Вёскі Ляхавіцкага раёна. Гаслаўшчына

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна

 

Гаслаўшчына 

 

Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць.Сядзібна-паркавыя ансамбліТапаніміка

ГАСЛАЎШЧЫНА — вёска ў Начаўскім с/с, за 6 км на ПдУ ад Ляхавіч, 1 км ад чыг. ст. Райтанаў на лініі Баранавічы— Лунінец. 40 гаспадарак, 88 жыхароў (2005).

Вядома з 16 ст. як маёнтак Скубятоўшчына Ляхавіцкай вол., у Навагрудскім ваяв. Да 1567 г. маёнтак, асабістая ўласнасць вял. кн. літ. і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста, падараваны за службу ляхавіцкаму зямяніну-васалу Гаслаўскаму. У 1567 г. С. Гаслаўскі (паходжанне сучаснай назвы вёскі, відаць, звязана з гэтым прозвішчам) атрымаў пацвярджэнне на маёмасць. У 1586 г. ма­ёнтак, у якім меліся панская сядзіба (“двор”) з рознямі жыллёвымі і гасп. пабудовамі, фальварак, купіў Ф.М. Еўлашоўскі, навагрудскі і пінскі мастаўнічы, аўтар першых мемуараў на бел. мове. Пазней Гаслаўшчына належала Рэйтанам, з 1-й пал. 19 ст. — Чарноцкім. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. ў Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1888 г. ўладанне А.Кабылінскага. У 1897 г. Гаслаўшчына — маёнтак, 15 жыхароў; 2 чыг. будкі (№ 50 і 51) Палескіх чыгунак, 7 і 9 жыхароў. У 1909 г. вёска Ляхавіцкай вол., 22 двары, 240 жыхароў. 3 1921 г. ў складзе Полышчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 32 двары, 157 жыхароў. 3 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Ляхавіцкім p-не Барана- віцкай вобл. 3 12.10.1940 г. ў Ляхавіцкім с/с. 3 8.1.1954 г. ў Брэсцкай вобл. 3 17.11.1959 г. ў Рачканскім с/с, які 4.6. 1979 г. перайменаваны ў Начаўскі. У 1940 г. ў Гаслаўшчыне 213 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас імя Хрушчова, які ў студз. 1958 г. перайме­наваны ў калгас «Росквіт», а ў 1959 г. ўвайшоў у склад саўгаса «Нача». У 1959 г. было 210, у 1970 г. 203 жыхары. У 2002 г. 33 двары, 82 жыхары, у складзе калгаса «Ляхавічы» (цэнтр — в. Русінавічы).

Гаслаўшчына // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 263.

Гаслаўшчына  адзін з колішніх фальваркаў роду Чарноцкіх. Да 1567 г. меў назву Скубятоўшчына і належаў каралю Жыгімонту II Аўгусту, які пажалаваў маёнтак ляхавіцкаму зямяніну С.Гаслоўскаму.

Гаслаўшчына. Утварылася на месцы маёнтка Скубятоўшчына, пажалаванага ў 1567 годзе Жыгімонтам Аўгустам свайму ляхавіцкаму васалу Гаслаўскаму. Адсюль і назва вёскі.

Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік / укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.

ГАСЛАЎШЧЫНА

Гістарычныя дакументы сведчаць аб тым, што да 1567 года вёска мела назву Скубятоўшчына і з’яўлялася асабістай уласцівасцю Жыгімонта Аўгуста. А з 1586 года Скубятоўшчына была прададзена С. Гаслаўскім Ф.М. Еўлашоўскаму.

Скубятоўшчыну бацька Гаслаўскага выслужыў. У час продажу маёнтка ў ім была панская сядзіба (“двор”) з рознымі жыллёвымі і гаспадарчымі пабудовамі, фальварак.

На паўночным захадзе маёнтак межаваў з вёскай Каменка Ляхавіцкай воласці, на паўночным усходзе і ўсходзе – з в. Пашкевічы і Рачканы, з поўдня – з маёнткам Паўлюкоўшчына, з захаду і паўднёвага захаду – з в. Русінавічы.

У паўднёвай часцы маёнтка працякала р. Сідорка. Усё гэта дазваляе ідэнтыфікаваць Скубятоўшчыну з сучаснай вёскай Гаслаўшчына. Такім чынам, Гаслаўшчына атрымала сваю назву ад прозвішча ўладальнікаў у 16-м стагоддзі і захавала сваю назву да сённяшняга часу.

Маёнтак Скубятоўшчына з поўначы на поўдзень цягнуўся каля 5 км, а з захаду на ўсход – каля 2 км. Як сведчаць дакументы, большую частку гэтай тэрыторыі займалі лясы.

А наконт таго, чаму вёска мела назву Скубятоўшчына існуе адна версія. Назва пайшла ад першага чалавека з прозвішчам Скубяціч, які пасяліўся там.

Звесткі бібліятэкара

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed