Ведзьма

Іншыя паўнатэкставыя базы даных краязаўчага зместу >>> Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна >>>

Ведзьма

Wiedzma
Ведьма

1Старадаўняя сядзіба Ведзьма (Ведма) вядома паводле гістарычных крыніц з 1498 г. Спачатку двор належаў родуМалышчыцаў, потым Пяткевічаў. У 1525 г. маёнтак выкупіў А.М.Гаштольд, які неўзабаве прадаў яго князям Радзівілам (Барбары Радзівіл). Перад 1551 г. Барбара падарыла вёску Ведзьму Чаркоўскаму, а ў 1551 г. сядзіба перайшла ва ўласнасць караля Жыгімонта IIАўгуста. 3 1553 г. Ведзьма — маёнтак Навагрудскага павета, уласнасць шляхціца Л.С.Дароўскага. Пазней маёнткам валодалі нашчадкі радоў Гзоўскіх, Дароўскіх, Гастомскіх, Грыгоравічаў, Чаркоўскіх і інш .

Канкрэтнае ўяўленне пра двор-фальварак Ведзьму (Ведму) дае адзіны вядомы для Ляхаўшчыны інвентар. Гэты маёнтак кароль Жыгімонт II Аўгуст у 1551 г. падараваў свайму прыбліжанаму службоўцу С.Гзоўскаму. Адна з копій інвентара была ўключана ў тэкст прывілея, якім у 1558 г. па просьбе С.Гзоўскага кароль зноў пацвердзіў яму гэты маёнтак «на вечнае карыстанне». Інвентар двара склаў гаспадарскі пісар Я.Сінеўскі, які па загадзе караля перадаваў гэты двор роду Гзоўскіх.

Акт перадачы звычайна меў назву «ўвязанне», а апісанне маёнтка — «рэестр» ці «інвентар».

Двор і фальварак маёнтка — прыклад сярэдняй гаспадаркі.

Яго цэнтрам была сядзіба, якая ўключала вялікі жылы дом з сенямі, грыдніцай, святліцай і каморай. Пра тое, што дом быў надта стары, сведчыў новы зруб палаца, які стаяў побач. У сваю чаргу фальварак уключаў у сябе шэраг гаспадарчых пабудоў: чатыры клеці, стайню, гумно і інш. Інвентар падрабязна пералічвае кадушкі, бочкі, дзежы, цэбры, градкі гародніны, копы жыта, ячменю, колькасць жывёлы, хатняй птушкі і г.д.

На той час у маёнтках шырокае развіццё атрымалі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Найбольш распаўсюджаныя з іх — бровары, вадзяныя млыны і інш. У маёнтку Ведзьма быў таксама вялікі млын.

На працягу больш як 4 стагоддзяў кожны новы гаспадар будаваў, перарабляў, размяшчаў штосьці новае для развіцця гаспадаркі. На жаль, да сённяшняга дня ніякіх сведчанняў пра парк, палац, гаспадарчыя пабудовы ў сядзібе Ведзьма не захавалася.

Нават вёскі з такой назвай цяпер не існуе, таму што пасля 2-й сусветнай вайны яна была ўключана ў в. Навасёлкі Навасёлкаўскага сельскага Савета.

 

Ведзьма // Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў. – Мінск: БЕЛТА, 2002. – С. 216.

Comments are closed