Вёскі Ляхавіцкага раёна. Валасачы

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна

 

Валасачы

 

Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць.Кропка на карцеТапаніміка

ВАЛАСАЧЫ — вёска ў Жарабковіцкім с/с, за 10 км на ПнУ ад Ляхавіч, 6 км ад чыг. ст. Падлессе на лініі Баранавічы— Асіповічы. 23 гаспадаркі, 49 жыхароў (2005).

У 1728 г. Валасачы — вёска маёнтка Сваятычы ў Навагрудскім ваяв., уладан­не Вольскіх і Дашкевічаў, 4 гаспадаркі, карчма з броварам. У 1776 г. вёска таго ж маёнтка, 12 гаспадарак, карчма. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1846 г. 14 двароў 143 жыхары, уладанне графіні С.М.Чапскай. У 1867 г. ўласнасць Чапскіх. У1897 г. вёска Дараўскай вол., 22 двары, 162 жыхары. У 1909 г. тут 31 двор, 239 жыхароў 3 1921 г. ў складзе Полышчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 37 двароў, 197 жыхароў. 3 1939 г. ў БССР, з 15.1. 1940 г. ў Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. 3 12.10.1940 г. ў Сваятыцкім с/с. 3 8.1.1954 г. ў Брэсцкай вобл. 3 16.7.1954 г. ў Навасёлкаўскім, цяпер у Жарабковіцкім с/с. У 1940 г. 48 двароў, 236 жыха- роу У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захоп- нікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Чапаева, з 1952 г. вёска ў скла­дзе калгаса «Савецкая Беларусь». У 1959 г. было 166, у 1970 г. 140 жыхароў. У  2002 г. 25 двароў, 47 жыхароў у скла­дзе калгаса «Беларусь» (цэнтр — в. Жарабковічы).

Валасачы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 259.

Дарога вясковага жыцця. Сёння ў Валасачах Ляхавіцкага раёна жывуць 13 чалавек. Плюс яшчэ рэдкія дачнікі

Малая радзіма. Вёска. Мілы сэрцу куток зямлі. Ён, як і чалавек, пражывае сваё ўласнае жыццё. У ім цесна пераплятаюцца лёсы і шляхі-дарогі тутэйшых вяскоўцаў, тых, хто пусціў тут свае карані, і тых, хто вылецеў з роднага гнязда.  Сёння ў Валасачах жывуць 13 чалавек. Плюс яшчэ рэдкія дачнікі.

Раней было шматлюдна і весела ў нашых Валасачах, – успамінае 68-гадовы Уладзімір Станчык. – У пачатковай школе, у якую бегаў хлапчуком, у класах вучыліся па 10-15 чалавек. У пятыя-сёмыя класы хадзілі ў Дамашоўскую школу, сярэднюю – у Сваятычы. І хоць гады былі цяжкія, нават за хлебам часта даводзілася ісці ў Баранавічы, але хацелася вучыцца, жыць, дасягаць мэты, што і рабілі.

Уладзімір Станчык – музыкант-самавучка. Навучыўся ігры на баяне ў свайго швагра, потым разам з ім і на вяселлях ігралі, і адпраўлялі хлопцаў у войска. Валоданне інструментам і падчас вучобы, наогул, у жыцці – заўсёды дапамагала быць у цэнтры ўвагі.

Разам з жонкай Ядвігай выхавалі трох сыноў, а тыя падарылі ім цудоўных унукаў: двух хлопчыкаў і трох дзяўчынак. 45 гадоў сумеснага жыцця сям’і Станчыкаў непарыўна звязаны з сельскай гаспадаркай. Да працы прывучалі і дзяцей, выхоўвалі любоў да зямлі-карміцелькі. Шчыравалі, трымалі немалую гаспадарку. Яшчэ гады 2 назад апрацоўвалі гектар зямлі. Сям’я жыве ў будынку колішняй школы, які набылі яшчэ ў 80-я гады. Уладзімір Канстанцінавіч паказвае, дзе раней была настаўніцкая і дзе ў класе стаяла яго парта…

Каля дома Марыі Захарэц чырвонымі гронкамі зіхаціць рабінка – ласунак для птушак. Гаспадыня рупліва ачышчае дарожкі, замеценыя снегам. Амаль 69 гадоў яе жыцця звязаны з Валасачамі. Жанчына з хваляваннем прыгадвае ўспаміны маці пра пасляваенныя пакуты. Хату спалілі немцы, і пакуль не вярнуўся з вайны муж, ёй з маленькім сынам давялося жыць па суседзях.

– Бацьку як інваліду было выдзелена 10 кубаметраў лесу, але атрымалі толькі палову. Пачалі будаўніцтва свайго дома, – успамінае Марыя Іосіфаўна. – На жаль, бацьку не давялося пажыць у новай хаце. Заканчвалі будаўніцтва ўжо без яго… Віравала жыццё ў вёсцы, наладжвалася. Многа моладзі было, дзяцей. Для працы ў хаце-чытальні (у той час вельмі папулярнай у вёсцы) накіроўвалі дзяўчат. Бывала, тут яны сустракалі свой лёс. Расла вёска. Танцы ладзілі па хатах. Зараз цяжка і ўявіць, што хтосьці пусціў бы да сябе натоўп юнакоў і дзяўчат! А тады… Падлогу ніхто не фарбаваў. Па чарзе прымалі аматараў патанчыць пад баян ці пад скрыпку мясцовых музыкантаў Рыгора Еўшаля і Уладзіміра Станчыка.

Марыя Іосіфаўна не толькі цікавы суразмоўца, але і знатная каравайшчыца. Колькі кулінарных шэдэўраў выпекла майстрыха! А справа гэта вельмі адказная. Вясельны каравай заўсёды лічыўся сімвалам дабрабыту, шчасця і ўдачы. Іменна па яго смаку і выглядзе вызначалася далейшае жыццё маладых. Сакрэт добрага каравая, як і поспеху любой справы, па словах Марыі Захарэц, просты: усё рабіць з душою, з любоўю і дабрынёй.

Больш за 20 гадоў працавала яна ў падлескай пякарні. За змену выпякалі каля 2 тон хлеба, плюс батоны і булачкі.

– Хлеб тады каштаваў нядорага – 18 капеек, – расказвае Марыя Іосіфаўна. І хоць на работу пешшу хадзіць было 6 кіламетраў, для тады 18-гадовай Марыйкі не былі яны адлегласцю. А як жа – у Падлессі кіно круцілі, зноў жа танцы, канцэрты. Хто ж думаў, што з густанаселенай вёскі калісьці толькі ў 9 дамах па вечарах будзе гарэць святло…

Снег мяккім покрывам ахутаў Валасачы. Нібы пастараўся прыкрыць адзіноцтва тых дамоў, што даўно глядзяць на дарогу забітымі вокнамі.

У кухні Марыі Смычкоўскай прыгожа развешаны пляцёнкі з цыбуляй. Жанчына з гонарам апавядае, што гэта справа рук дзяцей – сына і дачкі, якія ва ўсім дапамагаюць. Нягледзячы на 85-гадовы ўзрост, завіхаецца па гаспадарцы – трымае качак і вельмі любіць гатаваць стравы па рэцэптах часопіса “Кухня”. У яе з задавальненнем гасцююць унукі. Іх у Марыі Віктараўны чацвёра, а яшчэ дзве праўнучкі.

Стала сваёй у Валасачах Антаніна Смычкоўская. Нарадзілася ва Украіне, 12 гадоў жыла на Поўначы і паўстагоддзя ўжо – у вёсцы. Шмат гадоў працавала медсястрой. Медыцынскую дынастыю прадоўжыла дачка Надзея – да пенсіі працавала лабарантам-фельчарам у шпіталі.

Двор Антаніны Смычкоўскай добраўпарадкаваны. Летам клумба патанае ў кветках. Нават невялікая ёлачка каля плота прымасцілася. Бабуля робіць разнастайныя нарыхтоўкі для сваіх сямі ўнукаў і пяці праўнукаў. Рэцэптам адной з іх падзялілася з чытачамі раёнкі. Спатрэбіцца паўлітра яблычнага соку і столькі ж вады, 200 грам мёду, грам 30 солі. Мёд і соль растварыць у вадзе, змяшаць з яблычным сокам і закіпяціць. У слоік пакласці зяленіва, часнок. Першы раз памідоры абдаць кіпнем, другі – заліць атрыманым растворам і закатаць.

– Бабуля, пачастуй тымі смачнымі памідорамі! – просяць унукі Антаніну Філімонаўну.

Дарога жыцця Ніны Станчык не была роўнай і лёгкай – адна гадавала дачку і сына. Працавала і паштальёнам, і паляводам, і даяркай. І зараз трымае гаспадарку, не сядзіць без справы. Галоўным сваім шчасцем лічыць дзяцей і ўнукаў, фотаздымкі якіх беражліва захоўвае, час ад часу любуецца. “Маё багацце”, – гаворыць пра іх.

На ўскрайку вёскі стаіць акуратны домік. Калісьці тут са сваёй сям’ёй жыў вельмі добразычлівы, выхаваны, уважлівы і спакойны хлопец Уладзімір Малахвей. На жаль, лёсам не наканавана было яму стаць выдатным аграномам, пражыць доўгае жыццё. Дзевятнаццацігадовы Уладзімір загінуў у далёкім Афганістане, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак…

Колькі людзей, столькі лёсаў. Пра кожнага можна расказваць доўга і цікава. Шчырыя і працавітыя, добразычлівыя і адкрытыя жыхары маленькай вёсачкі. Няхай да кожнага дома заўсёды вядзе пратаптаная сцяжынка, каб  вёска з назвай Валасачы ніколі не знікла з карты Ляхавіччыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н. Дарога вясковага жыцця / Наталля Перапечка // Ляхвіцкі веснік. – 2015. – 14 лютага. – С. 4

Валасачы. Жыў даўным-даўно чалавек, якому па службе прыходзілася аб’ездзіць не адну вёску, не адно мястэчка. Колькі за гэты час ён усяго пабачыў, пачуў: і добрага, і дрэннага, і сур’ёзнага, і жартоўнага. А колькі людзей ўсялякіх сустракаў – цяжка палічыць. Што ні вёска, то штосьці сваё тут. Кінулася яму ў вочы такая прыкмета – паўсюдна мужыкі мелі валасы коратка падстрыжаныя, а тут дык наадварот – доўгія, па самыя плечукі. Ці такая завядзёнка, ці не было свайго чалавека, які мог акуратна пастрыгчы, ці былі настолькі занятыя, альбо ленаваліся? Адным словам, ‘‘валасачы”. Так і перадалася вёсцы гэта назва.

Ёсць край такі…: гістарычна-літаратурная хроніка/ У.М. Лаўрэнаў і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed