадваў радкі з прачытанай паэмы і адчуваў, што гаворка ідзе пра ўжо знаёмых мне людзей.

Неўзабаве (за размовамі не прыкмецілі) мінулі Баранавічы, і пацягнуліся адна за адной вёскі: Тумашы, Туркі, Вялікая Лотва. Пасля Ляхавіч скончыўся асфальт, і машына запыліла па гравейцы ў бок Грушаўкі — былога маёнтка паноў Рэйтанаў, чыя ўлада распаўсюджвалася і на суседнія Пашкоўцы, да якіх было рукой падаць.

Вёска сустрэла брукаванай дарогай, зробленай талакой яшчэ ў 1937 годзе. Спыніліся каля дома, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гадыІосіфа іВячаслава. Браты прыселі на нагрэты сонцам ганак і, як здалося мне, на нейкі момант адляцелі думкамі ў далёкае мінулае. Што прыгадалі яны ў гэтыя хвіліны?Можа, маці, Валянціну Вікенцьеўну (а па-вясковаму проста Вальку), — самага светлага чалавека ў іх жыцці.

 

Ласкавыя, шкадуючыя рукі
I чорныя, як смолле, валасы…
У голасе — чаруючыя гукі
I кошык пераплеценай касы.

 

Машыну нашу ўжо заўважылі, і да яе пацягнуліся вяскоўцы, вітаючы гасцей. Па ўсім было відаць, што братоў ведаюць, памятаюць і рады іх прыезду, Бацечкі сардэчна абняліся са стрыечным братам Адасем, з павагай павіталі свайго першага настаўніка Аляксея Сцяпанавіча Бурака, мякка падакаралі былога суседа Юзіка за яго тыднёвую няголенасць і нецвярозасць…

I пакуль ішоў абмен успамінамі і гучала музыка (Іосіф не ўтрымаўся, дастаў баян), я думкамі вярнуўся да дарожнай размовы і паэмы. Было жаданне зразумець, якія жыццёвыя ўражанні сталі нагодай для напісання грунтоўнага (на шэсцьдзесят аркушаў!) паэтычнага радавода.

Ніхто сёння не можа дакладна адказаць, калі на ляхавіцкай зямлі з’явіліся Бацечкі. Можа, сапраўды, як даносіць сямейная легенда, прыйшлі калісьці з-пад Кіева чатыры дужыя, працавітыя браты Бацечкі (па-ўкраінску Батэчкі) і пасяліліся ў Пашкоўцах, Рачканах, Гарбоўцах, Ляхавічах. Ці гэта былі прыгонныя паноў Рэйтанаў, якія, багацеючы, набывалі работнікаў і сялілі іх па сваіх землях — хто ведае? Як ніхто не ведае таксама, чаму Бацечкаў у вёсцы называлі Берташамі (ціяшчэ Шамбалянамі). Што гэта — мянушка ці нейкія глыбінныя (і таму невядомыя) карані Бацечкаў? Адно бясспрэчна: і сёння пашкоўскія Берташы — сімвал грунтоўнасці, прыстойнасці і працавітасці, а асаблівы талент, які быў (і застаецца) адметнай рысай бацькоўскай лініі Іосіфа Бацечкі, пачынаючы з дзеда.

 

I руплівы, завіхасты
Дзед —- галоўны гаспадар.
Рабіў хаты вельмі часта,
Быў вядомы як сталяр…
Збан, гаршчок выкручваў
з гліны,
Меў такарніцкі станок…
Гэта толькі палавіна,
Што дзядуля, зрэшты, мог.

 

Матчыну лінію памяць Іосіфа трымае з дзеда Вінцуся і бабы Рузі. Чытаючы паэтычны радавод, перабіраючы ў памяці нашы размовы, бяруся сцвярджаць, што матчына радня пакінула самы яркі след у жыцці Іосіфа і Вячаслава. Тут таксама панавала працавітасць (як без яе пражыць).

Але ж гэта жыццёвая неабходнасць існавала на фоне выключнай музыкальнасці ўсяго роду Трыбухоўскіх, ці па-вясковаму Журкоў (зноў загадка — адкуль і чаму?).

 

А дзед ужо з якога пакалення
Цягнуў ад Бога найвыдатны дар:
Яму хапала
Боскага цярпення
На скрыпцы йграць каторы
год запар.

 

Музычны талент дзеда Вінцуся перадаўся і яго сынам: Юзіку, Паўліку і Жэню. Увогуле яны вызначаліся адукаванасцю, інтэлігентнасцю, мелі неблагую бібліятэку, якой карысталіся многія аднавяскоўцы.

У 1925 годзе браты арганізавалі аркестр, кіраўніком і першай скрыпкай якога быў Юзік.

 

Вяселлі йгралі, танцы,
вечарыны,
Дажынкі, песні, провады салдат.
Ці мала ў жыцці якой
прычыны,
Калі іграць усё трэба
падрад.

 

У хуткім часе слава пашкоўскіх музыкаў абляцела не толькі наваколле, яна дасягнула Варшавы. Аднойчы яны нават былі запрошаны іграць на дажынках у маёнтку прэзідэнта Пілсудскага. А скрыпач-віртуоз Жэня Трыбухоўскі (браты перайначылі бацькава прозвішча на польскі манер) неаднойчы выступаў па Варшаўскаму радыё.

Сястра братоў-музыкаў (і маці Іосіфа Бацечкі) Валянціна не толькі выхоўвала дзяцей, а была адным з арганізатараў вясковага тэатра. У “тэатральную залу” — звычайнае гумно — было не праціснуцца, калі там паказвалі купалаўскую “Паўлінку”. I не мела значэння, што ролі выконвалі добра знаёмыя аднавяскоўцы: Валя Трыбухоўская, Вінак Бацечка (бацька Іосіфа), Юзік Казакевіч, Стэфан Сіцько, Ганна Вінель (найлепшая Паўлінка і бліжэйшая сяброўка маці Іосіфа).

Святло таленту дзядзькаў не абмінула Іосіфа і Вячаслава. 3 зайдрасцю глядзеў Іосіф на гармонік, які набылі для Вячаслава. I чакаў моманту: як толькі брат — у школу, Іосіф — у шафу па гармонік. Ніхто яго не вучыў, але ўжо ў шэсць гадоў ён іграў на хрэсьбінах у настаўніка.

У сваіх успамінах пра дзядзькаў Іосіф расказаў пра “шалёную памяць” Паўліка, які ведаў шматлікія вершы, па памяці цытаваў Льва Талстога. Відаць, гэта здольнасць перадалася і Іосіфу. Ён паспяхова скончыў матэматычны факультэт, напісаў шэраг навуковых прац і з захапленнем займаўся ігрой на баяне. Яго памяць і сёння дазваляе запамінаць ноты самых складаных твораў з першага позірку.

Напалову апусцелі Пашкоўцы: хто адышоў у вечнасць, каго лес раскідаў па свеце. Даўно няма пашкоўскіх музыкаў. I ўсё больш у вёсцы незнаёмых, прышлых людзей. Менавіта на пустой вясковай вуліцы ў поўнай меры ацаніў я галоўны сэнс напісанай Іосіфам паэмы: жаданне захаваць для нашчадкаў памяць пра тых, хто рабіў славу ляхавіцкай зямлі, нараўне з кінарэжысёрам Міхаілам Пташуком, мастаком Сымонам Свістуновічам, спеваком Мікалаем Пігулеўскім. Пакінулі тут свой след Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч, Эліза Ажэшка правяла свае апошнія гады ў маёнтку Фляр’янава…

I яшчз адно. Паэтычны радавод Іосіфа Бацечкі — прыклад таго, як трзба шанаваць сваіх продкаў і сваю малую радзіму. Няхай кожны адгукнецца на словы Іосіфа Бацечкі, сказаныя ў адным з вершаў:

 

Забыцца не павінны мы ніколі
Пра род і край, дзе карані ляжаць…

 

А канцэрт у мясцовайшколе адбыўся. Па- заліхвацку іграў на гармоніку народныя мелодыі Вячаслаў БАЦЕЧКА (гарманіст фальклорнага гурта “Мінскія музыкі”), чытаў свае вершы і віртуозна выконваў на баяне складаныя творы Іосіф. Было гэта нібы вяртаннем пашкоўскіх музыкаў. А душу вярэдзіла пытанне: “А дзе ж тыя адзінаццаць скрыпак, што калісьці спявалі з краю ў край вёскі?” Відаць, таго, што было, ужо не вярнуць. I дзякуй Богу, што яшчэ не перавяліся такія людзі, як Іосіф і Вячаслаў Бацечкі.

Яўген Казюля

Казюля, Я. Радзіма, род, радня… : [пра Іосіфа Бацечку, пісьменніка з Ляхавіцкага раёна в. Пашкоўцы] / Я. Казюля // Голас Радзімы. – 2005. – 27 студзеня. – № 3 – 4. – С. 14 – 15.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed