Вёскі Ляхавіцкага раёна. Бярозкі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна

 

Бярозкі

 

Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць.Звесткі ад бібліятэкараКропка на карце

БЯРОЗКІ — вёска ў Востраўскім с/с, на р. Мышанка, за 23 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Івацэвічы—Слуцк. 8 гаспадарак, 11 жыхароў (2005).

У 1870 г. Бярозкі — вёска ў Востраўскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., 17 рэвізскіх душ былых дзярж. ся­лян. У 1897 г.ў вёсцы 14 двароў 100 жыхароў. У 1909 г. 17 двароў, 108 жыхароў. 3 1921 г. ў складзе Полышчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 12 двароў, 70 жыхароў (1921). 3 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г. ў Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. 3 12.10.1940 г. ў Востраўскім с/с. 3 8.1. 1954 г. ў Брэсцкай вобл. У 1940 г. вёска, 42 двары, 93 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. было 73, у 1970 г. 60 жыхароў. У 2002 г. 9 двароў, 13 жыхароў у складзе калгаса «Востраў» (цэнтр — в. Востраў).

Бярозкі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 258 — 259.

БЯРОЗКІ

У шасці кіламетрах ад вёскі Востраў размешчана невялічкая вёсачка Бярозкі. Версія назвы, што пры Кацярыне ІІ строілася дарога з Масквы ў Варшаву, і каб маглі салдаты спыніцца і адпачыць, пастроілі 3 хаты у выглядзе казармаў. А пастроілі іх у бярозавым гаі, дзе было светла і добра, а вясною можна было нагатаваць бярозавага соку. І назву гэтаму паселішчу далі Бярозкі. А яшчэ ходзіць легенда, звязаная таксама з Кацярынай ІІ, што калі яна ехала ў Варшаву, ёй захацелася адпачыць і паабедаць, то салдаты шапкамі нанасілі зямлі і атрымаўся невялікі курган, дзе яна і адпачывала. Гэтае ўрочышча мае назву “Завіньскай горкі”, ці па другому “Кацярынінай горкі”. Урочышча знаходзіцца непадалёк ад Бярозак і Вострава.

Першыя звесткі ў дакументах аб вёсцы датуюцца 1870 годам. У іх Бярозкі згадваюцца, як вёска Востраўскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерніі. Засяліліся ў вёску жыхары пераважна з Волькі.

Вяскоўцы прымалі ўдзел у войнах, якія адбываліся ў Расійскай імперыі. Жыхар вёскі Шаркоўскі, які служыў у марфлоце, прымаў удзел у руска-японскай вайне. Яго нашчадкаў пасля называлі маракамі. У Першую сусветную вайну жыхары таксама ваявалі на фронце.

Пасля рэвалюцыі з 1921 года вёска знаходзілася ў складзе Польшчы, у Востраўскай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства, 12 двароў, 70 жыхароў. У 1940 годзе вёска ўвайшла ў Ляхавіцкі раён.

Прымалі ўдзел жыхары вёскі і ў Другой сусветнай вайне. Чацвёра не вярнуліся дадому. У вайну дзве хаты згарэлі. Жыхары Столяры адстроілі новую хату, а з другой згарэўшай хаты людзі пасля вайны з’ехалі ў Польшчу.

У вёсцы жыў адзін заможны сялянін Карповіч, у яго было 5 кароў, 3 быка, 2 коней, а таксама дзве дачкі і сын. Ён памёр, а сям’ю хацелі раскулачыць, але дзеці выехалі ў Польшчу і туды ўцякла таксама яго жонка. Іхняе поле людзьмі дагэтуль называецца “Карпавячызна”.

Радам з вёскай знаходзіцца ўрочышча “Жвіроўня”, ці па другому “Капельня”. Людзі расказваюць, што з гэтага ўрочышча жвір бралі і пры палчках, а немцы вывозілі жвір паяздамі па вузкакалейцы.

Вузкакалейка была пабудавана яшчэ ў канцы 19-га стагоддзя пры цары амерыканцам Цырынскім. Ён вывозіў лес у Амерыку па Балтыйскім моры. Вузкакалейка пачыналася ў Крывошыне, адкуль загружалі лес, а ў Востраве была чыгуначная станцыя, затым праз Бярозкі-Завінне-Лукі-Баранавічы. Насып гэтая ёсць і цяпер. Жыхары навакольных вёсак ездзілі ў Баранавічы па вузкакалейцы і пасля вайны.

Жыхар вёскі Юрчык Яўген Іванавіч помніць, што на Вольцы было аж 3 ваганеткі, якімі карысталіся і жыхары Бярозак. Простымі палкамі папіхвалі, разгоняцца і коцяцца, а калі насустрач ішоў поязд, здымалі ваганетку, прапускалі поязд і ехалі далей. Вузкакалейку ліквідавалі ў 50-ых гадах. Затым у Баранавічы дабіраліся грузавымі машынамі, а ў 1970-х гадах пабудавалі дарогу і пусцілі аўтобус.

Каля вёскі ёсць яшчэ адно ўрочышча “Пасека”. На ім вяскоўцы пасвілі скот. Цяпер у вёсачцы пражывае 8 жыхароў, усе пенсіянеры.

З назвай бярозавай. Кропка на карце: Бярэзкі Ляхавіцкага раёна

Неба паступова змяняе афарбоўку, быццам мастак на палітры спрабуе колеры: з цёмнага пераходзіць у светлы, чырвоны, праяўляецца блакіт. У Бярэзках – вёсцы Востраўскага сельсавета – світальны малюнак разбаўляюць гукі машын і дарожная мітусня. Цёзка гонару і сімвалу славян – бярозы, яна прапісалася на шашы Р-43 у брэсцкім напрамку. Быццам спынілася адпачыць ля лесу і затрымалася тут назаўсёды.

Тутэйшыя

Адзін са старажылаў – 86-гадовы Аркадзій Юрчык. На вуліцы падмарожвае, а ў доме цёпла і ўтульна.

Гаспадар на ложку перабірае таблеткі і скардзіцца на хваробы. Але трымаецца, яшчэ і жонку Марыю падбадзёрвае, з якой у шлюбе 63 гады. У Бярэзках нарадзіліся, выраслі, ажаніліся і дзяцей выгадавалі.

Раніца пажылых вяскоўцаў пачынаецца са звычайных клопатаў: прынесці вады з калодзежа, распаліць печ. Дровы акуратнай горкай складзены ў летняй кухні – пастараліся родныя. Марыя Аляксандраўна падносіць паленцы, выбірае смаленчыкі, а Аркадзій Іванавіч умошчвае ўсё ў топку.

– Не давярае мне распальваць печ, кажа, няправільна пакладзеш, –
гаворыць Марыя Юрчык і працягвае: – Калі агонь добра разгарыцца, тады і чыгунок можна ставіць з супам ці кашай. Народная мульціварка.
У марозны дзень пасля абеду надыходзіць час паліць печ-слупок. Каб у хаце было цёпла, расходуюць за зіму дзве машыны дроў. Купіць іх  не праблема, а пасекчы, скласці дапамагаюць дочкі і ўнукі.

Зімой без садова-агародных спраў дзень цягнецца доўга. Чакаюць аўталаўку, якая два разы на тыдзень прыязджае пад самыя вокны. Маюць уласную лазню, яе Аркадзій Іванавіч некалі будаваў сам, у памочніках шчыравала і жонка. Любімы занятак – чытаць газеты і слухаць радыё.

– Дзед яго ад вуха не адносіць. Цікавіцца палітыкай, надвор’ем, –расказвае Марыя Аляксандраўна.

Не пакідаюць без увагі жыхароў Бярэзак сельвыканкам, медыкі. Гавораць, што загадчыца Востраўскага ФАПа Таццяна Аніскевіч спяшаецца да іх па першым выкліку.

– У тэрмін паштальён прыносіць пенсію, дапамагаюць родныя. На дзень тэлефануюць па некалькі разоў. Усё маем, акрамя здароўя, – уздыхаюць Юрчыкі.

