Вёскі Ляхавіцкага раёна. Адахаўшчына

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязнаўчага зместу >>>Вёскі Ляхавіцкага раёна

 

Адахаўшчына

 

Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць.Кропка на карцеТапаніміка

АДАХАЎШЧЫНА — вёска ў Навасёлкаўскім с/с, на р. Шчара. За 27 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 12 км ад чыг. ст. Крошын на лініі Баранавічы—Мінск, на аўтадарозе Баранавічы—Нясвіж. 96 гаспадарак, 229 жыхароў (2005).

Вядома з 16 ст. як «двор» Гарадзішча (Гарадышча) у Навагрудскім ваяв. BKJI. У 1577 г. Андрэй і Барбара Лукашоўна (з Дароўскіх) Гастомскія, уладальнікі «добр» Дарава, Ведзьма і Гарадзішча пазычылі ў шляхціца Яна Адахоўскага пэўную суму грошай і аддалі яму ў заставу ад свайго маёнтка Дарава землі на пра­вым беразе р. Шчара і «двор» Гарадзішча. Паступова землі, што знаходзіліся ў заставе ў Я. Адахоўскага, пачалі называць Адахаўшчызнай. 3 прычыны таго, што нашчадкі Гастомскіх не змаглі вярнуць доўг, пасля 1592 г. пан Адахоўскі стаў уладальнікам маёнтка Гарадзішча, ці Адахаўшчызна. У 1613 г. ён прадаў маёмасць К.Хадкевічу, ад якога ў 1728 г. Адахаўшчызну набыў Антоній Рдултоўскі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) маёнтак у складзе Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў У 1812—44 гг. губернскія судовыя органы разглядалі межавыя спрэчкі паміж Казімірам Рдултоўскім, які ў той час валодаў маёнткам Адахаўшчына, і ўладальнікамі маёнтка Дарава (у т.л. канонікамі рэгулярнымі слонімскімі). У 1845—51 гг. у маёнтку дзейнічала суконнае прадпрыемства. У 1852 г. Адахаўшчына — маёнтак і вёска, 234 рэвізскія душы, уласнасць К.Х. Рдултоўскага. У 1862 г. вяскоўцы скардзіліся ў Мінскую губ. па сял. справах установу на памешчыка Рдултоўскага, які адабраў у іх усе землі і ўгоддзі, якімі яны карысталіся да рэформы 1861 г. Нягледзячы на тое, што міравы з’езд пастанавіў гэтыя землі вярнуць сялянам, памешчык не выканаў рашэння суда. У 1876 г. маёнтак у Дараўскай вол., 1240 дзес. зямлі, карчма, ветраны млын, улас­насць Я.К.Рдултоўскага. У 1886 г. Адахаўшчызна — маёнтак і сяло, 63 двары, 580 жыхароў 2 царквы (прыходская і на могілках), школа. У 1897 г. ў сяле 128 двароў, 758 жыхароў, 2 царквы (сядзіба Адахаўскага праваслаўнага прычта пры р. Шчара налічвала 2 двары, 13 жыхароў), нар. вучылішча, хлебазапасны магазін, 3 ветраныя млыны, кузня, піцейная ўстанова. Сядзіба Рдултоўскіх, якая размяшчалася побач з сялом каля р. Шчара, налічвала 56 жыхароў (у 1889 г. ў маён­тку 573 дзес. зямлі). У 1909 г. ў маёнтку 14 жыхароў у сяле — 157 двароў, 1056 жыхароў. 3 1921 г. ў складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; фальварак і вёска, 60 двароў, 275 жыхароў. 3 1939 г. ў БССР, з 15.1.1940 г.ў Баранавіцкай, з 8.1.1954 г.ў Брэсцкай абласцях. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. Адахаўшчына акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У цэнтры сучаснай вёскі пахаваны 3 сав. воіны, якія загінулі ў ліп. 1944 г. пры вызваленні Ляхавіцкага р-на ад ням.-фаш. акупантаў (у 1965 г. на магіле ўста- ноўлены абеліск). У 1959 г. Адахаўшчына— цэнтр саўгаса, 123 жыхары, у Федзюкоўскім с/с Ляхавіцкага р-на. У 1970 г. вёска, 177 жыхароў. У 2002 г. 100 двароў, 253 жыхары. 3 1991 г. вёска— цэнтр калгаса «Адахаўшчына», цяпер у складзе с.-г. прадпрыемства «Каранеўшчына». Працуюць фельч.-акушэрскі пункт, школа-сад, б-ка, Дом культуры.

Адахаушчына // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 255 – 256.

