Вёскі Ляхавіцкага раёна. Бажкі

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна

 

Бажкі

 

Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць.Кропка на карце

БАЖКІ — вёска ў Навасёлкаўскім с/с, за 6 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 2,5 км ад чыг. прыпынку Кавалі на лініі Баранавічы—Асіповічы. 30 гаспадарак, 60 жыхароў (2005).

У 1897 г. Бажкі — вёска ў Дараўскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., 16 двароў, 128 жыхароў. У 1909 г. ў вёсцы 25 двароў, 185 жыхароў. 3 1921 г. ў складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; 30 двароў 172 жыхары. 3 1939 г. ў БССР, з 15.1. 1940 г. ў Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. 3 12.10.1940 г. ў Навасёлкаўскім с/с. 3 8.1.1954 г. ў Брэсцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў кал­гас імя Ламаносава. У 1959 г. было 195, у 1970 г. 147 жыхароў. У 2002 г. 32 двары, 61 жыхар, у складзе калгаса імя Ламаносава (цэнтр – в. Флер’янава). Вёска – радзіма Героя Сацыяліст. Працы В.К. Мацюшкі.

Бажкі// Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 258.

Вёска герояў. Кропка на карце: Бажкі

Адсюль пайшлі змагацца з фашыстамі дзясяткі вяскоўцаў. Не кожнаму пашчасціла вярнуцца дадому. А яшчэ тут запаліла сваю асабістую Зорку Героя Працы славутая Вольга Мацюшка, памяць пра якую шануюць нашчадкі.

Завулкі Пясчаны і Зялёны, вуліца Кірава – вось і ўся  невялікая вёска Бажкі.Цяпер тут зарэгістравана паўсотні жыхароў, хаця на справе іх значна менш: састарэлых  бацькоў на зіму забіраюць да сябе дзеці.  Зусім іншая справа летам: вяртаюцца ў родны дом старажылы,  на канікулы і ў водпуск прыязджаюць дзеці, унукі, пачынаецца чарговы сезон для дачнікаў, якія даўно аблюбавалі тутэйшыя мясціны з урадлівымі землямі і зручным  геаграфічным становішчам (побач Ляхавічы, Баранавічы).  Вось тады Бажкі нібы маладзеюць і ўсё больш нагадваюць вёску, якой яна была паўстагоддзя назад.

–Як жа ў нас весела было! Колькі хлопцаў, дзяўчат! На танцы бегалі ў суседняе Флер’янова, – успамінае васьмідзесяцігадовая Вольга Равінская.

Вольга Андрэеўна больш за 40 гадоў працавала касірам, бухгалтарам  у калгасе імя Ламаносава.   Нягледзячы на шаноўны ўзрост і праблемы са здароўем,  гаспадыня падтрымлівае  ідэальны парадак і на прысядзібным участку, і ў доме.  Хаця, прызнаецца, сама наўрад ці справілася  б без дапамогі клапатлівых і душэўных сацыяльных работнікаў Наталлі і Мікалая Лашукоў. Ды і зяць з Баранавічаў прыязджае амаль праз дзень: па гаспадарцы тое-сёе зробіць, прадуктаў прывязе.

Цяжка не звярнуць увагу на дом па суседстве – ён у Бажках адзін з самых прыгожых і добраўпарадкаваных. Калісьці тут жыла Герой Сацыялістычнай Працы  звеннявая калгаса імя Ламаносава Вольга Мацюшка. Менавіта на базе яе звяна была створана абласная школа перадавога вопыту.  Павучыцца да слаўнага льнавода, дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі прыязджалі з усёй Брэстчыны.

– Свякроў была цудоўная, шчодрай душы жанчына, уважлівая, памяркоўная. Шмат гадоў пражылі пад адным дахам і ні разу не пасварыліся, усё стараліся рабіць разам. Прагная да работы яна была, як і муж, брыгадзір паляводаў. І  на полі лён вырошчвала, і дома не ведала спакою: увіхалася па гаспадарцы, знаходзіла час унукаў папесціць. А на кветкі Вольгі Канстанцінаўны прыходзіла  паглядзець уся вёска! Адных толькі вяргіняў было каля 150 сартоў, – расказвае Галіна Мацюшка.

Яна і сама захапляецца кветкаводствам, паказвае, што насустрач веснавому сонейку выпрасталіся ўжо лісточкі цюльпанаў. А ў доме пышна красуюць архідэі. Іх  прывозіць маме дачка з Брэста.

– Прыязджайце да нас у маі. Як зацвітуць сады, наш Зялёны завулак становіцца бела-ружовым, – запрашае гаспадыня і  праводзіць экскурсію па сваёй сядзібе. А паглядзець тут ёсць на што. Самаробны млын, азярцо з мастком, сплеценым з лазы,  буслы і іншая ”жыўнасць” са спад-ручных матэрыялаў. Гэта ўжо справа рук новых пакаленняў Мацюшкаў – нявесткі і ўнучкі Галіны Мікалаеўны і Сямёна Аляксандравіча.

Юля – не толькі праўнучка знакамітай звеннявой, але  і прадаўжальніца раслінаводчай дынастыі. Яна дыпламаваны аграном: закончыла  мясцовы аграрны каледж, атрымлівае вышэйшую адукацыю.

– Для мяне было б шчасцем працаваць у сельгаспрадпрыемстве, часткай якога цяпер з’яўляецца былы калгас імя Ламаносава, дзе шчыравалі мае прабабуля і прадзядуля, бабуля і дзядуля.  Праўда, з працаўладкаваннем у “Шляху новым” не атрымліваецца. Гавораць, што спецыялісты майго профілю пакуль непатрэбныя, – расказвае Юля. Сумаваць ёй не даводзіцца: не засумуеш з гарэзамі сынамі –  чатырохгадовым Ільюшкам і трохгадовым Ванечкам.

Дарэчы, пра малых. Іх у Бажках можна пералічыць па пальцах адной рукі. Школьны аўтобус у гэту вёску заязджае толькі за адным вучнем.

– Гадоў пяць назад па ініцыятыве зяця, які родам з Ляхавічаў, пераехалі з Гродзеншчыны ў Бажкі. І не шкадуем. Людзі тут добрыя, ветлівыя, сціплыя.  Працую санітаркай на Ураджайнінскім ФАПе, муж – на мэблевай фабрыцы “Лагуна” ў Баранавічах, – расказвае Марыя Ждановіч. І нагадвае, што побач – прыгожы парк.

Але, на жаль, зусім не дагледжаны, вакол смецце, зламанае кустоўе. Напэўна, нялішнім быў бы працоўны дэсант, ініцыяваць які павінен Навасёлкаўскі сельвыканкам.  Здолелі ж навесці парадак на тутэйшых старых могілках XVIII-XIX стагоддзяў (сёння тут устаноўлены знак ”Ахоўваюцца дзяржавай”).

Яшчэ некалькі гадоў назад  дом, дзе жыве Уладзімір Голец з жонкай, значыўся ў вёсцы Ураджайная. Цяпер, хоць месцазнаходжанне сядзібы засталося тое ж, адрас змяніўся: вёска Бажкі. 77-гадовы гаспадар даўно на пенсіі, раней працаваў начальнікам участка ў калгасе імя Ламаносава, жонка Галіна – медсястрой ва Ураджайнінскай бальніцы.

Успамінае Уладзімір Голец:

– Зусім малы быў, але нібы сёння памятаю, як напрыканцы лета 1944 года па вуліцы з песнямі ішлі аднавяскоўцы, якіх прызвалі ў Чырвоную армію, і пыталіся ў бацькі: “Калі, Сцяпан, на фронт?”. Бацька адказваў: “Вось адрамантую плот і пайду ваяваць”…

У красавіку 1945 года  Сцяпан Голец загінуў пад Кёнігсбергам. Цяжка было маці падымаць адной траіх сыноў. І толькі праз некалькі гадоў пасля вайны атрымала копію пахавальнай на мужа.

– Неяк унукі спыталі: “Дзед, а чаму на помніку землякам, якія загінулі на фронце, няма прозвішча нашага пра-дзеда?”. Так і не знайшоў, што ім сказаць, – гаворыць  Уладзімір Сцяпанавіч.

Але ж сітуацыю, напэўна, можна паправіць. І на гранітную пліту дабавіць прозвішча сорак першага загінуўшага на фронце  земляка – Сцяпана Гольца…

У Веры і  Анатолія Грыцаў хоць і вялікі прысядзібны ўчастак, але заўсёды акуратны, дагледжаны. Яны дбайныя гаспадары, любяць і ўмеюць працаваць.

14 гадоў прайшло з таго часу, калі Вера  Уладзіміраўна  апошні раз кіравала трактарам. Яна  вопытны механізатар, упэўнена адчувала сябе  ў кабінах Т-25, Т-40,  МТЗ – спраўлялася не горш за калег-мужчын. Не цураўся работы і Анатолій Уладзіміравіч, які да выхаду на пенсію пасвіў калгасны статак.

Адна з бліжэйшых суседак Бажкоў – вёска Ураджайная. Тут ёсць ФАП, куды па графіку прыязджае ўрач. Так што медыцынская дапамога для жыхароў Бажкоў блізкая і даступная.  Не пакідае сам-насам з праблемамі былых калгаснікаў ААТ “Шлях новы”: штогод  кожнаму выдзяляецца па 500 кілаграмаў зерня, па заяўках апрацоўваюцца соткі пад бульбу. У Навасёлкаўскім сельвыканкаме можна папярэдне запісацца на дастаўку брыкета ці дроў.  Двойчы на тыдзень – па аўторках і пятніцах – у вёску прыязджае магазін на колах, прывозіць прадукты, раз у два тыдні заязджае і прамысловая аўталаўка райпо.

А Бажкі ўжо ва ўсю жывуць вясной. І яе клопаты, па сцвярджэнні вяскоўцаў, – у радасць.

 Галіна КАНЬКО.

Канько, Г. Вёска герояў. Кропка на карце: Бажкі  / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 22 сакавіка (№ 24). – С. 4.

Поделиться в социальных сетях:

Comments are closed