Наша бабуля Алена

Суседка Марыі і Аркадзія Юрчыкаў Алена Юрчык (некалі ў вёсцы гэта прозвішча было ці не самым распаўсюджаным) старэйшая за іх –  дзевяноста гадоў мінула, ходзіць, абапіраецца на кіёк. Добра, што побач унук з жонкай жывуць. Яны і печ напаляць, і есці прынясуць, пажадаюць добрай раніцы.

– Наша бабуля не можа без справы. Стараецца што-небудзь зрабіць у доме і каля яго. Заўсёды рада гасцям, – расказвае жонка ўнука Наталля Плаўская.

Наталля з мужам Дзмітрыем у Бярэзках жывуць у доме яго бацькоў. Трымаюць птушыную гаспадарку.

– Мясціны ў нас прыгожыя, ягадна-грыбныя. Калі не ленавацца, можна запас зрабіць на ўсю зіму. «У госці» пад агарод казулі, козы, лосі заходзяць. Непадалёк цячэ Мышанка, – расказвае Наталля Міхайлаўна.

Пакуль яна завіхаецца па гаспадарцы, Дзмітрый працуе ў індывіду-альнага прадпрымальніка. У Бярэзках ім не сумна – за справамі дзень не ідзе – імчыць.

Правіла  аднаго цвіка

Назваць Мікалая Майдановіча пенсіянерам не павернецца язык. Падцягнуты, энергічны і бадзёры – сапраўдны палкоўнік, авіяцыйны інжынер. Ён мог бы, мяркую, праводзіць майстар-класы па пазітыўным успрыманні жыцця і пошуку свайго я. Расказвае пра вынаходніцтвы, праекты і планы. Напачатку 90-ых кадравы ваенны выйшаў у адстаўку і змяніў сталічную прапіску на Бярэзкі. На месцы пусткі пабудаваў дом і заняўся распрацоўкай-зборкай такарных, свідравальных, шліфавальных і іншых станкоў – розных па прызначэнні і тэхналогіі. На бацькавых станках сын Ігар стварае эксклюзіўную мэблю. Мікалай Іванавіч паказвае сваю майстэрню: вось прыстасаванне для таго, каб секчы дровы, а вось гэта труба стане печкай…
Заняты будаўніцтвам цяпліцы з дажджавым палівам і градкамі з абагрэвам. Творчы, жыццелюбівы, добразычлівы, уласным прыкладам пацвярджае, што і на пенсіі жыццё не ў шэрых танах. Уразіла яго жыццёвая філасофія – правіла аднаго цвіка. Калі за дзень забіў у сцену хоць адзін цвік (зрабіў карысную справу) – час не змарнаваў. А за год такіх цвічкоў збярэцца нямала –  365…

На сваю малую радзіму ў бацькоў-скі дом гады тры назад у статусе дачнікаў вярнулася з Гомельскай вобласці і Раіса Казлова з мужам Алегам. Іх дом пад першым нумарам пачынае вёску і стаіць на вуліцы Брэсцкай. У двары калодзежны журавель. Яшчэ бацькі Раісы ваду ім чэрпалі. І вада, падкрэслівае, Раіса Анатольеўна, чыстая і смачная.

Гісторыя  далёкая і блізкая

– Марыінскія, Гірэйча, Пазняк, Павэлак, Марак, Каласоўскі, Магдалена, Міхась, Юлік, Серафіна, Васіль, Стэфан, Заеўская, – Марыя Юрчык пералічвае вясковыя мянушкі і прозвішчы колішніх сяброў-суседзяў. Бярэзкі ніколі не маглі пахваліцца вялікай колькасцю двароў. Не больш за 14 было, але ў кожнай хаце душ па пяць-шэсць.

Прозвішчы жыхароў вёскі Георгія Арцёма, Аляксандра Гірэя, Васіля і Рыгора Марозаў з калгаса «Шлях да камунізму» ўвайшлі ў кнігу «Памяць. Ляхавіцкі раён» – землякі, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
…Сонца закацілася за лес, адправілася на начоўку, каб заўтра зноў пачаць новы дзень – не адзінокі, а напоўнены падзеямі і спадзяваннямі на хуткую вясну, на працяг.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

 

Перапечка, Н. З назвай бярозавай. Кропка на карце: Бярэзкі Ляхавіцкага раёна / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 19 снежня. – С. 4.

Comments are closed