Над Шчарай-ракой

Твар у нашых вёсак дастаткова тыповы. Адна, дзве, тры, нячаста – пяць драўляных вуліц. Іх назвы трафарэтныя і не асабліва арыгінальныя. Рознага кшталту грамадскія пабудовы прадстаўлены, звычайна, у выглядзе тыповага доміка праекта невядомага архітэктара. Але справа ў дэталях. І варта праявіць цікаўнасць, глянуць крыху больш уважлівымі вачыма, уключыць слых – на першы план выходзіць індывідуальнасць “рэльефу” кожнай асобнай вёсачкі. У пошуках апошняга мы і накіраваліся ў нашу Адахаўшчыну.

Чаму нашу? Адахаўшчыны дзве: ляхавіцкая і баранавіцкая, як адрозніваюць іх у гутарцы некаторыя з жыхароў. Паміж вёскамі і раёнамі-суседзямі “працякае” мяжа пад назвай Шчара. Што тычыцца геаграфіі, то на гэтым і паставім кропку. Пацікавімся гісторыяй, якая бачыцца куды больш цікавай і рознай.

У шматлікіх іпастасях выступала на сваім вяку Адахаўшчына. Яшчэ зусім свежы ўспамін пра саўгас з аднаіменнай назвай, куды, апроч гэтай вёскі, уваходзілі таксама Гірыч-Поль і Сялявічы. Саўгас “Адахаўшчына” спецыялізаваўся на вытворчасці іменна агародніны. Істотную частку яго палеткаў займалі капуста, морква, сталовыя буракі. У цяпліцах наліваліся чырванню памідоры.

Зараз ад таго саўгаса засталася брыгада, вытворчы ўчастак ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”. Высокі банітэт сельгасугоддзяў дае мясцовым аграрыям прыярытэт у атрыманні высокага ўраджаю збожжа, цукровых буракоў. У гэтым сэнсе Адахаўшчына выгадна адрозніваецца ад іншых вытворчых структур райаграсервіса.

А калісьці даўно Адахаўшчына належала пану. Той быў карцёжнік, і аднойчы дагуляўся да таго, што за картачныя даўгі з маёнткам прыйшлося развітацца.

У тым ліку і гэты факт адлюстраваны ў альбоме “Мая Адахаўшчына: гады і людзі…”, з якім мы пазнаёміліся, наведаўшыся ў сельскі Дом культуры. Дырэктар установы Святлана Страмавус па сумяшчальніцтве яшчэ і “першая жанчына на вёсцы” – мясцовы стараста.

У фае СДК акіян сонца, залатыя россыпы. Саламяныя вазы, кветкі, кошыкі розных формаў, фарматаў і памераў прадстаўлены тут у якасці пастаянна дзеючай выставы. На момант нашага наведвання выстава была няпоўнай, аднак, зачароўвала: якасцю выканання, празрыстасцю і далікатнасцю вырабаў. Можаце сабе ўявіць, наколькі карпатлівая праца – саломапляценне. Чаму няпоўным быў “каталог” выставы? Частку экспазіцыі аўтар упакавала-падрыхтавала, каб назаўтра прадставіць на адным з раённых святаў.

Салома асноўны, але не адзіны падручны матэрыял народнай майстрыхі. У справу ідуць скура, тканіна, бяроста… Свайму рамяству-мастацтву Святлана Страмавус з задавальненнем вучыць дзяцей у Лаўрынавіцкай школе.

Але не саломай адзінай – гэта хутчэй работа па сумяшчальніцтве і па душы. На першым месцы – дырэктарскія абавязкі, клопаты па лініі вясковага старасты.

Напачатку мая ў Доме культуры святкавалі дзень нараджэння цудоўнага чалавека. Шаноўны юбілей – 80 гадоў – Леаніда Аляксандраўна Бурэц адзначала ў коле аднавяскоўцаў. Гучалі мелодыі, песні маладосці былой саўгаснай даяркі. Як запэўніў адзін з удзельнікаў той “тусоўкі”, саламяны кошык у якасці падарунка прыйшоўся імянінніцы даспадобы.

Крама на вёсцы – больш, чым проста гандлёвая кропка. Вельмі часта гэта яшчэ і “дыскусійны” клуб, заглянуўшы куды і зрабіўшы пакупкі, немаладыя вяскоўцы не спяшаюцца разыходзіцца. Тут можна пагутарыць па душы, падзяліцца, напрыклад, прагнозамі на ўраджай, абмяняцца навінамі. Не адзін год магазінам ў Адахаўшчыне загадвае Наталля Панічава. На якім рахунку гэты аб’ект гандлю ў Ляхавіцкім райпо не цікавіліся. Але, відавочна, што чалавек з кветкамі ў душы, проста не можа дазволіць сабе брак у рабоце. І ў душы, і ў сэрцы, і на падворку Наталлі Сцяпанаўны – дарэчы, адным з лепшых па выніках конкурсу ў вёсцы – кветкі. Як у песні: астры, гладыёлусы і ружы. І не толькі, шмат іншых – яркіх, далікатных летніх, кранальных сваёй грубаватай стрыманасцю асенніх. У цэнтры кветніка – лебядзінае азярцо, а ўсю гэту прыгажосць і завершанасць з вышыні сваго гнязда назірае бусел. А можа ён пастаўлены тут у якасці ахоўніка? Дакладна ж вядома адно: у вырай бусел не адправіўся і не адправіцца. Як і кветкавы рай, птушка – плод творчасці гаспадароў дома.

“Зараз павярніце направа і ў канцы вуліцы злева ўбачыце акуратны цагляны домік. Гэта іх” – такі маршрут намаляваў нам сустрэчны ў адказ на пытанне “дзе жыве Аляксандр Мікалаевіч Бурэц?”. “Домікам” аказаўся грунтоўны, вялікі, адмысловага выгляду дом. “Самі будавалі”, — скажа пазней гаспадыня Ірына Уладзіміраўна. Ёй – 80, муж на 2 гады старэйшы. Працавалі ў саўгасе: Аляксандр Мікалаевіч некалькі дзесяткаў гадоў круціў баранку аўтамабіля, прыкладна столькі ж адпрацавала ў жывёлагадоўлі Ірына Уладзіміраўна. Незважаючы на гады, хібы ў здароўі, без работы не сядзяць. Бо не могуць, не прывыклі, не ўяўляюць сябе без працы на роднай зямельцы. “Зямля ў нас урадлівая. Паглядзіце вунь: траву ў гэтым месцы скошваў ужо тройчы. І зноў можна касіць”, — паказвае па-за агарод былы саўгасны шафёр. Яшчэ блізкі час, калі ледзь ці не на кожным адахаўшчынскім падворку трымалі і карову, і іншую жывёлу-птушку. А вось цяперашні вясковы статак – 13 кароў – і статкам не назавеш. Яшчэ 2 “прыватныя” кані, уладальнікамі аднаго з іх з’яўляюцца Ірына Уладзіміраўна і Аляксандр Мікалаевіч. “Чаму такая дзіўная мянушка ў жывёлы – Сава?”, — цікавімся ў гаспадароў коніка. “Не ведаем, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. – Купілі ў людзей ужо з мянушкай. Сава дык Сава. Галоўнае, каб у працы быў добры, рахманы ў паводзінах”. На гэтых словах узгадалася вядомае:”Не важна якога колеру кошка, абы мышэй лавіла”.

Анатолія Грыдасава мы, у літаральным сэнсе, “сарвалі” з працоўнага месца. Для гутаркі на некалькі хвілін выйшаў з-за руля свайго МТЗ-1221. Так мы даведаліся, што ў Беларусь ён прыехаў з Казахстана. І вось ужо каля двух дзесяцігоддзяў яго новай малой радзімай з’яўляецца Адахаўшчына. Маляўнічыя краявіды, добрыя людзі, спакойны клімат і такія ж абставіны. Аднак былі ў жыцці Анатолія два зусім не спакойныя – афганскія – гады. Былы воін-інтэрнацыяналіст нешматслоўны. Але з улікам атрыманага “за ракой” ранення, баявой узнагароды, не складана ўявіць сабе, што давялося перажыць там былому камандзіру мотастралковага аддзялення. Тое ў былым, у гісторыі, якая, верагодна, не-не ды і ўсплыве воблакам думак. Зараз Анатолій рулявы свайго жыцця, камандзір “Беларуса”, праца з якім ладзіцца – што на абслугоўванні фермы, што ў полі.

Каваленка, І. Над Шчарай-ракой / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 23 верасня. – С. 4.

Адахаўшчына. Сярод жыхароў вёскі існуе паданне, што назва Адахаўшчына паходзіць ад прозвішча пана Адахоўскага, якому некалі належалі тутэйшыя землі. Адахоўскі меў вялікую гаспадарку, у якой працавалі жыхары навакольных вёсак Гарбачы, Гірыч-Поль, Залюбічы.

Пан жа бавіў час, іграючы з суседзямі ў карты. Аднойчы ён прайграў усю сваю маёмасць, у тым ліку і вёску Адахаўшчына. пану Казіміру Рдултоўскаму.

Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаучы зборнік / укладанне і літаратурная апрацоука С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2004. – 96 с.

Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.

Comments are closed